Настаўнікі… Высакародныя, добрыя, вечныя

07.10.2012

 

У кожнага з нас ёсць яны. Менавіта яны выпраўлялі нас у самастойнае жыццё, даючы наказ: «З годнасцю пранясіце высокае званне Чалавек». І мы выпраўляліся, але ў сілу сваёй юнацкасці не задумваліся пра тых, хто нас праводзіў, успрымалі іх увагу як належнае. А яны, перахрысціўшы нас, перажывалі, ці скарыстаем мы гэты нябачны дарунак лепшым чынам.

Мне пашчасціла ў жыцці. Маімі настаўнікамі былі тыя, хто валодаў (ды і валодае) высакароднасцю і духоўнасцю. Жыццёвыя ўрокі дадзены з любоўю і шчырай зычлівасцю.

Настаўнікі – не толькі тыя, хто вучыць у школе, а ў першую чаргу гэта свае сямейнікі. У кнізе «Мінскія епархіяльныя ведомості» 1882 года (стар. 97) напісана: «…Детей можно прекрасно учить в школе, на них может хотя и с трудом, прекрасно влиять церковное учительство; но если семья не будет устроена, то никогда нельзя ожидать прочного успеха ни от школы, ни от церковного учителя. О детях всегда больше всего должны заботиться родители, и на них лежит первейший долг получше самим устроить нравственый склад своей жизни…»(арфаграфічныя і пунктуацыйныя нормы захаваны, заўв. аўтара)

Я памятаю дзядулю Івана, які не сядаў за стол, не правёўшы пэўны цырыманіял. Хоць і працаваў ён не пакладаючы рук, але дзякаваў Бога за тое, што ёсць на стале. Яго спеў на ўсю вёску пасля працоўнага дня. Нарыхтоўка сена. Не дай Бог упасці адной пасмачцы! Да працы патрэбна адносіцца добрасумленна, адказна. Не забыць бабулю Ганну, якая (як мне здавалася на той час) ніколі не клалася спаць, занятая была працай.

З дзяцінства памятаю, як тату Мішу ўзнагароджвалі граматамі, змяшчалі на дошку гонару. Грамадская праца – аснова яго жыцця. Ён заўсёды быў і застаецца «общественником». І мама… Наша дарагая, адзіная…Гэта мой найлепшы дарадца. Ёй я адкрывала самыя патаемныя думкі. У яе заўсёды хапала дабрыні і ласкі на нас, дзяцей.

Вось яны, мае першыя настаўнікі. Усім зместам уласнага жыцця, без натацый, яны перадавалі мне найлепшыя якасці чалавека: дабрыню, павагу, сумленнасць. Вось яна, народная педагогіка. Не на словах, а на справе, свядома.

У школу я не проста хадзіла, я лятала на крылах. Я жыла (і зараз жыву) школай. У школе мяне вучылі настаўнікі не па прафесіі, а па прызванні. Гэта яны з вялікім уменнем зацікавілі дзіцячую душу, навучылі чытаць і пісаць, сябраваць, палюбіць школу. І ўспамін аб школе і школьным сяброўстве пранесці праз усё жыццё.
Выхавальніцы Разалія Антонаўна Дробыш, Алена Ізідораўна Шутко. Сёння іх ужо няма з намі, светлая ім памяць, але праз усё жыццё я чую іх голас: чысты, стрыманы, павучальны. Бачу іх вочы…Колькі ў іх дабрыні, засяроджанасці, клопату аб тых 26 (вучнях – пр. адм. сайта), якія ў чаканні зведаць нязведанае.

Усё сваё свядомае жыццё я ўзгадваю ўрокі маёй першай настаўніцы Вольгі Фёдараўны Васілевіч. Мяне заўсёды здзіўляла яе ўніверсальнасць, уменне навучыць. На працягу навучання ў пачатковай школе мы не толькі вучыліся чытаць і пісаць, маляваць і вышываць, займацца разьбой па дрэву і фізічна загартоўвацца, мы навучыліся сябраваць, мы выхавалі пачуццё калектывізму, павагі адзін да аднаго. Вольга Фёдараўна ўмела не толькі знайсці тыя ці іншыя здольнасці, але была ўпэўненая ў нашым будучым поспеху. Кожныя 5 год мы арганізоўваем сустрэчу школьных сяброў. Адным з самых прыемных момантаў з"яўляецца сустрэча з першай школьнай настаўніцай. І на гэты раз яна, знешне стрымана, але з цеплынёй, вітала нас. Чарговы раз распытвала аб нашых справах, а мы ў адказ дзякавалі ёй за тое, што яна для нас зрабіла.
Настаўнікі патрэбны нам заўсёды, бо чалавек усё жыццё вучыцца. І хоць зараз усё больш гоняцца за вялікімі грашыма, матэрыяльнымі дабротамі, страчваючы душу, я ўпэўнена, што мода на сапраўднага настаўніка не пройдзе ніколі.

