Слуцкая «Файнбергада» і яе героі

11.05.2013

 

Памяці слуцкага выкладчыка, літаратара

і краязнаўцы Рыгора Родчанкі.

 

У Слуцку ў 2005 годзе знік невялікі аднапавярховы цагляны будынак, які знаходзіўся побач з кансервавым заводам па адрасе: вуліца Леніна, 102. У ім доўгі час размяшчаўся магазін № 11 «Электратавары». Быў гэта не значны ў архітэктурным плане аб"ект, а ўзор звычайнай шараговай забудовы пачатку XX стагоддзя. Падобныя будынкі адносяцца да так званай «цаглянай архітэктуры», ў канцы XIX – пачатку XX стагоддзяў яны фарміравалі выгляд многіх беларускіх правінцыйных гарадоў. Але калі прыняць да ўвагі, што з пасляваенных часоў да нашых дзён у Слуцку засталася ўсяго з дзесятак дарэвалюцыйных будынкаў, то знікненне кожнага з іх не можа не выклікаць пачуцця шкадавання. А гэты можна было нават лічыць гістарычным. Дарэчы, спачатку каля згаданага будынка з"явілася шыльда – пашпарт аб"екта з паведамленнем аб пачатку і заканчэнні рамонту і назвай будаўнічай арганізацыі. Але неўзабаве тут можна было ўжо ўбачыць пустое месца.

Знаўцы слуцкай мінуўшчыны будынак той ведалі як «дом Файнберга». Тут, амаль на ўскраіне, непадалёку ад паварота з цэнтральнай вуліцы Шасэйнай (цяпер імя Леніна) да Троіцкага манастыра, у свой час жыў той самы Файнберг. Быў ён прадпрымальнікам, ўладальнікам млына. У Слуцку да рэвалюцыі дзейнічалі чатыры паравыя млыны, прадпрыемства Файнберга з іх нічым асаблівыі не вылучалася. Але верагодна сам гаспадар уяўляў сабою асобу ў нечым арыгінальную, нездарма напісаная мясцовым літаратарам «паэма», дзе ў гратэскова-гумарыстычным стылі паказана, як бавілі вольны час вярхі тагачаснага слуцкага грамадства, атрымала названне «Файнбергада». Дзякуючы гэтаму і імя гаспадара млына захавалася ў гісторыі.

Паэма з"явілася прыкладна ў 1908 годзе. Яе аўтар – слуцкі земскі начальнік, выпускнік філалагічнага і юрыдычнага факультэтаў Маскоўскага ўніверсітэта Рыгор Скурат. З мастацкага пункта гледжання твор нічым асаблівым не вылучаецца, а паэмай названы несумненна дзеля гумару. У пэўным коле жыхароў горада паэма мела папулярнасць, хадзіла па руках, многія ведалі яе на памяць. Цяпер яна цікавая тым, што даносіць да нас подых далёкага часу, героямі якога з"яўляюцца рэальныя жыхары Слуцка.

Па слядах галоўнага героя
Сюжэт паэмы просты. Дзеянне пачынаецца на парозе дома Файнберга, які вечарам спяшаецца ў дваранскі клуб і дзе яго чакаюць сябры па гульні ў карты, а заканчваецца позна ноччу на прыступках таго ж клуба. Дом нашага героя стаяў на месцы даволі бойкім, на выездзе з горада па «Варшаўцы» у заходнім напрамку. Менавіта адтуль, з захаду, праз сем гадоў па гэтай дарозе пацягнуліся калоны ўчекачоў-бежанцаў, якіх гналі з родных мясцін жахі імперыялістычнай вайны. Адзін з такіх момантаў зафіксаваў слуцкі фатограф, і цяпер яго здымкам нярэдка ілюстрыруюцца матэрыялы пра падзеі Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі. На здымку бачым абоз бежанцаў. Ён рухаецца на фоне забудовы, дзе ў чарадзе будынкаў у далечыні справа віднеецца дом Файнберга. А з супрацьлеглага боку, злева, наступным будынкам, які не трапіў у кадр, павінен быў быць корпус камерцыйнага вучылішча. У часы напісання паэмы вучылішча яшчэ не было, бо заснавалі яго ў 1910 годзе, а ва ўзведзеным новым вучэбным корпусе заняткі пачаліся ў 1912 годзе. Цяпер гэты ацалелы будынак адзіны сведка тых часоў: дамы, што стаялі побач, разбураны падчас Вялікай Айчыннай вайны, а пасля знікнення дома Файнберга ён увогуле застаўся адзінай дарэвалюцыйнай пабудовай па правым баку вуліцы Леніна. Лёс будынка вучылішча таксама не вельмі зайздросны. Заняткі будучых камерсантаў у ім спыніліся ў сувязі з рэвалюцыйнымі падзеямі і грамадзянскай вайной, а ў 1920 годзе пры адступленні яго спалілі польскія легіянеры. Пасля ўсталявання Савецкай улады да 1924 года быў адноўлены і нават атрымаў новае завяршэнне – з"явіліся драўляны трэці паверх, левую бакавую і цэнтральную часткі перакрылі складаныя па форме купалы са шпілямі. На той час было гэта самае высокае збудаванне ў горадзе. Тут размясціліся камітэты прафсаюзаў, Дом культуры і школа-сямігодка, на змену якой крыху пазней прыйшоў педтэхнікум. Мацна пацярпеў корпус падчас Вялікай Айчыннай вайны, пасля быў прыстасаваны пад кансервавы завод. Аднак гэта ўжо было пазней, мы ж разам з нашым героем, мінаючы вышэй апісаны краявід, пакрочым далей.

