У нас на сайте
Ссылки

 

 

Слуцк деловой - портал Капитал-маркет

 

Услуги по выполнению работ автопогрузчиком Амкодор

 

Продажа, установка, ремонт, замена автомобильных стёкол

 

Краски, эмали, лаки, грунтовки, шпаклёвки для автомобилей

 

Запчасти, расходные материалы и аксессуары для всех популярных марок и моделей автомобилей

 

Ирландское кружево Ольга-Анастасия

 

 

 

Благоустройство захоронений. Гранитные памятники

 

 

 

Слуцк у мемуарнай літаратуры XVII–XIX стагоддзяў

22.02.2013

На рубяжы ХVІ–ХVІІ стагоддзяў у беларускай літаратуры ўзнік новы жанр – мемуары. Асабістыя ўспаміны аб мінулых часах узнаўляюць не толькі падзеі, якія адбываліся ў краіне або ў тым краі, дзе нарадзіўся ці жыў аўтар мемуараў. У іх усё часцей і часцей паказвалася асоба чалавека, яго лёс і роля ў грамадска-палітычным жыцці. На змену дзелавой, часам нават пратакольнай мове летапісаў прыходзіла мова, якая была насычана каларытнай бытавой, паўсядзённай лексікай. Аўтары мемуараў часта выкарыстоўвалі прыказкі, прымаўкі, трапныя эпітэты і параўнанні.

Самы ранні з вядомых у цяперашні час твораў мемуарнага жанру ў беларускай літаратуры – успаміны Фёдара Еўлашоўскага (1546–1617). Ён пачаў пісаць іх у 1603 годзе, а падзеі, пра якія расказвае, адбываліся ў 1566–1604 гадах. «Першы беларускі мемуарыст» быў родам з Ляхавічаў, а з 1592 года і да канца свайго жыцця працаваў у земскім судзе ў Навагрудку падсудкам (памочнікам суддзі). Тут будзе дарэчы нагадаць, што з 1507 года Слуцкае княства ў якасці самастойнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі ўваходзіла ў склад Навагрудскага ваяводства.

У сваіх успамінах Ф. Еўлашоўскі не абмінуў увагай і Случчыну, хоць звесткі пра наш край у яго не вызначаюцца шматлікасцю і падрабязнасцю. Напрыклад, першы запіс, які адносіцца да Случчыны, пададзены так: «Року того ж 78, в листопаде дня 9, в день неделный, умерл княже его милость Юрей Слуцкий, пре велке богатства и скарбы собраные славный пан». Гаворка ідзе пра смерць 9 лістапада 1578 года слуцкага князя Юрыя ІІ Юр"евіча з роду Алелькавічаў. Што ён «славный пан», мемуарыст меў дастаткова падстаў напісаць. Князь, як сведчаць яго сучаснікі, быў храбрым воінам. На вайну ў Інфляндыі ён разам з братам Сямёнам у 1556 годзе ўзброіў за свой кошт 4 000 рыцараў, а ў 1564 годзе сам камандаваў значным войскам.

А вось яшчэ пра наш горад у запісе за 1580 год: «В Слуцку на той час были 4 докторы: сандомирский Бартолян, краковский Мартин Фоксос, любелский Лаврэнцыуш, слуцкий, тэж старый и добрый. Там се веле панов, пань и розного стану люди были на лекарство зъехали. И яко кому пан бог здарил, отправовалисе». Па-мойму, гэты запіс лёгка зразумець, а слова «веле» азначае «многа, шмат». У апошнім сказе мемуарыст напісаў, што да каго Бог быў літасцівы, тыя людзі выздаравелі. Аднак звярніце ўвагу на тое, якія гэта былі «докторы». Станіслаў Барталян у 1590 годзе стаў доктарам філасофіі, а пазней – сакратаром караля Рэчы Паспалітай. Марцін Фокс – доктар медыцыны, у 1585 годзе быў рэктарам Кракаўскай акадэміі, а незадоўга да сваёй смерці атрымаў статус каралеўскага лекара. Доктар «слуцкий» Пётр Умястоўскі стаў доктарам філасофіі ў Кракаве. Слуцкія «докторы», па ўсім відаць, «высока трымалі марку», бо ў адваротным выпадку наўрад ці трапілі б іхнія прозвішчы ў «Слоўнік лекараў польскіх», які быў выдадзены ў Варшаве ў 1883 годзе. І гэта – далёка не ўся інфармацыя, якую можна атрымаць, «пацягнуўшы за нітачку» лаканічных радкоў успамінаў Фёдара Міхайлавіча Еўлашоўскага.

