Гісторыя слуцкіх некропаляў

Гісторыя слуцкіх некропаляў

Памяць аб мінулым і захаванне яго помнікаў з"яўляецца неад"ёмнай прыкметай цывілізаванага грамадства. Непасрэдным чынам з паняццем “памяць” звязаны могілкі. Мы ведаем унікаьныя некропалі ў сваёй краіне і ў замежжы, яны з"яўляюцца помнікамі гісторыі і культуры. Ёсць некропалі мясцовага значэння, да такіх адносяцца і старыя могілкі ў Слуцку. Горад летапісную гісторыю адлічвае з 1116 г., вынікі ж археалагічных даследаванняў дазваляюць яго пачатак аднесці да канца ХІ ст. Як і ў іншых старадаўніх паселішчах, тут на працягу стагоддзяў побач з мірам жывых, памкненні і мары якіх заўсёды скіраваны ў будучыню, суседнічаюць могілкі – царства мёртвых, дзе вектар часу скіроўвае ў адваротны бок і дазваляе зрабіць падарожжа ў мінулае.

 

Старажытныя пахаванні
У Слуцку на месцы, якое займае гарадская плошча з будынкам Дома Саветаў, падчас будаўнічых работ у зямлі не раз знаходзілі старадаўнія пахаванні. Іх адкрывалі напачатку 1950-х гг., калі ўзводзілі трохпавярховыя жылыя дамы, што цяпер фланкіруюць плошчу, і ў 2-й палове 50-х гг., калі ўпоперак плошчы перад помнікам Леніну капалі траншэю, і пры рыцці катлавана пад залу пасяджэнняў для сучаснага Дома Саветаў у 1980-я гг. (яе не пабудавалі, цяпер тут пляцоўка з боку гарадской бібліятэкі). Былі такія знаходкі пад час падрыхтоўкі катлавана пад пастамент, калі перад Дажынкамі-2006, якія праводзіліся ў Слуцку, помнік Леніну пераносілі з аднаго боку вуліцы Леніна на другі. Хутчэй за ўсё, што падобныя знаходкі меліся ў 30-я гг, калі ўзводзіўся першы будынак Дома Саветаў. Некаторыя знойдзеныя дамавіны былі выдзяўбаны з драўляных калод, а ўзрост іх адносіўся да пачатковага перыяду гісторыі горада. Несумненна, што цяперашняя плошча займае тэрыторыю, дзе некалі размяшчаліся могілкі, але пра іх забыліся так даўно, што не захавалася ні пісьмовых ні вусных звестак. Гаварыць пра іх можна абапіраючыся толькі на выпадковыя знаходкі і ўскосныя сведчанні. 
Слуцк пачынаўся з гарадзішча (цяпер Вялікая Горка), на якім утварыўся дзядзінец, а з часам замак. Ад размешчанага побач пасада яго аддзяляла гандлёвая плошча. На працягу ХІІ – ХІV стст. пасад пашыраўся паміж ракой Случ і ручаём Бычок у паўночна-усходнім напрамку. А для могілак найбольш аптымальным месцам у той час мог служыць другі, незаселены бераг Бычка.
З бегам часу колькасць жыхароў горада павялічвалася і з ХV ст. пачаў засяляцца супрацьлеглы пустынны бераг Бычка. У 1-й палове ХVІ ст., калі Слуцк аднаўляўся пасля татарскіх нападаў, туды ж, на захад ад дзяцінца, перанеслі гандлёвую плошчу. Ад яе ў паўночным кірунку адыходзіла дарога на Капыль, а ў межах горада яе сталі называць вуліцай Капыльскай. Могілкі размяшчаліся па правы бок дарогі, а потым, разрастаючыся, магчыма і паабапал яе.
Напрацягу 2-й паловы ХVІ – пачатку ХVІІ стст. фарміраваліся новыя гарадскія кварталы. Адзін з іх, адведзены яўрэйскай абшчыне, заняў тэрыторыю на поўнач ад могілак па правы бак вуліцы Капыльскай і цягнуўся да Бычка. Другі, злева ад Капыльскай, засялялі лютэране. Жылая забудова разрасталася і, паступова набліжаючыся да могілак, з часам абкружыла іх.
