Жук Мікалай Андрэевіч

Жук Мікалай Андрэевіч

26.03.2013

Мікола Жук нарадзіўся ў вёсцы Паўстынь Слуцкага раёна 24 кастрычніка 1914 года. Пасля заканчэння мясцовай пачатковай школы працаваў на торфараспрацоўках, на чыгунцы. А вечарамі хадзіў за пяць кіламетраў у гарадскі пасёлак Урэчча (цяпер у Любанскім раёне) у школу калгаснай моладзі. Тады і праявіліся ўпершыню яго літаратурныя здольнасці. З 1933 года, пасля заканчэння настаўніцкіх курсаў пры школе, Мікола працаваў у Грэскім раёне, спрабаваў сябе ў паэзіі. А калі летам 1935 года ён быў на вайсковых зборах у Мінску, уражанні ад горада выліліся ў некалькі вершаў. Адзін з іх («Мінску») у тым жа 1935 м надрукавала газета «Літаратура і мастацтва».

На вершы Міколы Жука звярнулі ўвагу, а пісьменнік Мікола Хведаровіч меў грунтоўную размову з маладым аўтарам, падахвоціў яго вучыцца. Увосень 1935 года з накіраваннем Саюза пісьменнікаў БССР Мікола Жук паступіў на рабфак пры Беларускім дзяржаўным універсітэце, а праз два гады ён – студэнт літаратурнага аддзялення Мінскага педагагічнага інстытута імя Максіма Горкага. Адзін за адным з"яўляюцца яго вершы ў газетах «Літаратура і мастацтва», «Звязда», у часопісе «Полымя рэвалюцыі», бывала, што і побач з творамі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Аркадзя Куляшова. Тады ж сустрэў сваю каханую – адзіную на ўсё жыццё Паліну Пятроўну. Колькі было планаў, творчых задум, аднак апошні экзамен за інстытут, прызначаны на 22 чэрвеня 1941 года, давялося здаваць пасля вайны.

З палаючага Мінска маладыя муж і жонка вярнуліся на Случчыну. Ужо ў чэрвені 1941 года Мікола Жук напісаў верш «Паўшым»:

 

Спіце вы, загінуўшыя, спіце.
Хто дзе ўпаў, дзе пахаваны быў,
Хто ў бары, хто ў пераспелым жыце
На палях вялікай барацьбы.
Пройдзе час – вам абеліскі ўздымем
З мармуру і бронзы, змагары!
Спіце вы, арлы нашай Радзімы,
Дарагія, родныя сябры.
Перамогай скончыцца змаганне,
Толькі многа ляжа. Многа ў строй
Пасля вашай гібелі ўстане
З мужнай і бясстрашнаю душой.


 

З дзённіка Міколы Жука: «Пісаць вершы супраць фашыстаў клікалі крывавыя падзеі кожнага дня. Усё напісанае трэба было добра хаваць: калі такое пападзе ў рукі фашыстаў, кулі ці вісельні не мінаваць… Вершы складваліся ў галаве і, не запісаныя на паперу, часта гінулі бясследна». Вера ў перамогу ніколі не пакідала патрыёта, і неўзабаве ён стаў выконваць нялёгкую і рызыкоўную ролю партызанскага сувязнога. Калі ж сям"і (была ўжо маленькая дачка) заставацца ў вёсцы стала небяспечна, яе пераправілі ў атрад.

На Любаншчыне ў атрадзе імя Р.І. Катоўскага партызанскай брыгады 64 й імя В.П. Чкалава са зброяй у руках Мікалай Андрэевіч змагаўся супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А ў перапынках паміж баямі і паходамі рука цягнулася да алоўка, каб запісаць радкі, што ішлі ад самага сэрца. Пад многімі вершамі таго часу ёсць паметкі: партызанскі атрад імя Катоўскага; блакіраваная зона, Салавуцк; Куценка; партызанская зона, Азярное… Ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі «За баявыя заслугі», «Партызану Айчыннай вайны» і іншымі ўзнагародамі адзначаны ўклад М.А. Жука ў барацьбу за свабоду і незалежнасць Радзімы. Вайна, гібель баявых таварышаў, сваіх братоў, народная трагедыя настолькі балюча прайшлі праз душу Міколы Жука, што ваенная тэма стала адной з галоўных у яго творчасці.