Мемуарыст упамінае князя слуцкага і капыльскага Яна-Сямёна, калі той 31 студзеня 1589 года караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта ІІІ «витал пред покоем з орацыею (урачыстай прамовай – А.Ж.) наготованою... «. А «Марца 9 (1592 года – А.Ж.) княже Ян Сымэон Слуцкий умарл…».

Больш падрабязна Фёдар Еўлашоўскі апісаў некаторыя падзеі, звязаныя з паўстаннем пад кіраўніцтвам казацкага сотніка Севярына Налівайкі. У кастрычніку 1595 года войска С. Налівайкі рушыла з Украіны праз Палессе на тэрыторыю сучаснай Беларусі. С.Налівайка пасылаў у бліжэйшыя гарады пісьмы з патрабаваннямі падтрымкі грашыма. Яго і падтрымлівалі, а случчане адмовілі ў такой падтрымцы. Тады С. Налівайка са сваім войскам 6 лістапада захапіў Слуцк. Вось як піша пра гэта Фёдар Еўлашоўскі: «В том року 1595 Наливайко, казак, собравши войско козаков… юж лепей заюшоный, удался на Полесе аж до Петрикович. Юж так своволне все починаючи и вколо обсылаючи, подарки собе давать заказуючи. Яко ж и давано. Одно из Слуцка помешкано было. И прето ж убекгл (у) Слуцк новембра 6 дня и был там немало…».

С. Налівайка паслаў на Капыль пяцьсот казакоў на чале з палкоўнікам Марцінкам. Перад самым Капылём 25 лістапада атрад наткнуўся на засаду гайдукоў віленскага ваяводы, якія «козаков пастреляли и Мартинка забили», а ўцалелыя адступілі да Слуцка. Паколькі сілы С. Налівайкі былі меншыя за войскі феадалаў, ён 27 лістапада пакінуў Слуцк. «Наливайко, стрвожоный тым нещестем… яко тых в Копыле бито, новэмбра 25, а он третего дня, новэмбра 27, з вечора, выбравшисе з Слуцка до Омгович, знову ку Полесен вытегнул», – піша Ф. Еўлашоўскі.

Чытаць успаміны Фёдара Еўлашоўскага цікава, але і не вельмі проста, а ў некаторых выпадках нават цяжкавата. Яны шчодра насычаны паланізмамі, утрымліваюць многа граматычных формаў, слоў, выразаў, якія не былі ўласцівы тагачаснай пісьмовай беларускай мове. Ф. Еўлашоўскі ў сваіх запісах часта збіваўся на «своеасаблівую беларуска-польскую трасянку». Аўтар па службовых справах часта меў зносіны са знатнымі панамі, якія гаварылі па-польску, ды і ён сам, відаць, лічыў народную беларускую мову не зусім дасканалай. Але так можна сцвярджаць з пункту гледжання сённяшняга дня, калі наўрад ці надарыцца магчымасць поўнасцю ўзнавіць усе абставіны жыцця і працоўнай, грамадскай дзейнасці аўтара ўспамінаў і ўмовы іх напісання. Як бы там ні было, а ўспаміны Фёдара Еўлашоўскага даюць не толькі цікавы фактычны матэрыял, але і сведчаць аб тым, якімі супярэчлівымі, неадназначнымі шляхамі развівалася беларуская літаратурная мова ў пачатку ХVІІ стагоддзя. Менавіта ў тыя часы ў нашым краі актывізавалася паланізатарская палітыка правячых колаў Рэчы Паспалітай.

Даследчык беларускай літаратуры А. Коршунаў так вызначыў каштоў-насць успамінаў Ф. Еўлашоўскага: «Само сабой зразумела, што ва ўсёй паўнаце паказаць разнастайныя праявы жыцця сацыяльнага асяроддзя аднаму Еўлашоўскаму было не пад сілу... Аўтар здолеў жыва і маляўніча расказаць аб убачаным, пачутым і перажытым. Якраз у гэтым і заключаецца адна з галоўных вартасцей яго ўспамінаў як помніка гістарычна-мемуарнай літаратуры канца XVI – пачатку XVII стагоддзя».

