Случчына: ад княства да раёна

Случчына: ад княства да раёна

20.01.2013

Слуцкі раён – адзін з дваццаці двух раёнаў Мінскай вобласці, якая 15 студзеня 2013 года адзначыла 75-годдзе з дня ўтварэння. А што было да гэтага, як мянялася становішча Случчыны на адміністрацыйна-тэрытарыяльнай карце нашай краіны? Узгадайма таксама, што да 1116 года адносіцца першае летапіснае ўпамінанне пра Слуцк – адзін са старажытных беларускіх гарадоў. І гэта не перабольшанне: археалагічныя даследаванні даюць падставы меркаваць, што першыя нсельнікі на месцы сучаснага Слуцка маглі жыць у сярэдзіне I тысячагоддзя да нашай эры. А ў эпоху ранняга жалезнага веку наш край быў адным з самых населеных на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Пра тое сведчаць гарадзішчы каля вёсак Агароднікі, Амговічы, Івань, Вялікая Сліва, Грэск і іншых населеных пунктах Слуцкага раёна.

Княства
Меркаванні, здагадкі аб часе заснавання Слуцка – цікавая тэма для асобнай размовы. Тут жа прымем да ўвагі словы з «Повести временных лет», якія ў сучасным напісанні выглядаюць так: «У год 6624 (1116). Хадзіў Уладзімір на Глеба; бо Глеб ваяваў з дрыгавічамі і Слуцк спаліў, і не каяўся ў гэтым і не выказваў пакорнасці, але яшчэ больш пярэчыў Уладзіміру, дакараючы яго». Гэты запіс і паклаў пачатак летапіснай гісторыі нашага горада. У той час Слуцк уваходзіў у склад Тураўскай зямлі, якая належала кіеўскаму князю. Мінскі князь Глеб Усяславіч у імкненні пашырыць свае ўладанні напаў на Слуцк і спаліў яго. Калі? Адказу на гэтае пытанне пакуль што няма. А вось у 1116 годзе вялікі князь кіеўскі Уладзімір Манамах вырашыў адпомсціць свайму паўночнаму суседу і пайшоў на яго вайной, што і засведчыў летапісец.

У 1160–1162 гадах Слуцк быў цэнтрам удзельнага княства, але канчаткова выдзеліцца з Тураўскай зямлі ён змог у канцы ХІІ стагоддзя. Як адміністрацыйны цэнтр княства Слуцк уваходзіў у склад Вялікага Княства Рускага, а з першай чвэрці ХІV стагоддзя – у Вялікае Княства Літоўскае. Пры гэтым ён захаваў адносную самастойнасць, бо велікакняжацкая ўлада ў кіраванне горадам не ўмешвалася. У 1441 годзе гэта было замацавана наданнем Слуцку (трэцяму з сучасных беларускіх гарадоў пасля Брэста і Гродна) Магдэбургскага права. У адпаведнасці з гэтым правам эканамічная дзейнасць, маёмасныя правы, грамадска-палітычнае жыццё горада рэгуляваліся ўласнай сістэмай юрыдычных нормаў. На чале адміністрацыі ў Слуцкім княстве стаяў «намеснік слуцкі», а ў горадзе – войт, якога прызначаў князь з гараджан. Органам гарадскога самакіравання была рада (магістрат) на чале з войтам і бурмістрамі. У той час Слуцкае княства займала тэрыторыю (зірніце, калі ласка, на сучасную карту Беларусі) цяперашніх Слуцкага, Салігорскага, Капыльскага, Любанскага, Старадарожскага (усе – Мінскай вобласці), і частак Глускага (Магілёўскай вобласці), Уздзенскага (Мінскай вобласці), Жыткавіцкага і Петрыкаўскага (Гомельскай вобласці) раёнаў.

У пачатку XVI стагоддзя ў Вялікім Княстве Літоўскім удзельныя княствы былі ліквідаваны, акрамя Слуцкага княства. З 1507 года яно ўвайшло ў склад Навагрудскага ваяводства як самастойная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка і пры гэтым захавала сваю сістэму кіравання. Люблінская унія 1569 года прывяла да стварэння Рэчы Паспалітай – федэратыўнай дзяржавы, у якую аб"ядналіся Польскае каралеўства і Вялікае Княства Літоўскае. Случчына ўвайшла ў склад Рэчы Паспалітай. У 1582 – 1592 гадах адзінства Слуцкага княства было парушана. Яго падзялілі паміж сабой сыны князя Юрыя Юр"евіча Алелькавіча Юрый, Ян-Сямён, Аляксандр. Фактычна існавалі тры княствы, на столькі ж частак быў падзелены і Слуцк. Кожны з князёў меў уласную адміністрацыю і кіраваў сваімі часткамі княства і горада па-свойму. Слуцкае княства як адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка было ліквідавана ў лістападзе 1791 года пастановай сейма Рэчы Паспалітай. Гэта было звязана з правядзеннем у краіне рэформаў дзяржаўнага ўладкавання.

