Па старых адрасах (Газета «Слуцкі край», 16.02.2007)

Па старых адрасах (Газета «Слуцкі край», 16.02.2007)

19.04.2013

Як і абяцалі ў мінулы раз, сённяшняе падарожжа – па вуліцы Манахава, былой Турэмнай.

Новая тэма размоў
Першапачаткова адкрыццё такой спецыфічнай установы як турма прыгнечвала гараджан, але з часам яны прызвычаіліся, і ў іх размераным жыцці з"явілася новая тэма – аб турэмным жыцці і зняволеных.

Турма не пуставала, а ў асобныя перыяды, звязаныя з палітычнымі падзеямі, была перапоўнена. Пачатак масавым рэпрэсіям паклаў вызваленчы рух 1861–1863 гадоў. 1 лютага 1863 года падпольны часовы ўрад Літвы і Беларусі на чале з Кастусём Каліноўскім звярнуўся да насельніцтва з Маніфестам аб паўстанні супраць царызму. Гэта стала штуршком да арганізацыі дыверсій у Слуцку і выступленню паўстанцаў у павеце. Горад і павет былі пераведзены на ваеннае становішча і ўся ўлада перададзена ваеннаму начальніку, камандзіру 33-га Данскога казацкага палка палкоўніку Астахаву. У выніку з гімназіі быў выключаны 281 чалавек, больш за 400 чалавек высланы ў Сібір або далёкія губерні. Атрады паўстанцаў былі разбіты.

Пачатак XX стагоддзя азнаменаваў пад"ём рэвалюцыйнага руху, «пік» якога прыпаў на 1905, 1906, 1917 гады. I зноў турма была перапоўнена. У 1906 годзе палітзняволеныя дружна выставілі з вокнаў турмы чырвоныя сцягі, выказаўшы тым самым сваю падтрымку першамайскай дэманстрацыі, якая праходзіла ў горадзе.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў 1917 годзе ў горадзе прайшла вялікая дэманстрацыя. Пад спевы «Марсельезы» дэманстранты накіраваліся да будынка турмы і вызвалілі палітзняволеных.

У 1918–1920 гадах Случчыну акупіравалі германскія войскі і белапалякі. За тоўстымі сценамі турмы таміліся барацьбіты за свабоду – члены бальшавіцкіх падпольных груп, партызаны і проста жыхары, якія аказвалі ім дапамогу і падтрымку.

У страшныя 1930-я людзі абыходзілі турму, баючыся ўслых вымавіць прозвішчы зняволеных.

У час нямецка-фашысцкай акупацыі (1941–1944 гады) з-за турэмных сцен чуліся стогны людзей, якіх катавалі, а за агароджай у двары – частыя стрэлы. Так распраўляліся фашысты з хоць крыху падазронымі, не кажучы пра падполыпчыкаў, партызан і іх сувязных.

Турма ў Слуцку праіснавала да сярэдзіны XX стагоддзя, а потым яе ліквідавалі.

Вуліца будуецца
У канцы XIX стагоддзя амаль побач з турмой пабудаваны памяшканні Вольнага пажарнага таварыства і пажарнай карэтнай. 1 жніўня 1889 года газета «Мінскі лісток» пісала: «Сегодня при большом стечении народа состоялось освященне здания недавно открытого Большого пожарного общества». Была арганізавана і пажарная каманда, якая ў 1900 годзе складалася з сямі чалавек. Пасля рэвалюцыі пажарнае таварыства перайменавалі ў добраахвотны атрад са 170 чалавек, а пажарная каманда складалася з 9 чалавек.

У 1886 годзе на Турэмнай побач з гарадскім садам завяршылася будаўніцтва ансамбля бальнічнага гарадка: двухпавярховага корпуса (былое інфекцыйнае аддзяленне) і двух аднапавярховых. Насупраць іх на процілеглым баку вуліцы сталі будавацца прыватныя дамы і адводзіцца ўчасткі пад агароды. За гарадскім садам бліжэй да Капыльскай у пачатку XX стагоддзя пабудаваў з чырвонай цэглы дом памешчык (на жаль, прозвішча яго невядома). У 1920-я гады тут размясціўся раённы аддзел НКУС, а з 1929 года дом адцалі пад жыллё. I зараз у ім жывуць тры сям"і, а знаходзіцца будынак на балансе ЖКГ (ЖЭУ-1).

Дарога, якая праходзіла па Турэмнай, перасякала Капыльскую і вяла да млына Мышалава. З часам яна стала працягам вуліцы.

У 1920-я гады дробныя саматужнікі аб"ядналіся ў арцелі і на базе гэтага млына ў 1924–1925 гадах створана прамысловая арцель па выпуску абознага абсталявання. Спачатку яна атрымала назву «Аб"яднаны металіст», потым – «Пралетарый». Пасля вайны тут выраблялі павозкі, цвікі, плугі, вёдры, бочкі, тазы, хлебныя формы. Пазней гэта – завод, металаапрацоўчае аб"яднанне, цяпер – КУП «Металіст».

У 1919 годзе, у перыяд масавага перайменавання ў горадзе вуліц, Турэмная перайменавана ў гонар М.Г. Чарнышэўскага (1828–1889 гг.), рускага філосафа, пісьменніка, літаратурнага крытыка. Аднак падзеі 1920 года змянілі назву.

