У нас на сайте
Новое на сайте
Ссылки

 

 

Слуцк деловой - портал Капитал-маркет

 

Покупай/Продавай на Capital-Market.by

 

Услуги по выполнению работ автопогрузчиком Амкодор

 

Продажа, установка, ремонт, замена автомобильных стёкол

 

Краски, эмали, лаки, грунтовки, шпаклёвки для автомобилей

 

Запчасти, расходные материалы и аксессуары для всех популярных марок и моделей автомобилей

 

Ирландское кружево Ольга-Анастасия

 

 

 

Благоустройство захоронений. Гранитные памятники

 

 

 

Паўстынь

Антосева плёса, Лакацец, Мілешава, Тапілы... Гэтыя словы адразу нагадаюць карэнным жыхарам вёскі Паўстынь (цэнтр сельсавета ў Слуцкім раёне) іх родныя мясціны: палі, сенажаці, лясы. Назвы такіх геаграфічных аб"ектаў аб"ядноўваюцца адным тэрмінам – мікратапонімы. Гэта адзін з самых каштоўных скарбаў беларускай мовы, які яшчэ вельмі мала вывучаны і чакае сваіх даследчыкаў.

У Паўстыні з дапамогай яе старажылаў удалося запісаць каля шасцідзесяці назваў геаграфічных аб"ектаў, якія знаходзяцца ў наваколлі вёскі. Прыкладна трэцяя частка паўстынскіх мікратапонімаў паходзіць ад імя або прозвішча чалавека, які меў нейкае дачыненне да той ці іншай мясціны. Гэта – Пятроў імшок, Шулякоў хутар, Арынчына балотца, Гаўрыліна, Макарава, Цімафеева палянка, Качуроў мост. Імёны людзей, калі можна так сказаць, перайшлі ў ландшафт, сталі яго неад"емнай часткай.

Мне расказвалі, што некалі ехаў на возе ў Паўстынь з суседняй вёскі Ліпнікі анучнік Шэндар з Урэчча (цяпер пасёлак гарадскога тыпу ў Любанскім раёне).  А ў той час паміж Ліпнікамі і Паўстынню пралягала ржавае балота, парослае хмызняком, парэзанае глыбокімі ручаінамі. У адным месцы трэба было пераехаць такую ручаіну ўброд. Як ні паганяў Шэндар каня, той упарціўся, не хацеў ісці ў ваду. Тады гаспадар узяў яго за аброць і павёў. Раптам конь чагосьці спужаўся, матлянуў галавой, ад чаго Шэндар упаў у багну. Каня ды воз сяк-так выцягнулі прыбегшыя на крык людзі, а Шэндара не знайшлі. Даўно ўжо няма таго балота, і нішто не нагадвае пра даўні трагічны выпадак, засталася толькі назва мясціны – Шэндараў брод.

Шмат якія назвы паказваюць характар рэльефу або расліннасці ў той або іншай мясціне: Грабнік, Задуба, Лозка, Крушнік, Лясок. Не менш трапныя мікратапонімы Глінішча, Тапілы, Сапегава куп"ё, Высокая палянка і некаторыя іншыя. Праўда, шмат якія назвы ўжо не зусім адпавядаюць сучаснай характарыстыцы адпаведных геаграфічных аб"ектаў. Так, на месцы Сапегава куп"я зараз раўнюткае поле, а ў Тапілах хіба толькі пасля моцнага дажджу невялікія ўпадзіны напаўняюцца вадой. На жаль, прыродны ландшафт часта мяняецца не ў лепшы бок, асабліва ў выніку дзейнасці чалавека. Сёння можна толькі з сумам успомніць, якія сакавітыя буякі раслі некалі ў Пятровым імшку або якія «ваенныя баталіі» разгараліся паміж намі, хлапчукамі, у Арынчыным балотцы. Каля імшка ў свой час пабудавалі свінатаварную ферму, балотца  акружылі меліярацыйнымі каналамі, і за трыццаць-сорак гадоў ад тых маляўнічых мясцін засталіся толькі купкі дрэў. А што будзе яшчэ праз трыццаць гадоў?