Тэрыторыя старэйшай часткі Слуцка ў 2-й палове ХVІ ст. была па перыметры абнесена земляным абарончым валам, а да сярэдзіны ХVІІ ст. вал абкружыў увесь горад. Гарадская тэрыторыя аказалася дакладна вызначанай і далей павялічвацца не магла. Несумненна, што яе абмежаванасць спрычынілася да паўстання пытання аб могілках, якія аказаліся ледзь не ў цэнтры. Такім чынам, можна сказаць з упэўненасцю, што ў канцы ХVІ або ў першай палове ХVІІ ст. у Слуцку былі заснаваны новыя могілкі за горадам. А пра самы старажытны слуцкі некропаль можна сказаць, што фарміраваўся ён на заходнім беразе Бычка на працягу пяцісот гадоў. Размешчаны на незанятай тэрыторыі, мог спачатку мець свабодную, нерэгулярную планіроўку. Але ў ХVІ-ХVІІ стст., калі да яго набліжалася жылая забудова, павінен быў набыць дакладныя межы. Магчыма ўжо тады самыя даўнія пахаванні, якія страцілі знешнія абрысы і пра якія забыліся, маглі трапіць пад новыя кварталы, вуліцы, гандлёвую плошчу.
Можна выказаць меркаванне, што пасля заснавання за горадам новых могілак, старыя паволі знікалі, але жыхары пра пахаванні на тым месцы помнілі і, нягледзячы на абмежаванасць гарадской тэрыторыі, пад гаспадарчыя патрэбы і жыллё не займалі. Сведчаннем таму можа служыць план Слуцка 1704 г., дзе месца размяшчэння старых могілак адмысловым чынам пазначана. А на плане Слуцка пачатку ХІХ ст. у атачэнні жылой забудовы на поўнач ад замка паказаны значны па памерах незабудаваны пляц з удакладненнем, што гэта “Новы сад князя Радзівіла. Пад тэрмінам “сад” тут несумненна хаваецца цяперашняе паняцце зялёнай (паркавай) зоны, а тое, што ён новы (стары сад размяшчаўся ў Зарэччы каля Цытадэлі), сведчыць, што заснаваны быў адносна нядаўна на незанятым пад забудову пляцы. Ад жылых кварталаў яго аддзялялі прарытыя рвы, па якіх працякала вада Бычка.
У сярэдзіне ХІХ ст. праз Слуцк прайшла дарога, якая вяла з Масквы ў Варшаву. У межах горада яна стала галоўнай магістраллю, атрымала назву вуліцы Шасейнай (цяпер імя Леніна). Падчас яе будаўніцтва руйнавалася старадаўняя радыяльна-кальцавая планіроўка, па яе трасе знікалі ранейшыя і праектаваліся новыя жылыя кварталы. Прайшла дарога і па тэрыторыі “сада Радзівіла”. Гандлёвую плошчу, што з часоў княгіні Анастасіі Алелькавіч знаходзілася недалёка ад берага Случы, перамясцілі ў месца злучэння вуліцы Капыльскай з Шасейнай. Па некалі пустынным беразе Бычка, дзе напрацягу ХІІ- ХІV стст. было толькі царства мёртвых, цяпер імчалі брычкі і дыліжансы, грукацелі сялянскія колы, у базарныя дні шумеў кірмаш. У 1930-я гг. гандлёвую плошчу з цэнтра перанеслі на заходняю ўскраіну, дзе яна знаходзіцца і цяпер. А вызвалены пляц добраўпарадкавалі, пабудавалі двухпавярховы Дом Саветаў, у 1939 г. паставілі помнік Леніну. І толькі будаўнічыя работы, пра якія ішла гаворка на пачатку, калі адкрываліся старажытныя пахаванні, сталі падставай для таго, каб успомніць сівыя стагоддзі.
Тым не менш, пахаванні ў цэнтры Слуцка рабіліся і ў часы нядаўнія.
