У нас на сайте
Ссылки

 

 

 

 

 Услуги по выполнению работ автопогрузчиком Амкодор

 

Продажа, установка, ремонт, замена автомобильных стёкол

 

Краски, эмали, лаки, грунтовки, шпаклёвки для автомобилей

 

Запчасти, расходные материалы и аксессуары для всех популярных марок и моделей автомобилей

  

 

 

Благоустройство захоронений. Гранитные памятники

 

 

 

Военные мемориалы Беларуси

 

 

 

На краі (Частка 1)

Частка 1
 

Іграева на Случы
Будаўніцтва школы
Аперацыя «Раскулачванне»
Ворагі – «нацдэмы»
Цяжкія-цяжкія гады
Пералом
Жорсткасць
«Хапун»
Вызваленне Заходняй Беларусі
На Беласточчыне

 

Іграева на Случы
Мая радзіма – вёска Іграева, што ў дзесяці кіламетрах на поўдзень ад Слуцка. Першыя жыхары Іграева былі людзьмі не дурнымі, бо выбралі для свайго пасялення месца больш чым удалае; на высокім беразе раней мнагаводнай ракі Случ, побач з векавечнымі курганамі пабудавалі яны некалі першыя хаты, апрацоўвалі адносна ўрадлівую зямлю, нарыхтоўвалі сена на забалочаных лугах і паміж кустоў на ўзлеску.

Тут нарадзіліся і жылі мае продкі – прадзеды, дзяды, бацькі.

Раней у Случы было поўна рыбы, ракаў. У навакольных лясах, на балотах вадзілася многа звяроў, птушак. Таму іграеўцы былі ўмелымі рыбакамі, здатнымі паляўнічымі, хто-ніхто разводзіў пчол. Прыгожыя краявіды стваралі ідылію сялянскай добрапрыстойнасці.

У маленстве я быў жвавым хлопчыкам і з цікавасцю слухаў аповяды бывалых. У нашай вёсцы жыла бабка Васіліна. Яна не ведала дату свайго з"яўлення на свет, сцвярджала, што ёй было дванаццаць гадкоў, калі адмянілі паншчыну. З яе расказаў запомнілася некалькі эпізодаў пра тыя часы. Адмена прыгоннага права праходзіла няпроста…

Мой дзед Майсей прыгадваў – яго дзеда Якава брат вярнуўся з салдацкай службы з абмарожанымі нагамі, меў медаль за ўдзел у баях пад Шыпкай. Часта зімовымі вечарамі ён апавядаў пра гэтую вайну з туркамі. Пражыў нядоўга і памёр халасцяком.

Бацька мой – Новік Андрэй Майсеевіч і маці – Левановіч Настасся Рыгораўна нарадзіліся ў звычайных сялянскіх сем"ях.

Канешне, найболей «гістарычнай» асобай быў мой бацька. Пра яго жыццёвы шлях я хачу расказаць асобна. Маладыя і сталыя гады бацькі выпалі на перыяд бесперапынных войнаў, рэвалюцыйных узрушэнняў, ленінскіх і сталінскіх рэпрэсій.

Закончыў ён чатырохкласнае вучылішча ў суседніх Цараўцах (цяпер вёска Кірава). Па тым часе пасля заканчэння вучобы лічыўся чалавекам адносна адукаваным і начытаным.

Рэвалюцыя, грамадзянская вайна засталі бацьку ў Маскве, дзе ён разам з сябрам-аднавяскоўцам вучыўся на курсах шафёраў. У рэвалюцыйную завіруху бацька вярнуўся дамоў, а сябар – Лявон Ячэнін застаўся ў Маскве. Шчаслівая кар"ера прывяла гэтага юнака ў Першую Конную армію пад камандаваннем С.М. Будзённага. Пасля грамадзянскай вайны ён апынуўся на пасадзе пракурора Кіеўскай вобласці. Затым быў пракурорам Украінскай ССР. У Вялікую Айчынную вайну служыў пракурорам Першага Беларускага фронту, якім камандаваў Г.К. Жукаў. Да канца сваіх дзён Ячэнін працаваў пракурорам Украінскай ваеннай акругі. У Слуцкім краязнаўчым музеі яму, як аднаму з выдатных землякоў Случчыны, прысвечаны асобны стэнд.

Бацька, прыехаўшы з Масквы, жыў і працаваў на сваёй зямельцы разам з маці і бацькам, братамі, сёстрамі, якіх у яго было ажно восем. Тагачасныя гістарычныя падзеі не мінулі яго. Разам з маладымі хлопцамі-іграеўцамі быў прызваны служыць у Чырвоную Армію і трапіў у Магілёў. Чырвонаармейцы галадалі. Распаўсюджанай хваробай быў тыф, заядалі «насякомыя». Калі польскае войска захапіла беларускія землі, Случчына апынулася пад акупацыяй, як тады казалі, «польскіх паноў». Мы аказаліся ў іншай дзяржаве. Выхаваныя ў духу змагання супраць «буржуяў», сяляне не ведалі, што тут рабіць, каму служыць?

З"явіліся агітатары, і яны кінулі свае вінтоўкі, ваенную амуніцыю і пехатою пашыбавалі на радзіму, дарагую Случчыну. У дарозе знаходзіліся больш чым два тыдні, але аказаліся дома. Некалькіх хлопцаў палякі арыштавалі і расстралялі. Бацьку пашанцавала, бо ён неўзабаве ажаніўся з прыгожай васемнаццацігадовай дзяўчынай Настай. Але мядовага месяца ў маладажонаў не было, а толькі некалькі мядовых тыдняў.

Пасля заключэння паміж палякамі і бальшавікамі мірнага дагавора ў Рызе Случчына адышла да Савецкай Расіі. Польскае войска адступіла. Разам з Чырвонай Арміяй прыйшло рэпрэсіўнае ЧК. Былых чырвонаармейцаў-дэзерціраў пачалі вылоўліваць і жорстка караць – расстрэльваць. З торбамі за плячыма яны рушылі ўслед за палякамі на захад. Там галодных, абяздоленых бадзяг розныя авантурысты выкарыстоўвалі ў сваіх мэтах. Так, мой бацька трапіў пад уплыў і апеку Слуцкага палка, які са зброяй у руках выступіў супраць самаўпраўства бальшавікоў. Паўстанне было падаўлена. Тых, хто ўцалеў, падабраў генерал Булак-Балаховіч. На радзіме аб"явілі амністыю былым дэзерцірам і нават тым, хто адстойваў свае погляды сілавымі метадамі. Іграеўцы пакінулі сваіх «апекуноў» у Польшчы і з белым сцягам перайшлі новую польска-савецкую граніцу.

Тых, хто вярнуўся, заключылі ў Бабруйскую крэпасць і пачалі допыт. Многіх расстралялі. Іграеўцам пашанцавала. Ніхто не ўдзельнічаў у баявых дзеяннях, не зрабіў ніводнага стрэлу.

Пасля блуканняў бацька вярнуўся дамоў, калі мне ўжо споўніўся адзін год.

Сталі бацькі жыць-пажываць у згодзе і ладзе. Зямельку апрацоўваць. У канцы вёскі талакой пабудавалі невялікую хатку. Родны кут наведаў Лявон Ячэнін, сябар дзяцінства і юнацтва. Працаваў ён у Кіеве галоўным пракурорам. Па яго рэкамендацыі бацьку выбралі, як чалавека граматнага, старшынёю Ісернскага сельсавета.

Зусім малога мяне сябры называлі «старшынёў сынок». У бацькавых «харомах» заўсёды было шматлюдна. Людзі звярталіся па парады, са скаргамі і проста хацелі адпачыць за размовамі аб жыцці-быцці.

