Апанас Атава

Апанас Атава

11.03.2014
(Канановіч Апанас Майсеевіч, Кононович Афанасий Моисеевич; 1903–1962)

Апанас Атава нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў вёсцы Нявязцы (цяпер у Ленінскім сельсавеце Слуцкага раёна). Пасля заканчэння Мінскага настаўніцкага інстытута працаваў настаўнікам у вясковых школах Слуцкага, Любанскага, Лунінецкага раёнаў. У 1925 годзе быў дэлегатам першага з’езда літаратурнага аб’яднання «Маладняк», а ў яго Слуцкай філіі, якая дзейнічала ў 1925–1927 гадах, лічыўся адным з самых актыўных і здольных літаратараў.

Першы верш Апанаса Атавы («Прывет вам, вяскоры!») надрукаваны ў слуцкай акруговай газеце «Вясковы будаўнік» 10 ліпеня 1925 года. У паэтычным зборніку «Слуцкія песняры», які выдадзены ў Мінску ў 1926 годзе, змешчаны яго вершы «Мае думкі-то жыцця шаптанне», «Вышай…», «Эй, звіні», «Гэй, мой конік, ідзі на…», «Маладняк», «Звініце, гудзіце, званы…», «У полі», «Вецер». Крыху пазней напісаў вершы «Дарогаю ў школу», «Над Дняпром», «Праводзіны», «Цвіла мая маладосць», «Я пяю вам, вячоркі, адходную» і іншыя. Яны былі апублікаваны ў літаратурным альманаху «Уздым», часопісе «Росквіт», газеце «Вясковы будаўнік» і некаторых іншых акруговых і рэспубліканскіх выданнях.

Апанас Атава ў сваіх вершах паэтызаваў сялянскую працу, пісаў пра духоўныя імкненні вясковай моладзі, яе ідэалы. Многія яго творы пранізаны ўзнёслым настроем, эмацыянальнасцю, аўтар часта выкарыстоўваў сродкі фальклорнай вобразнасці. Праўда, у некаторых вершах нельга не заўважыць дэкларатыўнасці, неглыбокага пранікнення ў сутнасць тых ці іншых жыццёвых з’яў. Апанас Атава спрабаваў свае сілы і як празаік. Ён напісаў фельетон «Прызвычаіліся» (1928), фрагменты аповесці «Цыганскі пасёлак – камуна» (1930).

На дваццатыя – трыццатыя гады XX стагоддзя прыпадае перыяд найбольшай творчай актыўнасці Апанаса Атавы. Пазней ён, відаць, адышоў ад літаратурнай працы, бо аўтар гэтых радкоў не знайшоў інфармацыі пра яго творы больш позняга перыяду. І ў цэлым пра жыццёвы шлях Апанаса Атавы, на жаль, звестак не вельмі многа.

 

Анатолій ЖУК