Васіль Вітка

Васіль Вітка

24.12.2013

Імя Васіля Віткі – адно з самых прыкметных сярод майстроў прыгожага пісьменства Беларусі. Гэтаму паспрыяла рознабаковая творчасць нашага земляка, які надзіва ўдала праявіў сябе як паэт і празаік, драматург і перакладчык, казачнік і публіцыст, крытык, сатырык і журналіст.

Яго жыццёвы шлях пачаўся ў слуцкай вёсцы Еўлічы, дзе ў сялянскай сям"і 16 мая 1911 года з"явіўся на свет Цімох Васільевіч Крысько – так па-сапраўднаму звалі пісьменніка. У 1912 годзе сям"я ў пошуках лепшай долі апынулася ў Омску. У родную вёску вярнуліся адразу пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. У Еўлічах Цімох скончыў тры класы мясцовай школы, экстэрнам здаў экзамены за чацвёрты клас у суседняй сямігодцы, але далей вучыцца не давялося. Ён стаў вучыць дзяцей мясцовага хутараніна за харчы і невялікую даплату. Адначасова вучыўся ў кузні свайго суседа кавальскай справе.

Пасля заканчэння ў 1928 годзе Слуцкай прафесійна-тэхнічнай школы працаваў слесарам на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце, у заводскай шматтыражцы, рэдакцыях газет «Камуніст» (Бабруйск), «Ударнік» (Жлобін), «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва» і часопіса «Полымя рэвалюцыі». Удзельнічаў у паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і да самага пачатку вайны працаваў сакратаром Беластоцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР. З пачатку Вялікай Айчыннай вайны – у рэдакцыі газеты «Савецкая Беларусь», а з 1942 года – у аддзеле прапаганды і агітацыі ЦК КПБ, рэдактар масавых выданняў для акупіраваных раёнаў. Супрацоўнічаў у сатырычных часопісах «Партызанская дубінка» і «Раздавім фашысцкую гадзіну». З дня ўтварэння часопіса «Беларусь» (студзень 1944 года) працаваў яго адказным сакратаром, з 1948 года – намеснікам рэдактара, а з 1951 года – галоўным рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва». У 1957–1974 гадах – галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка». З 1974 года па 1987 год быў членам сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм». Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1943 года. Праца пісьменніка адзначана ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі «Знак Пашаны», медалямі. Ён – заслужаны дзеяч культуры БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, узнагароджаны міжнародным ганаровым дыпломам імя Х.К. Андэрсена з занясеннем прозвішча ў Ганаровы спіс дацкага казачніка.

Некалі літаратурны крытык Вера Палтаран сказала пра Васіля Вітку: «Ён нарадзіўся пад знакам паэзіі». Сапраўды, паэзія – яго самае першае і самае моцнае творчае захапленне, а паэтычны дэбют адбыўся ў 1928 годзе ў бабруйскай акруговай газеце «Камуніст». У 1944 годзе ў Маскве выдадзены першы зборнік вершаў «Гартаванне», пра які Кузьма Чорны пісаў: «У кніжцы лірыкі Цімоха Крысько Радзіма паўстае перад намі поўнай гармоніяй глыбокіх вобразаў… Гэта прырода душы самога паэта, таму тут стыхія поўнай і сапраўднай паэтычнай шчырасці і жывой праўды». Не памыліўся класік. Шчырасць, праўда, любоў да Радзімы, а яшчэ – лірычная мова, дасканалае валоданне народнай фразеалогіяй сталі адметнымі рысамі творчасці Васіля Віткі. Яны яскрава праявіліся ў зборніках яго паэзіі «Поўдзень» (1946), «Вернасць» (1953), «Ружа і штык» (1958), «Паверка» (1961), «Вершы» (1968), «Беларуская калыханка» (1971), «Праводзіны лета» (1972), «Вышыні святла» (1977), «Случчына» (1981), «Трэція пеўні» (1988).

Невычэрпная тэма – Васіль Вітка і родны край. Тэма, акрэсленая самім пісьменнікам, які пісаў: «Случчына, ты – запаветная паэма мая, якую я пішу ўсё жыццё, збіраю па словах, па радках. Але вось папрабаваў скласці іх разам – і бачу: паэма яшчэ не напісана. Мабыць, аднаму не па сіле напісаць яе, вартую дзівоснай прыгажосці і крынічнай чысціні роднай зямлі». У гэтых словах, акрамя ўсяго – і сыноўняя ўдзячнасць паэта роднаму краю, які абудзіў у ім мастака.

Несумненнага поспеху дасягнуў Васіль Вітка ў галіне дзіцячай літаратуры. Для дзяцей ён выдаў кніжкі паэзіі і вершаваных казак «Вавёрчына гора» (1948), «Буслінае лета» (1958), «Казка пра цара Зубра» (1960), «Дударык» (1964), «Азбука Васі Вясёлкіна» (1965), «Казкі» (1968, 1976), «Чытанка-маляванка» (1971), «Хто памагае сонцу» (1975), «Ладачкі-ладкі» (1977), «Мы будуем метро» (1979), «Мінскія балады» (1982), «Казкі і краскі», «Госці», «Загадка пра зярнятка» (усе 1984), «Дзецям» (выбраныя творы ў дзвюх кнігах, 1986), «Свята дружбы» (1987), зборнік апавяданняў «Зайчык-вадалаз» (1962). Дарэчы будзе нагадаць, што ў Беларусі заснавана літаратурная прэмія імя Васіля Віткі, якой адзначаюцца лепшыя творы для дзяцей.