Аднойчы нехта з добразычліўцаў, каб аддзячыць бацьку, прынёс бутэльку. Ён вынес пляшку на двор і трахнуў аб плот. Гэтым «зеллем» бацька не захапляўся.

Большую частку працоўнага дня ён праводзіў на службе. Ездзіў па вёсках, агітаваў за Савецкую ўладу – самую гуманную і справядлівую, як яму тады здавалася. Гаспадаркай кіравала маці. Быў перыяд НЭПа. Бацькі трымалі каня, дзвюх кароў, свіней, свойскую птушку. Маці з раніцы да позняга вечара была ў клопатах – карміла, даглядала гэту жыўнасць, нават секла дровы. А занятаму «справамі» бацьку было ўсё некалі. З-за гэтага маці часта нападала на бацьку і адводзіла душу тым, што, не заўважаючы прысутнасці дзяцей, гаварыла пра свайго суджанага:

– Бяздомнік ты гэтакі! Лабадзюк! – Так звалі аднаго вяскоўца, вялікага гультая, абібока, безгаспадарніка, круглую бесталач.

Аднойчы вечарам у хаце сабралася многа мужчын. Дымілі самасадам, чакалі бацьку, каб пачуць ад яго навіны. Я затаіўся на печы, назіраў і слухаў размовы. Неўзабаве зайшоў бацька і пачаў распранацца. А я з-за коміна пачаў паўтараць мацярынскія пратэсты:

– А, Лабадзюк! Валочышся невядома дзе, дамоў з"яўляешся толькі начаваць. Свіння загарод паламала, карова яе рогам упарола. А ты, валацуга няшчасны, радуешся і з папкаю гойсаеш па вёсках!.

О, што тут было! Мужчыны паднялі такі рогат, што аж сцены задрыжэлі. Бацька на хвіліну сумеўся, стаіць аслупянелы, як у ваду апушчаны, а потым з усмешкай пагразіў мне пальцам. Маці потым сцвярджала, што гэта паспрыяла таму, што бацька звярнуў увагу на дамашнія справы. Праз тры-чатыры гады на пасадзе старшыні сельсавета яго замяніў прысланы з раёна член партыі.

Але ён, няўрымслівы, знайшоў сабе больш цяжкі занятак. Ці то яму даручылі, ці па сваёй ініцыятыве пачаў арганізоўваць калгас. I гэта яму ўдалося: ён стаў першым старшынёю калгаса «Случ» (назву гаспадаркі бацька прыдумаў сам).

Пачалася эра драматычных, але цікавых падзей. Бацька ўжо меў чатырох дзетак. Акрамя мяне ў сям‘і гадаваліся чатырохгадовая Надзея, двухгадовы брат Мікалай, аднагадовая сястрычка Таццяна. Пазней прыбавілася яшчэ двое нашчадкаў.

– Пацей Мацей, калі многа дзяцей! – жартаваў дзядуля са свайго сына.

На што сусед Рыгорчык усміхаўся:

– Э, гэта яшчэ не бяда, калі дзетак можна класці ўпоперак лаўкі! Маіх вось ужо не пакладзеш! Малыя дзеці – малыя клопаты, вялікія дзеці – вялікія клопаты.

Між тым, жыццё ішло.



Будаўніцтва школы
Перыяд «вялікага пералому» – так афіцыйна сталінскія ідэолагі называюць 29-ы год. Вельмі выразна помню, як сялян зганялі ў калгас, праводзілі раскулачванне працавітых і гаспадарлівых земляробаў.

У той знакаміты год маці пашыла мне кашулю і нагавіцы з купленага ў краме матэрыялу. Першага верасня я адправіўся ў школу і з гэтага дня ўсё маё свядомае жыццё было звязана з вучобай. Спачатку мяне вучылі, потым я вучыў – да самага выхаду на пенсію.

Для школы ў вёсцы прыстасавалі прасторную сялянскую хату. Заняткі былі арганізаваны ў дзве змены. Вучняў – каля пяцідзесяці. Вялі заняткі муж і жонка – Аляксандра і Аляксей Арабей. Памятаю, як першая мая настаўніца запісала ў журнал маё прозвішча і звярнулася да вучняў:

– Паглядзіце, якія ў Аляксея чыстыя ногі! А ў вас якія брудныя. Заўсёды мыйцеся, ідучы ў школу. Каб у кожнага былі чыстыя рукі, вушы, ногі…

А дзень выдаўся сонечны, па-летняму цёплы. Сапраўды ўсе дзеці, нават вучні старэйшага чацвёртага класа, былі босыя. Такая была тады «мода» сярод вясковай дзятвы – вынік беднасці вяскоўцаў. Вучыцца мне было лягчэй, чым маім аднагодкам таму, што я ўмеў чытаць. За год да школы бацька купіў мне буквар –«лемантар» і навучыў чытаць і пісаць.

Аднойчы ў нас заначаваў адзін раённы начальнік. Бацька яму і кажа:

– Не век жа вучыцца дзецям у арандуемай сялянскай хаце. У суседняй вёсцы пабудавалі пачатковую школу. Варта і нам пабудаваць яе на Іграева і Працавічы.

Раённы кіраўнік згадзіўся.

– А ці можаш ты арганізаваць людзей гэтых вёсак, каб яны талакой пабудавалі школу? Лес, піламатэрыялы мы адпусцім. Важна, каб дружна ўзяліся за справу.

Пасля гэтай размовы некалькі разоў бацька наведваўся ў Слуцк, клапаціўся, каб хутчэй выдзелілі патрэбныя матэрыялы. Потым склікаў сходы. Было вырашана, што ўсе жыхары будуць удзельнічаць у будаўніцтве школы. I вось зазвінелі сякеры, пілы. Дзеці і дарослыя збіралі на полі каменне для фундамента, а цесляры пачалі ўзводзіць прыгожы вялікі будынак, які накрылі бляхай. Школа выглядала, бы палац: пяць класных пакояў, зала са сцэнай, тры кватэры для настаўнікаў.

У другім класе я ўжо вучыўся ў новай школе (пазней яна стала сямігодкай). Да яе з дамоў раскулачаных сялян неўзабаве прыстроілі два будынкі. Пасля вайны школа стала сярэдняй.

Мая бабуля па лініі маці, Ганна Сямёнаўна, рана аўдавела. Акрамя маёй маці, якая выйшла замуж, у яе гадаваліся дачка Праскоўя і сын Макар. Удавец Анікей Канчына з вёскі Мелкавічы Старобінскага раёна (ад нас гэта кіламетраў сорак), які выхоўваў сына Лявона, ажаніўся з Ганнай Сямёнаўнай і забраў яе з дзецьмі. Мая маці засталася ў вёсцы Іграева. Цётка Праскоўя ўступіла ў шлюб з сынам Анікея Лявонам. Апрацоўвалі яны сорак гектараў зямлі і трымалі многа свойскай жывёлы. Мелі конную малатарню. Будучы ў гасцях у сваякоў, я налічыў чатырнаццаць кароў, двух старых коней. Многа трымалі яны авечак, свіней. Быў у іх жарабец. Працавітых сялян раскулачылі. Забралі ўсю маёмасць, а саміх выслалі ў Якуцію, на распрацоўку залатых прыіскаў у Алданскую акругу. Хутка ад гора і нуды гаспадар памёр, а бедная Ганна Сямёнаўна ў другі раз аўдавела. Сястра маёй маці, цётка Праскоўя, па дарозе ў ссылку памёрла. Памёрла і яе немаўлятка. Маці ж мая гаравала, часта плакала: ёй шкода было, што радню напаткаў такі трагічны лёс. Пазней былы «кулак» дзядзька Макар загінуў на фронце, абараняючы Радзіму, якая выслала яго паміраць у халодную і галодную Якуцію.