На другім баку вуліцы ў хуткім часе заўважым чараду старасвецкіх будынкаў. У адным з іх, двухпавярховым, цяпер знаходзіцца занальна архіў, у невялікім дамку побач размяшчаецца філіял краязнаўчага музея, прысвечаны этнаграфіі, далей – комплекс паштовай станцыі. Апошняя з"яўляецца адной са шматлікіх паштовых станцый, што з"явіліся ў сярэдзіне XIX стагоддзя па ўсёй даўжыні дарогі, што пралягла паміж Масквой і Варшавай. Кожны, хто рухаўся па дзяржаўнай надабнасці і меў «пардарожную», мог замяніць тут коней, адпачыць, пераначаваць. Комплекс складаецца з чатырох будынкаў. Галоўны корпус і злучаныя з ім сценкамі з брамамі бакавыя флігелі стаяць фронтам да вуліцы, у глыбіні двар замыкае «П» – падобная ў плане стайня. У 2005 годзе падчас расчысткі ад пазнейшых тынковак на сцяне фасада галоўнага корпуса адкрыліся дарэвалюцыйныя надпісы з паведамленнем адлегласці да бліжэйшых станцый, адна з якіх знаходзілася ў Сенніцы, другая – у Амухавічах (цяпер называецца Чырвонае Сяло, яно непадалёку ад Амговіч).

Пасля станцыі, мінаваўшы яшчэ тры двухпавярховыя будынкі 1950-х гадоў, нарэшце спынімся на прыступках канчатковага пункту нашага гістарычнага шпацыру – Дома дваранскага сходу. Тут цяпер размяшчаецца гарадскі краязнаўчы музей. А ўзводзіўся будынак напрыканцы XVIII стагоддзя як загарадні панскі асабняк. Тады горад яшчэ не выходзіў за межы старадаўняга абарончага землянога вала, заканчваўся ў некалькіх сотнях метраў адсюль. Зямлю пад забудову будучы гаспадар набыў у Ільінскага манастыра, неўзабаве там з"явіліся жылы дом і гаспадарчыя пабудовы, разбіты клумбы з кветамі, а перад тым, каб асушыць тэрыторыю, выкапана сажалка. Праз паўстагоддзя побач прайшла новая дарога, якая стала цэнтральнай вуліцай. Пасля смерці гаспадара апусцеўшую сядзібу нашчадкі прадалі гораду, дзе быў арганізаваны Дом дваранскага сходу.

Персанажы паэмы
Аднак звернемся да радкоў паэмы, выбіраючы з тэксту іх адвольна, каб спыніцца на асобных персанажах:

 

Но вот уже Файнберг у клуба дверей,
Разделся и к столику сунет скорей.
Приветствуют все его радостным гласом,
Особо Гахович пропившимся басом…

 

Садится за столик и начал играть.
Но я уж не в силах всего передать…
Нередко трещали и мельница, и дом…
Тогда поднимался ужасный содом.

 

Гахович не раз уже был мукомолом,
А Файнберг гордился Тамары уловом
И овощи всем предлагал покупать,
Гахович же мельницу шёл продавать.