Тыя ж моўныя тэндэнцыі, што і ў Фёдара Еўлашоўскага, але крыху пазнейшы час адлюстраваны ў мемуарах Яна Цадроўскага (1617–1688). Пра сваё нараджэнне ён напісаў так: «Я, Ян Цадроўскі, нарадзіўся ў адну гадзіну з братам маім, панам Стэфанам Цадроўскім, ад бацькі пана Яна Цадроўскага і маці пані Соф"і Цёлкаўны Камароўскай 3 сакавіка 1617 года ў Пагосце мілі за тры за Слуцкам» (польская міля складае 7 146 метраў. – А. Ж.).

Ян Цадроўскі вучыўся ў Крулявецкім (Кёнігсбергскім), Кракаўскім і Утрэцкім універсітэтах, у 1637–1669 гадах знаходзіўся на службе ў князя Багуслава Радзівіла. «Два разы быў я дэпутатам ад Мінскага ваяводства ў галоўным трыбунальскім судзе Вялікага княства Літоўскага… Дзевяць разоў з"яўляўся паслом ад свайго ваяводства на сеймах», – пісаў пра сябе Ян Янавіч Цадроўскі.

У мемуарах аўтар расказвае пра падзеі ад свайго нараджэння да 4 сакавіка 1682 года, у асноўным – пра сямейныя, асабістыя справы, якія, здавалася б, мала каго могуць зацікавіць. Але яны падаюцца на фоне тагачасных гістарычных падзей, а гэта ўжо зусім іншая справа. У 1658 годзе Я. Цадроўскі ўдзельнічаў ва ўзброеным выступленні мінскай шляхты супраць расійскіх войскаў, няўдалы вынік якога прымусіў яго ратавацца ў Слуцку. Крыху пазней, пісаў Я. Цадроўскі: «…у 1660 годзе, напярэдадні святога Пятра і Паўла, калі жыў я ў выгнанні ў Слуцку, выехаў я са слуцкай крэпасці з людзьмі, якіх сабраў плоцкі стольнік, ягамосць пан Клакоцкі, пераняць маскоўскіх уцекачоў. І калі мы з"ехаліся ў Свержані над Нёманам з ягамосцем панам Чарнецкім (адзін з самых значных польскіх палкаводцаў таго часу. – А.Ж.) .. я, паводле парады ягамосці пана стольніка плоцкага, застаўся пры ягамосці пану Чарнецкім, каб пра сваю службу даведацца і войска ягамосці пана Чарнецкага аж да ракі Бярэзіны праводзіў. Потым вярнуўся я дадому, у якім абрабавалі мяне гультаі Русецкія пры ўніверсалах ягамосці пана гетмана Вялікага княства Літоўскага, гэта значыць ягамосці пана Паўла Сапегі і ягамосці пана Чарнецкага; і самога мяне ледзь не забіў Свяцкі, сын пана Хрызостама…».

А вось яшчэ ўрывак з мемуараў, дзе расказваецца пра голад на Міншчыне ў 1656–1657 гадах, калі ішла вайна паміж Маскоўскай дзяржавай і Рэччу Паспалітай: «Настаў вялікі голад, які працягваўся аж да жніва 1657 года, так што галодныя людзі катоў, сабак і ўсякую здыхляціну елі, а пад канец людзей рэзалі і целы іх елі, нават вылежацца ў дамавінах людскім трупам не давалі, чаго я, няшчасны чалавек, сваімі вачыма нагледзеўся».

Ян Цадроўскі занатаваў у мемуарах смерць сваёй першай жонкі, яе бацькі, іншыя сямейныя падзеі. «31 сакавіка 1660 года ў Слуцку ў сераду пасля вялікадня за цяжкія грахі мае ўзяў бог мілую жонку маю, калі жыў я ў выгнанні ў доме дабрадзеяў бацькоў жонкі маёй. Не хварэла жонка мая, толькі, будучы паўтара дня ў цяжкім прыступе хваробы сваёй, ледзь-ледзь жывую дачку скінула. Пахавана жонка мая ў слуцкім зборы... 25 лютага 1672 года аддаў я замуж дачку сваю Тэафілю Цадроўскую за ягамосця пана Крыштофа Мацкевіча. Вяселле маёй дачцы спраўляла яемосць пані Мірская, жонка стражніка Вялікага княства Літоўскага, у маёнтку сваім у Слуцку... 15 верасня 1680 года памерла ў Слуцку дабрадзейка бабуля дзетак маіх, яемосць пані Кацярына Капушчэўская, дачка стольніка мінскага, жонка Рыгора на Касплі Мірскага, першага стражніка Вялікага княства Літоўскага. Пахавана яна... у слуцкім зборы».