Аперацыя «Раскулачванне»
А між тым, у вёсцы, як і па ўсёй краіне, пераможна крочыла калектывізацыя. Спачатку ў калгас уступалі добраахвотнікі – беднякі, якім не было чаго губляць. Потым пад прымусам гэта зрабілі і астатнія. Абагульнялі коней, кароў, авечак, курэй. Надоенае ад кароў малако разлівалі ў вёдры і дзялілі конаўкамі, хітраваты яўрэй Арон, выступаючы на сходзе, даволі смела жартаваў:

– Цяпер, калі я ўступіў у калгас, я маю сто кароў – вялікі статак. Бо ўсё, што ў калгасе, – маё. І атрымліваю я штодня адну літру малака. А калі быў аднаасобнікам, дык у мяне была адна карова, але было дзесяць літраў малака.

За гэтыя выказванні яго празвалі «падкулачнікам», які «дзьме ў дудку кулака».

Бацька меў добрага каня, за якога заплаціў пяцьдзесят рублёў золатам. Залатыя рублі былі ў абарачэнні нараўне з папяровымі. Але коней абагульнілі, і мне было вельмі шкада свайго буланага, шкада таго, што на ім ездзяць чужыя людзі і без жалю сцёбаюць пугай. Аднойчы маці мне сказала:

– Вазьмі, Алёша, у засеку гарнец аўса і занясі на канюшню, пакармі нашага коніка. Там гэтых коней ганяюць да знямогі, а кормяць абы-як.

Я так і зрабіў. Пра гэта даведаўся бацька. Божа, якая была сварка ў хаце! Мяне, праўда, трохі паўшчуваў, а ўсю злосць спагнаў на маці.

– Дурніца ты! – крычаў ён з перакошаным тварам. – Ты льеш ваду на кулацкі млын, маім непрыяцелям робіш наруку. Яны ж скажуць: «Старшынёвы дзеці незадаволены тым, што каня абагулілі ў калгас! Або – што ў маёй сям"і не выкаранены дробнабуржуазныя перажыткі!.

Але ўсё дрэннае, як і добрае, не бывае вечным. У газетах надрукавалі знакаміты артыкул Сталіна «Галавакружэнне ад поспехаў». Як успомню, што рабілася пасля гэтага, дык і цяпер у мяне, ужо сівога і старога, валасы дыба ўстаюць. Па-першае, абвінавацілі старшыню. Маўляў, абагуленне свойскай жывёлы зроблена не па ўказцы ўлады, а па яго ініцыятыве!

– Перагібшчык! – крычала на вуліцы кабета Саламея. Яе падтрымлівалі іншыя. На старшыню нападалі, «кусалі» з усіх бакоў.

Але самае драматычнае пачалося, калі сталі забіраць з калгаснага двара сваю жывёлу. Справа ў тым, што частка яе была прададзена, зарэзана на мяса ці акалела. Страціўшыя скаціну былі ў роспачы. Колькі было на вёсцы сварак, лаянкі, праклёнаў. Мусіць, з год яшчэ разбіраліся з гэтай праблемай.

Бяда была і ў тым, што адначасова з прымусовай, паспешлівай калектывізацыяй адбывалася нешта такое, чаго ў ніводнай краіне не назіралася, – раскулачванне і рэпрэсіі ў адносінах да так званых «кулакоў».

У трох кіламетрах на захад ад Іграева знаходзіўся засценак Працавічы. Там жыло каля дзесяці сем"яў – нашчадкаў беларускай шляхты. У час бацькавага старшынёўства ў сельскім Савеце я некалькі разоў бываў у гэтай вёсцы. Сёння ж на яе месцы – пустэча. Зарасла хмызняком памяць аб разумных і працавітых земляробах.

А колісь кожны селянін Працавічаў меў квітнеючы сад. Усе сядзібы былі абсаджаны ліпамі, клёнамі, таполямі. Сярод садоў і кветак – прыгожыя і прасторныя сялянскія хаты, аздобленыя разьбой, гумны, хлявы для жывёлы. Сяляне навакольных вёсак вучыліся ў працавіцкіх дбайна гаспадарыць. Тагачасным сацыялістычным уладам заможная вёска была бяльмом на воку, недаспадобы ім былі гаспадарлівыя людзі.

Засцянкоўцаў называлі «кулакамі-міраедамі», «ворагамі сялянскай беднаты». Яны вымушаны былі плаціць абцяжараныя падаткі, выконваць хлебапастаўкі. Для прыкладу, гэтыя дзесяць гаспадарак засцянковых «кулакоў» здавалі дзяржаве хлеба такую колькасць, колькі не здавала наша бядняцка-серадняцкая вёска. А было ў ёй тады больш за сто двароў.

Трагедыя для жыхароў засценка пачалася зімою 30-га года. Быў падхоплены лозунг сталінскай партыі: «Ліквідацыя кулацтва на базе суцэльнай калектывізацыі!».

Я выразна помню тыя драматычныя падзеі. Сельсавецкае начальства, партыйныя «дзеячы» з райкома партыі пры ўдзеле міліцыі сабралі мясцовую беднату і на фурманках паехалі ў засценак канфіскоўваць (ці, як гаварылі ў народзе, «грабіць») маёмасць. А праз некалькі дзён на падводах, у зімовую сцюжу, усіх, хто там жыў, у тым ліку старых, дзяцей, хворых, адпраўлялі ў ссылку. З маёмасці дазволена было ўзяць высяленцам крыху дамашняга скарбу – адзенне, абутак, харчаванне. На чыгуначнай станцыі ў Слуцку пасадзілі сем"і ў таварныя вагоны і павезлі ў далёкі халодны край. Развітваючыся, сяляне плакалі, назаўсёды пакідаючы «родны кут». Было да болю цяжка глядзець, як яны са слязамі на вачах абдымалі і гладзілі сваіх коней, кароў, іншую свойскую жывёлу. Многія прысутныя вяскоўцы таксама плакалі, жадалі ім добрага здароўя і шчаслівай дарогі.

Мой бацька, як старшыня гаспадаркі, таксама быў там. Частка «кулацкай» маёмасці перадавалася калгасу. Адзін чуллівы селянін запытаў у яго:

–    Скажы, Андрэй, што гэта робіцца на свеце?
–   
Ён засмучана прамовіў:

– Яны не прападуць. Яны добра апрануты, у цёплых кажухах, валёнках. А вось як нас будуць высяляць, дык мы не перажывём у сваіх світках і лапцях…

Аднак, як стала потым вядома, многія, асабліва дзеці і старыя, не даехалі да месца свайго пасялення, загінулі ў дарозе ад голаду, холаду і хвароб.

Пасля раскулачвання засцянковай шляхты яе маёмасць перадавалася калгасу. У дамах пасяліліся сем"і беднякоў і бяздомных батракоў. Але праз некалькі гадоў дамы і іншыя будынкі разабралі і некуды перавезлі. Урадлівыя сады былі высечаны і выкарастаны на дровы для кацельні калгаснага свінарніка. На месцы колішняга квітнеючага засценка доўгі час была пустэча і толькі перад вайной месца чалавечага жытла было выкарыстана пад ворыва. Але памяць пра людзей засценка Працавічы, гэтай трагічнай часцінкі мінуўшчыны Случчыны, жыве ў сэрцах многіх мясцовых жыхароў.



Ворагі – «нацдэмы»
Жыццё плыло сваім рэчышчам. Калгас «Случ» квітнеў і развіваўся. Пабудавалі кароўнік, свінарнік, канюшню з разбураных кулацкіх гумнаў і хлявоў, а таксама гумнаў вяскоўцаў. Людзі працавалі дружна і не ўяўлялі свайго жыцця без працы, нягледзячы на тое, што атрымоўвалі працадні, на якія ў канцы года атрымлівалі плату не грашыма, а збожжам, бульбай ці часткова – агароднінай.