Тут, у скверыку непадалёку ад цяперашняга Дом дзіцячай творчасці знайшлі спакой некалькі загінуўшых у чэрвені 1944 г. вызваліцеляў Слуцка. Да пачатку 50-х гг. на іх брацкай магіле стаяў помнік, а калі побач пачалі ўзводзіць будынак гаркама партыі (цяпер Дом дзіцячай творчасці), іх перапахавалі.
Некаторыя старажылы помняць і такі цікавы факт. У 1950-я гг. узнікла неабходнасць замяніць стары электрычны кабель, пракладзены ў 1930-я гг. уздоўж вуліцы Урыцкага (ёй цяпер вернута гістарычная назва Капыльская). Па яго трассе ад плошчы з Домам Саветаў да млынкамбіната выкапалі траншэю і знайшлі на дне паверху кабеля чалавечыя астанкі. З-за таго, што ў тыя часы непадалёку знаходзілася турма, можна не сумнявацца, што ў 1930-я гг. вырытую траншэю, калі ўпершыню пракладваўся кабель, выкарысталі мясцовыя НКУСаўцы для таемнага пахавання растраляных імі “ворагаў народа”.

 

Могілкі за горадам
У перыяд канца ХVІ - 1-й паловы ХVІІ стст. у Слуцку склалася этна-канфесійная структура насельніцтва, якая ў асноўных рысах захоўвалася і пазней. Галоўнымі групамі былі праваслаўныя, католікі, пратэстанты і іўдзеі. Гэта адбілася на арганізацыі новых могілак.
Іўдзейская абшчына атрымала месца на паўднёвы захад ад горада насупраць Трайчанскага прадмесця, на ўзвышаным левым беразе Случы. Гэта быў абшырны нерэгулярнай планіроўкі пляц, дзе хавалі і адышоўшых у іншы свет членаў яўрэйскіх абшчын з наваколляў, прыпісаных да Слуцкага кагала. Кніга запісаў слуцкай абшчыны, якая вялася з 1679 па 1924 г., змяшчае больш за  20 000 прозвішчаў тут пахаванных. Трапіць на тэрыторыю абнесенага невысокай мураванай сцяной некропаля ў ХІХ-ХХ стст. можна было праз браму, да якой вяла вуліца Крывасёлкі (цяпер вуліца 8 Сакавіка). Дзейнічалі могілкі да Вялікай Айчыннай вайны. Немцы пад час вайны іх разбурылі. Узнікаў яўрэйскага гета вечарам, пасля асноўнай работы, яны застаўлялі адтуль цягаць каменныя магільныя пліты, якія ішлі на падмурак узводзімых чатырох будынкаў па вуліцы Валадарскага (цяпер імя Максіма Багдановіча). Будынкі прызначаліся для нямецкіх афіцэраў (адзін для гэбітскамісара Карла, другі для яго намесніка, іншыя для афіцэрскай гасцініцы). Тры з гэтых будынкаў захаваліся да нашага часу.
У разбураным стане яўрэйскія могілкі захоўваліся да пачатку 1970-х гг. Напрыканцы 1960-х гг. быў распрацаваны праект і падрыхтавана дакументацыя па стварэнню ў Слуцку дэндралагічнага парка, які па плану размяшчаўся на беразе Случы і ўключаў тэрыторыю могілак. Рэалізаваны праект не быў, старыя яўрэйскія могілкі ліквідавалі і тая тэрыторыя адышла пад новы жылы масіў, які называецца “Раён вуліцы Будаўнікоў”.
Хрысціянскі некропаль заснавалі ў пэўнай адлегласці ад горада на паўночны ўсход, па левы бок дарогі, якая ад Востраўскай брамы вяла да Грэска. Пляц меў прамавугольны план, складаўся з раздзеленых равамі праваслаўнай, каталіцкай, лютэранскай і кальвінскай частак. У ХІХ ст. адрэзак дарогі да могілак стаў вуліцай “Кладбішчанскай” (цяпер “Вуліца 14 Партызан”).
Напрыканцы ХVІІІ ст. на праваслаўнай частцы з"явілася драўляная Варварынская царква, якую прыпісалі да гарадскога Успенска-Мікалаеўскага сабора. Да яе ад уваходнай драўлянай брамы вяла дарожка, што існуе і цяпер. У сярэдзіне ХХ ст. царква заставалася адным з двух дзейнічаючых у Слуцку праваслаўных храмаў, аднак летняй ноччу 1956 г. згарэла.