Імем героя
15 ліпеня 1920 года часці Чырвонай Арміі падышлі да Слуцка, занятага белапалякамі. Вораг спяшаўся і пакідаў горад, паліў усё на сваім шляху. Камандаванне 1-га і 23-га аўтабронеатрадаў прыняло рашэнне: дагнаць на шашы Слуцк-Баранавічы адступаючую калону белапалякаў. Дзвюм бронемашынам абысці праціўнікаў з левага фланга, а бронемашыне Аляксандра Манахава – з правага і ў раёне вёскі Бязверхавічы ўдарыць з двух бакоў. Усё выканалі дакладна, але калона была вельмі вялікай і ў хвасце яе знаходзілася артылерыя, якая хутка прыняла баявое становішча. Бой быў не роўным. Снарад трапіў у машыну Манахава, разбіў рухавік, успыхнула полымя. Экіпаж (чатыры чапавекі) разам з камандзірам пакінуў машыну і адпоўз у жыта, працягваючы весці бой. Рваліся снарады, бесперапынна страчыў кулямёт… I раптам убачылі байцы, што асколак снарада параніў камандзіра. Рана аказалася смяротнай… Калі заціх бой, сябры на руках вынеслі яго з жытняга поля. Палітаддзел дывізіі і камандаванне атрада вырашылі пахаваць адважнага героя ў Слуцку.

У краязнаўчым музеі ёсць фотаздымкі і ўспаміны відавочца гэтых падзей Мікалая Міхайлавіча Сяргеева, былога камандзіра браневіка 23-га бронеатрада: «…Хавалі Манахава на другі дзень, 16 ліпеня 1920 года. Труну з целам паставілі на бранявік «Вораг капіталу», той самы бранявік, з якога Ленін у красавіку 1917 года каля Фінляндскага вакзала гаварыў прамову… I ён, гэты бранявік, праследаваў па ўсяму Слуцку ў гарадскі сад для пахавання Аляксандра. Усе случчане выйшлі правесці героя ў апошні шлях…». У памяць пра байца гарадскі сад стаў называцца імем Манахава.

З кожным годам пашыраліся граніцы горада, павялічвалася колькасць насельніцтва, а разам з гэтым – неабходнасць медыцынскіх устаноў.

Таму было прынята рашэнне разбіць новы гарадскі сад на пустэчы паміж вуліцамі Леніна і Віленскай (прыкладна канец 20-х – пачатак 30-х гадоў XX стагоддзя), які назвалі паркам. Аляксандра Манахава перазахавалі на гарадскіх могілках, а вуліцу Чарнышэўскага перайменавалі ў вуліцу Манахава.

Бальнічны гарадок стаў пашырацца, з"явіліся дадатковыя карпусы. У канцы 30-х гадоў XX стагоддзя стала будавацца новая бальніца. У 1939-м побач з бальнічным садам здалі ў эксплуатацыю двухпавярховы будынак дзіцячага сада-ясляў.

След вайны
Вялікая Айчынная вайна пакінула свой крывавы след і на вуліцы Манахава. У чэрвені 1941 года ў двары сада-ясляў фашысты расстралялі 140 камуністаў. Сярод іх былі старшыня калгаса імя Красіна М. Гурленя, дырэктар МТС І.П. Новікаў, адвакат Чыпчын, начальнік чыгуначнага раз"езда С. Баханцаў, выкладчык медвучылішча Кавалёў, старшыня калгаса імя Кірава М.Ф. Жываглод і іншыя. На жаль, не ўдалося ўстанавіць імёны ўсіх загінуўшых. Таксама засталіся невядомымі і тыя 840 чалавек, якіх расстралялі фашысты на тэрыторыі бальнічнага гарадка.

Можна толькі ўявіць, у якім жаху было насельніцтва горада, калі ў лютым 1943 года фашысцкія нелюдзі выкінулі на полі паміж вуліцай Манахава і Сёлкамі астанкі 3 000 спаленых і забітых у гета яўрэяў. Іх не дазвалялі пахаваць, гэта стала магчымым толькі вясной. На гэтым месцы ў канцы вуліцы Манахава ў 1956 годзе ўстаноўлены помнік ахвярам гета.

Аблічча мяняецца
Час мяняў не толькі аблічча, але і размяшчэнне асобных устаноў. Так, у 1944-м, пасля вызвалення, у будынку сада-ясляў адкрыты сіроцкі дом для дзяцей вайны рознага ўзросту. У 1946 годзе старэйшых перавялі ў адкрыты дзіцячы дом, а маленькіх пакінулі: прынята рашэнне ў гэтым будынку адкрыць Дом дзіцяці. У былых будынках турмы, пажарнай і г.д., якія знаходзіліся ў пачатку вуліцы, у пачатку 50-х гадоў XX стагоддзя размясціліся склады і клуб гархарчгандлю, добраахвотнае пажарнае таварыства. На вуглу вуліц Манахава і Леніна будуецца новы магазін «Сокі-воды», дзе гандлявалі газіраванай вадой, сокамі, запраўлялі сіфоны, а ў 1970-х гадах былі ўстаноўлены першыя аўтаматы для прыгатавання мяккага марожанага. Тут заўсёды было мнагалюдна. У 1989 годзе ўсе гэтыя збудаванні знесены, распачата будаўніцтва ўнівермага «Слуцк». У 2005 годзе знесены і пустуючы будынак былой бальніцы, пабудавана прыгожая сучасная гарадская лазня, добраўпарадкоўваецца тэрыторыя. Вось такія мінулае і сучаснасць вуліцы Манахава.

 

В.ВІДЛОГА