У раённай газеце «Ленінскі шлях» быў апублікаваны хвалебны артыкул з фотаздымкам бацькі пад загалоўкам «Старшыня перадавога калгаса». Бацька, як малое дзіця, радаваўся гэтаму і стараўся пры зручным выпадку пахваліцца артыкулам.

Неўзабаве ў Слуцку арганізаваўся калгас «1 Мая». Справы ў ім не ладзіліся. Бацьку выклікалі ў раён і прапанавалі ўзначаліць адстаючую гаспадарку. Ён жа прапанаваў на гэтую пасаду стрыечнага брата – Васіля Паўлавіча Козела, які працаваў старшынёй калгаса «Камбайн» у вёсцы Кляпчаны. Праз шэсць гадоў, у 37-м, Козела арыштавалі органы НКУС. На допытах яму зламалі ў грудзіне рабрыну, але праз год апраўдалі, выплацілі грашовую кампенсацыю за вымушаны «прагул» і вярнулі на старшынёўства. Пасля вайны яму было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы за тое, што кіруемы ім калгас стаў адным з лепшых у рэспубліцы.

У пачатку трыццатых гадоў пачаліся ганенні на «нацдэмаў».

Пры будаўніцтве Іграеўскай школы вялікую дапамогу аказаў загадчык Слуцкага раённага аддзела адукацыі Іваніцкі, з якім бацька мой сябраваў. Калі таго арыштавалі «органы», бацьку выклікалі на допыт у ДПУ. У яго хацелі даведацца, аб чым яны размаўлялі пры сустрэчах. Следам арыштавалі дырэктара школы В.Ф. Раманенку. Але яго жонка – настаўніца Чараховіч – паехала ў Маскву, дабілася прыёму ў М. I. Калініна і дзякуючы гэтаму Раманенку вызвалілі з турмы.

Стрыечны брат маці Андрэй Чыж вучыўся ў Віцебскім ветэрынарным інстытуце. Яго таксама арыштавалі, выслалі на Поўнач, дзе ён неўзабаве і памёр. Абвінавачвалі юнака ў тым, што ён меў сувязь з «нацдэмамі».

Беларускую мову ў школе вывучалі па граматыцы, аўтарам якой быў Язэп Лёсік, чытанне вялося па кнізе Сцяпана Некрашэвіча. Абодвух лічылі «нацдэмамі». Вучням загадана было здаць гэтыя падручнікі ў макулатуру, у выніку чаго дзеці засталіся без падручнікаў па беларускай мове.

У 31-м годзе на Украіне быў вялікі голад. Моладзь спявала з іроніяй частушку:



 

Украіна хлебародная,
Увесь хлеб аддала,
А сама галодная!





Многія людзі з гэтай хлебароднай краіны шукалі паратунку ў Беларусі – тут хоць бульба была. Яны вандравалі сем"ямі, з дзецьмі, ад вёскі да вёскі. Выменьвалі свае пажыткі на хлеб і сала. А часцей проста жабравалі. У мястэчку Пагост, што недалёка ад Іграева, адзін даведзены да адчаю ўкраінец засек сякерай сваіх дзяцей і жонку, калі яны спалі, а сам павесіўся. Не мог чалавек вытрымаць здзекаў са свайго гаротнага лёсу з боку «народнай улады»…

А яшчэ памятаю часіну, калі было многа бадзяжных коней. Худыя, згорбленыя блукалі яны па дварах, агародах, шукаючы сабе спажыву. У калгасе не было іх чым карміць, вось і выганялі бедалаг «на волю». Некаторыя прытыраныя начальнікі гаварылі на гэты конт:

–    Коні нам не патрэбны. Хутка ў нас будуць трактары!
  
У вёсцы Быкова аднаму каню-бадзягу прымацавалі да хваста фанерку з надпісам: «Не баюся ні плуга, ні воза, а толькі аднаго калхоза». Участковы міліцыянер доўга шукаў аўтара гэтых з"едлівых радкоў, але, дзякуй Богу, не знайшоў.



Цяжкія-цяжкія гады
Я ўжо вучыўся ў чацвёртым класе. 25 сакавіка 33-га года – ракавы дзень – я буду помніць яго да свайго скону. Нас адпусцілі на веснавыя канікулы. У добрым настроі мы вярнуліся са школы. Я весела падскакваў і смяяўся з іншымі аднагодкамі, пакуль не стрэў жанчыну, якая сумна паглядзела на мяне і сказала:

– Што ты скачаш, як казёл? Вунь «гэпэву» твайго бацьку арыштавала!.

Я не паверыў, але сумеўся, кінуў сваіх хлопцаў і бягом дамоў. Залятаю ў хату – маці сядзіць уся ў слязах, жанчыны-суседкі спачуваюць ёй, супакойваюць:

– Разбяруцца і выпусцяць!

Я заплакаў.

З гэтага дня ў нашай сям"і і пачаліся гора і бяда. Засталіся мы – чацвёра малалетніх дзяцей са сваёй часта хворай маці. Я быў самым старэйшым – мне было 12 гадоў.

Бацьку трэба было перадаваць у турму харчаванне. А яго ў нас амаль не было: хлеб пяклі адзін раз у два тыдні па 4–5 «кулідак» – буханак. Маці яго не клала ўжо на стале, як гэта было пры бацьку, а хавала на паліцу і накрывала. У абед ці на вячэру адразала кожнаму па маленькай скібцы. Харчаваліся мы ў асноўным бульбай і з капусты стравамі. Добра яшчэ, што была карова ды раз у год калолі кабанчыка. Глядзіш, было чым заскварыць капусту ці камякі. Кіслае малако з бульбянымі камякамі лічылася далікатэсам і падавалася на стол адзін-два разы на тыдні. Карову карміць не было чым і яна давала мала малака. А яшчэ ж трэба было здаваць малако дзяржаве (па 300 літраў штогод). У мяне на целе ад малакроўя высыпалі фурункулы. Каб не засмучаць маці, я пра сваю хваробу нічога ёй не сказаў, а паведаміў дзядзьку Паўлу. Пасля чаго ён часцяком запрашаў мяне дамоў і трохі падкормліваў. Потым карова ацялілася, з"явілася малако, і я паступова пераадолеў сваю хваробу.

У чэрвені 33-га года «тройка» пры Слуцкім ДПУ асудзіла бацьку на тры гады вольнай высылкі ў Казахстан за сувязь з кулацкімі элементамі і патуранне ім. Пад арыштам ён знаходзіўся каля трох месяцаў, але за гэты час яго дапытвалі толькі два разы.

Калі пачаліся рэпрэсіі, адзін з былых кулакоў уцёк у Польшчу (польская граніца была ад нас усяго за 30 кіламетраў). Адтуль ён прыслаў пісьмо, у якім прасіў, каб бацька паклапаціўся аб яго старэнькай маці, якая засталася адна. Па дабраце сваёй бацька сапраўды дапамагаў ёй чым мог – збожжам, мукой, бульбай.

Адначасова са ссылкі вярнуліся двое раскулачаных з засценка Працавічы. Паколькі яны былі ўмелыя і старанныя работнікі, бацька прыняў іх у калгас. Аднак неўзабаве высветлілася, што яны ўцяклі. Бедалаг арыштавалі і невядома, што з імі сталася. Верагодна, расстралялі. Тады такое пакаранне было ў модзе. Гэтыя здарэнні «павесілі» на бацьку. За што ён і трапіў у Казахстан.