А яшчэ Васіль Вітка – аўтар п"ес «Прамень будучыні» (1948), «Шчасце паэта», прысвечанай Я. Купалу (1951, пастаўлена ў 1952), зборніка сатыры і гумару «Для дома, для альбома і трохі для эпохі» (1983), шматлікіх літаратурна-крытычных і публіцыстычных артыкулаў на маральна-этычныя і выхаваўчыя тэмы. У 1977 годзе пабачыла свет кніга дзённікаў, нарысаў і апавяданняў «Дзеці і мы», у 1982 годзе – кніга «Урокі», у 1988 годзе – «Азбука душы». Адзін з аўтараў чытанак «Роднае слова» для першага (1969), другога (1970) і трэцяга (1988) класаў. У 1973 годзе выйшлі з друку «Выбраныя творы» ў двух тамах. Васіль Вітка пераклаў на беларускую мову паэму У. Маякоўскага «Добра!» (1940, з Р. Лыньковым), «Паны Галаўлёвы» М. Салтыкова-Шчадрына (1956), кнігу В. Сухамлінскага «Блакітныя жураўлі» (1971), творы рускіх, украінскіх, латышскіх, балгарскіх і польскіх пісьменнікаў.

З 1996 года Васіля Віткі няма разам з намі. Але ёсць яго творы, ёсць магчымасць далучыцца да спадчыны пісьменніка – непаўторнага майстра роднага слова. У Слуцкім раёне ў гонар нашага земляка названа адкрытае акцыянернае таварыства «Вітка-Агра», з 2008 года штогод у маі праводзяцца Віткаўскія чытанні, яго імя прысвоена Акцябрскай базавай школе, а таксама адной з дзіцячых бібліятэк у Мінску. У 2006 годзе выйшла з друку кніга абразкоў пра Васіля Вітку, ягоны час і сяброў «Жыў на свеце дзед Васіль», якую напісалі Расціслаў Бензярук і сын пісьменніка Вісарыён Крысько.

Анатолій ЖУК

Васіль Вітка

Случчына
Ёсць на зямлі такі куток,
З якім навек я злучаны,
Адкуль ступіў свой першы крок –
Мая радзіма – Случчына.
Не зводзіліся ўсе вякі
На Случчыне паэты.
Вянкі іх песень – рушнікі,
Сурвэты – іх санеты.
Увекавечыў Слуцак нас
Сваімі паясамі.
А пра цяперашні наш час
Вы ведаеце самі.
Пачуўшы ад старых людзей,
На ўласны смак праверыў –
Няма нічога саладзей
Славутай слуцкай бэры.
А тыя, хто памаладзей,
Перадаюць унукам –
Няма нічога саладзей,
Чым слаўны слуцкі цукар.
Сябры, паверце земляку:
За век свой некароткі
Я ўпэўніўся, што случаку
Увесь наш край салодкі.

Сакуны
Мы на Случы ўсе – сакуны,
Завомса сакунамі.
Спрадвеку хлеб наш сакаўны
І мова сакаўная.


Звязала рушніком рака,
Тугім вузлом злучыла
З лесавіком палевіка
І дружбе навучыла.


Здавён адзін на аднаго
Мы не глядзелі скосо,
І хоць пабачылі ўсяго –
Усё перажылосо.


Наб"е гузак, хто вытнецца,
Пацэліць той, хто меціцца.
Бо як яно рабіцьмецца,
Дык так яно і мецьмецца.


І нечага аюцкаць,
Калі пастух някемны,
У слуцку ўсё па-людску –
І случакам прыемна.


Яшчэ ў калысцы спіць сысун,
А толькі абазваўса,
І ўжо ён – выліты сакун,
Увесь у бацьку ўдаўса.


Глядзіш, мацнейшыя харчы
У місе падварушвае.
Не трэба нават і вучыць –
Так лыжкай апічушвае.

Расце сабе, у вус не дзьме,
Наказ шануе дзеда:
На Случчыне Андрэй Кузьме –
Заўсёды родны Хведар.


І сам удаўса я такі,
Шчаслівы вам прызнацца:
З адной рукі, з другой рукі –
Скрозь слуцкае сваяцтва.


Дадому еду – і здалёк,
Нібы палотны белячы,
Бяжыць бярозавы гаёк,
Дарогу сцелюць Еўлічы.


Пра іх ніколі на вяку
Нідзе не мог забыцца.
У весніцах стары цвыркун
Пілуе марш на скрыпцы.


Чмель трубіць у гарбузны цвет
На ўсё сяло святочнае.
Не блізкі абышоўшы свет,
Канцы з канцамі сточваю.


Тут між балотнага куп"я
Ўзлятала песня кнігаўкай.
Зрасталася душа мая
З маёю лепшай кнігаю.


У ёй – імёны, адрасы,
У ёй – мае случане,
Жывых – жывыя галасы
І тых, што замаўчалі.


Падчас і я ў трубу трублю,
На скрыпачцы пілую,
Што, мілую, цябе люблю,
Зямлю сваю – малую.


А ты жыццё прайшла са мной,
У свет вяла і клікала.
Ніколі без цябе, малой,
Не знаў бы я вялікае.


Яшчэ не сплочаны мой доўг.
Перад табою немы,
Я ўсё шукаю свой радок
Дзеля тваёй паэмы.