Увосень 1944 года М.А. Жука накіравалі працаваць настаўнікам у Вясейскую сярэднюю школу. Потым трынаццаць гадоў настаўнічаў у Старцавічах (цяпер Знамя), а з 1959 года – ва Урэцкай сярэдняй школе №1 Любанскага раёна. З гэтага ж часу ён жыў у вёсцы Мерашыно. За педагагічную дзейнасць Мікалай Андрэевіч узнагароджаны знакам «Выдатнік народнай асветы». А яшчэ – ён быў любімым настаўнікам для шмат каго з вучняў. Улюбёны ў літаратуру, ён часта выходзіў за рамкі школьнай праграмы, расказам пра якога-небудзь літаратурнага героя мог зацікавіць самых раўнадушных. А на факультатыўныя заняткі па літаратуры, якія праводзіў Мікалай Андрэевіч, прыходзілі нават тыя, каго ніяк нельга было назваць выдатнікам. Аб гэтым пішу не з чужых слоў, бо вучыўся ў класе, дзе М.А. Жук быў класным кіраўніком.

 

Усё жыццё аддаў я дзетвары,
А сабе на старасць змог пакінуць
Нерастрачанай душы парыў
І аб вучнях светлыя ўспаміны.

 

Дадзім слова аднаму з іх – пісьменніку Паўлу Місько: «…Па ўсёй краіне раз"ехаліся тысячы яго вучняў, выхаванцаў (амаль паўвека педагагічнай работы!). І яны, яго духоўныя нашчадкі, панеслі з сабою любоў да роднай зямлі, яе мовы і звычаяў, і многія з іх таксама сталі настаўнікамі, каб сеяць разумнае, добрае, вечнае і клапаціцца, каб пасеянае ўзыходзіла-рунела, каб давала важкія каласы».

Юнацкае захапленне паэзіяй Мікола Жук пранёс праз усё жыццё. Ён пісаў вершы, паэмы, апавяданні, лірычныя замалёўкі. На жаль, пісаў «у стол», амаль нікому не паказваў напісанае. Сціпласць, патрабавальнасць да сябе прымушала аўтара пастаянна папраўляць, удасканальваць свае творы. А іх станавілася ўсё больш і больш. Мікалай Андрэевіч як бы спяшаўся выказаць тое, што яго хвалявала. У яго вершах – і замілаванне роднай прыродай, і пазіцыя грамадзяніна, і трывога за заўтрашні дзень, і многае другое.

Вершы нашага земляка ў 1990 х гадах змяшчалі газеты «Звязда», «Літаратура і мастацтва», «Во славу Родіны», часопіс «Полымя», некаторыя іншыя выданні. А ў канцы 1995 года ў горадзе Горкі Магілёўскай вобласці тыражом у 1 000 экзэмпляраў выйшаў у свет паэтычны зборнік Міколы Жука «Ля падножжа маіх святынь». У ім змешчаны 83 творы, аб"яднаныя ў чатыры раздзелы: «Паклон маладосці», «Водгулле вялікай вайны», «Цяплом роднай зямлі», «Насустрач будучыні». У прадмове да кнігі паэт Уладзімір Паўлаў напісаў: «Па свайму характару, па тых патрабаваннях, якія прад"яўляе Мікола Жук да паэтычнага слова, ён не стукаўся ў выдавецкія дзверы, не шукаў сабе спагадлівага ўдумнага рэдактара. Іначай гэтая сустрэча з чытачом магла б адбыцца і трыццаць, і сорак гадоў таму назад». І ўсё ж сустрэча адбылася.