За паўгода да свайго арышту бацька выняў з ікон святых угоднікаў і змясціў у гэтыя ж рамкі партрэты правадыроў – Сталіна і Чарвякова (апошні тады быў старшынёй ЦВК БССР). Маці плакала і пратэставала.

– Бяду на сябе наклічаш, антыхрыст ты гэтакі! Бог цябе пакарае! – абурылася яна за самаўпраўства.

Калі ж бацьку арыштавалі, яна дастала са скрыні прыхаваныя лікі святых і загадала мне выняць з рамак балыпавіцкія партрэты. Іконы сталі на сваё месца ў покуце, а партрэты скамячыла і выкінула за агарод на поплаў, дзе пасвіліся каровы. Вецер панёс паперыны далёка ў поле. Пастухі пажартавалі:

– Настуся, чаго гэта твае «карціны» вецер пагнаў, як асот восенню?

А маці адказвае:

– Гэта Андрэевы багі! Услед за ім хай ляцяць!

Першы год бацькавай ссылкі быў для нас вельмі драматычным. Самім не было чаго есці, а яму трэба было рыхтаваць і адпраўляць пасылкі. Дзякуй Богу, сваякі і бацькавы сябры дапамагалі. Праз паўтара года абставіны крыху змяніліся. Бацька адбываў ссылку ў Сяміпалацінску. Пры мясцовым аддзеле ДПУ была падсобная гаспадарка. Там разводзілі коней, кароў, абраблялі ўрадлівую стэпавую зямлю. Спачатку ён рабіў што загадвалі: араў, цяслярыў, нарыхтоўваў дровы, касіў сена. Быў ён на вольным пасяленні і, зразумела, яму было лягчэй, чым тым, хто мучыўся ў канцлагерах.

Аднойчы начальнік ДПУ праводзіў сход работнікаў падсобнай гаспадаркі, рэзка крытыкаваў падначаленых за безгаспадарчасць і развал. Потым ён запытаў:

– Хто хоча выступіць, даць парады?

А бацьку нашага хлебам не кармі – дай выказацца. У сваім выступленні ён акрэсліў шляхі паляпшэння спраў. Яго праграму адобрыла начальства і… прызначыла загадчыкам гэтай гаспадаркі.

Ва ўсе часы і ва ўсіх краінах было так: калі гаспадар прадпрымальны і клапатлівы, то і гаспадарка будзе развівацца. Так адбылося і там, дзе на кіруючай пасадзе аказаўся мой бацька. Мы дома адразу адчулі перамены. Кожны месяц бацька пачаў прысылаць нам грошы, а калі-нікалі нават пасылкі з абуткам і адзеннем. Якраз адмянілі картачную сістэму на прадукты харчавання. У нас з"явіўся хлеб на стале і такія-сякія прысмакі.

Нам ужо зайздросцілі некаторыя вяскоўцы. Мы сталі жыць лепш за многіх калгаснікаў. Яны працавалі на працадні і грошай у іх было надзвычай мала.

Дзед Рыгорчык разважаў:

– Разумны і ў турме, і ў ссылцы будзе чалавекам! А дурня хоць золатам абсып – ім і застанецца…



Пералом
Настаў 36-ы год. Ён быў пераломным у жыцці нашай сям‘і. Заканчваўся тэрмін высылкі бацькі. У краіне, між тым, панавала істэрыя барацьбы з ворагамі народа. У Маскве адбываліся бурныя судовыя працэсы над былымі паплечнікамі Леніна – Каменевым, Зіноўевым, Бухарыным, Рыкавым і іншымі. Мы выпісвалі газету «Звязда», і я старанна чытаў апісанне гэтых працэсаў. Пачалася гэтая свістапляска са снежня 34-га – з дня забойства С.М. Кірава ў Ленінградзе.

Перад бацькам стаяла дылема: як жыць далей і дзе? Справа ўскладнялася тым, што Слуцкі раён знаходзіўся ў пагранічнай паласе. Былым асуджаным за палітычныя праступкі жыць у ёй забаранялася. У гэтым жа годзе я закончыў Іграеўскую сямігодку, трэба было думаць, дзе вучыцца далей.

У чэрвені бацька з"явіўся дамоў пасля трохгадовай ссылкі. Да яго прыходзілі знаёмыя і сябры, віншавалі з вяртаннем. Па тагачасных правілах ён з"явіўся ў Слуцкі аддзел НКУС для рэгістрацыі, дзе яму прапанавалі на працягу трох сутак выбрацца з раёна на 100 кіламетраў на ўсход ад польскай граніцы. Прадбачлівы, ён вырашыў не рызыкаваць, а разам з сям"ёй ехаць зноў у Сяміпалацінск і працаваць на ранейшай пасадзе загадчыкам падсобнай гаспадаркі.

У Сяміпалацінску дом яшчэ не быў пабудаваны, жыць не было дзе. Таму я і сястра Надзея засталіся ў дзеда Майсея, а бацька, маці, малодшы брацік Мікалай і сястрычка Таццяна паехалі ў далёкі край.

Бацька пакінуў дзеду карову і паабяцаў штомесячна высылаць грошы на наша ўтрыманне. Акрамя дзеда з намі жыла незамужняя сястра майго бацькі цётка Аўдоцця.

Я стаў рыхтавацца да паступлення ў Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум. У жніўні паехаў здаваць экзамены. На мандатнай камісіі – былі такія камісіі пры навучальных установах – пачалі цікавіцца: хто бацькі, дзе яны жывуць, чым займаюцца. Калі дайшла чарга да мяне, я па наіўнасці расказаў усю праўду. Назаўтра мне заявілі:

– Ваш бацька асуджаны за палітычную правіннасць! Мы вас дапускаць да здачы экзаменаў не маем права!

Мне параілі паступіць у фабрычна-заводскае вучылішча і далі адрас. Будаўнічае вучылішча знаходзілася на ўскраіне Мінска, але і там адмовілі на той падставе, што мне не споўнілася яшчэ 16 гадоў.

Я аказаўся ля разбітага карыта. Вярнуўся дамоў сумны, аднак нікому не сказаў аб сапраўднай прычыне. Схлусіў: спазніўся, маўляў. Ужо набралі навучэнцаў колькі ім патрэбна…

У дзеда жыць не тое што з бацькамі. Я цяпер нікому не паверу, калі хто скажа, што цётка – вялікая радня. Ды і дзед наш быў эгаістам. Лепшае яны спажывалі самі, а нам з Надзеяй – што заставалася. Цётка адпраўляла рабіць за яе ўкалгасе: накідваць на вазы гной, перабіраць з жанчынамі бульбу ў капцах. Адчувалася, што мы былі ў гэтай сям"і чужыя – ні ласкі, ні спачування. Лаянкі і папрокі сыпаліся за ўсялякія дробязі. Але, нягледячы на адсутнасць цяпла і ласкі, я ўпарта рыхтаваўся вучыцца. Асабліва я акрыліўся пасля таго, як у снежні 36-га года была прынята «Сталінская Канстытуцыя», дзе аб"яўляліся правы грамадзян на адукацыю. Пакуль жа па парадзе дзеда я ўладкоўваўся ў Слуцку паштальёнам. Пахадзіў два дні з жанчынай, якая мяне вучыла справе. Зразумеў, што не спраўлюся – не запамінаю людзей, адрасы, не буду ведаць, што каму насіць, і ўцёк дамоў. Працягваў хадзіць на работу ў калгас зарабляць працадні.

