Народны аркестр рускіх народных інструментаў

Народны аркестр рускіх народных інструментаў

10.12.2013

Народнаму аркестру рускіх народных інструментаў Слуцкай дзіцячай школы мастацтваў споўнілася 50 гадоў. Калектыў быў створаны ў 1963 годзе на базе самадзейнага ансамбля народных інструментаў настаўнікаў музычнай школы. У 1982 годзе аркестру прысвоена ганаровае званне «народны».

Першым кіраўніком аркестра быў Арэст Осіпавіч Мякіннікаў. Ён быў і настаўнікам сённяшняга кіраўніка – Наталлі Леанідаўны Сапелкінай. Яна ўспамінае, што Арэст Осіпавіч быў чалавекам вельмі творчым, улюбёным у народную музыку, валодаў многімі інструментамі.

У розныя часы кіраўнікамі калектыву былі Станіслаў Піліпавіч Спільнічэнка, Галіна Арсенцьеўна Лазоўская, Леанід Саламонавіч Саламонік і Людміла Іванаўна Грудзініна.

З 2010 года народным аркестрам кіруе дырэктар школы мастацтваў Наталля Леанідаўна Сапелкіна – удзельніца гэтага калектыву з 1989 года.

За гады існавання народны аркестр зарабіў шмат узнагарод на рэспубліканскіх і ўсесаюзных фестывалях і конкурсах. Найбольш адметныя – дыплом сакратарыята праўлення Саюза кампазітараў СССР, дыплом Вялікага тэатра оперы і балета БССР, дыпломы на абласных турах Рэспубліканскага конкурсу метадычных і творчых работ настаўнікаў музычных школ, Ганаровыя граматы ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама. У 1965 годзе аркестр прымаў удзел у 3-й дэкадзе самадзейнага мастацтва ў Мінску, пасля чаго многія яго ўдзельнікі выступалі ў складзе зводнага аркестра Мінскай вобласці, які заняў першае месца на рэспубліканскім конкурсе. У 1969 годзе слуцкі аркестр прымаў удзел у канцэрце на ВДНГ у Маскве.

З апошніх дасягненняў аркестра: дыплом лаўрэата І ступені на VI Міжнародным конкурсе-фестывалі народнай музыкі «Самародкі-2012», які праходзіў у Севастопалі (там жа Наталля Леанідаўна Сапелкіна была ўдастоена дыплома «Лепшы кіраўнік аркестра»); дыплом ІІІ ступені на Х фестывалі народнай творчасці Мінскай вобласці «Напеў зямлі маёй» у горадзе Мар"іна Горка; спецыяльны прыз «За захаванне традыцый рускага народнага аркестра» на абласным конкурсе творчых работ настаўнікаў дзіцячых школ мастацтваў пямяці А. Новікава ў горадзе Жодзіна ў сакавіку 2013 года.

Наталля Леанідаўна лічыць, што ўдзел у конкурсах дысцыплінуе артыстаў, з"яўляецца для іх вельмі добрым стымулам для ўдасканалення свайго майстэрства.

Удзельнікі аркестра валодаюць ігрой на многіх інструментах. Музыканты працуюць рупліва, з задавальненнем. Напрыклад, дачка Арэста Осіпавіча Мякіннікава, настаўніца і канцэртмайстар Алена Арэстаўна Сакалова – піяністка, але ў аркестры іграе на гуслях – рэдкім інструменце, які асвоіла самастойна.

Зараз адносна новы калектыў музыкантаў. У апошнія гады ў школу прыйшлі працаваць маладыя настаўнікі пасля заканчэння Акадэміі мастацтваў. Яны актыўна далучаюцца да работы ў аркестры. Многія яго ўдзельнікі з поспехам выступаюць сольна і іграюць у іншых калектывах.

Вялікі ўклад у развіццё аркестра ўносяць яго салісты – выканаўцы песень. Гэта Лідзія Гаўрылаўна Жаўрыд – сапраўдны самародак Слуцкай зямлі, якая была ўзнагароджана дыпломам лаўрэата ІІ ступені ў намінацыі «Саліст з аркестрам» на конкурсе-фестывалі «Самародкі-2012», магістр мастацтваў Ірына Уладзіміраўна Грынюк, Святлана Васільеўна Булаўка, Анжэліка Анатольеўна Пракаповіч, Вольга Мікалаеўна Дубовік.

Практычна ўсе апрацоўкі і інструментоўкі для аркестра зараз піша таленавіты музыкант, канцэртмайстар аркестра Сяргей Сцяпанавіч Пратасевіч. На юбілейным канцэрце гучала шмат напісаных ім кампазіцый. Раней аркестроўкі і аранжыроўкі для народнага аркестра пісалі Леанід Сцяпанавіч Швядко, Леанід Саламонавіч Саламонік, Жанна Віктараўна Ануфрэйчык, Уладзімір Уладзіміравіч Лінькоў.

Свой юбілей народны аркестр народных інструментаў адзначыў канцэртам, які праходзіў 28 лістапада ў альмаматэр калектыву – дзяржаўнай установе адукацыі «Слуцкая дзіцячая школа мастацтваў». Падчас мерапрыемства начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Таццяна Яўгенаўна Міхалькевіч павіншавала калектыў і ўручыла Ганаровую грамату. Выказала  віншаванні і ўручыла падарункі юбілярам старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі дзіцячай школы мастацтваў Святлана Яўгенаўна Сядых.

Народны аркестр народных інструментаў Слуцкай школы мастацтваў клапатліва захоўвае традыцыі рускага народнага домрава-балалаечнага аркестра і разам з тым імкнецца да новых дасягненняў, працягвае радаваць нас сваімі выступленнямі на святочных пляцоўках горада. Шчыра віншуем калектыў, які стаў гонарам Слуцка, і жадаем яго ўдзельнікам творчага натхнення, новых прэстыжных узнагарод і ўдзячных слухачоў.

 



 

Алеся БЕЛАЯ
Па матэрыялах газеты «Слуцкі край»

Фота Уладзіміра Жукоўскага