Государственные и политические деятели
ДЗЯРЖАЎНЫЯ I ПАЛІТЫЧНЫЯ ДЗЕЯЧЫ
АСВЯЦІМСКІ Марк Аляксандравіч, беларускі палітычны дзеяч. Нарадзіўся 24.4.1886 г. у Слуцку.
Да 1918 г. уваходзіў у Расійскую партыю эсэраў.
У 1919–1920 гг. член ЦК Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, у 1919–1924 гг. старшыня яе Слуцкага камітэта, член культурна-асветніцкага таварыства «Папараць-кветка» ў Слуцку.
У 1920 г. член Беларускай рады Случчыны, узначальваў вярбовачны пункт Беларускай вайсковай камісіі ў Слуцку.
У 1919 г. і 1921 г. арыштоўваўся ВЧК. У 1924 г. адышоў ад палітычнай дзейнасці.
У 1930-я гады працаваў эканамістам Гомельскага тлушчакамбіната. У 1938 г. арыштаваны і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 10.11.1938 г. Рэабілітаваны 13.7.1960 г.
ІНСАРАЎ Іван Анісімавіч, дзяржаўны дзеяч БССР, прафесар (1964), заслужаны ўрач БССР (1964). Нарадзіўся 8.2.1903 г. у в. Селішча. У 1927 г. закончыў медыцынскі факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Перад вайной працаваў намеснікам загадчыка аддзела аховы здароўя Мінскага аблвыканкома. З чэрвеня 1941 г. намеснік начальніка, начальнік эвакашпіталяў у Барысаве і Саранску. Са жніўня 1942 г. у аператыўнай групе Наркамата аховы здароўя БССР па медыцынскім забеспячэнні партызан Беларусі. З верасня 1942 г. па лістапад 1944 г. у Беларускім штабе партызанскага руху. З 1945 г. намеснік старшыні Мінскага аблвыканкома, з 1947 г. дырэктар НДІ неўралогіі, нейрахірургіі, фізіятэрапіі. У 1948-1966 гг. міністр аховы здароўя БССР, у 1967–1979 гг. галоўны рэдактар часопіса «Здравоохранение Белоруссии», адначасова ў 1967–1971 гг. загадчык кафедры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Член ЦК КПБ у 1952–1956, 1960–1971. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР у 1951–1967. Памёр 16.2.1983 г.
КАЗЛОЎ Віктар Аляксеевіч, беларускі дзяржаўны дзеяч. Нарадзіўся 23.7.1926 г. у Слуцку. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. У 1950 г. закончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, працаваў загадчыкам аддзела ЦК ЛКСМБ; першы сакратар Бабруйскага абкома камсамола, з 1953 г. намеснік загадчыка аддзела ЦК ЛКСМБ. У 1955–1958 гг. старшыня калгаса «Гігант» Слуцкага раёна, з 1958 г. першы сакратар Слуцкага РК КПБ, з 1962 г. намеснік старшыні Мінскага аблвыканкома. У 1969–1972 гг. першы намеснік міністра, з 1972 г. міністр сельскай гаспадаркі БССР. У 1979–1990 гг. старшыня Дзяржаўнага камітэта Савета Міністраў БССР па ахове прыроды. Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга (двойчы), «Знак Пашаны», Айчыннай вайны I ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі. Памёр 10.1.1998 г.
ХАРЫТАНОВІЧ Валерый Пятровіч, дзяржаўны і прафсаюзны дзеяч. Нарадзіўся ў 1938 г. у Слуцку. У 1957–1959 гг. брыгадзір паляводчай брыгады калгаса імя М.Гастэлы Мінскага раёна, у 1959–1962 гг. інструктар Мінскага раённага, потым абласнога камітэтаў ЛКСМБ. У 1962–1968 гг. намеснік старшыні, старшыня калгаса «Перамога», дырэктар саўгаса «Гарадзішча» Мінскага раёна. У 1968–1973 гг. слухач Мінскай вышэйшай партыйнай школы, інспектар Мінскага абласнога камітэта народнага кантролю, інструктар абкома КПБ. У 1973–1986 гг. другі, першы сакратар Любанскага райкома КПБ. 3 1986 г. сакратар Мінскага абласнога савета прафсаюзаў, старшыня абкома прафсаюза работнікаў аграпрома. З 1996 г. загадчык аддзела Выканаўчага камітэта СНД. Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», медалямі.
Подготовлено по материалам
книги 2 «Память. Слуцкий район. Слуцк»