Уваход на каталіцкую частку з вуліцы Кладбішчанскай (цяпер ён перакрыты) вызначаецца мураванай брамай. У 1820 г. непадалёку ад увахода ўзвялі невялікі драўляны касцёл, які прастаяў да 1841 г. З сярэдзіны ХІХ ст. на яго месцы ўжо стаяла драўляная капліца ў гонар “Зняцця з Крыжа Збавіцеля”. Яна да нашага часу таксама не захавалася.
Пра пабудовы на пратэстантскай частцы сведчанняў не захавалася.
Такім чынам, некропалю па Вуліцы 14 Партызан можна налічыць чатыры сотні гадоў. Прыведзеныя разважанні аб часе іх заснавання не супярэчыць звесткам вядомага ў 1960-90-х гг. слуцкага краязнаўцы Рыгора Родчанкі (1929–1994). Ён спасылаўся на словы мясцовага старажыла, былога сакратара Слуцкага павятовага суда Лукаша Трафімавіча Трухана, які сцвярджаў, што гэтым могілкам (на час іх размовы) было не меней 350 гадоў. Калі прыняць за аснову звесткі Трухана, то заснаванне могілак таксама можна аднесці на 1-ю палову або пачатак ХVІІ ст.
Акрамя агульнагарадскіх, меліся невялікія мясцовыя некропалі. Да 1-й паловы ХХ ст. існавалі могілкі на заходняй ускраіне прадмесця Трайчаны. У 1840 г., калі са Слуцка ў Мінск перавялі духоўную семінарыю, на іх перанеслі драўляную семінарскую Стэфанаўскую царкву, якая з гэтага часу стала могілкавай і была прыпісана да гарадской Васкрасенскай царквы. У 1932 г. яе закрылі і пачалі разбураць. Ад саміх Трайчанскіх могілак цяпер таксама нічога не засталося. Гэта месца - па левы бок вуліцы Віленскай, непадалёку ад развілкі вуліц Тутарынава і Салігорскай - адносіцца да тэрыторыі вайсковага гарадка. Напамінам аб Стэфанаўскай царкве з"яўляецца абраз ХVІІ ст. “Узнясенне”, які ў 1921 г. з гэтай царквы быў узяты мастацка-этнаграфічнай экспедыцыяй у Мінск і які цяпер знаходзіцца ў экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея.
Несумненна, што існавалі могілкі і на значна большым за Трайчаны прадмесці Востраў. Але ўжо здаўна яго жыхары карыстаюцца агульнагарадскім некропалем, таму яны зніклі і звестак аб іх не засталося.

 

Царкоўныя некропалі
Меліся царкоўныя і манастырскія пагосты. Напрыклад і цяпер адзначаныя крыжамі пахаванні заўважым побач са Свята-Міхайлаўскім саборам. З ХVІ да пачатку ХХ ст. меўся пагост пры Юр"еўскай царкве. Былі пахаванні на Замкавай горцы каля Успенскага сабора. Там, каля правага кліраса сабора пахавалі слуцкага князя Юрыя ІІІ Алелькавіча (1559-1586). Пасля таго, як у 1852 г. на Падзамчышчы не стала фарнага касцёла, на месцы касцёльных пахаванняў была ўзведзена драўляная мемарыяльная капліца. Адным з пахаваных там быў слуцкі губернатар, заснавальнік і апякун Слуцкай радзівілаўскай друкарні Казімір Клакоцкі (1625-1684).    
Манастырскія некропалі былі большымі. У цэнтры горада на беразе Случы з 1600 па 1797 г. дзейнічаў Праабражэнскі манастыр. Яго будынкі згарэлі ў 1810 г., месца засталося пакінутым. У сярэдзіне ХІХ ст. падчас аднаго з вясенніх разліваў Случы манастырскія могілкі размыла вада і праваслаўныя вернікі зрабілі перапахаванне. 
