Адам Плуг
Адам Плуг
22.10.2013
Радзіма беларускага і польскага пісьменніка, публіцыста і журналіста Адама Плуга (псеўданім Антона Антонавіча Пяткевіча; 23 кастрычніка 1823 года – 2 лістапада 1903 года) – вёска Замосце на Случчыне. Уладзіслаў Сыракомля ўспамінаў: «Таварыш яго дзіцячых гадоў, я добра помню маладога паэта ў акружэнні прыстойнай шляхецкай сям"і, у абдымках братоў і добрай маткі; помню той садок у квецені і тыя добрыя сэрцы, гледзячы на якія чалавек з замілаваннем думаў пра сціплую прастату продкаў». Гэтыя словы адносяцца да таго часу, калі Антон з бацькамі пераехаў (у 1831 годзе яго бацька атрымаў пасаду падлоўчага ў радзівілаўскіх уладаннях) з Замосця ў вёску Жукаў Барок (цяпер у Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці). Дарэчы, Уладзіславу Сыракомлю Адам Плуг прысвяціў свой першы верш «Гара Замчышча», у якім выкарыстаў матывы беларускіх народных казак.
У час вучобы ў Слуцкай гімназіі Антон Пяткевіч напісаў сваё першае апавяданне «Пра тое, як людзі час марнуюць», у якім выкрываў п"янства, паразітызм некаторых жыхароў мястэчка. Скончыўшы гімназію ў 1842 годзе, ён працаваў хатнім настаўнікам на Падоллі (Украіна), у 1845–1846 гадах вучыўся на філасофска-літаратурным факультэце Кіеўскага ўніверсітэта. Вучоба доўжылася нядоўга, бо не хапала матэрыяльных сродкаў, таму Антону зноў давялося заняцца настаўніцкай працай. У 1856 годзе ён прыязджаў у Вільню, быў у Мінску, дзе пазнаёміўся з Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам, Станіславам Манюшкам. Ажаніўшыся ў 1857 годзе з Людвікай Сержпутоўскай, узяў у арэнду вёску Паток каля Вінніцы, аднак у 1859 годзе адмовіўся ад арэнды і пераехаў у Жытомір. Там разам з жонкай заснаваў мужчынскую гімназію з пансіёнам, але ў 1861 годзе ўлады пазбавілі іх правоў на ўтрыманне гімназіі. У 1862 годзе жонку арыштавалі за ўдзел у антыўрадавых маніфестацыях, а ў 1864–1866 гадах і сам А. Плуг знаходзіўся пад арыштам у Жытоміры, потым – у Кіеве.
Лёс нашага земляка склаўся так, што з 1874 года да апошніх дзён жыцця ён жыў і працаваў у Варшаве. У 1875–1879 гадах быў сурэдактарам, а ў 1879–1890 гадах – рэдактарам часопіса «Каласы», на старонках якога змяшчаў шматлікія матэрыялы пра Беларусь. Калі выданне часопіса было спынена, А. Плуг стаў галоўным рэдактарам «Вялікай усеагульнай ілюстраванай энцыклапедыі» (1891–1903), адначасова працаваў літаратурным кіраўніком часопіса «Вандроўнік» (1894–1899), уваходзіў у склад рэдкалегіі газеты «Варшаўскі веснік» (1899–1903). У Варшаве Адам Плуг удзельнічаў у рабоце некалькіх дабрачынных, навуковых і літаратурных таварыстваў і камітэтаў, актыўна садзейнічаў арганізацыі беларускага літаратурна-асветніцкага гуртка. У 1905 годзе ў варшаўскім касцёле святога Крыжа быў устаноўлены бюст Адама Плуга.
Яшчэ ў час працы настаўнікам Адам Плуг адначасова займаўся літаратурнай творчасцю, і ў 1847 годзе адбыўся яго дэбют у друку. У 1849 годзе стварыў на беларускай мове чатыры апавяданні і адну легенду. Многія творы Адама Плуга напісаны на польскай мове, але заснаваны на фальклорным беларускім матэрыяле – паданнях, казках, песнях, легендах. У вершах «Жукаў Барок», «Родная песенька», «Сарока», паэме «Зачараваныя скарбы», аповесцях «Споведзь», «Дзетазабойца», раманах «Дух і кроў», «Афіцыяліст» пісьменнік з любоўю апісаў беларускія краявіды, паказаў цяжкае жыццё сялянства, выступаў з асуджэннем палітыкі царскіх улад. Адметна тое, што герой рамана «Афіцыяліст» Зазулевіч у размове часта выкарыстоўвае беларускія народныя прыказкі.