Трэба аддаць належнае нашым продкам, якія ў кожнай назве змаглі ўбачыць і замацаваць галоўную прыкмету, што адрознівае адзін геаграфічны аб"ект ад другога, дакладна паказвае іх месцазнаходжанне. Таму і нельга зблытаць Астравушына і Мілешава, Гураўшчыну і Мужымась ці Вершавыя са Сцежкай. Дарэчы, пра назву ўрочышча Вершавыя. Яна пайшла ад слова «верша». Так называецца рыбалоўная конусападобная прылада з тонкіх дубцоў або дроту. Калісьці ў гэтым месцы працякала рэчка, дзе вадзілася рыба, вяскоўцы лавілі яе вершамі. Пісьменніца Алена Васілевіч (ураджэнка  вёскі Ліпнікі) у адным са сваіх твораў пісала: «Вельмі цікава паглядзець, як прыходзіць які-небудзь паўстынскі дзядзька з мехам выбіраць замерзлую рыбу з пастаўленай нанач у палонцы вершы».

Даўно ўжо не патрэбны паўстынцам вершы: рэчку тую спрамілі і зрабілі звычайнай канавай, пра рыбу ў якой можна толькі марыць. Дарэчы, няма яе і ў шматлікіх меліярацыйных каналах, што з"явіліся ў ваколіцах вёскі ў 1960-х – 1970-х гадах. І вось што цікава: каналаў многа, а ніводзін з іх не атрымаў ад паўстынцаў свайго «імя». У энцыклапедыі «Блакітная кніга Беларусі» знайшоў звесткі пра Паўстынскі канал, аднак самі жыхары вёскі так яго не называюць. Ёсць яшчэ канал К-2, але так ён лічыцца ў тэхнічнай дакументацыі.

Што гэта? Мо згубілі мае землякі назіральнасць, уменне даваць трапную характарыстыку ці лесу, ці полю, ці нават свайму суседу? Думаю, прычына ў іншым. Не захацелі вяскоўцы ўвекавечваць тое, што створана штучна, што бязлітасна пераўтварыла некалі маляўнічыя паўстынскія наваколлі ў амаль суцэльнае поле.

Акрамя таго што апошнім часам вельмі рэдка ўзнікаюць новыя мікратапонімы, дык яшчэ і старыя забываюцца. У паўстынцаў у шырокім ужытку застаюцца пятнаццаць-дваццаць назваў, ды і то больш сярод людзей сталага веку. Сярод жыхароў Паўстыні нямала прыезджых людзей, якія не ведаюць мясцовай тапанімікі. Калі ж улічыць, што мікратапонімы па сваёй прыродзе недаўгавечныя, што яны вельмі залежаць ад змены ўмоў і абставін, у якіх узніклі, то з цягам часу мы можам пазбавіцца цікавай і вобразнай мовы, якою зямля размаўляе з намі.

Таму нельга не пагадзіцца з гісторыкам і лінгвістам Аляксандрам Рогалевым, які ў сваёй кнізе «Сцежкі ў даўніну» напісаў: «Назвы – гэта неад"емная частка нашай спадчыны, своеасаблівы сімвал, у якім спалучаюцца гістарычныя здабыткі і светапогляд народа... Яны – такі ж помнік нашай гісторыі, як і высечаныя з граніту манументы і абеліскі».


 

Анатолій ЖУК
 



Назад
Комментариев: 0

Оставьте комментарий :

Имя (требуется)
E-mail (не публикуется) (требуется)
Защитный код:

 
Посещений: 1858. Последнее 2018-11-22 13:24:00
©Наследие слуцкого края
2012 все права защищены

При использовании материалов сайта ссылка на
«Наследие слуцкого края» и авторов обязательна
Слуцкий район, д. Весея, ул. Центральная, 9А
тел./факс (01795) 55-8-66
hvorov@inbox.ru