Розін Пётр Ісаакавіч

Розін Пётр Ісаакавіч

Розин Петр Исаакович; Розін Пейсах Іцкавіч (15.06.1913–1984)

Рускі і беларускі савецкі жывапісец, у 1974 годзе атрымаў званне заслужанага мастака РСФСР. Прадстаўнік сацыялістычнага рэалізму. Адпаведна афіцыйных звесткак (так у свой час пажадалі бацькі) нарадзіўся мастак у Слуцку. На самой справе радзімай з"яўляецца вёска Вошкаты непадалёку ад Капыля, якая ў той час уваходзіла ў Слуцкі павет.  

Вучыўся ў Капыльскай беларускай школе, у 1933 – 1936 гады займаўся ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме, з 1936 па 1941 год - у Кіеўскім дзяржаўным мастацкім інстытуце. Канчаткова вышэйшую адукацыю атрымаў пасля вайны, скончыўшы ў 1950 годзе Маскоўскі дзяржаўны мастацкі інстытут імя Сурыкава (вучыўся ў І. Грабара, В. Ефанава, С. Дудніка). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай зоркі.

Жыў у Маскве. У мастацкіх выстаўках удзельнічаў з 1950 года. Працаваў пераважна ў жанры партрэта: “Агітатар Марыя Чыпранава” (1952), “Камбайнёры бацька і сын Прасяннікавы” (1975), серыя партрэтаў перадавых хлебаробаў Сярэдняй Азіі і іншыя. Звяртаўся да гісторыка-рэвалюцыйнага жанру: “М. Калінін у Бухарэ. 1925 г.” (1951), “У.І. Ленін і І.В. Сталін у Разліве. 1917.” Пісаў пейзажы. Творы мастака захоўваюцца ў Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, Дзяржаўным Рускім музеі, шэрагу іншых музеяў Расіі, Украіны. Падчас наведвання радзімы пісаў краявіды ваколіц Капыля, партрэты землякоў. Шэраг яго твораў захоўваецца ў фондзе Капыльскага краязнаўчага музея.