З ХV да сярэдзіны ХІХ ст. на правым баку вуліцы Віленскай размяшчаўся Ільінскі манастыр. Цяпер вуліца спрамлена і праходзіць па былому манастырскаму некропалю. Частка яго аказалася па левы бок вуліцы, паміж “КэНээСкай” і мосцікам цераз Случ, які называецца “Чортавым”.  Там былі адкрыты пахаванні падчас земляных работ гадоў дзесяць таму.
Меліся пахаванні на тэрыторыі Бернардзінскага кляштара. Цяпер яго корпус заняты маслабазай і за даўнасцю гадоў мала што там засталося.
Значнымі для гісторыі Слуцка з"яўляліся могілкі праваслаўнага Троіцкага манастыра, пачатак якога губляецца ў далёкіх стагоддзях. Здаўна там хавалі і простых манахаў і царкоўных іерархаў, чые імёны ўвашлі ў гісторыю. Адзін з іх – Міхаіл Казачынскі (1699-1755) – рэлігійны праваслаўны дзеяч, філосаф, педагог, беларускі і ўкраінскі пісьменнік, адзін з пачынальнікаў сербскай драматургіі, які ў 1748 г. стаў слуцкім архімандрытам. Тут пахавалі княгіню Сафію Юр"еўну Алелькавіч (1585–1612), чыя труна пасля аб"яўлення яе блажэннай размяшчалася спачатку ў прыдзеле Троіцкага сабора, пазней у цёплай Дабравешчанскай царкве, а цяпер яе святыя мошчы пакояцца ў Свята-Духавым саборы ў Мінску. Тут былі пахаваны адзін з трох апошніх братоў-князёў Алелькавічаў Аляксандр Юр"евіч (1563-1591), жонка вялікага гетмана Літоўскага Януша Радзівіла княгіня Марыя (1625-1660) і іх малалетні сын. Знайшоў спакой першы генерал-губернатар далучаных у канцы ХVІІІ ст. да Расіі зямель Міхаіл Крачэтнікаў (1729-1793), які ў 1792 г. камандаваў увядзеннем расійскага войска ў Рэч Паспалітую. У 1930-я гг., калі манастыр быў закрыты, а на яго месцы размясціўся 1-шы вайсковы гарадок, могілкі пачалі разбураць і з часам яны зніклі. 

 

Пахаванні ахвяр вайны
Падчас Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі 1-га вайсковага гарадка нямецкія захопнікі арганізавалі для савецкіх ваеннапалонных канцэнтрацыйны лагер, куды з 1942 г. пачалі змяшчаць і мірных грамадзян. Лагер лічыўся перасыльным, на забеспячэнне ежай і ўмовы ўтрымання ўвага звярталася ў найменшай ступені. Вязняў тут не толькі растрэльвалі – вядома, што ад голаду і хвароб у перыяд з ліпеня 1941 па верасень 1942 г. загінула больш за 10 тысяч чалавек. Пасля вызвалення праводзіліся абследаванні месцаў пахавання з вызначэннем колькасці загінуўшых (тады налічылі прыкладна 14 тысяч). Акты абследаванняў сведчаць, што пахаванні на тэрыторыі лагера адбываліся на працягу 1941-44 гг. Пасля вайны частку загінуўшых перанеслі ў брацкую магілу побач з гарадскімі могілкамі. Аднак значная частка пахаванняў заставалася некранутай. Неаднойчы парэшткі загінуўшых адкрываліся падчас земляных работ, напрыклад у 1965 г., калі вайскоўцы спрабавалі ўзвесці канструкцыі пад бензасховішча. На працягу многіх гадоў былыя вязні лагера і жыхары горада ставілі пытанне і прыкладалі намаганні, каб нейкім чынам на гэтым месцы ўшанаваць памяць ахвяр вайны. Восенню 2002 і вясной-летам 2003 гг. ротай спецыяльнага пошукавага батальёна тут былі праведзены частковыя раскопкі, а 22 чэрвеня 2004 г. на вайсковым пляцы 307-й асобнай чыгуначнай брыгады быў адкрыты памятны знак. На цырымоніі адкрыцця, у якім прынялі ўдзел і 19 былых вязняў (14 случан, 3 - з іншых гарадоў Беларусі, па аднаму з Расіі і Украіны), была агучана новая лічба загінуўшых у канцлагеры – больш за 20 тысяч чалавек.
