Белорусский переводчик Шекспира Юрка Гаврук был учеником Валерия Брюсова

Белорусский переводчик Шекспира Юрка Гаврук был учеником Валерия Брюсова

16.01.2021

 

Нядаўна на сцэне Купалаўскага тэатра адбылася прэм'ера спектакля «Кароль Лiр». Шэкспiраўскiя словы сакавiта гучалi па-беларуску. Аўтар перакладу, паэт Юрка Гаўрук, працаваў загадчыкам лiтаратурнай часткi тэатра. Сёлета мы адзначаем яго 115-годдзе.

 

«Аглядаючыся на сваё жыццё праз 60 год, проста дзiву даешся, да чаго ўсё ж такi трывалая iстота — чалавек…»

 

Так пачынае Юрка Гаўрук свае ўспамiны «I сонца, i хмары». Ён меў права на такiя словы: перажытае iм здаецца фантазiяй драматурга.

 

Уявiце сабе: 1920-я гады. Выступаюць паэты «Маладняка». У свiтках, кажушках, вышыванках. Чытаюць натхнёныя вершы пра калгасы i фабрыкi. Раптам на сцэну падымаецца акуратны юнак у гальштуку-бабачцы, у пiнжаку на адпрасаваную бялюткую кашулю i чытае бездакорна перакладзеных iм Шэкспiра, Шылера, Гётэ…

 

Ён заўсёды ўспрымаўся гэткiм увасабленнем iнтэлiгентнасцi, нетыповым для тутэйшай лiтаратарскай тусоўкi.

 

Хаця выйшаў з саслоўя простага.

 

Народжаны ў Юр'еў дзень

 

Ён нарадзiўся ў Слуцку ў Юр'еў дзень, таму i хрысцiлi Георгiем.

 

Бацька, цiхмяны Павел Сямёнавiч, — цясляр. Мацi, Еўдакiя Максiмаўна, непiсьменная, але чуллiвая i ўражлiвая.

 

Юрка быў адзiным дзiцем, таму ўся ўвага яму — у людзi вывесцi. Ужо з пяцi гадоў да хлопчыка запрасiлi суседку-настаўнiцу, i тая навучыла чытаць, а ў 1913-м Юрку аддалi ў Слуцкую гiмназiю.

 

Момант iмпрынтынгу: вучнi на шпацыры на прыродзе. Iм прынеслi ад гiмназii дзежку марозiва. Сцiплы Юрка не змог прабiцца праз аднакласнiкаў, якiя зверавата цягнулi рукi, хапалi па некалькi порцый з крыкамi: «Мне! Мне!» Затое знайшоў прыгожую ружовую кветачку «кацiныя лапкi», якой больш нi ў кога не было, i тым суцешыўся.

 

У пятнаццаць гадоў Юрка адшукаў на гарышчы кiнутага панскага дома французскiя i польскiя кнiгi. Зацiкавiўся. I ў хуткiм часе прачытаў «Сабор Парыжскай Божай Мацi» ў арыгiнале, самастойна засвоiўшы французскую мову.

 

Англiйскую ўдасканалiў з дапамогай старой суседкi, жонкi кальвiнiсцкага пастыра: звычайна яна сядзела ў крэсле, вязала панчоху, а Юрка чытаў ёй уголас Шылера. Тады ж пачаў сам складаць вершы. А ў 1922 годзе паступiў у маскоўскi Вышэйшы лiтаратурна-мастацкi iнстытут, заснаваны Валерыем Брусавым.

 

Улюбёны вучань Брусава

Сямнаццацiгадовы Юрка трапляе ў паслярэвалюцыйную Маскву, дзе голадна, але крэатыўна. Праiснаваў легендарны iнстытут усяго чатыры гады. Але за гэты час былi сустрэчы з Маякоўскiм, Сяльвiнскiм, Ясенiным, Усеваладам Iвановым, Верай Iнбер. Лекцыi па рускай мове вёў Дзмiтрый Ушакоў. Тэхнiку вершаскладання i антычную лiтаратуру выкладаў сам Валерый Брусаў.

 

Юрка Гаўрук успамiнаў, як прыйшоў здаваць Брусаву залiк. Той папрасiў расказаць пра Гарацыя.

