Памятны знак на месцы апошняга бою 121-й стралковай дывізіі

Памятны знак на месцы апошняга бою 121-й стралковай дывізіі

15.08.2021

 

Мемарыяльны комплекс салдатам і афіцэрам, якія змагаліся ў нашым раёне летам сорак першага, знаёмы ўсім старадаражанам. А вось месца, дзе дывізія ў апошнім адчайным рыўку пайшла з акружэння на прарыў, дагэтуль было невядома. Зусім нядаўна, праз восемдзесят год з часу падзей, яго “вылічыў” краязнаўца Уладзімір Бойка.

 

Бой адбыўся шостага жніўня. У апошняй адчайнай бітве з пераўзыходзячымі сіламі вермахта большасць чырвонаармейцаў загінула. З акружэння вырваліся нешматлікія групы. Усе наступныя дзесяцігоддзі, мінуючы гэтую лапінку зямлі, ніхто з нас не ведаў, што зямля тут паліта крывёю і што тут для кагосьці абарвалася, а для кагосьці спраўдзілася апошняя адчайная надзея вырвацца да сваіх.  
 

Валун з памятнай шыльдай Уладзімір Бойка падрыхтаваў і ўсталяваў сваімі сіламі і за свае сродкі. Хутка узвядзенне мемарыялу атрымае далейшае развіццё: побач будзе ўсталявана арыгінальная скульптура з рэшткаў ваеннага ўзбраення.

 

Ва ўрачыстым мерапрыемстве з нагоды ўстаноўкі памятнага камяня прыняла ўдзел старшыня Мінскага абласнога савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая.                           .

 

“Дзякуй усім, хто ўнёс і яшчэ ўнясе свой уклад у распрацоўку краязнаўчай тэмы 121-й стралковай дывізіі, хто клапоціцца аб узбагачэнні патрыятычнай спадчыны раёна і краіны, — сказала кіраўнік дэпутацкага корпусу рэгіёна. — Гэты мемарыяльны знак і сённяшні дзень азначаюць, што памяць пра вайну ў Беларусі непарушная. Няхай будзе вечным мір на нашай зямлі. І няхай глыбокае разуменне яго кошту пераходзіць ад нашых дзяцей да ўнукаў”.

 

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Дзмітрый Давыдаў адзначыў заслугі Уладзіміра Бойкі ў справе ўвекавечвання памяці воінаў Айчыннай Падзячным лістом раённага Савета.

 

Краязнаўца, у сваю чаргу, уручыў прадстаўнікам адміністрацыі раёна падарунак для музея — копію скульптуры помніка воіну-вызваляльніку, усталяванай ў берлінскім Трэптаў-парку. 

 

    

 

Навiны Старадарожчыны