Апошні запіс у мемуарах адносіцца да 1682 года, калі ў выніку пад-бухторвання езуітаў у Вільні «студэнты з гарадской чэрню» раптоўна напалі і разбурылі збор і дамы, у якіх жылі пратэстанты. «Кнігі папалілі... Немаўля нявіннае, якое ў пялёнках яшчэ было, яны ў агонь кінулі, так што яго ледзь жывога выхапілі, але яно потым памерла. Ні шпіталю, ні шаноўным жанчынам шпітальным не было ад іх ніякай літасці; усё, што знаходзілі, яны рабавалі, а потым шпіталь разбурылі і ўсю мураваную сцяну вакол цвінтара зруйнавалі. Трупы памерлых з трунаў выцягвалі, без сораму здзекваліся з іх, палілі... А з імі быў езуіт нейкі інкогніта, з тварам закрытым, каб не пазналі яго, « – такім трагічным і жахлівым малюнкам заканчваюцца мемуары.

Калі ўважліва прачытаць мемуары Яна Цадроўскага, то можна заўважыць, што іх аўтар верыў у справядлівасць, гарманічнасць зямнога жыцця. Яго ён лічыў найвялікшай каштоўнасцю для чалавека незалежна ад веравызнання, паходжання і сацыяльнага становішча. Таму ў мемуарах Яна Цадроўскага ўтрымліваецца заклік да верацярпімасці, непрыманне насілля над асобай, чым бы яно ні апраўдвалася і ў якой бы форме ні праяўлялася.

У мемуарыстаў Фёдара Еўлашоўскага і Яна Цадроўскага былі паслядоўнікі і значна пазней. Напрыклад – ураджэнец Навагрудчыны, які доўгі час жыў у Слуцку, Станіслаў Ян Незабітоўскі (1641–1717). Ён у 1682–1714 гадах у якасці старшага аканома кіраваў Слуцкім княствам і іншымі ўладаннямі дачкі Багуслава Радзівіла Людовікі Караліны, а потым – яе дачкі Лізаветы Аўгусты Нейбургскай. У 1682–1700 гадах С.-Я. Незабітоўскі вёў дзённік, куды запісваў свае назіранні, уражанні, розныя падзеі і факты, якія яго зацікавілі. Выконваючы свае абавязкі, С.-Я. Незабітоўскі зафіксаваў у дзённіку факты міжусобнай барацьбы магнатаў Сапегаў і Радзівілаў, гаспадарчыя справы, розныя ўчынкі шляхціцаў і сялян. Ён часта наведваў гарады Нямеччыны, Рэчы Паспалітай і ў час паездак запісваў, у якім кірунку і калі ён ехаў, апісваў мястэчкі і гарады, абеды і адпачынкі ў корчмах і шынках, здарэнні ў дарозе і побытавыя ўмовы сваіх вандровак. Большасць запісаў – вельмі лаканічныя, толькі ў канцы некаторых гадоў зроблены спробы абагульненняў, асэнсавання бачанага, пачутага ці перажытага. Дзённік (дыярыуш) Станіслава Яна Незабітоўскага – рукапіс памерам каля 900 старонак – багатая крыніца інфармацыі для вывучэння жыцця і звычаяў шляхты Вялікага Княства Літоўскага, асабліва – Мінскага ваяводства, дзе аўтар меў уласны маёнтак Ятры.

Мемуарны жанр у літаратурнай палітры Случчыны дапоўніў сваім дыя-рыушам слуцкі князь Міхал Казімір Радзівіл (1702–1762). У яго запісах за 1731 год ёсць і такі: «Дня 18 мая. Сталі мы з жонкаю ў Іванні, дзе застаў пана Бекеша, губернатара Слуцкага, пана Воляна, чэсніка Ашмянскага, з жонкамі... і ўехалі мы... да Слуцка, і там у Бекеша напіўся я ўшчэнт».