На паўночнай ускраіне горада, у раёне металааб"яднання з 1958 г. стаіць помнік, якім адзначана месца пахавання ахвяр слуцкага гетта, ліквідаванага фашыстамі ў лютым 1943 года. Загінула тады 3 тысячы чалавек.
Загінуўшыя у канцы чэрвеня 1944 г. вызваліцелі горада пакояцца ў размешчаных на тэрыторыі старых могілак па вуліцы 14 Партызан брацкіх магілах. Афіцыйна прыводзіцца, што тут пахавана чатырнаццаць тысяч воінаў, партызан і мірных грамадзян, якія загінулі на працягу 1941-44 гадоў. На паўднёва-заходнім баку могілак у маі 1975 г. быў урачыста адкрыты мемарыяльны комплекс. Уваход сюды аформлены брамай у выглядзе двух бетонных сценак-пілонаў з рэльефнай выявай. Сюды ўключаны пахаванні, якія ўяўляюць тры выцягнутыя ў даўжыню магілы, да сценак якіх прымацаваны мармуровыя дошкі з імёнамі 396 загінуўшых вайскоўцаў і партызан. Замыкае кампазіцыю архітэктурна-скульптурная кампазіцыя з бетону: сцяна-брама з тэкстам і фігурай воіна. Гэта месца правядзення ўрачыстасцяў, звязаных з памяццю аб падзеях апошняй вайны, у гонар вызвалення краіны і Дня Перамогі.
Мінаваўшы браму, непадалёку яшчэ знойдзем пахаванні вызваліцеляў. Адно з іх з захаду замыкае праваслаўныя могілкі. Гэта брацкая магіла 14 (раней лічылася 13) вызваліцеляў - воінаў 32 гвардзейскага і 30 гвардзейскага кавалерыйскага палкоў. На бетонным абеліску, усталяваным у 1972 г. прыводзяцца прозвішчы адзінаццаці з іх, у тым ліку палкоўніка Міхаіла Кулікова і падпалкоўніка Ільі Галавашчанкі, імёны якіх нададзены вуліцам горада. Каталіцкую частку таксама замыкае пахаванне з двух брацкіх магіл. Яно безымяннае, на пастаўленым у 1960-я гг. абеліску прыводзіцца агульны тэкст пра тых жа 14 тысяч, загінуўшых у гады вайны. Яшчэ адно пахаванне знаходзіцца бліжэй да вуліцы 14 Партызан і размяшчаецца на лютэранскіх могілках. Гэта дзве брацкія магілы. Тэкст на ўсталяваным у 1963 г. абеліску сведчыць, што тут пакояцца 340 воінаў 28-й арміі і конна-механізіраванай групы 1 Беларускага фронту. Да іх з боку прымыкаюць яшчэ шэсць безымянных магіл. Непадалёку ад мемарыяла знаходзяцца помнікі загінуўшай у 1943 г. работніцы бальніцы Надзеі Маглыш, якая супрацоўнічала з партызанамі і падпольнай групай, узначальваемай яе братам Пятром; загінуўшаму ў 1945 г. Герою Савецкага Саюза камандзіру супрацьтанкавай гарматы сяржанту Вайку Леваняну; непадалёку ад уваходу на могілкі - знішчаным фашыстамі ў 1943 г. сем"ям Слухоўскіх і Нікольскіх. 
