Яўхім Кохан
18.04.2013
(Кохан Яўхім Іванавіч; Кохан Ефим Иванович)
Большую частку свайго жыцця Яўхім Кохан правёў за межамі Беларусі, хоць і нарадзіўся 3 лютага 1912 года недалёка ад Слуцка – у вёсцы Навадворцы ў сям"і селяніна-серадняка. У 1930 годзе сям"ю раскулачылі, бацьку выслалі з вёскі, потым яшчэ раз судзілі.
Калі настала пара Яўхіму ісці ў школу, першыя дзве зімы вучыўся «па хатах», бо ў вёсцы не было школьнага будынка. Чатыры гады, да 1927 года, вучыўся ў слуцкай сямігодцы № 2. Тады ж паспрабаваў пісаць вершы: «Вершаскладаннем я захапіўся, можна сказаць, з першага погляду… Маімі любімымі паэтамі сталі І. Нікіцін, М. Някрасаў, якіх я з захапленнем пераймаў. Таму спачатку пісаў на рускай мове». Пасля заканчэння сямігодкі юнак тры гады вучыўся ў Слуцку ў прафесійна-тэхнічнай школе, пасля заканчэння якой яго з пасведчаннем сталяра накіравалі на працу ў Бабруйск. У літаратурным дадатку да мясцовай газеты «Камуніст», якую рэдагаваў Міхась Лынькоў, у 1928 годзе былі змешчаны першыя вершы Яўхіма Кохана. Тым жа годам пазначаны і яго вершы ў «Чырвоным сейбіце» – літаратурным дадатку да газеты «Беларуская вёска».
Пасля некалькіх месяцаў працы на мэблевай фабрыцы імя Халтурына і дрэваапрацоўчым камбінаце Яўхім Кохан перайшоў у рэдакцыю Бабруйскай акруговай газеты «Камуніст» у якасці сакратара і стыльрэдактара. У 1932 годзе вершы Яўхіма Кохана заўважылі Юлій Таўбін і Аркадзь Куляшоў, паспрыялі іх з"яўленню ў газеце «Літаратура і мастацтва». У рэдакцыі жлобінскай газеты «Ударнік», куды перайшоў працаваць Яўхім Кохан, ён пазнаёміўся з Хвядосам Шынклерам і Васілём Віткам, а Міхась Лынькоў прапанаваў яму працу пры арганізацыйным камітэце Саюза савецкіх пісьменнікаў Беларусі. Сам яшчэ вельмі малады (20 гадоў!), Яўхім Кохан стаў інструктарам па перыферыйных гуртках пачынаючых пісьменнікаў. Яго голас быў прыкметным у маладой беларускай паэзіі таго часу.
Яўхім Кохан працаваў у рэдакцыях газет «Савецкая Беларусь», «Рабочы», абласнога радыёвяшчання, а летам 1933 года выехаў у горад Растоў-на-Доне, дзе ўладкаваўся працаваць цесляром. Няшчасны выпадак прывёў яго да інваліднасці, але хвароба адступіла, і ўжо праз год ён змог працаваць у кавальска-прэсавым цэху «Растсельмаша». А потым была праца землякопам, бетоншчыкам, чорнарабочым на будоўлі.
Пасля звальнення з арміі ў запас Яўхім Кохан вярнуўся ў Навадворцы, дзе жылі маці, брат Іван і сястра Шура. Бацька ў гэты час адбываў пакаранне і больш да сям"і не вярнуўся. Намнога пазней родныя даведаліся, што ён адпакутаваў сваё ў Сібіры і памёр у 1941 годзе. Яўхім думаў застацца жыць і працаваць у роднай вёсцы. Але «тутэйшыя яўна пагромныя абставіны, уся атмасфера, раптам адчутая мной, як пасля застолля падчас чумы навалілася на маю свядомасць усім сваім цяжарам, што я аж жахнуўся. Каб не зыйсці ад гэтага ўсяго нечаканага з глузду, я ўзяў і ў сілу залемантаваўшага інстынкту самазахавання з"ехаў у Маскву, пакуль была магчымасць пасля армейскай службы на прапіску», – успамінаў Я.І. Кохан. У Маскве ён працаваў цесляром, пажарным, а пасля вучобы на адпаведных курсах – сартавальнікам пошты ў вагоне на чыгуначнай лініі Масква – Растоў-на-Доне. Ажаніўся, але неўзабаве атрымаў ад лёсу яшчэ адзін удар: у маі 1941 года раптоўна памерла дачка, якой не споўніўся і год.