У кнізе «Падарожжа ў XIX стагоддзе» Адам Мальдзіс напісаў пра тое, што ў польскім горадзе Гнезна ў 1905 годзе невядомы аўтар, які падпісаўся крыптанімам Б.І.К., выдаў ананімныя «Успаміны аб Слуцку». Ва ўступным слове сказана, што ўспаміны напісаны ўраджэнцам Слуцка, высокім царскім чыноўнікам, імя якога было нямецкім, душа ж – «літоўскай» (беларускай). «Нямецкае імя» расшыфраваў часопіс «Пшэводнік бібліёграфічны», які назваў аўтарам успамінаў барона Сталя (або Стаэля). Нягледзячы на сваё арыстакаратычнае паходжанне і пасаду слуцкага гараднічага, ён прытрымліваўся перадавых па тым часе поглядаў, спачуваў беларускім сялянам і выступаў за вызваленне іх ад прыгону.

Барон Сталь у сваіх успамінах расказвае аб гістарычным мінулым Слуцка і яго стане ў пачатку ХІХ стагоддзя. «Першымі жыхарамі Слуцка і ўсяго гэтага краю былі русіны беларускага племені, набожныя, сумленныя і працавітыя». Аўтар нагадвае, што ў пачатку XIX стагоддзя ў горадзе налічвалася каля сямі тысяч жыхароў. Мураваных будынкаў было ўсяго пятнаццаць, сярод якіх вылучаліся праваслаўная семінарыя, кальвінская гімназія і царква Святой Тройцы на Трайчанах, пры якой у свой час перапісвалі кнігі, накіраваныя супраць акаталічвання мясцовага насельніцтва. Цікава, што абліччы святых на царкоўных абразах былі падобны да твараў мясцовых сялян. Успаміны барона Сталя пацвярджаюць меркаванні некаторых даследчыкаў аб тым, што ў пачатку ХІХ стагоддзя беларускай мовай шырока карысталася духавенства, асабліва – уніяцкае. Велікодная цырымонія ў Слуцку, гаворыцца ва ўспамінах, завяршалася «казаннем кс. (ксяндза. – А. Ж.) Шантыра на народнай беларускай мове; сяляне слухалі тое казанне з вялікай увагай...».

Культурным цэнтрам Слуцка была гімназія, вучні якой збіраліся на маёўкі, дзе дэкламавалі вершы Адама Міцкевіча і спявалі забароненыя песні. Сталь цытуе модныя сярод слуцкай моладзі песенькі, у якіх польскія словы пераплятаюцца з беларускімі:

 

Ой, на моры, на акрэнце
Панна з туркем ў карты грае
І, граючы, ліст пісае.


 

А вось – беларускі тэкст, дзе злодзей у карчме падае знак сваім хаў-руснікам такой прыпеўкай:

 

А кароўку-астрарожку
Выведзіце на дарожку.
Правядзіце за гару, за гару,
А я вас даганю, даганю.


 

У канцы мемуараў Сталь рсказвае пра падарожжы ў Мазыр, Навагрудак, Слонім, апісвае гэтыя гарады. Да «Успамінаў аб Слуцку» прыкладзены біяграфічны нарыс пра магістра філасофіі, выпускніка Віленскага ўніверсітэта Людвіка Развадоўскага, які адкрыў у вёсцы Балотчыцы сялянскую школу. Пасля смерці Л. Развадоўскага (1869) у Слуцкай гімназіі пэўны час захоўваўся яго рукапіс «Філасофія паводле сістэмы Канта».

 

Анатолій ЖУК



Назад
Комментариев: 0

Оставьте комментарий :

Имя (требуется)
E-mail (не публикуется) (требуется)
Защитный код:

 
Посещений: 3824. Последнее 2018-06-24 18:34:00
©Наследие слуцкого края
2012 все права защищены

При использовании материалов сайта ссылка на
«Наследие слуцкого края» и авторов обязательна
Слуцкий район, д. Весея, ул. Центральная, 9А
тел./факс (01795) 55-8-66
hvorov@inbox.ru