Багуслаў Радзівіл (3.05.1620–31.12.1669)

Час, калі князем слуцкім быў сын Януша князь Багуслаў Радзівіл, адзначаны падзеямі бурнымі і трагічнымі. Небяспека пагражала з-за межаў. У самой краіне абвастраліся сацыяльныя, рэлігійныя і іншага характару супярэчлівасці.
Дэтанатарам, што зрушыў з няўстойлівай раўнавагі магутныя ўнутраныя і вонкавыя сілы і прывёў да трагічных падзей, стала ўкраінскае казацтва. Раней, спакусіўшыся на большыя, чым у Вялікім княстве, каронныя вольнасці, Украіна выйшла са складу ВКЛ і далучылася да Польшчы. Аднак у хуткім часе жыхары Украіны, перш за ўсё вольналюбівыя і неўтаймаваныя казакі, пачалі выказваць незадаволенасць новымі для іх «польскімі парадкамі». Напружанасць выбухнула казацкай вайной, дзе перамяшалася ўсё – і праведны гнеў, і вар'яцкая жорсткасць. Агонь мецяжу расцякаўся па краіне.
На Беларусі пачалося антыфеадальнае паўстанне. Далучэнне левабярэжнай Украіны да Маскоўскай дзяржавы дадало паліва ў незатухаючы агонь старадаўніх спрэчак паміж Рэччу Паспалітай і Масквой. 3 поўначы з-за дынастычных разборак у каралеўскім сямействе Вазаў пагражалі шведы. У гістарычнай памяці палякаў той час застаўся пад назвай «Патоп».
Князь Багуслаў Радзівіл разам са сваім дваюрадным братам Янушам Радзівілам палякамі шануюцца мала, ім яны вядомы як здраднікі. У нас жа пераважае свой погляд на гэтых прадстаўнікоў знакамітага роду, на іх ролю ў нашай гісторыі.
Нарадзіўся князь Багуслаў у Гданьску, рана застаўся без бацькі, потым не стала маці. Даволі рана памерлі і родныя сёстры. Яму адзінаму належалі вялікія сямейныя ўладанні, у склад якіх уваходзіла Слуцкае княства. Апекуном да паўналецця быў бацькаў брат віленскі ваявода Крыштоф Радзівіл (1585-1640). Ён выхоўваў пляменніка разам са сваім сынам Янушам. 3 тых часоў і стаў самым блізкім Багуславу старэйшы на восем гадоў дваюрадны брат, будучы Вялікі гетман Літоўскі. Усё жыццё Багуслаў падтрымліваў яго пазіцыю і погляды.
Вучыўся Багуслаў у Кейданскай кальвінскай школе, потым быў пры двары польскага караля Уладзіслава IV Вазы, у 16 гадоў упершыню стаў паслом на сейм Рэчы Паспалітай. Не раз бываў за мяжой, дзе знаёміўся з дасягненнямі заходнееўрапейскай цывілізацыі, служыў і адначасова вывучаў стан галандскіх і французскіх войскаў.
У часы актыўнага наступу каталіцызму Януш і Багуслаў Радзівілы заставаліся кальвіністамі. Яны засталіся самымі магутнымі апекунамі пратэстантаў у княстве Літоўскім. Гэта была непрыкрытая дэманстрацыя перад уладамі незалежнасці поглядаў, але каштавала яна Багуславу дзяржаўных пасад. 3 1638 г. ён харунжы, з 1646 – канюшы ВКЛ, і вышэй не падняўся. Існуе думка, што Януш і Багуслаў, працягваючы справу сваіх продкаў, з апорай на пратэстантызм хацелі стварыць незалежную і ад праваслаўнай Масквы, і ад каталіцкай Польшчы краіну. Падчас вайны са Швецыяй яны ўзначалілі апазіцыйную ўраду магнацкую групіроўку, ад яе імя пайшлі на разрыў дзяржаўнай уніі ВКЛ з Польшчай і падпісалі унію (саюз) са Швецыяй. Праект рэалізаваны не быў, а Багуслаў за гэта пазбавіўся свабоды – ён у 1656 г. быў захоплены ў Прусіі і трапіў у турму.
Прымаў слуцкі князь удзел у войнах з паўстанцамі Багдана Хмяльніцкага, з Маскоўскай дзяржавай, са Швецыяй.