Пачатак Вялікай Айчыннай вайны застаў Яўхіма Кохана ў дарозе каля Варонежа. Праз некаторы час яго прызначылі ў ваенна-паштовую базу, давялося пад націскам гітлераўцаў адступаць да Волгі. У прыгарадзе Сталінграда арганізавалі абслугоўванне 65 й арміі, якою камандаваў П.І. Батаў. Потым удзельнічаў у баях на Курскай дузе, у вызваленні Беларусі. Летам 1944 года на некалькі гадзін удалося наведацца ў родныя Навадворцы. Перамогу сустрэў на кароткачасовым прывале ў нямецкім гарадку Картхаўз.
Пасля дэмабілізацыі ў маі 1946 года Яўхім Кохан вяртаўся дамоў праз Львоў. Там спыніўся часова, але хутка атрымаў працу і кватэру. У 57 гадовым узросце завочна закончыў Маскоўскі дзяржаўны гісторыка-архіўны інстытут. У 1977 годзе з сям"ёй пераехаў у горад Багародзіцк Тульскай вобласці. Але ж зноў гора: пры родах памерла дачка. Яўхім Іванавіч з жонкай Марыяй Лаўрэнцьеўнай зрабілі ўсё магчымае, каб выхаваць унука Жэню. Баявыя і працоўныя заслугі Я.І. Кохана адзначаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны І ступені, медалямі.
Як бы ні складваўся лёс, Яўхім Кохан не парываў з паэзіяй. Хоць літаратурныя сувязі з Беларуссю нярэдка перараваліся, яго вершы ў пасляваенны час былі змешчаны ў альманаху «Дзень паэзіі», у часопісе «Маладосць», у газеце «Літаратура і мастацтва». На жаль, у 1993 годзе Яўхім Іванавіч Кохан памёр, так і не сабраўшы лепшае са сваёй творчасці ў хоць бы невялічкі зборнік. Неяк ён пісаў: «Натуральным станам майго духоўнага існавання ў жыцці застаецца вершаскладанне як спосаб самаразрадкі, самаадкрыцця, перш за ўсё, а друкаванне, як сказала Насця – як удасца». Не мог Яўхім Іванавіч дазволіць сабе, каб з"явілася ў друку паэтычнае шалупінне з яго подпісам. Напэўна, ён сабе не дараваў бы такога, бо ўсім сваім жыццём заслужыў, каб напісаць:
І тым жыву я ўвесь наскрозь,
І моц мая, напэўна, у тым,
Што я такі, такі, як ёсць,
Якога не схіснуць нічым.
Анатолій ЖУК
Яўхім КОХАН
Спадчына
Адзін збірае барышы,
Хавае ў свой набытак,
Другі з уласнае душы
Складае вершы ў сшытак.
І кожны хоча ўцеху мець,
Сваё, як кажуць, хобі.
Каму звінець, каму ржавець –
Каму што даспадобы.
***
Жыццё – наскрозь неверагоднасць
З часцінак верхніх да ісподніх.
Там, дзе адзін ідзе на подласць,
Другі з-за гэтага – на подзвіг.
Тут не прыбавіць і не ўбавіць
Нічога нельга, немагчыма,
Хоць для пацехі ці забавы
Якога-небудзь лайдачыны.
***
У людзях мне адно трывожна,
Што больш да ўлады прагне той,
Хто сам пераступіць не можа
Сябе, а Праўду – ён гатоў…
Улада ж служыць людзям розным,
Закону аднаму для ўсіх
І Праўдзе ў ім усёй наскрознай,
Што звязвае й злучае іх.
***
Не ведаю таму прычын,
Чаму ў модзе найшырознай
Бывае часта абы чын
І рэдка – талент або розум.
Свет стаў пладлівым на чыны,
А талент з розумам заўсёды
Ў Чырвонай кнізе з даўніны
Знаходзяцца ўдалі ад моды.
***
Жыццё нам дадзена на гэтым свеце,
Як паласа прастрэлу на вайне,
Якую трэ прайсці, як давядзецца,
Дзе куля стрэне мо, а мо міне.
Ды не адна якаясьці прыблуда,
А цэлы град іх часам секане,
Так мы ў жыцці ідзём праз беды ўсюды,
Усё роўна як праз кулі на вайне.