Адзначым, што мемарыяльная мясціна, прысвечаная ваенным ахвярам, у горадзе з"явілася яшчэ ў 1922 г., калі на вуліцы Шырокай перапахавалі забітых польскімі акупантамі тых, каго цяпер называюць “14 Слуцкіх партызан”.  У 1920-м г., калі горад быў заняты польскімі легіянерамі, яны схапілі сабраўшыхся на канспіратыўнай кватэры 26 падпольшчыкаў, партызан і польскіх жаўнераў. 12 з іх ваенна-палявы суд прысудзіў да катаргі, а 14 – да растрэлу. Смяротны прыгавор прывялі 25 красавіка на лютэранскай частцы гарадскіх могілак. Пасля ўсталявання Савецкай улады вуліца Кладбішчанская, па якой вялі асуджаных, была пераіменавана ў Вуліцу 14 Партызан, а Шырокая атрымала назву Камсамольскай. У 1926 г. на месцы перапахавання быў усталяваны помнік. Яго ў 1941 г. немцы знішчылі. У 1947 г. там з"явіўся сціплы бетонны абеліск, які ў маі 1970 г. замяніла стэла, зробленая з гранітнага валуна. На ім выбіты імёны пахаваных герояў. Разам з імі выбіта імя Мікалая Бялько – кіраўніка атрада  імя 14 Слуцкіх партызан, які дзейнічаў на Случчыне пад час Вялікай Айчыннай вайны. Бялько загінуў у 1944 г. і быў пахаваны спачатку на сваёй радзіме, а пазней перапахаваны разам з героямі грамадзянскай вайны. З гэтай нагоды наш зямляк пісьменнік Янка Скрыган звяртаў увагу на тое, што пахаванне героя Айчынай вайны разам з героямі вайны грамадзянскай не абгрунтавана, бо гэта розныя гістарычныя падзеі. Акрамя таго, як дадае той жа Янка Скрыган, тут быў пахаваны яшчэ адзін герой – камандзір партызанскага атрада І. Качаноў, але яго імя не аказалася выбітым на помніку.
Старыя гарадскія могілкі па вуліцы 14 Партызан цяпер закрыты. На сёняшні дзень яны застаюцца адзіным значным гарадскім некропалем. У яго традыцыйны выгляд ХХ ст. унесла змяненні. Пасля Вялікай Айчыннай вайны з паўночна-заходняга боку, за пратэстантскімі могілкамі, з"явілася частка, дзе пачалі хаваць памерлых прадстаўнікі яўрэйскай абшчыны горада. З заходняга і паўднёва-заходняга боку з"явіліся брацкія магілы і мемарыяльны комплекс. Агульная плошча слуцкага гістарычнага некропаля цяпер складае 5,6 гектара.
У 60-80-я гг. значная частка жыхароў не прытрымліваліся падзелу пахаванняў згодна з веравызнаннем. Магчыма з-за абмежаванасці плошчы, магчыма з-за адмоўнага стаўлення да дарэвалюцыйнага мінулага, якое культывавалася ў савецкія часы, многія пахаванні рабіліся без уліку размяшчэння старых могілак. Выклікае пачуццё суму відовішча, калі сярод сучасных могілак з-пад зямлі выглядаюць засыпаныя занядбаныя і разбураныя старыя помнікі. Найбольш дагледжанымі з"яўляюцца мемарыяльны комплекс, брацкія магілы і пахаванні пераважна 1970-80-х гг. Старыя помнікі адносяцца да ХІХ – пачатку ХХ стст. Пры правядзенні даследаванняў і вывучэнні, магчыма знайшліся б і надмагіллі ранейшых часоў. У большасці гэта надмагільныя пліты і абеліскі, вычасаныя з пясчаніка, граніта, мармуру, адлітыя з бетону або зробленыя з металу, якія нясуць прыкметы стылю класіцызм, ёсць і тыя, дзе адчуваюцца рысы барока, мадэрну. Несумненна, што над многімі з іх працавалі майстры на месцы. На некаторых можна знайсці адзнакі майстэрняў Мінска, Варшавы. Сустрэнем тут металічныя каваныя і літыя агарожы, якія, як і многія помнікі, з"яўляюцца сапраўднымі творамі мастацтва. Нажаль, бязбожныя вандалы і шукальнікі скарбаў напрацягу многіх гадоў разбураюць або і знішчаць старыя пахаванні пераважна з шыкоўнымі надмагіллямі. Яскравым прыкладам таму з"яўляюцца два металічныя каталіцкія надмагіллі, адно з якіх мае выгляд каплічкі ў гатычным стылі, другое - пастамент з калонай у стылі класіцызм. Іх знішчаныя тэксты не дазваляюць даведацца, хто тут пахаваны, апошні помнік скінуты на зямлю. Побач з імі заўважым пастаменты ад скінутых мармуровых помнікаў. Непадалёку знойдзем помнік нявестцы Напалеона Орды, жонцы яго сына Міхаіла – Люцыны Орда з роду Руткоўскіх, якая памерла ў 1903 г. Гэтая магіла пасля вайны была разрыта шукальнікамі скарбаў, а ў 1980-я гады выраватана Рыгорам Родчанкам ад знішчэння (ён выклікаў міліцыю, заўважыўшы пад"ёмны кран, які спрабаваў пагрузіць і вывезці мармуровую пліту помніка). Тым не менш, пазней помнік быў папсаваны і цяпер знаходзіцца ў разламаным выглядзе. Тут, на каталіцкай частцы, злева ад брамы знойдзем сціплы помнік пісьменніку-дэмакрату і педагогу, удзельніку паўстання 1863-64 гг. Альгерду Абуховічу ( 1840-1898). Шпацыр па каталіцкай частцы дазволіць заўважыць арыгінальныя помнікі на магілах святароў, простых жыхароў і тых, хто некалі складаў вярхі мясцовага грамадства.
