XVIII стагоддзе

XVIII стагоддзе
Буйнымзаказчыкам твораў мастацтва ў гэты час заставалася праваслаўная царква. Паволі больш істотным станавіўся і ўплыў на культурнае жыццё каталіцкай царквы. У гарадскім інвентары за 1728 г. можна знайсці звесткі пра дзесяць слуцкіх мастакоў, што сведчыць пра даволі развітае мастацкае жыццё ў горадзе.

Іканапіс
Іканапіс, як і раней, развіваўся пераважна ў рэчышчы праваслаўнай культуры. Іканапісцы ў дастатковай меры засвойвалі барочную стылістыку, якая ў гэты час стала вызначальнай для ўсіх відаў мастацтва. Нярэдка мастакі выкарыстоўвалі нетрадыцыйныя для праваслаўя кампазіцыйныя схемы, якія перанімалі з твораў каталіцкага жывапісу, або бралі з гравюр-ілюстрацый у друкаваных кнігах, што прывозіліся з-за мяжы. Тым не менш, узмацненне супрацьстаяння з каталіцызмам прымушала ў большай ступені звяртацца да старадаўніх праваслаўных узораў, якія маглі захоўвацца на месцы. У цэлым гэта надавала слуцкім абразам налёт архаізму. Згаданая асаблівасць мясцовых абразоў адлюстравана ў пісьмовых крыніцах другой паловы XVIII і XIX стст., у якіх неаднаразова згадваюцца слуцкія цэрквы з вялікай колькасцю старажытных абразоў, або абразоў, напісаных у «візантыйскім» стылі. Дпя аздаблення касцёлаў у большасці выкарыстоўвалася праца не мясцовых мастакоў. Вядомы і прывазныя творы. Напрыклад, папулярнасцю ў вернікаў-католікаў карыстаўся абраз Маці Божай, напісаны ў 1662 г. у Італіі і асвечаны папам Аляксандрам VII. Спачатку ён быў у Польшчы, а з 1726 г. стаў уласнасцю слуцкіх бернардзінцаў. Абраз размяшчаўся ў галоўным алтары бернардзінскага касцёла святога Антонія.

Партрэтны жанр
Партрэт заставаўся найбольш развітым жанрам свецкага мастацтва. З 1740 г. уладаром Случчыны стаў князь Геранім Фларыян Радзівіл, які адцаваў перавагу паслугам замежных мастакоў. Партрэт князя ў 1741 г. быў напісаны фламандцам Лукасам Форстэрманам. Прыблізнаў 1746 г. мастаком Якубам Веселем былі напісаны партрэты князя Гераніма Фларыяна і яго жонкі Магдалены Чапскай-Радзівіл. Аднак вядомы прыклады стварэння партрэтаў князя і мясцовымі мастакамі. Па замове слуцкага архімандрыта Міхаіла Казачынскага ў 1753 г. у Слуцку зроблены партрэтны дыптых - выявы князя Юрыя II Алелькавіча і князя Гераніма Фларыяна Радзівіла у медальёнах, якія трымаюць анёлы. Кампазіцыйныя схемы абодвух партрэтаў мелі аднолькавае рашэнне - з"яўляліся люстэркавымі адбіткамі адзін аднаго.  Захаваліся звесткі пра партрэты слуцкіх купцоў Мелентовічаў. Намаляваны яны былі ў доўгіх чырвоных кунтушах, падпярэзаных поясам. Некаторыя з партрэтаў да XIX ст. знаходзіліся ў гарадской Юр"еўскай царкве. Калі ўлічыць, што згаданая «царкоўная галерэя» пачыналася з купца, які жыў у сярэдзіне XVII ст., то можна дапусціць, што першыя з гэтых партрэтаў і напісаны былі ў XVII ст.

Манументальны жывапіс
Манументальнымі роспісамі былі ўпрыгожаны слуцкія езуіцкія касцёлы Святога Духа ў Старым горадзе і Святой Тройцы ў Новым горадзе. Іх выканаў мастак Якуб Брэтцар. Роспісы, магчыма, упрыгожвалі і іншыя каталіцкія храмы края.
У праваслаўных храмах манументальны жывапіс прымяняўся менш. Але вядома, што ў другой палове XVIII ст. роспісам алейнымі фарбамі была ўпрыгожана падкупальная прастора і сцены гарадской праваслаўнай царквы Нараджэння Хрыстовага.
Манументальна-дэкаратыўны жывапіс ужываўся ў Слуцкім радзівілаўскім тэатры, які дзейнічаў у 1750-60-я гг. Манументальна-дэкаратыўную размалёўку мелі сцены княжацкіх палацаў.