Сваяк Багуслава Радзівіла Брандэнбургскі курфюрст у 1657 г. назначыў яго на пасаду губернатара княжацкай Прусіі. Асноўным месцам пражывання князя стаў Кралевец (цяпер Калінінград), а для ўпраўлення сваімі ўладаннямі ён назначаў намеснікаў. Адным з іх быў Казімір Клакоцкі (1625–1684) – з 1657 г. аканом усіх яго беларускіх земляў, з 1663 г. – губернатар Слуцкага княства. Кіраўніком княжацкай адміністрацыі стаў Станіслаў Незабітоўскі (1641–1717). Слуцк з'яўляўся цэнтрам літоўскіх уладанняў Багуслава. Як апякун пратэстантаў, ён дае тут ім прытулак, таму горад ператвараецца ў адзін з галоўных цэнтраў пратэстантызму ў Літве. У адносінах да праваслаўных жыхароў краю князь працягваў палітыку свайго бацькі.
Знаёмства князя з дасягненнямі еўрапейскай абарончай архітэктуры дазволіла давесці да ўзроўню лепшых яе ўзораў абарончыя ўмацаванні Слуцка. У адпаведнасці прынцыпам старагаландскай сістэмы была праведзена рэканструкцыя землянога вала і брам Старога горада і Цытадэлі ў Зарэччы. Уся тэрыторыя Новага горада таксама была абведзена земляным валам. Адбылося ўдасканаленне прыватных ўзброеных сіл. У Цытадэлі размяшчалася наёмнае войска. Несла службу і мясцовая шляхта. Насельніцтва горада размяркоўвалася на сотні, кожная з якіх мела вызначаны ўчастак абароны гарадскога вала. У лік вайсковых фарміраванняў уводзіліся выбранцы, набіраемыя пераважна з мясцовых вяскоўцаў і мяшчанаў. Горад стаў першакласнай крэпасцю, сучаснікі назвалі яго «непрыступнай цытадэллю Літвы». Удасканаленні былі не толькі своечасовымі, але і лёсавызначальнымі. Першае сапраўднае выпрабаванне Слуцк вытрымаў у 1648 г., калі да горада падышло каля трох тысяч казакоў і паўстаўшых сялянаў, якімі кіраваў Іван Сакалоўскі. Гарадскі гарнізон на чале з віленскім падстоліям Янам Сасноўскім паспяхова вытрымаў аблогу. У другі раз, падчас вайны з Масквой, да горада двойчы ў верасні 1655 г. падыходзіла дваццацітысячнае рускае войска князя Аляксея Трубяцкога, да якога ў другі раз яшчэ далучыліся 5 тысяч казакоў. Горад, гарнізон якога тады падпарадкоўваўся губернатару Слуцка палкоўніку В. Патэрсану, зноў застаўся непрыступным.
Відавочнымі вынікі абароны становяцца ў параўнанні. У той час, калі фактычна ўсе гарады Вялікага княства разам са сталіцай Вільняй ляжалі ў руінах, калі ў выніку падзей сярэдзіны XVII ст. краіна страціла палову насельніцтва, Слуцк заставаўся адзіным горадам, не захопленым ворагам, пры абароне 1655г. на валах загінуў толькі адзін чалавек.
Застаўся ў гісторыі князь Багуслаў не толькі як актыўны ўдзельнік спраў палітычных і ваенных. Ён вядомы як аматар мастацтва, мецэнат, малявальшчык і архітэктар. Для нашага горада рабіў праекты збудаванняў, некаторыя з якіх былі рэалізаваны, напрыклад, будынкі ратушы і Навамейскай брамы. Пры ім у 1653 г. гораду было адноўлена (праўда, не ў поўным аб'ёме) Магдэбургскае права. Князь сабраў вялікую бібліятэку, у якой знаходзіліся і рукапісы, і друкаваная літаратура, у тым ліку і тая, што засталася яму ад Алелькавічаў, і набытая ў Еўропе. Па яго імені адзін з летапісаў сабрання цяпер называецца Радзівілаўскім. Сам князь пакінуў цікавыя мемуары, пісаў евангелічныя песні.
Жонкай Багуслава стала дачка Януша Радзівіла Ганна-Марыя (1643-24.03.1667). У іх нарадзілася дачка Людвіка-Караліна (1667-1695), але самой княгіні ў той жа год не стала. Князь Багуслаў памёр у канцы 1669 г. у Краляўцы, быў пахаваны ў маі 1670 г. там жа, побач з жонкай. Быў ён апошнім прадстаўніком роду Радзівілаў біржанскай лініі.