Міхаіл Аляксандравіч Алелькавіч (1425/30–1481)
Пэўную самастойнасць князь Міхаіл атрымаў у 1443 г., калі яго бацька стаў князем Кіеўскім, а малодшага сына Міхаіла пакінуў сваім намеснікам у Капылі. Пасля смерці бацькі, у 1454 г., калі старэйшы брат Сімяон, атрымаўшы пасаду князя Кіеўскага, адбыў туды, уладаннем Міхаіла становіцца аб'яднанае Капыльска-Слуцкае княства.
Лёс малодшага Алелькавіча ад пачатку складваўся не так шчасліва, як старэйшага. Нарадзіўся Міхаіл, верагодна, у Слуцку. У той час, калі Сімяон зна- ходзіўся ў Маскве, яму прыйшлося разам з маці пазнаць жыццё ў вязніцы – як расплату за бацькавы ўдзелы ва ўсобіцах. Такім чынам, ужо змалку княжыч Міхаіл быў уцягнуты ў палітычныя інтрыгі і пазнаў іх жорсткую цану.
Жонкай князя Міхаіла стала княгіня Ганна (?-1495) – дачка Мсціслаўскага князя Юрыя Лунгвенавіча. У 1460 г. у іх нарадзіўся сын, якому далі імя Сімяон. Карысталася княжацкая сям'я замкамі ў Капылі і ў Слуцку, аднак капыльскаму замку аддавалася перавага.
3 часоў Ягайлы ў магнацкім асяроддзі Вялікага княства Літоўскага паволі нарастала напружанасць паміж прыхільнікамі праваслаўя і каталіцызму (апошнія атрымлівалі больш прывілей).
У той час адзін з вектараў знешнепалітычных інтарэсаў Літвы вызначаўся Ноўгарадскім напрамкам. У адпаведнасці са сваімі палітычнымі сімпатыямі кіраўніцтва Ноўгарадскай рэспублікі да сябе на княжанне запрашала князёў то з Літвы, то з іншых рускіх земляў. Па запрашэнні наўгародцаў вялікі князь літоўскі ў 1470 г. паслаў туды сваім намеснікам князя слуцкага Міхаіла. Гэта была магчымасць умацаваць пазіцыі Літвы ў Ноўгарадзе з дапамогай аўтарытэтнага праваслаўнага князя і падтрымаць там пралітоўскую баярскую групіроўку. Смерць кіеўскага князя Сімяона ўнесла карэктывы. У 1471 г. князь Міхаіл пакінуў Ноўгарад і вярнуўся ў Літву з намерам атрымаць Кіеў. Але гэта яму не ўдапося.
Тым часам Літва страціла шанс шчыльней умацаваць адносіны з Ноўгарадам, для якога такія падзеі сталі лёсавызначальнымі. Пакінуўшы пасаду ноўгарадскага князя – кіраўніка ўзброенымі сіламі, Міхаіл «падмачыў» аўтарытэт пралітоўскай групіроўкі на чале з пасадніцай Марфай Барэцкай і дазволіў умацавацца іх апанентам, што кіраваліся на Маскву. Князь маскоўскі Іван III, які, дарэчы, прыходзіўся дваюрадным братам Міхаілу і Сімяону Алелькавічам, не ўпусціў шанец – у тым жа 1471 г. ён разбіў ноўгарадскае войска на рацэ Шалоні, прымусіў Ноўгарад адмовіцца ад саюза з Літвою і прызнаць сваё главенства. Падчас новага паходу ў 1478 г. Іван III супраціву з боку ноўгарадцаў ужо не сустрэў. Самастойнасць гэтай краіны была ліквідавана, мноства ноўгарадцаў былі пакараны смерцю, іншыя выселены, а тэрыторыя далучана да Маскоўскай дзяржавы.
Міхаіл Алелькавіч свае прэтэнзіі на Кіеў, дзе князямі былі яго дзед, бацька і старэйшы брат, лічыў законнымі. Пасля смерці брата менавіта ён узначаліў праваслаўную магнацкую апазіцыю ў краіне. Цераз дзесяць гадоў, калі ўзамен Гаштольда ў Кіеў ваяводам быў пастаўлены Хадкевіч, ілюзій наконт Кіева ў Міхаіла не засталося. Гэта падштурхнула да больш рашучых дзеянняў. Слуцк у чарговы раз стаў цэнтрам антыўрадавай змовы. Акрамя Алелькавіча, змоўшчыкамі кіравалі князі Іван Гальшанскі і Фёдар Бельскі. Як выказваюцца цяперашнія даследчыкі, мэтаю ставіўся дзяржаўны пераварот з забойствам вялікага князя і атрыманнем велікакняжацкага пасада Міхаілам Алелькавічам. Другі варыянт, калі мяцеж не ўдасца, прадугледжваў уладанні ўдзельнікаў змовы аддаць пад пратэктарат Масквы. 3 дапамогай здрадніка, імя якога дагэтуль невядома (хаця меркаванні, хто ім быў, ёсць), змову раскрылі. Фёдар Бельскі паспеў уцячы ў Маскву. А Міхаіл Алелькавіч і Іван Гальшанскі былі схоплены і праз год следства ў 1481 г. асуджаны да пакарання смерцю. Пакаранне адбылося ў Вільні ў прысутнасці членаў велікакняжацкай Рады.