Скульптура
Да разглядаемага перыяду адносяцца звесткі пра нешматлікія скульптурныя творы. Невядома хто быў іх аўтарам. Скульптурныя выявы Маці Божай размяшчаліся на фасадах езуіцкіх Троіцкага і Святадухаўскага касцёлаў. Купал апошняга таксама ўпрыгожвала скульптурная фігура анёла.
У праваслаўных царквах выкарыстоўвалася рэльефная дэкаратыўная разьба па дрэву. Ёй аздабляліся перш за ўсё іканастасы. Сустракаліся і рэзаныя падрэву рэльефныя абразы. Такія творы, напрыклад, былі ў гарадской царкве Нараджэння Хрыстовага.

Мастацкае навучанне
Відавочным сведчаннем існавання пэўных форм навучання мастацкаму і будаўнічаму рамяству з"яўляецца існаванне на працягу ХVІ-ХVІІІ стст. Слуцкай рэгіянальнай архітэктурна-мастацкай школы. У адным з гарадскіх інвентароў прыводзяцца звесткі, што слуцкі мастак Мікалаеўскі меў у падначаленні двух малераў і двух хлопцаў, што дазваляе ўявіць форму тагачаснага навучання мастацтву ў горадзе. Яна адпавядала традыцыйнай у сярэдневяковых рамесных цэхах сістэме вытворчасці і навучання: майстар-падмайстар-вучань. Акрамя вучобы на месцы, вучыцца мастацтву ехалі ў школу пры Кіева-Пячэрскай лаўры, у майстэрні вядомых мастакоў Заходняй Еўропы.

Мастакі XVIII стагоддзя

Азікавіч Хаім
Слуцкі мастак 1-й паловы XVIII ст. У горадзе «меў халупу ўбогую»

Бойка Ян
Слуцкі мастак і іканапісец (малер і багамаз) 1-й паловы XVIII ст. У горадзе «меў халупу» (1728).

Брэтцар ( Брэтзер) Якуб (1690-1733)
Мастак манументапіст і іканапісец. Манах-езуіт. У 1721-22 гг. працаваў у мінскім, у 1731-32 гг. - у віцебскім касцёлах езуітаў.
Пісаў абразы, ствараў алтарныя карціны, залаціў алтары. У 1715-1717 і ў 1723-1734 гг. зрабіў манументальную размапёўку і аздабленне інтэр"ераў езуіцкіх Троіцкага і Святадухава касцёлаў у Слуцку.

Гескі Юзаф Ксаверый (2-я пал. XVIII-пач. XIX ст.ст.)
Прыдворны мастак князёў Радзівілаў у Нясвіжы. Сын мастака Ксаверыя Дамініка Гескага. Аўтар партрэтаў слуцкага князя Гераніма Радзівіла (1785), караля Станіслава Аўгуста і іншых. Для слуцкай фабрыкі варсовых дываноў ствараў узоры (кардоны) у стылі ракако і класіцызму. У Нясвіжы навучаў маляванню некаторых прыгонных мастакоу.

Дзюр Ян Себасцьян (1709-1749)
Прыдворны мастак князёў Радзівілаў, партрэціст і мініяцюрыст. Родам са Швейцарыі. У 1742-1749 гг. працаваў у Слуцку.

Дзям'ян багамаз
Слуцкі іканапісец 1-й паловы XVIII ст. У горадзе «меў халупу» (1728).

Захарый багамаз
Слуцкі іканапісец 1-й паловы XVIII ст. У горадзе «меў халупу ўбогую» (1728).

Кахановіч Кірыла
Слуцкі мастак (малер) 1-й паловы XVIII ст. У горадзе «меў дом» (1728).

Лютніцкі Казімір (Канстанцін)
«Казённы мастак» князёў Радзівілаў. У 1730-50-я гг. працаваў у Нясвіжы, Міры. Пісаў партрэты гаспадароў, рабіў эскізы для радзівілаўскіх фабрык варсовых дываноў, у тым ліку і для слуцкай. Разам з жонкай размалёўваў палатняныя шпалеры, якімі абіваліся пакоі магнацкіх палацаў.