 На праваслаўнай частцы пашанай многіх жыхароў карыстаецца магіла памёршага ў 1927 г. іераманаха Макарыя, якому на сродкі праваслаўных вернікаў нядаўна пастаўлены новы помнік. Іх намаганнямі адноўлены або прыведзены ў належны стан некалькі пахаванняў даўнейшых слуцкіх святароў. Тут таксама знойдзем пахаванні знакамітых у свой час слуцакоў: чыноўнікаў, вайскоўцаў, выкладчыкаў і дырэктароў слуцкай мужчынскай гімназіі, у тым ліку помнік выкладчыку мужчынскай гімназіі Мікалаю Пратапопаву (1830-1906), які яго былыя вучні прывезлі з Пецярбурга.
Самымі занядбанымі з"яўляюцца пратэстантскія могілкі. Старыя лютэранскія помнікі амаль зніклі з-за размешчаных на тым месцы пахаванняў ХХ ст, на кальвінскіх, якія прымыкаюць да жылога сектара, у кустах і траве ледзь заметны надмагіллі вядомых у свой час вайскоўцаў, маршалкаў павятовай шляхты.
Сектар, які прымыкае да мемарыяла, заняты пахаваннямі 1970-80-х гг. Тут стаяць помнікі тым, каго і цяпер з гонарам успамінаюць на Случчыне, у тым ліку С.Ф. Рубанаву (1914-1987) - былому дырэктару сярэдняй школы №10, які першы з педагогаў Беларусі стаў Героем Сацыялістычнай працы; В.П. Козелу (1890-1980), якому прысвоілі званне Героя Сацыялістычнай працы за заслугі ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці і іншым. Нажаль, памяць аб тых, хто жыў да ХХ ст. адыходзіць у нябыт, іх пахаванні прападаюць. Напрацягу многіх гадоў матэрыялы пра пахаваных на старых могілках збіраў Рыгор Родчанка. У 2-й палове 1980-х гг. ён выношваў план прывядзення старадаўніх могілак у належны стан сіламі сябраў нефармальных аб"яднанняў. Нажаль, заўчасная смерць краязнаўцы прыпыніла цікавы і значны праект, невядома куды дзеліся сабраныя ім матэрыялы.
Як бачым, старыя слуцкія могілкі па Вуліцы 14 Партызан уяўляюць гісторыка-мемарыяльны комплекс з некалькіх частак, кожная з якіх мае свой характар і гісторыю. Вельмі шкада, што стан шматлікіх старадаўніх помнікаў, якія з"яўляюцца такімі ж захавальнікамі гісторыі краю, як і мемарыяльныя пахаванні часоў Вялікай Айчыннай вайны, дэманстрыруе сёння варварскія адносіны да той жа гісторыі. Хаця, дзеля справядлівасці, трэба адзначыць, што нярэдка рука варвара не мінае і могілкі пачыўшых нядаўна.

 

 

Ігар Ціткоўскі   
Літаратурна-мастацкі і грамадска-палітычны часопіс “Полымя”, №4 (954), красавік 2009.