У наступным навучальным годзе я паступіў у Слуцкае педвучылішча. Усе экзамены здаў паспяхова, толькі па алгебры пісьмовую работу выканаў на «дрэнна». Але быў залічаны на першы курс педвучылішча. Тады не цураліся і такіх абітурыентаў, у якіх было «дрэнна» па двух прадметах. Я павесялеў, адчуў упэўненасць. Таварышы зайздросцілі мне. Дзед і цётка таксама змянілі свае адносіны, дапамагалі мне апрануцца, каб я на людзях выглядзеў не горш за іншых. Пачаліся гады вучобы ў педвучылішчы. Тым навучэнцам, якія здалі хаця б адзін прадмет на «дрэнна», стыпендыі не выдавалі да канца першай чвэрці. Я аб гэтым не пісаў бацькам і не гаварыў дзеду. Трэба было самому якімсьці чынам выкручвацца. Добра, што такіх, як я, было шмат. Тры месяцы я хадзіў ноччу на разгрузку вагонаў і дажыў усё ж да таго часу, калі пачаў атрымліваць стыпендыю.

Летам 38-га года бацька напісаў, каб у час летніх канікул я разам з сястрой Надзеяй прыехалі ў госці. На дарогу прыслаў грошы. I вось мы ў ліпені выехалі поездам у далёкую дарогу. Сястра была вельмі рада – для яе скончыўся двухгадовы «палон» у доме дзеда Майсея і цёткі Аўдоцці. Рад быў і я пабачыць родных, хацелася пахваліцца сваёй даросласцю і набыткамі.

Трое сутак бавіліся ў Маскве – нельга было закампасціраваць білеты. Гэты момант я выкарыстаў, каб наведаць Красную плошчу, Траццякоўку, Гістарычны музей, заапарк. Абышоў Крэмль, дзе ў гэты час жыў і працаваў «вялікі і мудры правадыр» таварыш Сталін.

Маршрут у Сяміпалацінск праходзіў праз Свярдлоўск, Новасібірск, Барнаул. У час стаянкі я разам з іншымі пасажырамі агледзеў Свярдлоўск. Нам паказалі дом, у якім у 18-м годзе была расстраляна бальшавікамі царская сям"я. Я ўпершыню ўбачыў Уральскія горы. Памятаю, праязджалі праз многія тунелі.

У Сяміпалацінску па нашай тэлеграме сустракалі бацька і маці. Слёзы радасці, смутку. Бацька ўсё распытваў пра сваю радню, знаёмых-землякоў, а маці гаварыла:

– Божа мой, якія вы ўжо дарослыя! Якія вы прыгожыя і, дзякаваць Богу, здаровыя!.

Было бачна, як яны занудзіліся па нас і па Беларусі.

На запрэжанай добрым канём падводзе мы паехалі ў падсобную гаспадарку, якая знаходзілася ў пяці-шасці кіламетрах ад горада. Вечарам бацька запрасіў сваіх суседзяў і знаёмых у госці. Гэта былі ў пераважнай большасці беларусы, высланыя за ўсялякія правіннасці. Іх вельмі цікавіла, якое жыццё цяпер там – на радзіме. Я ўжо закончыў адзін курс педвучылішча і ў сваіх разважаннях і аповядах імкнуўся выглядаць як чалавек адукаваны.

Брацік Мікалай і сястрыцаТаццяна ўжо вучыліся ў школе. Яму споўнілася дзесяць гадкоў, а ёй – восем. Жылі бацькі, можна сказаць, няблага. Акрамя бацькавай зарплаты ў 400 рублёў – па тым часе грошы нядрэнныя – трымалі яшчэ дзвюх кароў, свіней, курэй. Бацька гаварыў:

– Тут можна жыць тым, хто не лянуецца. Сена касіць у стэпе можна колькі хочаш. Пшаніца ярусамі ляжыць у полі ў таго, хто не ленаваўся яе пасеяць!.

Пагасцяваўшы дзён дзесяць, я адбыў дамоў ужо адзін, без сястры. Трэба было канчаць вучобу ў педвучылішчы. Праводзілі мяне на вакзал усёй сям"ёй. У вагон садзілася шмат пасажыраў, і я стаў на падножку, але бацька штурхнуў мяне ў плечы і я апынуўся ў сярэдзіне. Здалося мне, што ён тады піхаў мяне не ў вагон, а быццам бы ўперад, у самастойнае жыццё, з тым, каб я не заставаўся тут назаўсёды, а ехаў у сваю лёсавызначальную будучыню ні яму, ні мне не вядомую.

Цягнік крануўся. Я сядзеў ля акна і бачыў, як плакала маці, як бацька махаў шапкай і таксама плакаў. Я першы раз бачыў яго ў слязах і апошні раз бачыў яго жывым…

Поезд грукатаў па рэйках. Мяне агарнуў жаль, слёзы самі хлынулі з вачэй. Ніколі я так горка не плакаў. Пасажыры спачувальна глядзелі на мяне. Ніхто ні пра што не пытаўся. Здаецца, у паветры лунала прадчуванне вялікай бяды.

Вярнуўся я ў родную вёску з падарункамі ад бацькоў дзеду і цётцы. Вяскоўцы распытвалі, як яны там жывуць.

Неўзабаве пачаліся заняткі ў педвучылішчы.



Жорсткасць
Аднойчы ў школе сабралі дзяцей на вучнёўскі сход. Вырашаўся лёс двух пяцікласнікаў, якія жылі ў суседняй вёсцы Сліва. Іх бацькоў раскулачылі і выслалі, дзеці засталіся пад апекай сваякоў.

Кулацкім дзецям не месца ў савецкай школе! – гаварыў перад вучнямі дырэктар школы.

Але вучні старэйшых класаў выступілі ў абарону небаракаў.

– Няхай вучацца! Яны ж нам не перашкаджаюць. Хлопцы спакойныя. Не трэба іх выключаць!

Ніхто не прагаласаваў за іх выключэнне. Нават малалетнім дзецям было іх шкода.

Тады дырэктар зноў узяў слова і сказаў:

– Я, як дырэктар школы, маю права выключыць сваім загадам.

Сход быў распушчаны. Пяцікласнікаў выключылі.

Пазней, пры нямецкай акупацыі, з адным з іх я сустракаўся ў партызанах. Гэты былы «варожы элемент» са зброяй у руках змагаўся за вызваленне Беларусі.

Памятаю, як у школе адкрылі сталоўку. Там падкормлівалі дзяцей з вялікіх бядняцкіх сем"яў. Мая сястра Надзея вучылася ў першым класе і па хадатайніцтву настаўніцы ёй таксама пачалі выдаваць бясплатныя абеды. Даведаўшыся пра гэта, дырэктар школы Н.М. Зайцаў вывеў Надзю са сталовай са словамі:

– Дзяцей «ворага народа» карміць бясплатна не будзем!

Настаўніца С.Н. Туравец заступілася за сваю вучаніцу, але гэта не дапамагло.

Забягаючы наперад, скажу, што гэта дачка «ворага народа», студэнтка чыгуначнага інстытута, у Вялікую Айчынную вайну была мабілізавана ў дзеючую армію і ваявала бортрадысткай на баявым самалёце. А два сыны бедняка Важоса, пра якіх тады так клапаціўся дырэктар школы, сталі нямецкімі халуямі, служылі ў нямецкай паліцыі.

У школе працаваў настаўнікам біялогіі нехта Ескульдовіч. Аднойчы ён расказаў, як палякі ў 20-м годзе расстралялі 14 партызан. Хлопцаў узялі на тайнай сходцы. Калі іх вялі да лобнага месца, арыштаваныя спявалі рэвалюцыйныя песні. Па дарозе міналі мужчынскі манастыр. Адзін манах не вытрымаў і з вялікім крыжам стаў упоперак дарогі.

– Што вы робіце, грэшнікі?! Спыніцеся ў імя Бога! Пабойцеся кары боскай!

Шэсце прыпынілася. Польскі жаўнер, будучы вярхом на кані, нагайкай сцебануў манаха – крыж выпаў з яго рук. Падпольшчыкаў павялі далей і расстралялі.