 

Но так как и мельница, и Хутор Тамары
Давно уж заложены бедные в паре,
То все эти крики и клубный скандал
Один понимал лишь маститый Мигдал.


 

Прозвішчы згаданых герояў без каментарыяў нам цяпер нічога не гавораць, а некалі ж у Слуцку яны былі добра вядомыя. Пасля рэвалюцыі значна змяніўся склад гарадскога насельніцтва, запанавалі новыя ідэі і прыарытэты, а тое, што было звязана з мінулым, адыходзіла. Па новаму паэму у 1959 годзе «адкрыў» краявед Рыгор Родчанка. Як згадваў Рыгор Віктаравіч, займаючыся гаспадарчымі справамі на сваім двары (ён у той час тут здымаў кватэру), звярнуў увагу на выкінутыя суседзямі ў хлевушок старыя рэчы, у тым ліку паперы. Некалі яны належылі былой памешчыцы Лабановіч-Шпакоўскай, а цяпер новым гаспадарам не спатрэбіліся. Пагартаўшы паперы, Родчанка знайшоў лісты з вершаваным тэкстам, якім зацікавіўся. Урэшце ім было праведзена сапраўднае даследаванне, устаноўлены героі паэмы і некаторыя радкі іх біяграфій.

Адным з іх быў той самы ліхвяр Мігдал. Сталася так, што заклалі яму сваю маёмасць многія, нездарма менавіта Мігдал разумеў кошт усіх гэтых клубных выйграшаў і пройграшаў:

 

…Туда, куда едут с уезда паны,
Но больше играют уже на штаны…
Имения все уж давно у Мигдала,
А с ними и панская слава пропала.

 

Як вызначыў даследчык, ліхвярскія хітрыкі Мігдала давялі да таго, што ўрэшце ў 1910 годзе слуцкія паны змовіліся забіць яго, але па нейкіх каналах той даведаўся пра змову і, не губляючы часу, з"ехаў з горада ў Карэлічы.

Дарэчы, яго сын, які праз год нарадзіўся там, пазней стаў акадэмікам Акадэміі навук СССР.

Яшчэ адзін герой – Гаховіч, уладальнік Хутара Тамары, дзе займаўся гаспадаркай, гандляваў садавінай і агароднінай. Пра Гаховіча цікавы аповед на старонках рэгіянальнай газеты «Інфа-Кур"ер» зрабіла карэнная жыхарка і краязнаўца Ларыса Лук"янцава. Аднекуль гэты малады землеўладальнік прывёз нявесту – прягожую японку, у 1907 годзе ў іх нарадзілася дачка Тамара. У гонар дзяўчынкі бацькі назвалі свой маёнтак, што знаходзіўся на беразе ракі Случ у раёне вёскі Навадворцы, Хутар Тамары. Пасля рэвалюцыі Гаховіча раскулачылі і разам з жонкай выслалі ў Сібір, іх маёмасць была разрабавана. А, застаўшаяся адна і без сродкаў на існаванне, непаўналетняя Тамара ўтапілася ў Случы непадалёку ад былога свайго хутара.

Мы ж вернемся ў клуб, дзе, нягледзячы на рэальную эканамічную сітуацыю, там:

 

…всё же с потомками славных родов
Приятно сыграть и на пару штанов.


 

Дзе: –

 

…Крупский блистает стариннейшим родом
И всею фигурой нам кажет породу.


 

Гэты слуцкі памешчык быў дзедам рэвалюцыянеркі Надзежды Канстанцінаўны Крупскай, жонкі Уладзіміра Ульянава-Леніна.

Сярод іншых, хто бавіць час, – член управы Вострасаблін, прадстаўнікі мясцовай інтэлігенцыі, у тым ліку сталага веку настаўнік малявання мужчынскай гімназіі Наваранка, побач з ім інспектар той жа гімназіі – «…лысиной светит как лампой Берёзко», які пасля рэвалюцыі будзе назначаны дырэктарам гарадской школы № 1. А яго сын Георгій Сяргеевіч Бярозка стане савецкім пісьменнікам.