 

А студэнт са ўсёй шчырасцю:

 

— Валерый Якаўлевiч, Гарацыя я не люблю.

 

Папрасiўся расказаць пра Авiдзiя, якi блiжэй.

 

Пагаварылi пра Авiдзiя, грунтоўненька, з цытатамi на лацiнскай… Тады Юрка Гаўрук кажа:

 

— А цяпер, Валерый Якаўлевiч, калi ласка, магу i пра Гарацыя.


— Не, не трэба. Дайце вашу кнiжку.

 

Юнак абегаў усе тэатры, выставы, музеi…

 

А каб даць магчымасць таленавiтаму сынку вучыцца там, дзе ён хоча, мацi прыехала ў Маскву здабываць грошы. Працу знайсцi было цяжка. Дайшла да самога Мiхаiла Калiнiна — i з яго пратэкцыяй уладкавалася на швейную фабрыку.

 

Песнi роднага краю

Невядома, як склаўся б лёс таленавiтага юнака: напэўна, ён мог бы стаць рускiм лiтаратарам. Але летам 1924 года прыехаў на родную Случчыну, дзе запiсаў больш за 1000 песень. Уразiла. У 1926-м матэрыялы гэтага падарожжа былi выпушчаныя кнiгай пад назвай «Вясковыя рыскi».

 

Адбылося i далучэнне да беларускага тэатра.

 

1925 год, Масква. У памяшканнi кiнатэатра «Арбацкi АРС» працуе Беларуская тэатральная студыя: выпускнiкi яе ў наступным годзе прыедуць у Вiцебск i створаць Другi беларускi тэатр. А пакуль што ставяць вучэбны спектакль, а менавiта «Сон у летнюю ноч». Пераклад Шэкспiра на беларускую мову даручаны студэнту лiтаратурна-мастацкага iнстытута Юрку Гаўруку. Прэм"ера адбылася ў тэатры «Акварыум».

 

Беларускi тэкст не захаваўся, Юрка Гаўрук пасля толькi цытаваў па памяцi ўрыўкi:

 

Васпанi, сэрцайкi якiх баяцца


самай дробнай мышы, што часамi


пачне ў кутку дзе-небудзь шалпатацца…

 

 

Дваццацiгадовы дацэнт

Увосень 1925-га Юрка Гаўрук быў абраны дацэнтам кафедры беларускай мовы i лiтаратуры сельскагаспадарчай акадэмii ў Горках. Яму дваццаць, калегу па кафедры Максiму Гарэцкаму трыццаць два. I вось карцiнка…

Два маладыя выкладчыкi беларускай мовы iдуць... збiраць кветкi. Любуюцца пейзажамi, гутараць пра высокае, букецiкi ладзяць. Гарэцкi хвалiцца сваiм букетам: «Вы як збiралi, так i складалi. А я кожную кветку падганяў да iншых». У яго рамонак да рамоначка, валошка да валошкi. I давай абодва спрачацца пра лiтаратурныя стылi, цi варта падганяць усё пад каноны.

Пры акадэмii дзейнiчаў лiтаратурны гурток, у якi хадзiла сярод iншых муза Купалы Паўлiна Мядзёлка. Гаўрук уступае ў «Маладняк», апынаецца ў цэнтры беларускага лiтаратурнага жыцця.

 

Таццяна i Гейнэ

Адразу па прыездзе малады дацэнт закахаўся ў студэнтку Таццяну. У тым жа 1925-м i пашлюбавалiся, нарадзiлася дачка Алiна. Гэта быў шчаслiвы час… У 1926-м  Гаўрук едзе ў Ялту, дзе селiцца ў адным атэлi з Маякоўскiм. Пасля ўспамiнае: у Маякоўскага выступленне ў летнiм садзе. Чытае старыя вершы, выглядае па-будзённаму… Нехта з расчараванай публiкi свiснуў.

 

Эх вы, свiстун, да разве ж так свiшчуць? — адрэагаваў Маякоўскi i тут жа свiснуў у адказ.