Пазней на брацкай магіле герояў узвялі прыгожы помнік, а вуліцу Шырокую, дзе яны пахаваны, перайменавалі ў Камсамольскую.

Гэты аповяд так мяне ўразіў, што зімою надзеў я кажух маці і пехатою падаўся ў горад, каб убачыць гэтую магілу. На помніку былі напісаны прозвішчы чатырнаццаці расстраляных і была выбіта эпітафія: «На смену павшим встанут миллионы бойцов».

Вяртаючыся, я вельмі стаміўся, прысеў ля дарогі і заснуў. Выратавала тое, што нейкі селянін ехаў на возе, разбудзіў мяне і прывёз дахаты. Я прастудзіўся і некалькі дзён хварэў. Маці мяне папракала:

– Залішне цікаўны, дурань! Загінеш калі-небудзь. Хоць нікому не расказвай, а то кпіць будуць!.



«Хапун»
У 34-м годзе ў нашай вёсцы за адну ноч арыштавалі чатыры сям"і. Не пашкадавалі ні старых, ні дзяцей. Усіх выслалі ў Архангельскую вобласць на лесанарыхтоўкі. Прычынай рэпрэсій было тое, што іх сын і брат Іван Сучок перайшоў польскую граніцу. Як пазней стала вядома, яго завербавала польская разведка, потым як агента пераправіла ў Мінск. Іван у «разведчыках» быў нядоўга: яго арыштавалі і расстралялі, а бацькоў, сем"і братоў і сясцёр выслалі.

Атрымлівалася, што за вінаватага мучыліся невінаватыя. Гэта было так падобна на пазнейшыя фашысцкія метады помсты.

Аднойчы ў Слуцку на вуліцы я сустрэў жанчыну з Іграева. Яна паведаміла, што днямі ноччу быў «хапун», арыштавана сем калгаснікаў. Узялі і майго дзядзьку Паўла Майсеевіча Новіка. Мне было вельмі шкада яго. Ён нам з сястрой шмат дапамагаў, калі мы засталіся без бацькі. Ён быў чалавекам душэўным, працавітым і спагадлівым. Даведаўшыся пра гэта, я заспяшаўся дамоў. Цётка Аўдоцця была ў слязах, дзед праклінаў бальшавікоў. Ён і да гэтага выпадку часта раскайваўся, што на выбарах ва «Учредительное собрание» галасаваў за іх. Як аказалася, «народная ўлада» нікога не шкадавала – ні рабочых, ні калгаснікаў, ні служачых, ні інтэлігенцыю. Нават некалькіх выкладчыкаў педвучылішча не мінуў жорсткі лёс. Небаракам наклеілі ярлык «ворага народа», як пры якабінскай дыктатуры ў Францыі.

Адно суцяшала дзеда: яго старэйшы сын Андрэй застаўся ў ссылцы.

– Даўно б зямліцу парыў, каб застаўся. Забілі б гэтыя злыдні, – упэўнена сцвярджаў ён. – Можа, у Казахстане міне яго бяда.

Пазней бацька ўдакладніў наконт сваёй «броні»:

– У Казахстане таксама арыштоўваюць. Мяне выратавала тое, што начальнік аддзела НКУС быў маім добрым сябрам. Ён быў знаёмы з Наркомам УС СССР Яжовым. Калісьці Яжоў працаваў сакратаром Сяміпалацінскага абкома партыі, а мой начальнік аддзела ў той час быў яго намеснікам.

Сёння, калі жыццё за плячыма, я не перастаю здзіўляцца: які непрадбачлівы лёс чалавека. Які зменлівы! Які невядомы і непрадказальны!.



Вызваленне Заходняй Беларусі
Вучыўся я ў вучылішчы старанна, шмат чытаў мастацкай літаратуры, хадзіў у кінатэатр. Студэнцкія гады праходзілі весела і змястоўна. На адным курсе са мной вучылася Алена Васілевіч – будучая таленавітая пісьменніца. Нашыя выкладчыкі былі людзьмі адукаванымі і інтэлігентнымі. Выкладчык матэматыкі Майсей Ільіч Козак яшчэ да рэвалюцыі скончыў Маскоўскі ўніверсітэт. Нямецкую мову выкладаў немец з Паволжа выпускнік Варшаўскага ўніверсітэта А.Д. Бахман. Рускую літаратуру – У.I. Агіевіч, які пасля вайны стаў прафесарам, працаваў у педінстытуце імя Максіма Горкага ў Мінску.

Я ўжо быў пераведзены на трэці, апошні курс педвучылішча, калі пачаліся падзеі трыццаць дзевятага года. Слуцк быў насычаны войскамі. Шмат было танкаў і танкетак, многа конніцы. Па радыё перадавалі, што Германія, якая сябравала з СССР, аб"явіла вайну Польшчы, а Англія і Францыя наадварот – Германіі.

У педвучылішчы адбыўся мітынг. Выступаў дырэктар. Ён гаварыў аб тым, што «панская Польшча разгромлена. I наша Чырвоная Армія перайшла польскую граніцу, каб вызваліць ад польскага панавання нашых адзінакроўных братоў-беларусаў і ўкраінцаў, якія жылі пад уладай польскіх паноў у Заходняй Беларусі і ў Заходняй Украіне».

– Я ўпэўнены ў тым, – працягваў ён з пафасам, – што многія выпускнікі нашага педвучылішча паедуць працаваць у Заходнюю Беларусь на ніве асветы, каб несці свет камуністычнай ідэі ў народныя масы вызваленага народа!.

Было і цікава, і дзіўна.

Зіма таго года выдалася вельмі марознай, загінулі сады, павымярзалі знакамітыя «слуцкія бэры». З маразамі прыйшла чарговая вайна – з Фінляндыяй. Затым пачалося «вызваленне» Эстоніі, Латвіі і Літвы. Для нас, тагачасных, гэтыя падзеі былі гістарычнымі: мы запоем чыталі газеты, слухалі радыё. На ўсходзе ля возера Хасан і ў Манголіі Чырвоная Армія граміла «японскіх самураяў». Здавалася, моцы Саюза не будзе канца. Мы выратоўвалі свет!

Вясной мне споўнілася дзевятнаццаць. Я ўжо дапрызыўнік. Медыцынскай камісіяй быў прызнаны годным да ваеннай службы ў артылерыі ці на флоце. У ваенкамаце запаўнялі анкету, у якой была графа: «Ці ёсць хто з блізкай радні, якія жывуць за мяжой або рэпрэсіраваны органамі НКУС»? Я ў анкеце напісаў: «Бацька і дзядзька рэпрэсіраваны органамі НКУС, а бабуля была раскулачана». Праз тыдзень мяне выклікалі ў ваенкамат і ўручылі не пасведчанне дапрызыўніка, як усім, а ваенны білет запасніка другой катэгорыі. Так ад мяне засцерагалі рады слаўнай Чырвонай Арміі. Сябры зайздросцілі: «Шчаслівец»! А мне тады было крыўдна. Чым я горшы за ўсіх?

Пасля здачы выпускных экзаменаў, у чэрвені, мы атрымалі атэстаты з прысваеннем кваліфікацыі настаўніка пачатковай школы. Я ў ліку іншых выпускнікоў атрымаў накіраванне ў Беластоцкае аблана, і хутка наша кампанія цягніком паехала ў невядомую Заходнюю Беларусь. На граніцы была збудавана драўляная «брама», а на ёй красаваўся лозунг «Камунізм змяце ўсе межы»! Нават у сне не прыйшоў бы тады нам сапраўдны, разбуральны сэнс гэтых слоў.