Энцыклапедыяй беларускага народнага побыту можна назваць вершаваны «Урывак успамінаў вашмосці пана Якуба N», які быў апублікаваны ў зборніку «Родныя гоні» (1854, Вільня). Аўтар зрабіў тут каларытныя апісанні купалля, куцці, шчадровак, вячорак, узгадаў найбольш вядомыя беларускія народныя казкі і легенды. У рамане «Няня», падзеі якога адбываюцца ў ваколіцах Слуцка, Адам Плуг расказаў, як прыгонныя сяляне цалуюць панам рукі і ногі і нават збіраюць грошы, каб выкупіць ім маёнтак. Разам з тым аўтар высмейвае саслоўную забабоннасць шляхты, сквапнасць прадстаўнікоў маладой буржуазіі (гандляр Рыгор у рамане «Няня»).
Характэрным для творчасці Адама Плуга з"яўляецца апавяданне «Кручаная баба», напісанае ў 1849 годзе (прачытаць яго можна ў чацвёртым нумары часопіса «Спадчына» за 1992 год). Сваім зместам апавяданне нагадвае бытавую казку, якая трапна высмейвае заганы чалавечага характару. Гэтым творам аўтар пачаў у беларускай літаратуры традыцыю апрацоўкі гумарыстычна-сатырычных народных апавяданняў. Традыцыю, якую пазней прадоўжылі на больш высокім узроўні Францішак Багушэвіч, Ядвігін Ш. і некаторыя іншыя беларускія пісьменнікі. Асобныя творы А. Плуга ў Беларусі былі змешчаны ў зборніку «Голас з Літвы» (Мінск, 1859), у анталогіі «Раса нябёсаў на тутэйшай зямлі» (Мінск, 1998). Да сучаснага чытача некаторыя яго творы дайшлі ў перакладах з польскай мовы на беларускую, якія выканалі Пятро Бітэль, Уладзімір Мархель, Кастусь Цвірка.
Адам Плуг – аўтар артыкулаў і нарысаў пра культурнае жыццё Беларусі («Некалькі ўражанняў з падарожжа на Літву», «Уладзіслаў Сыракомля», «Манюшка ў Мінску» і іншых). Ён адным з першых пераклаў на польскую мову творы Віктора Гюго, Іагана Вольфганга Гётэ, Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна, Уільяма Шэкспіра. Разам з Вінцэсем Каратынскім Адам Плуг падрыхтаваў пяць тамоў «Выбранай паэзіі» Уладзіслава Сыракомлі, якія выйшлі ў свет у 1890 годзе. Сваёй літаратурнай творчасцю Адам Плуг нямала зрабіў для развіцця польскай журналістыкі, падрыхтоўкі маладых літаратараў, заняў прыкметнае месца ў гісторыі польскай літаратуры. Яго раманы і аповесці ў многім «падрыхтавалі глебу для прозы польскага крытычнага рэалізму другой паловы XIX стагоддзя».
Адам Плуг – патрыёт свайго роднага краю – Беларусі, хоць і жыў доўгі час на чужыне. У аповесці «Споведзь» ён пісаў: «Я заўсёды буду ўздыхаць па Палессі і Літве, па тых адвечных пушчах, балотах і пясках, лугах і азёрах. І адной кроплі з Нёмана не аддам за ўсе воды Днястра, Буга і Дняпра. Зрэшты, праслаўляйце ўжо сабе Падолію, слаўце Украіну, але не ўспамінайце, калі ласка, пра нейкую там Італію, нейкую Швейцарыю». Чытаючы гэты твор, можна «пабываць» у маляўнічых лясах каля Бабруйска, «пачуць» беларускія народныя песні, адчуць дух беларускасці.
Анатолій ЖУК
Адам Плуг
Вунь яна, сядзіба продкаў, –
З садам тым, з гняздом бусліным,
З шустрых ластавак чародкай,
З буркатаннем галубіным.
Родны кут. Стаю, застылы.
Во наш дом бацькоўскі мілы.
Пацямнелі, збляклі сцены.
Дзе ты, час наш летуценны?.
З палыном глухім ля клеці
Сумна шэпчацца унь вецер.
А ці помніш, як, бывала,
Дружа, ўсё тут шчасцем грала?
Пойдзем к хаце… Ах, мой браце:
Людзі іншыя, чужыя
Тут цяпер гаспадарамі;
Могуць дзверы ў нашай хаце
Зачыніць яны прад намі.
Дзе ж цябе я прывітаю?
Хай кутка, мой друг, не маю,
Дзе б цябе я хоць часамі
З распарсцёртымі рукамі
Мог сустрэць каля парогу
І абняць, мой любы дружа,
Ды я маю, дзякуй Богу,
Сэрца, што кахае дужа.
Ты у ім, калі ні зойдзеш,
Дом наш даўні, родны знойдзеш.