«В лето 6624 (1116)…»

«В лето 6624 (1116)…»

20.01.2020
(да 890 – годдзя першага ўпамінання Слуцка ў летапісе)

В лето 6624 (1116) поиде Володимер (Мономах) на Глеба. Глеб бо бяше воевал Дреговичи и Случеск может и не ка яшеться о сем, ни покоряшеться» [1]. Вось такімі радкамі ў летапісе згадваецца пра Слуцк. Ёсць і больш раннія даты ўпамінання пра яго, напрыклад 1097 год, і 1086 год, і нават 1005 год [2]. У свой час апошнюю дату мясцовы краязнавец Р. Родчанка прапанаваў прызнаць афіцыйнай датай першага прыгадвання Слуцка ў пісьмовых крыніцах [3]. На жаль, пісьмовых звестак для ўстанаўлення дакладнай даты недастаткова, бо яны маюць адносна позняе паходжанне. Але археалагічны матэрыял не супярэчыць меркаванню Р. Родчанкі. Раннія напластаванні слуцкага дзяцінца ўтрымліваюць кераміку XI ст. Гэтыя знаходкі дапаўняюць сціплыя радкі летапісаў, праліваюць святло на гісторыю штодзённага побыту горада.

Але якім быў горад той пары, калі ў ім адбываліся трагічныя падзеі, згаданыя ў летапісе пад 1116 годам?

Старажытная частка сучаснага Слуцка – гарадзішча. Яно знаходзіцца ў цэнтры горада, непадалёку ад скрыжавання вуліц Леніна і Максіма Багдановіча, у сутоцы ракі Случ і ручая Бычок і займае пясчаную выспу памерамі 100 х 80 м, якая ўзвышаецца над поплавам на 5 – 7 м. Першыя насельнікі з"явіліся тут, відаць, яшчэ ў сярэдзіне I тысячагоддзя да н. э. З той далёкай пары дайшлі да нас знаходкі: жалезная сякера-кельт, некалькі гліняных прасліцаў і чарапкі грубаляпнога посуду. У старажытнарускі перыяд на гэтым месцы славянскім племенем дрыгавічоў быў заснаваны дзяцінец летапіснага Случаска. У часы Вялікага княства Літоўскага тут размяшчаўся Верхні замак. У XIX – пачатку XX ст. гарадзішча называлася «Саборная горка», бо ў той час тут размяшчаўся Мікалаеўскі сабор. У 1930-я гг. яно атрымала назву «Бязбожная горка», паколькі храм, што размяшчаўся на ім, быў узарваны і на яго месцы распачалі будаўніцтва гарадскога Дома культуры, якое завяршылася ў 1947 г. У 1950–1970-я гг. на слуцкім гарадзішчы размяшчаліся бібліятэка, некалькі жылых і гаспадарчых пабудоў. У 1985–1986 гг. быў узведзены гмах Палаца культуры. Цяпер амаль уся пляцоўка гарадзішча забудавана і пакрыта асфальтам, дзе-нідзе захаваліся зялёныя газоны. Гарадзішча называецца «Вялікая горка», іншы раз гэтае месца называюць «Верхні замак Слуцка». Цікава, што яшчэ захоўваецца міфічнае паданне пра існаваўшы тут некалі падземны ход, па якому нібыта можна было на кані дабрацца з Верхняга замка Слуцка да Капыльскага замка, а гэта напрасткі на карце амаль 50 км.

Дэталі бязмена. 1 – абойма на бязмен. 2, 4, 5 – колцы. 3 – гіра. Археалагічныя раскопкі на слуцкім дзяцінцы. 1985 г.Касцяныя ўтулкавыя наканечнікі стрэл. XII–XIII стст. Археалагічныя раскопкі на слуцкім дзяцінцы. 1985 г.Каменная ліцейная формачка. XIII ст. Археалагічныя раскопкі на слуцкім дзяцінцы. 1985 г.Касцяны гузік. XIII ст. Археалагічныя раскопкі на слуцкім дзяцінцы. 1985 г.



Таўшчыня культурнага слою на слуцкім гарадзішчы складае ад 3,4 да 4,2 м. Па афарбоўцы, шчыльнасці, складу і гістарычнаму паходжанню ён падзяляецца на некалькі стратыграфічных напластаванняў. Першае, што ўтварылася ў XI ст., мае таўшчыню 0,2 – 0,4 м. Яно цёмна-шэрае, вельмі шчыльнае, зрэдку ўтрымлівае знаходкі таго часу. Другое напластаванне ўтварылася ў XII–XIII стст., мае таўшчыню больш за 3 м. Слой па афарбоўцы карычневаты, вільготны, утрымлівае рэшткі старадаўняй забудовы і шмат знаходак. Трэцяе напластаванне датуецца XIV–XVIII стст. Па афарбоўцы яно светла-шэрага колеру, шчыльнае, утрымлівае мноства керамікі таго часу, але моцна перакапана ў XIX–XX стст. Таўшчыня гэтага пласта 0,5 – 1 м.