На радзіме, у Беларусі, адсутнічалі адзенне, абутак, тавары штодзённага спажывання. Мы ехалі настаўнічаць кепска апранутымі. Хаця грошы былі. Па тым часе я меў 500 рублёў. Частку даў бацька ды сам я атрымаў «пад"ёмныя».

У Беластоку пайшлі, як гэта звычайна робяць нашы людзі за мяжой, па магазінах. Нас здзівіла, што ў магазінах было ўсё – і адзенне, і абутак, а пакупнікоў, наадварот, было мала. Ніякіх чэргаў. Я набыў сабе ўсё неабходнае: шыкоўны касцюм, жоўтыя чаравікі, бялізну і г. д.

У Саколкаўскім райана я атрымаў накіраванне ў вёску Шудзялава, населеную не беларусамі, а палякамі. Мяне папярэдзілі, што жыхары яе непрыхільна ставяцца да савецкай улады і служачых, прысланых з Беларусі, і называюць апошніх «усходнікамі».

У Шудзялава я прыехаў з напакаваным чамаданам на сялянскай падводзе. Школа на чатыры класы займала невялікі цагляны будынак з кватэрай для сям"і.

Загадчыцай школы працавала Баржухоўская з польскай сярэдняй настаўніцкай адукацыяй. Яе муж таксама настаўнічаў. Калі пачалася вайна, ён быў прызваны ў польскую армію і трапіў у савецкі палон. З лагера ваеннапалонных – дзесьці ля Смаленска – прыслаў два лісты, а потым – ні слыху, ні духу. Па просьбе загадчыцы школы я напісаў запыты ў Маскву. На адзін прыйшоў адказ з Наркамата ўнутраных спраў: «У ліку ваеннапалонных афіцэраў былой польскай арміі імя Вашага мужа не значыцца»…

Толькі праз паўстагоддзе ўсяму свету стала вядома крывавая трагедыя ў Катынскім лесе ля Смаленска, дзе па загаду Сталіна і Берыі было расстраляна больш за 12 тысяч польскіх палонных афіцэраў.



На Беласточчыне
У вёсцы быў даволі прыстойны касцёл ў класічным стылі. Захацелася мне неяк паназіраць, як спраўляюць набажэнства католікі. Здзівіла мяне хараство ўбрання храма, гучанне аргана. Вакол касцёла было шэсце з крыжамі і іконамі. Вернікі апускаліся на правае калена і ўрачыста хрысціліся. Мне гэта было забаронена рабіць. Я стаяў адзін сярод люду, які маліўся…

У дзень святкавання гадавіны Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі на плошчы, ля будынка сельсавета, адбыўся мітынг. Быў там і ксёндз. У канцы мітынгу заспявалі «Інтэрнацыянал» – такая была мода. Я ведаў, што яшчэ пры польскім часе многія на падпольных мітынгах спявалі бальшавіцкі гімн і «Смело, товарищи, в ногу!.» Усе прысутныя мужчыны пазнімалі шапкі. Толькі ксёндз свой галаўны ўбор не зняў.

Аднойчы ксёндз запрасіў мяне ў госці. На стале з"явілася бутэлька віна. Гаспадар сказаў, што віно французскае. Але, калі выпілі па першаму келіху, напой падаўся мне падобным на кіслы квас. Разгаварыліся.

– Вы заходзілі ў касцёл, шапку знялі, а вось на калена пры набажэнстве, як усе людзі, не сталі. Я разумею – вы няверуючы. Але дзеля ветлівасці і павагі да вернікаў вам патрэбна было ўсё-такі прыкласціся каленам.

– А калі на мітынгу спявалі «Інтэрнацыянал», усе знялі шапкі, а вы стаялі з пакрытай галавой, – запярэчыў я.

Ксёндз заўсміхаўся:

– Калі б я зняў шапку перад натоўпам, які спявае, што «ніхто не дасць нам вызвалення – ні Бог, ні цар і не герой», дык мае веруючыя палічылі б мяне д"яблам…

Неўзабаве выйшла партыйная дырэктыва, што ў вёсках, дзе большасць насельніцтва складаюць палякі, трэба ператвараць беларускамоўныя школы ў польскамоўныя. Жыхары Шудзялава аднагалосна пажадалі, каб у іхняй вёсцы была польскамоўная школа.

Мяне, як настаўніка, які не валодаў мовай карэннага насельніцтва, перавялі ў суседнюю вёску Паўночны Востраў, дзе пражывалі беларусы. Я быў прызначаны загадчыкам няпоўнай сярэдняй школы, а потым пачаў называцца «дырэктарам». Быў я ў той час прыгожа апранутым, прывабным маладым чалавекам. Вырашыў сфатаграфавацца і паслаць фотаздымкі бацькам у Сяміпалацінск, дзеду і цётцы Аўдоцці ў вёску Іграева.

Жыццё паступова наладжвалася. Мне падабалася, што быў я тут не лішнім чалавекам. Станавіўся больш упэўненым ў сабе, часта выступаў на сялянскіх сходах з прамовамі «аб сучасным становішчы». Адначасова разумеў, што каб заняць больш трывалае становішча, трэба вучыцца, таму рыхтаваўся да летняй сесіі, якая была прызначана на пачатак ліпеня, і паступіў на завочнае аддзяленне Беластоцкага педінстытута. Вясной 1941 года я атрымаў павестку з райваенкамата праходзіць медыцынскую і мандатную камісіі. Ваенкому я паведаміў, што прызываўся ў Слуцку, дзе мне вызначылі запас другой катэгорыі і выдалі ваенны білет. Маёр Мядзведзеў выслухаў мяне і з непрыхаваным раздражненнем гаркнуў:

– Дык як гэта вас з такім «паслужным спісам» прыслалі працаваць у пагранічную паласу, ды яшчэ прызначылі дырэктарам школы? Зноў праклятая пагранпаласа! Раю вам выехаць на радзіму, пакуль вас не выдварылі!.

Выйшаў я з ваенкамата, быццам памыямі абліты. Нічога лепшага не прыдумаў, як пайсці на споведзь у НКУС. Прыняў мяне сам начальнік, прыгожы малады чалавек у акулярах. Ён даведаўся, што параіў мне ваенком Мядзведзеў і засмяяўся:

– Працуйце смела! Ніхто вас з-за рэпрэсіраванай радні высяляць не будзе. Наш ваенком лічыць сябе большым католікам, чым папа рымскі! А калі вы хочаце, каб вас прызвалі служыць у войску, я дапамагу вам ажыццявіць гэту мару.

Потым падумаў і ўпэўнена сказаў:

– Але я раю вам не спяшацца. Хутка настане час, і вы будзеце патрэбны. Вунь кожную ноч граніцу пераходзяць перабежчыкі. Яны завяраюць: «Гітлер гэтым летам нападзе на Савецкі Саюз». Калі пачнецца вайна з Германіяй, у вас не будуць пытаць пра продкаў.

Кабінет энкэвэдзіста я пакінуў акрылены і супакоены. Міжволі падумаў, што ў «органы» прыходзіць толькі адукаваная моладзь, і настане час, калі ў краіне будуць правіць разумныя, гуманныя людзі, якія заменяць старых, грубых, самаўпэўненых і малаадукаваных бальшавікоў.

Спадзяванні, спадзяванні!.
 



Назад
Комментариев: 0

Оставьте комментарий :

Имя (требуется)
E-mail (не публикуется) (требуется)
Защитный код:

 
Посещений: 1661. Последнее 2022-08-13 04:18:00
©Наследие слуцкого края
2012 все права защищены

При использовании материалов сайта ссылка на
«Наследие слуцкого края» и авторов обязательна
Слуцкий район, д. Весея, ул. Центральная, 9А
тел./факс (01795) 2-36-20
boikoauto@tut.by