У нас на сайте
Ссылки

 

 

Слуцк деловой - портал Капитал-маркет

 

Покупай/Продавай на Capital-Market.by

 

Услуги по выполнению работ автопогрузчиком Амкодор

 

Продажа, установка, ремонт, замена автомобильных стёкол

 

Краски, эмали, лаки, грунтовки, шпаклёвки для автомобилей

 

Запчасти, расходные материалы и аксессуары для всех популярных марок и моделей автомобилей

 

Ирландское кружево Ольга-Анастасия

 

 

 

Благоустройство захоронений. Гранитные памятники

 

 

 

Нізкі паклон за Перамогу!

21.02.2014
 


Вялікая Айчынная… Свой след яна пакінула ў кожнай сям"і, супраць фашысцкіх захопнікаў на франтах мужна змагаліся беларусы. Сярод іх быў і мой дзядзька – Міхаіл Трафімавіч Салавей – салдат, які сумленна выканаў свой абавязак і цудам уцалеў у страшнай вайне.

…Нарадзіўся ён у 1919 годзе ў вёсцы Гарадзішча (цяпер Бокшыцкі сельсавет) у беднай мнагадзетнай сялянскай сям"і. Працавалі ўсе ад цямна да цямна, трымалі карову, апрацоўвалі агарод. Яго бацькі – Трафім Дзмітрыевіч і Ганна Сямёнаўна – вельмі хацелі, каб дзеці вучыліся. Здольныя і працалюбівыя, яны імкнуліся да ведаў. У вёсцы была 4-класная школа, якую першым з сям"і закончыў старэйшы сын Іван (гэта мой тата), і паступіў вучыцца ў школу №1 у Слуцку. Многія кіламетры ад дому да школы, і назад пераадольваў пры ўсякім надвор"і, нават у лютую сцюжу. Праз два гады ў гэтую ж школу пайшоў і Міхаіл, потым – малодшы, Косця. Вучыліся рабяты з задавальненнем, бацькі стараліся падтрымліваць іх імкненне. Адзенне насілі даматканае, з абуткам таксама было «не густа», але і гэтаму радаваліся. Іван закончыў дзевяць класаў і паступіў у Мінскі медыцынскі інстытут, праз два гады ў Мінск прыехаў і Міхаіл – паступіў у дарожна-механічны тэхнікум. Пасля трох курсаў тэхнікума яго прызвалі ў армію. Служыў у Пушкіне, пад Ленінградам.

У гады Вялікай Айчыннай вайны абараняў Маскву, а калі «адкінулі» ворага ад сталіцы, часць, дзе ён служыў, накіравалі пад Ленінград – да зняцця блакады працаваў ён вадзіцелем на «дарозе жыцця». Узгадваць пра страшныя часы ён не любіў, успаміны пра тыя жахі, што давялося яму перажыць, даваліся цяжка. Але нам, яго дзецям і пляменнікам, зрэдку ўдавалася «разгаварыць» дзядзьку. Ён вельмі хваляваўся тады, расказваючы той ці іншы эпізод. Дзіва што! Нават я, маленькае дзіця падчас вайны, памятаю апошні яе год: балоты, немцаў з аўчаркамі, «рамы» (так мы называлі нямецкія двухфюзеляжныя самалёты, якія абстрэльвалі нас), холад, голад і пастаянны страх. Мне зараз 75 гадоў, але і цяпер бачу ў снах тых аўчарак і самалёты. Нядаўна ў выступленні ветэран Вялікай Айчыннай, якому 90 гадоў, прызнаўся, што і яму таксама сняцца атакі, танкі, вайна…

Вельмі страшна было дзядзьку Мішу ў блакадным Ленінградзе і «на дарозе жыцця». Ён расказваў, што машыны часта правальваліся пад лёд – і нічога немагчыма было зрабіць. На «вялікую зямлю» з Ленінграда ён дастаўляў змарнелых, змучаных людзей.

– Прывязу іх, – успамінаў дзядзька Міша, – і прашу: толькі не ешце многа – па маленькім кавалачку, давалі ім і супчык. А некаторыя накідваліся на ежу, паўбохана хлеба за раз з"ядалі і …паміралі.

Аднойчы прывёз ён людзей, да яго падышоў вельмі худзенькі і слабы стары і папрасіў: «Дай хлеба! Я табе гадзіннік аддам». Гадзіннік прыгожы, наручны, рэдка ў каго быў такі. «Не, – адказаў дзядзька, – нельга табе хлеб есці, ідзі ў пункт харчавання, там дадуць булён і кавалак хлеба». Гадзіннік, зразумела, ён не ўзяў. Ужо ў сярэдзіне 1945 года салдат Салавей сустрэў у Ленінградзе таго «старога». І выявілася, што не стары ён – проста чалавек ва ўзросце, вельмі інтэлігэнтны і сімпатычны, прафесар. Пазнаў ён Міхаіла, запрасіў у дом, дзякаваў сардэчна за тое, што збярог жыццё.

Дзядзька Міша расказваў, а мы ўсе плакалі…

У канцы 1945 года Міхаіл Трафімавіч пасля дэмабілізацыі прыехаў дадому. У Слуцку яго адразу прынялі на работу тэхнікам, а потым – інжынерам па дарожным будаўніцтве. Ён будаваў дарогі Слуцк – Баранавічы, Слуцк – Бабруйск і іншыя, кіраваў будаўніцтвам мастоў, у ліку якіх быў дыхтоўны драўляны мост праз раку Случ на дарозе Гарадзішча – Гольчычы. Каля гэтага моста было наша любімае месца для купання – усе ў вёсцы ведалі, што будаваў яго дзядзька Міша. Жыў ён з сям"ёй у вёсцы Лучнікі, жонка Ксенія Мацвееўна працавала ў раённым аддзеле адукацыі. Падчас Вялікай Айчыннай яна была сувязной партызанскага атрада імя Суворава. Немцы арыштавалі яе, двойчы выводзілі на расстрэл, але яна нікога не выдала, нейкім цудам ёй удалося выратавацца. Пра яе ёсць запіс у кнізе «Памяць» (Слуцкі раён, кн. 2, стар 159). На жаль, звестак пра Міхаіла Трафімавіча Салаўя ў кнізе «Памяць» няма. Дакументы Міхаіла Трафімавіча і Ксеніі Мацвееўны – сціплых, працавітых, прыстойных людзей – захоўвае іх дачка Валянціна Міхайлаўна, якая жыве ў бацькоўскім доме. Міхаіл Трафімавіч пайшоў на пенсію ў 1988 годзе, памёр 15 лістапада 1994 года і пахаваны на могілках у вёсцы Лучнікі.

Такія салдаты-воіны, як наш дзядзька Міхаіл, – сапраўдныя героі, столькі перажылі, столькіх людзей выратавалі. Яны – пераможцы! І нізкі ім паклон, вечная памяць…


 

Валянціна САЛАВЕЙ,
жыхарка горада Мінска
Газета «Слуцкі край»
 



Назад
Комментариев: 0

Оставьте комментарий :

Имя (требуется)
E-mail (не публикуется) (требуется)
Защитный код:

 
Посещений: 1456. Последнее 2018-12-15 06:51:00
©Наследие слуцкого края
2012 все права защищены

При использовании материалов сайта ссылка на
«Наследие слуцкого края» и авторов обязательна
Слуцкий район, д. Весея, ул. Центральная, 9А
тел./факс (01795) 55-8-66
hvorov@inbox.ru