Археалагічныя даследаванні слуцкага гарадзішча пачаліся ў даваенны час. У 1929 г. беларускія археолагі А.М. Ляўданскі і С.А. Дубінскі заклалі тут невялікі раскоп. Яны сабралі чарапкі ляпнога і ганчарнага посуду, металургічныя шлакі. У 1958 г. шурф на археалагічным помніку заклаў Э.М. Загарульскі. Ён выявіў старажытныя драўляныя канструкцыі. У 1966 г. невялікія раскопкі праводзіў П.Ф. Лысенка, падчас якіх было выяўлена восем ярусаў старажытнай забудовы, а таксама рэчы XII–XIII стст. – прылады працы, зброя, упрыгажэнні, прадметы побыту [4]. Старажытныя рэчы былі сабраны і падчас земляных работ, што вяліся на слуцкім гарадзішчы, а затым перададзены ў Слуцкі краязнаўчы музей мясцовым калекцыянерам В.П. Моргунам.

У 1985–1986 гг. значныя па ўскрытай плошчы і выніках даследаванняў раскопкі праводзіў аўтар артыкула. Была зроблена прарэзка абарончага вала, ускрыта больш за 300 кв. м плошчы гарадзішча. У выніку даследаванняў былі вызначаны планіроўка і забудова слуцкага дзяцінца XII–XIII стст., выяўлены 3 вулічныя маставыя і каля 40 пабудоў, сабрана вялікая калекцыя прадметаў, якія характарызуюць матэрыяльную культуру і побыт насельніцтва тагачаснага Слуцка [5].

Назапашаныя матэрыялы даюць магчымасць зрабіць гістарычную рэканструкцыю Слуцка. Пляцоўка слуцкага дзяцінца ў XII–XIII стст. была абнесена магутным валам. Падножжа вала ўтворана з чырвонай шчыльнай гліны, насып – з пяску. Паверхня вала зарасла дзірваном. Шырыня каля яго падножжа больш за 12 метраў, вышыня каля 6-ці метраў. Па грэбеню ішоў частакол з дубовых бярвенняў. Па-за валам, з вонкавага боку, гарадзішча баранілася ровам глыбінёй каля 2-х метраў і шырынёй да 25-ці метраў, які злучаўся з рэчкай Бычок.

Аснову планіроўкі летапіснага Случаска складалі 3 вулічныя маставыя шырынёй каля 2-х метраў. Насцілаліся яны з дошак, аполкаў, бярвенняў на доўгія лагі. Уздоўж вуліц мясціліся сядзібы, якія размяжоўваліся частаколам двух тыпаў: слупкі ці плашкі, укапаныя ў грунт, або дубовыя калы, што ўбіваліся ў глебу і складалі аснову плятня.

Зрубы жытлаў рабіліся ў чашку з сасновага бярвення. Ніжні вянок пабудовы, для большай трываласці, рабілі з дуба. Шчыліны паміж бярвеннямі канапацілі мохам. У некаторых пабудовах захаваліся дзвярныя праёмы – шырынёй каля 80 см – на ўзроўні 3 – 4-га вянка зруба. У адным з вуглоў праёма рабіўся круглы паз пад пятку дзвярэй. Паабапал дзвярнога праёма ставіліся вушакі з дошак альбо з бярвення. Знойдзена і некалькі дзвярэй. Адна з іх мела памеры 86 х 59 см і была складзена з дзвюх шырокіх дошак, замацаваных планкамі ў шліцы. Па даўжыні аднаго з бакоў дзвярэй рабіліся спецыяльныя шыпы, з дапамогай якіх дзверы мацаваліся да дзвярнога праёма.

Усе пабудовы, незалежна ад іх прызначэння, мелі падлогу, якая насцілалася з дошак на лагі-перакладзіны, што ўсякаліся наўзроўні 2 – 3-га вянка зруба. У жытлах, у адным з дальніх ад увахода вуглоў, на слупавым апечку, стаяла глінабітная печ. Яе памеры каля падмурка былі прыкладна 1,5 х 1,5 м. Чарэўе печы абкладалася каменьчыкамі. Дах пабудоў XII–XIII стст. рабілі з дошак, якія ўпіраліся знізу тарцамі ў дошкузакрыліну. Апошняя мацавалася на «курыцах» – спецыяльных драўляных круках, што ўсякаліся ў лемягі закота. Плошча слуцкіх жытлаў складала 9 – 20 кв. м. Клеці і хлявы мелі плошчу 4 – 12 кв. м.