Павет
Слуцк стаў адміністрацыйным цэнтрам Случарэцкага павета Навагрудскага ваяводства. У павет уваходзілі Слуцкая, Капыльская, Цімкавіцкая, Клецкая, Глуская, Ляхавіцкая, Мядзведзіцкая парафіі. Случарэцкі павет у сейме Рэчы Паспалітай прадстаўлялі два паслы (дэпутаты). У лютым 1792 года слуцкі павятовы сеймік выбраў кіраўніцтва павета і суддзяў павятовага суда. Гарадскімі справамі займаўся магістрат на чале з войтам, дзеянні якіх кантраляваў стараста, а ён быў у падначаленні ў кіраўніка княжацкай адміністрацыі ў Нясвіжы.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у студзені 1793 года наш край увайшоў у склад Расійскай імперыі. У адпаведнасці з указам расійскага сената ад 23 красавіка 1793 года Слуцк стаў павятовым цэнтрам Мінскай губерні. Павет займаў тэрыторыю, на якой цяпер знаходзяцца Слуцкі, Капыльскі, Клецкі, Нясвіжскі і большыя часткі Салігорскага (усе – Мінскай вобласці), Ганцавіцкага і Ляхавіцкага (Брэсцкай вобласці) раёнаў. Павет аб"ядноўваў 16 валасцей (іх колькасць з цягам часу мянялася) з цэнтрамі ў найбольш значных населеных пунктах. На цяперашняй тэрыторыі Слуцкага раёна былі воласці: Слуцкая (цэнтр – Лучнікі), Цараўская (цэнтр – Цараўцы, цяпер Кірава), Раманаўская (цэнтр – Раманава, цяпер Леніна), Чапліцкая (цэнтр – Чапліцы), Грэская (цэнтр – Грэск). У такіх межах Слуцкі павет існаваў да 1920 года, калі ў Рызе быў заключаны дагавор аб перамір"і і папярэдніх умовах міру паміж РСФСР і Украінай, з аднаго боку, і Польшчай – з другога боку. 18 сакавіка 1921 года быў падпісаны савецка-польскі мірны дагавор, па якім да Польшчы адышлі заходнія тэрыторыі Украіны і Беларусі, у тым ліку і частка Слуцкага павета. Яго асноўная тэрыторыя засталася ў складзе БССР разам з Барысаўскім, Бабруйскім, Ігуменскім, Мінскім і Мазырскім паветамі.

Раён
1924 год у гісторыі Беларусі адзначаны ўвядзеннем новага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу. 17 ліпеня 1924 года ў ліку іншых утвораны Слуцкі і Грэскі раёны. Раёны былі аб"яднаны ў акругі. Слуцк стаў адміністрацыйным цэнтрам акругі плошчай 8,4 тысячы квадратных кіламетраў з насельніцтвам 273 146 чалавек. У склад Слуцкай акругі ўваходзілі Слуцкі, Грэскі, Капыльскі, Любанскі, Старобінскі, Старадарожскі, Чырванаслабодскі раёны, якія аб"ядноўвалі 88 сельсаветаў. У чэрвені 1927 года Слуцкая акруга была ліквідавана, Слуцкі раён адышоў да Бабруйскай акругі, а Грэскі раён – да Мінскай акругі. У ліпені 1930 года замест акруг асноўнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай у Беларусі зноў сталі раёны. Слуцкі, Старобінскі, Грэскі, Капыльскі, Любанскі, Чырванаслабодскі раёны з чэрвеня 1935 года ўваходзілі ў Слуцкую пагранічную акругу – адну з чатырох такіх акруг у Беларусі.
15 студзеня 1938 года Вярхоўны савет БССР прыняў пастанову аб увядзенні ў Беларусі абласнога адміністрацыйнага падзелу, у адпаведнасці з якім у ліку іншых утворана Мінская вобласць. У яе склад увайшла тэрыторыя Случчыны ў выглядзе Слуцкага і Грэскага раёнаў (з верасня 1944 года да студзеня 1954 года яны знаходзіліся ў Бабруйскай вобласці). Пазней тэрыторыя Слуцкага раёна неаднаразова мянялася. Так, у 1956 годзе ў склад раёна ўвайшлі Грэскі, Мусіцкі, Першамайскі, Труханавіцкі сельсаветы рэарганізаванага Грэскага раёна, у 1959 годзе – Малышэвіцкі і Танежыцкі сельсаветы былога Чырванаслабодскага раёна, у 1963 годзе – Гацукоўскі сельсавет Уздзенскага раёна. У склад Слуцкага раёна са снежня 1962 года па ліпень 1966 года ўваходзіла тэрыторыя Старадарожскага раёна. У 1962 годзе гарадскі пасёлак Урэчча і прылягаючая тэрыторыя былі перададзены са Слуцкага раёна Любанскаму раёну.
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №156 ад 28 сакавіка 2005 года Слуцкі раён і горад Слуцк аб"яднаны ў адну адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку – Слуцкі раён. Цяпер Слуцкі раён займае тэрыторыю плошчай 1,8 тысячы квадратных кіламетраў (насельніцтва на 1.01.2012 года – 93 196 чалавек, у тым ліку 31 760 чалавек – жыхары сельскіх населеных пунктаў), аб"ядноўвае 18 сельсаветаў: Акцябрскі, Беліцкі, Бокшыцкі, Вясейскі, Гацукоўскі, Грэскі, Знаменскі, Ісернскі, Казловіцкі, Кіраўскі, Ленінскі, Маяцкі, Паўстынскі, Першамайскі, Покрашаўскі, Рачкавіцкі, Сорагскі, Сяражскі.

 

Анатолій ЖУК

 

Здесь можно посмотреть административоне деление на других картах