Маркіянавіч Васіль (1730-?)
Мастак-іканапісец родам са Слуцка. У 1758-66 гг. працаваў у Слуцку і ў іншых месцах Случчыны, у тым ліку ў сяле Вялікі Рожан (цяпер Салігорскі раён). Яго творы «Дэісус» (1758), «Благавешчанне», «Пакроў», «Тройца» (1761), «Маці Божая Дцзігітрыя», ‘Уваскрэсенне» (1766) напісаны для Пакроўскай царквы ў вёсцы Вялікі Рожан. Цяпер яны знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Прафесійнае майстэрства атрымаў (магчыма ўдасканальваў) у жывапіснай школе пры Кіева-Лячэрскай лаўры. Выконваў гравюры і малюнкі для вокладак Евангелля.

Майсей багамаз
Слуцкі іканапісец і мастак (багамаз і малер) 1-й паловы XVIII ст. У горадзе «меў халупу мізэрную» (1728).

Мікалаеўскі Станіслаў
Слуцкі мастак (малер). Верагодна, быў прызнаным майстрам. У падначаленні «меў двух хлопцаў і двух малераў» (хутчэй за ўсё, двух вучняў і двух падмайстраў).

Сегал Хаім (Сегель Хаім бен іцхак Айзік)
Беларускі мастак 2-й паловы XVIII ст. Нарадзіўся ў Слуцку. Аўтар манументальных роспісаў сінагог, у тым ліку ў Капусцянах (Копысі), Далгінаве. Найбольш вядомы роспіс драўлянай халоднай сінагогі ў Магілёве (1760), у якім, сярод іншага, у выяўленчых вобразах была адлюстравана гісторыя яўрэйскага народа ад старых часоў да прыходу на Беларусь. Цікавасць у даследчыкаў выклікалі выявы беларускіх краявідаў. Сегал - прадзед вядомага мастака XX ст. Марка Шагала.

Стэфан малер
Слуцкі мастак (малер) 1-й паловы XVIII ст. У горадзе «меў дом (1728).

Трывага (Травага) Іван
Мастак родам са Слуцка. Вучыўся ў 1750 г. у Кіева-Пячэрскай лаўры. Ствараў дапаможнікі для пісання абразоў з беларускіх, украінскіх і заходнееўрапейскіх старадрукаў. 

Тыц Ян Фрэдэрык (Дытц або Дзіц Іаган Фрыдрых)
Нямецкі «жывапісец і штукар», родам з Саксоніі (часам згадваецца як аўстрыец). Працаваў на радзівілаўскіх мануфактурах у Бялай (цяпер - Польшча), Свержні, Налібоках, у 1739-43 гг. на Урэцкай шкляной мануфактуры, дзе выконваў накладныя медальёны розных мініяцюрных выяў на залачоных фонах шклянога посуду. Лакіраваў і залаціў шкло, фаянс, маёліку. Ствараў тэатральныя дэкарацыі для радзівілаўскіх тэатраў У Слуцку і Нясвіжы (1756, 1759).

Тышкевіч
Жывапісец радзівілаўскіх тэатраў у Нясвіжы і Слуцку. Родам са Слуцка або са Случчыны. Быў прыгонным князя Радзівіла. У1754 г. са Слуцка быў запрошаны на Урэчскую мануфактуру вучыць маляванню на паперы вучняў гутнай справы. 

Цыбульскі Стэфан
Беларускі жывапісец. Вучыўся ў Гданьску ў мастака Якуба Весла (Веселя). Працаваў у радзівілаўскіх маёнтках, у тым ліку ў 1772, 1775, 1779, 1789 гг. - у Слуцку. Верагодна, быў прыгонным князёў Радзівілаў, для якіх пісаў і капіраваў партрэты, ствараў алтарныя карціны для касцёлаў. У Нацыянальным мастацкім музеі знаходзіцца напісаны ім у 1759 годзе партрэт Ганны Катажыны Радзівіл (маці слуцкага князя Гераніма Фларыяна Радзівіла).

Чарняускі Міхалка
Слуцкі мастак (малер) 1-й паловы XVIII ст. У горадзе меў «хаціну мізэрную» (1728)..

Шчыпік Андрэй
Слуцкі мастак 1-й паловы XVIII ст. У горадзе «меў халупу ўбогую» (1728).

Шчыпік Сцяпан
Слуцкі мастак 1-й паловы XVIII ст. У горадзе «меў халупу» (1728).