У пласце XII ст. былі выяўлены рэшткі кузні памерам 3,4x3,5 м з печчу-каменкай. Недалёка ад яе знаходзіўся каркас тачыльнага круга, складзенага з палавінак каменных жорнаў, побач знаходзілася тачыла. У культурным пласце, што запаўняў кузню, знойдзена больш за паўсотні жалезных вырабаў, сярод ІХ – прылады для апрацоўкі металу, паўфабрыкаты i прылады кавальскай справы: цвікарня, зубілы і інш.

Касцяное дзяржанне нагайкі. XII ст. Археалагічныя раскопкі на слуцкім дзяцінцы. 1985 г.Рулявое вясло. XII ст. Археалагічныя раскопкі на слуцкім дзяцінцы. 1985 г.Бронзавая навершша булавы. XII ст. Археалагічныя раскопкі на слуцкім дзяцінцы. 1985 г.Шкляныя і сердалікавая пацеркі. XII–XIII стст. Археалагічныя раскопкі на слуцкім дзяцінцы. 1985 г.



У пласце XIII ст. былі ўскрыты рэшткі пабудовы, якая магла належаць металургу, – зруб каля 16 кв. м. У пласце, які запаўняў пабудову, выяўлена вялікая колькасць металургічных шлакаў і сабраны два дзесяткі крыцаў – жалезных ляпёшак вагою 350 – 1610 г. У пласце таго ж часу знойдзены таксама рэшткі двух пабудоў, вакол якіх выяўлены абзоленая поўсць і абрэзкі скуры. Гэтыя пабудовы належалі слуцкаму гарбару.

Рэчы з раскопак слуцкага дзяцінца з"яўляюцца тыповымі для ўсходнеславянскага горада. Яны прадстаўлены вырабамі з чорнага і каляровага металу, косці і дрэва, шкла і бурштыну, каменя і гліны. Сярод іх ёсць прылады працы і рэчы хатняга ўжытку, дэталі транспартных сродкаў і прадметы ваеннай справы, упрыгажэнні і культавыя рэчы. Яны сведчаць пра занятак і побыт жыхароў слуцкага дзяцінца ў XII–XIII стст.

Да сённяшняга часу дайшлі прылады працы з чорнага металу: кавадла тыпу шперак, зубіла, прабойнік, долата, малаток-цвікадзёр, напільнік, сталярны і касцярэзны нажы, свярдзёлак, разецтакарнага станка, шыла, сякера і г.д. Захаваліся таксама прадметы хатняга ўжытку: нажы кухонныя і сталовыя, нажніцы шарнірныя і спружынныя, цыліндрычныя замкі, ключы да іх і да ўнутраных замкоў, крэсівы, вушкі катлоў і вёдзер, абручы ад вёдзер і дужкі ад іх, патэльні, чапяла, качарга і жаночыя ўпрыгажэнні: шпількі, спражкі. Сярод рэдкіх знаходак – брытва XII ст. Цікавасць уяўляюць і знаходкі дэталей бязмена: абойміца, колцы і гіра вагою ў 6 фунтаў. Са скабяных вырабаў знойдзены розныя тыпы скобаў, прабоі, дзвярны кручок, клямкі, цвікі.

Сярэбраная падвеска. XII ст. Археалагічныя раскопкі на слуцкім дзяцінцы. 1985 г.Касцяныя чаранковыя наканечнікі стрэл. XII–XIII стст. Археалагічныя раскопкі на слуцкім дзяцінцы. 1985 г.Касцяны грэбень. XIII ст. Археалагічныя раскопкі на слуцкім дзяцінцы. 1985 г.Каменныя нацельныя крыжыкі. XII ст. Археалагічныя раскопкі на слуцкім дзяцінцы. 1985 г.



Даволі разнастайныя знаходкі прадметаў узбраення. Гэта наканечнікі рагаціны, дзіды, суліц, стрэлаў. Наканечнікі стрэлаў былі не толькі жалезныя, але і касцяныя, што ўжываліся ў паляванні на дробнага пушнога звера. Знойдзены таксама ўток ад кап"я, скрыжаванне мяча, абойма на похву шаблі, гіра кісценя і бронзавае навершша булавы. З засцерагальнага рыштунку захавалася колца кальчугі. Рыштунак вершніка і баявога каня прадстаўлены стрэменем, шпорамі некалькіх тыпаў, сярод якіх ёсць адна інкруставаная залацістым металам, цуглямі, кольцамі ад збруі, падковамі.