Асобым абзацам хочацца расказаць пра Тамару Іванаўну Кохан. Я ганаруся, што яна была маім класным кіраўніком з 5 па 11 класы. Яна вучыла нас думаць, цаніць рэальныя каштоўнасці. Тамара Іванаўна была стрыманая, роўная па настроі. Яе ўрокі літаратуры былі сапраўднымі ўрокамі жыцця. Шмат прыкладаў брала з асабістага жыцця. У вучобе і ў працы была наша класная з намі. Час не стаіць на месцы. Амаль 20 год няма з намі Тамары Іванаўны, але і сёння бачыцца яе разумны і зычлівы позірк, позірк інтэлігента, які шчыра жадаў, каб мы сталі адукаванымі людзьмі. І мы сталі імі.
Гледзячы на Тамару Іванаўну, я вырашыла, што буду таксама настаўнікам.

Нядаўнім часам патрапіў мне ў рукі цудоўны верш маёй калегі І.Г.Байняковай:

Учитель учит даже тем,
                                                   как входит в класс,
Как улыбается, как говорит,
                                                  как пишет.
И не слукавишь, не обманешь
                                                 детских глаз,
Неискренность ребенок вмиг
                                                 услышит.
Учителя призванья – доброта,
                                                 Учителя работа – вдохновенье.
Не может не исполниться мечта –
                                                 В ней к идеалу вечное стремленье.

Гэта і пра тых, хто вучыў мяне, быў прыкладам.
Калі я наведваю вясковыя могілкі, заходжу і да Тамары Іванаўны. Яе зычлівы позірк пытае: «Усё добра?» І я ў думках адказваю: «Усё добра».

А наш любы Георгій Сцяпанавіч Раманюк. Не адно пакаленне перажыло радасць сустрэчы з гэтым Настаўнікам. Колькі цікавых і карысных мерапрыемстваў было праведзена. А яшчэ, дзякуючы Георгію Сцяпанавічу, я пабывала ў 90-ых гадах у Германіі. Гэта падарожжа жыве ў маёй памяці і сёння. Размаўляючы з Георгіем Сцяпанавічам, радуешся яго незвычайнай апантанасці, любові да сваёй працы.Узгадваеш радкі з віншавання: «Если есть учителя от Бога, то не сомневайтесть – это Вы». І сёння мы сустракаемся з Георгіем Сцяпанавічам ужо як калегі.

Я заўсёды адчуваю падтрымку з боку маіх настаўнікаў.

Універсітэцкае жыццё падарыла мне сустрэчы з такімі масцітымі настаўнікамі як П.Сцяцко, І. Лепешаў, Т.Тамашэвіч, А. Руцкая.

Я думала, што патрапіла ў іншую краіну, бо духоўнасць універсітэта, увасобленая ў яго лепшых настаўніках, скіроўвала нас да пачуцця самапавагі, без якога няма сапраўднай любові да бацькаўшчыны.

Шкада, што сёння высакародную прафесію выбіраюць не толькі высакародныя людзі. Таму сярод школьных настаўнікаў ёсць проста выканаўцы гэтай прафесіі. Усё ж мне прыемна ўспомніць тых, хто сеяў «разумнае, добрае, вечнае». Як бачна, у мяне было такіх шмат. Магчыма, былі яны непрыкметнымі, не вылучаліся нейкімі навацыямі, а часцей звычайных, улюбёных у дзяцей і школу, самаахвярных працаўнікоў, якія выпускалі ў свет усё новыя пакаленні, жадаючы з годнасцю пранесці праз усё жыццё высокае званне - Чалавек. Няхай зберажэцца пра іх памяць.

Наталья Тагиль (Сурмачевская)

 

PS Я ўдзячна сваім настаўнікам; а мае вучні, якія ўжо сталі татамі і мамамі, удзячны мне. І калі чуеш ад іх, што толькі да вас прывядзём сваё дзіця, то радасць павялічваецца ўдвая. Гэта і ёсць найвышэйшая ўзнагарода за добрасумленную працу.

Цудоўныя мае вучні, шаноўныя калегі-настаўнікі, я атрымліваю асалоду ад сустрэчы з вамі, я даражу вамі, спадзяюся, што мудрасць будзе прысутнічаць у нашых узаемінах.