На вялікі жаль, першы і адзіны зборнік сваіх вершаў аўтар так і не патрымаў у руках. 14 кастрычніка 1995 года Мікалая Андрэевіча Жука не стала. Але ж – «напісанае застаецца». Напісанае чалавекам, які любіў родную старонку, яе людзей, які спаўна выканаў свой грамадзянскі абавязак.

 

Анатолій ЖУК

 

Мікола ЖУК

 

На пасту
Спіць у вёсцы лясны гарнізон.
Вецер стогне і плача ў бары.
Партызанаў стрывожаны сон
Вартаваць мне да самай зары.

 

Мне давераны іхні спакой.
Хай жа кожны стамлёна засне.
Карабінку сціскаю рукой,
Што з-за фронту прывезена мне.

 

На вінтоўку гляджу. На ствале
Лічбы ўціснуты, нібыта ў лёд.
Пры начным прачытаў я святле
Агнявы сорак трэці год.

 

Там, за фронтам, заводскі рабочы
Падганяе к дэталі дэталь,
Каб удзень і трывожнаю ноччу
Не падводзіла ўральская сталь.

 

Трывожныя водбліскі
Трывожных водбліскаў вайны
Мне не забыць да самай смерці.
Я ад вясны і да вясны
Нясу ў душы, у сваім сэрцы
Усіх, каго мне добра знаць
У жыцці з маленства давялося,
Што ў магілах брацкіх спяць,
А маткі й сёння іх галосяць.
Ў магілах тых мае браты,
Якіх з вайны не прычакалі,
Мой кожны ўспамін святы
Пра тых, што ў бітвах грозных палі.
Бо толькі ў памяці людской
Ім, паўшым, вечна жыць на свеце,
Каб не сустрэліся з вайной
Ў жыцці шчаслівым нашы дзеці.

 

Іду ў лес
Ад таўкатні людской, падману
Іду ў лес і там жыву.
Грыбныя парна п"ю туманы
І росную тапчу траву.
Баравікі! Любуйся цудам!
Іх бацька навучыў збіраць.
І паміраць калі я буду,
Захочу іх у рукі ўзяць.
А вось сунічныя паляны,
Тут многа я хадзіў, тужыў,
Юнацкія выношваў планы,
Тут радасць знаў і светла жыў.
Я даражу тут кожным дрэвам,
Іх берагу ад тапара.
І спеюць пад іх шум напевы,
Якім гучаць даўно пара.
І скалануць людскія душы,
К святлу паклікаць іх, к дабру…
З трывогай цяжкай сёння мушу
Служыць краіне Беларусь.

 

Мая апора
Усё светлае сваёй душы
Я аддаваў радку скупому.
Без верша я не мог бы жыць,
Служыць вялікаму, святому.

 

Мой верш заўжды мяне бярог
Ад спакус, што ганьбяць, брудзяць,
Памог ўсе цяжкасці дарог
Прайсці і несці радасць людзям.

 

Мяне знявагаю гнялі
І задушыць хацелі горам.
Мне вершы сціплыя былі
Заўжды магутнаю апорай.

 

Я быў заўжды на вышыні
Назло хапугам, кар"ерыстам.
Ўсе мае ночы, мае дні
Свяціліся зарніцай чыстай.

 

І рады я, што ўсе данёс
Да грамады людское словы,
З якімі я здружыўся, рос
І змог прайсці свой шлях суровы.

 

Быць чалавекам
Чым карацей мая дарога,
Тым больш я працаваць хачу,
Каб меней мучыла трывога,
Каб задаволенасць адчуць,
Што не нахлебнікам пражыта
Маё жыццё, што я тут змог
Сваё пасеяць увосень жыта,
А летам свой скасіць мурог.
І родны край мой не забудзе,
Што ў зямлі і мой ёсць пот.
Я працаваў на шчасце людзям,
Каб гора мой не знаў народ.
З сумленнем чыстым так да скону
Хачу дайсці, хачу дажыць,
Не парушаючы законаў,
Што людзям складзены служыць.
Скрозь сумятню і цемрадзь смуты
Іду, не трацячы надзей,
Што хутка скончацца пакуты
І прыйдзе шчасце да людзей…