Да сённяшняга часу захаваліся прылады працы, вырабленыя з дрэва, – дубовыя рыдлёўкі, лапаты для веяния зерня, пранікі, даўбёжкі, шавецкая калодка. Драўляны посуд прадстаўлены бандарнымі вырабамі (клёпкі і донцы бочак i вёдзер, бойкі, біклагі, конаўкі) і посудам, зробленым на такарным станку: міскі, талеркі, чашкі. Быў знойдзены і выдзеўбаны посуд – лыжкі, налівачы, каўшы, калатовачкі, якімі падкалочвалі вадкую страву. Сярод дэталей транспартных сродкаў знойдзены спіца кола, капыл саней, вёслы. Сярод апошніх ёсць цэлае вясло. Мяркуючы па памерах, гэта рулявое вясло ад буйной лодкі.

Вырабы гарбарна-шавецкага рамяства прадстаўлены абуткам. Гэта поршні простыя і ажурныя, якія насілі ўлетку, жаночыя чаравікі з арнаментам, боты. Скураная галантарэя прадстаўлена кашалькамі, рамянямі, рукавіцамі. Знойдзены і скураныя мячы, відаць, для гульні ў лапту.

З касцяных вырабаў захаваліся накладкі на лук i калчан для стрэл, гузікі, ручкі нажоў, муфты, прыгалки Знойдзена i касцяная, упрыгожаная арнаментам ручка нагайкі. Вырабы з каменю ўключаюць тачыльныя асялкі з пясчаніку i сланцу, а таксама каменныя дыскі ручных жорнаў. Кераміка прадстаўлена гаршкамі і міскамі. Гаршкі ўпрыгожвалі хвалістым ці лінейным арнаментам.

На слуцкім дзяцінцы знойдзены рэшткі ювелірных вырабаў мясцовай вытворчасці. Гэта каменная ліцейная формачка для вырабу зярнёных пацерак. Менавіта такія ўпрыгажэнні былі ўласцівы галаўным ўборам жанчын-дрыгавічанак. Сярод нешматлікіх прадметаў з каляровага металу ёсць бранзалеты і пярсцёнкі з бронзавага дроту. Мяркуючы па прастаце іх вырабу, яны маглі быць мясцовага паходжання. Але выяўлены і прывазныя рэчы. Гэта бронзавая падвеска балцкага тыпу і сярэбраная падвеска, якая ўласціва ўжо фінаугорскім народам. Праз гандлёвыя шляхі траплялі ў Слуцк у XII–XIII стст. з Кіева шкляныя бранзалеты, каралі, пярсцёнкі, шкляны посуд. Шкляныя бранзалеты па каляровай гаме прадстаўлены ўсім спектрам вясёлкі, акрамя чырвонага колеру, які вельмі рэдка сустракаецца сярод шкляных вырабаў гэтага часу. Але найбольш слуцкім жанчынам XII–XIII стст., відаць, падабаліся бранзалеты блакітнага і сіняга колераў. Быў знойдзены бранзалет візантыйскага паходжання. Ён масіўны, трохгранны ў сячэнні, зеленаватага колеру. З паўднёвых зямель Русі ў Слуцк траплялі крыжыкі з каменю-парфіру. Яны вырабляліся ўХерсанесе (Корсуні). Адтуль жа, відаць, прывозіліся ў Слуцк і амфары, у якіх было віно ці аліўкавы алей. Фрагменты такіх амфар знойдзены ў час раскопак. З Оўруча, што на Валыні, у Слуцк дастаўлялі прасельцы з ружовага сланцу, якія надзявалі на верацёны. З Каўказа прывозілі самшытавыя грабяні, з Прыбалтыкі – бурштын і вырабы з яго. Знойдзены бурштынавыя пацерка і падвеска.

Насельніцтва Слуцка ў XII–XIII стст. займалася металаапрацоўкай, гарбарна-шавецкім, касцярэзным, дрэваапрацоўчым, ганчарным, ювелірным рамёствамі. Горад меў шырокія гандлёвыя сувязі.

Пра занятак земляробствам сведчаць знаходкі сахі, сярпоў і гарэлага збожжа (ячмень, канопля), а таксама жорнаў, жалезных і дубовых пырхліц – спецыяльных прыстасаванняў, з дапамогай якіх жыхары слуцкага дзяцінца атрымлівалі муку рознага памолу. Відаць, у ваколіцах дзяцінца раслі і пладовыя дрэвы, бо ў культурным слоі XII–XIII стст. нярэдка трапляюцца костачкі вішань і сліў.