 

Адбыўся дэбют Гаўрука ў друку — пераклад верша Гейнэ «Ткачы». А ў 1928 годзе выйшла створаная iм першая анталогiя замежнай паэзii ў перакладзе на беларускую мову «Кветкi з чужых палёў».

 

 «Мне снiлiся Рэмбрант i Рафаэль»

Шчаслiвыя часы заканчвалiся.

 

8 студзеня 1935 года Юрку Гаўрука, дацэнта кафедры лiтаратуры Магiлёўскага педагагiчнага iнстытута, арыштавалi проста ў студэнцкай аўдыторыi. Доказам «злачынства» стаў верш, надрукаваны ў акадэмiчнай газеце:

 

Няма на свеце крыўды


больш балючай,


Калi над праўдай можна ўсiм


смяяцца.


I пачалi таптаць пятой


Калючай


Мастацтва.


Гаўрук быў асуджаны «за антысавецкую агiтацыю» i больш за 20 гадоў працаваў на Поўначы i ва Усходняй Сiбiры. Пiлаваў лес, быў тынкоўшчыкам, маляром, засвоiў прафесiю тапографа. Каб не ўпасцi ў адчай, складаў вершы — у галаве, без паперы. Большасць з iх пасля запiсаў па памяцi, але асцярожна тлумачыў, што «яны вельмi iнтымныя i не маюць грамадскага значэння».


Вось адзiн з такiх «iнтымных» вершаў:


Усё я страцiў: волю i сям'ю,


Нiколi мне, нiколi не падняцца,


Апошнiм словам смутак спавiю,


Пара з самiм сабою развiтацца…


Дзiравы неацеплены барак,


Лясныя людзi каля печы труцца,


Падсушваюць авёс, пякуць бурак,


Як ценi ў пекле, сварацца i б'юцца.


Халодная была мая пасцель.


Хацеў я спаць, а думы ў голаў лезлi.


Мне снiлiся Рэмбрант i Рафаэль,


I валасы мае к сцяне прымерзлi.

 

З 1945 па 1956 год Ю.Гаўрук працаваў па вольным найме iнжынерам на будаўнiцтве Пячорскай чыгункi. Улетку 1946-га атрымаў першы адпачынак i прыехаў у Беларусь. У Вiцебску якраз рыхтавалi спектакль «Гамлет» у ягоным перакладзе, але без пазнакi прозвiшча перакладчыка.

Апынуўшыся ў Мiнску, нядаўнi зэк наважыўся пайсцi да Якуба Коласа, з якiм пазнаёмiўся яшчэ ў Слуцку. Бываў у яго ў гасцях, нават неяк прывёз з батанiчнага сада сельгасакадэмii дзесяць кустоў вяргiняў розных гатункаў. Колас iх высадзiў i скардзiўся, што зашмат жоўтых трапiлася i мала чырвоных.

 

Высланы паэт стаяў пасярод кабiнета, «як збянтэжаны акцёр, выпхнуты на сцэне неўпапад». Колас уважлiва паглядзеў на Гаўрука i прамовiў:

 

— А я думаў, вы памерлi.

 

Народны паэт падбадзёрыў, раiў працаваць, не здавацца…

 

Майстар перакладу

Юрка Гаўрук не здаўся. У тэатрах ставiлiся перакладзеныя iм п'есы Л.Талстога, А.Астроўскага, Ф.Дастаеўскага, А.Чэхава, Б.Нушыча, Н.Хiкмета, У.Шэкспiра, В.Гюго, Ж.Б.Мальера. У 1957-м уладкаваўся загадчыкам лiтаратурнай часткi ў Беларускi дзяржаўны тэатр iмя Я.Купалы. У 1958-м рэабiлiтаваны.

 

Фалькларыст Арсень Лiс успамiнаў: «Юры Паўлавiч выглядаў тыповым джэнтльмэнам. Рост у яго быў адпаведным, канфiгурацыя галавы, высокачолы… гэта быў тып арганiчна iнтэлiгентнага чалавека».

 

Юрка Гаўрук памёр у 1979 годзе. Яго дасканалыя пераклады дасюль запатрабаваныя. 

 

автор статьи: Людмила Рублевская

БЕЛАРУСЬ СЕГОДНЯ

 

  

 

фотография из архива Бойко В.В.