Апошні герой
Адным з герояў «Файнбергады» сёння мы можам назваць і самога Рыгора Родчанку. Бо дзякуючы яму збярогся магчыма апошні запісаны экзэпляр гэтага твора. У выніку яго росшукаў, падчас якіх краязнаўца звяртаўся да жыхароў горада, у тым ліку да былога сакратара павятовага суда Лукаша Трухана, уражэнца Слуцка пісьменніка Язэпа Дылы, набылі рэальныя абрысы многія згаданыя там персанажы. Разам са сваімі каментарыямі Родчанка падрыхтаваў публікацыю ў раённай газеце «Шлях Ільіча» (цяпер «Слуцкі край», № 37 за 26 сакавіка 1988 года).

Рыгор Віктаравіч Родчанка (1929–1994) быў чалавекам апантаным, зачараваным рамантыкай краязнаўчай дзейнасці. Нарадзіўся Рыгор Віктаравіч на Украіне. Па бацьку быў далёкім сваяком праславіўшагася ў 1920-я гады мастака, дызайнера і майстра фатографіі Аляксандра Родчанкі. Яшчэ ў дзяцінстве сям"я пераехала на радзіму маці ў Капыльскі раён. Падчас вайны стаў юным партызанам. Пасля яе служыў на флоце, адсюль і літаратурны псеўдонім – «Рыгор Лінкор». З 1959 года жыў у Слуцку. Працаваў выкладчыкам у школе. Заслугоўвае павагі яго дзейнасць па захаванні роднай мовы ў той час, калі межы яе ўжывання змяншаліся. Калі пачалася перабудова, праявіў ініцыяву па стварэнню ў Слуцку яшчэ адной (акрамя існаваўшага літаб"яднання «Случ») культурніцкай грамадскай арганізацці з пісьменнікаў і мастакоў, якая нажаль не была рэалізавана. Сёння ў горадзе акрамя раённай газеты «Слуцкі край» выходзяць тры недзяржаўныя. Але ў справе арганізацыі незалежнага друку Родчанка стаў першым – ён, як толькі гэта стала магчымым, па сваёй ініцыятыве пачаў выдаваць абмежаваным тыражом (сам друкаваў на машынцы пад капірку) першую ў Слуцку недзяржаўную газету, якой даў назву «Яха» (на мясцовым дыялекце азначае «рэха», па руску – «эхо»). Выпуск спыніўся пасля некалькіх нумароў у сувязі з пагаршэннем стану здароўя краязнаўцы. Працяглы час Рыгор Віктаравіч збіраў матэрыялы пра пісьменнікаў Случчыны і публікаваў іх пад назвай «Літаратурная Случчына» у раённай газеце. Вывучаў гісторыю слуцкіх старасвецкіх будынкаў, менавіта ён вызначыў і дзе знаходзіўся дом Файнберга. Сам ён з"яўляецца аўтрам вершаў і паэтычных мініяцюр, шмат гадоў быў актыўным удзельнікам літаратурнага аб"яднання «Случ». Свае літаратурныя творы, а таксама навукова-папулярныя і краязнаўчыя артыкулы змяшчаў на старонках раённай і рэспубліканскай прэсы. Працяглы час збіраў фальклорны і этнаграфічны матэрыял Случчыны, на аснове якога выдаў зборнік «З вечнага» (Мн. 1990). У 1991 годзе ў выдавецтве «Полымя» выйшла яго кніжка «Слуцкая старасвеччына». Яна складаецца з семнаццаці невялікіх раздзелаў, прысвечаных як асобным старонкам гісторыі і культуры горада з ранейшых часоў да XVIII стагоддзя, так і выдатным постацям, чыё жыццё і творчасць звязана са Случчынай. Гэта стала істотным дапоўненнем нешматлікай на той час бібліятэчкі даступных шырокаму колу чытачоў выданняў па гісторыі Случчыны. Да творчай спадчыны Рыгора Віктаравіча належыць таксама нарыс жыцця і творчасці беларускага пісьменніка XIX стагоддзя Альгерда Абуховіча-Бандынэлі (Мн. 1984), укладанне, прадмова і каментарыі ў зборніку твораў Альгерда Абуховіча (Мн. 1991), даследаванне гісторыі слуцкай гімназіі («Старэйшая школа Беларусі». Мн. 1985).

І хаця часам некаторыя з выказаных аўтарам у сваіх працах меркаванняў ці высноў сёння не падцвярджаюцца, або карэктыруюцца даследаванымі новымі гістарычнымі фактамі, вынікі краязнаўчай дзейнасці Родчанкі заслугоўваюць высокай адзнакі.


 

Ігар Ціткоўскі
Часопіс «Полымя», № 10, 2009 г.