Шматлікія знаходкі костак свойскіх і дзікіх жывёл, костак і лускі рыб сведчаць пра занятак насельніцтва жывёлагадоўляй, паляваннем і рыбалоўствам. Пра гэта сведчаць таксама знаходкі рэштак косаў для нарыхтоўкі сена, боўтала – спецыяльнага званка, які вешалі на шыю жывёле, калі выганялі пасвіцца, знаходкі гліняных грузілаў, паплаўкоў з бяросты і сасновай кары, кручкоў.

Касцяная шахматная фігурка слана. XIII ст. Археалагічныя раскопкі на слуцкім дзяцінцы. 1985 г.Касцяная шахматная фігурка караля. XII ст. Археалагічныя раскопкі на слуцкім дзяцінцы. 1985 г.1. - Зялёнапаліўная кафля з гербом Слуцка, XVII ст. (русс. – Муравлёный изразец с гербом Слуцка, XVII в.); 2. - Паліхромная кафля з гербом Слуцка, XVII ст. (русс. – Похромный изразец с гербом Слуцка, XVII в.) Археалагічныя раскопкі на слуцкім дзяцінцы. 1985 г.



Пра занятак хатнімі промысламі сведчаць знаходкі трапашак, верацён, прасліц. Падчас даследаванняў былі выяўлены берасцянка для збору ягад і грыбоў, арэхаў. У пласце XI ст., у гаспадарчай яме, было сабрана больш за дзве сотні цэлых арэхаў, знойдзены непашкоджаны грыб-пеўнік стракаты.

Пра багацце духоўнай культуры могуць сказаць знаходкі чатырох шахматных фігур: пешкі, ладдзі, слана, караля. Пешка і ладдзя выразаны з дрэва, а слон і кароль – касцяныя. Кароль уяўляе сабою выяву чалавека, які сядзіць на троне і ўладна склаў рукі на каленях. З-пад дарагога галаўнога ўбору відаць валасы, стрыжаныя «пад гаршчок». На твары ледзь бачны кароткія вусы і барада. Ногі абуты ў доўгія боты. Фігурка выразана з рога лася і даволі масіўная, вагою 65 г. Вышыня яе 6,8 см, памеры па аснове 3,2x3,3 см. Знаходка датуецца пачаткам XII ст. Бліжэйшы аналаг такой фігуркі вядомы толькі ў Нарвегіі. На тэрыторыі Усходняй Еўропы гэта пакуль што першая знаходка падобнага роду.

Пра пісьменнасць жыхароў слуцкага дзяцінца гавораць знаходкі пісалаў, якімі пісалі па навошчаных дошчачках, а таксама некаторыя знаходкі з меткамі – літарамі на іх. У прыватнасці, знойдзена днішча бочкі з выразанай на ім літарай «И».

На дзяцінцы старажытнага Слуцка выяўлены рэшткі мураванага храма, узведзенага, відаць, у сярэдзіне XII ст. Знойдзеныя плінфы (тонкая цэгла) і вапняковыя пліты дазваляюць меркаваць, што храм быў выкананы ў тэхніцы змешанай муроўкі. У такой тэхніцы ў Беларусі створаны храмы св. Міхаіла і Дабравешчання ў Віцебску і Барысаглебская царква ў Наваградку.

Вынікі археалагічнага даследавання слуцкага дзяцінца сведчаць, што Слуцк у XII–XIII стст. з"яўляўся тыповым удзельным цэнтрам, у якім спалучыліся амаль усе адметнасці ўсходнеславянскай урбаністыкі таго часу.

1. Полное собрание русских летописей. Т. 2. Стб. 282.

2. Грицкевич А.П. Древний город на Случи. Мн., 1985. С. 3–4.

3. Родчанка Р.В. Слуцкая старасветчына: (факты i разважанні). Мн., 1991. С. 7.

4. «Лысенко П.Ф. Города Туровской земли. Мн., 1974. С. 142–153.

5. Колединский Л.В. Городище средневекового Слуцка (предварительные итоги исследований 1985–1986 гг.) // Гістарычна-археалагічнызборнік. Мн., 1994, № 4. С. 134–139.


Леанід КАЛЯДЗІНСКІ
Фота Л. Калядзінскага.
Беларускі гістарычны часопіс (Белорусский исторический журнал), № 10, 2006
Фота на застаўцы – Археалагічныя раскопкі на слуцкім дзяцінцы. 1985 г.

Аблічбоўка тэксту - Уладзімір ХВОРАЎ