Этнаграфічная даведка
Случчына адносіцца да Цэнтральнай Беларусі – аднаго з гісторыка этнаграфічных рэгіёнаў нашай краіны. Гістарычная вобласць – Чорная Русь. Фізіка – геаграфічная правінцыя – Прадпалеская. У пачатку 2-га тыс. На Случчыну прыйшлі дрыгавічы. Асноўнымі тыпамі забудоў з"яўляліся аднарадныя (пагонныя). Асноўнымі тыпамі жылля: хата + сенцы + камора, хата + сенцы (трысцен). Групы народных гаворак: слуцкая, сярэднебеларуская. Слуцкія гаворкі сталі падставай да выдзялення асобнай часткі дрыгавічоў пад назвай сакуны. Першым заўважыў асаблівасць слуцкіх гаворак Я.Ф. Карскі ў сваёй працы «Беларусы». У 1915 г. выйшла кніга І.А. Сербава «Беларусы-сакуны», дзе змешчаны граматычны нарыс гаворак некаторых вёсак Случчыны. Савецкія вучоныя таксама вылучылі асаблівасці мовы нашай мясцовасці, у т.л. жыхароў вёскі Бокшыцы. Пра гэта гаворыцца ў кнізе «Памяць» (2) у артыкуле «Гісторыя вывучэння і характарыстыка гаворак Случчыны. Такім чынам можна зрабіць выснову, што этнічна тэрыторыя нашага сельскага савета належыць да месца рассялення беларусаў-сакуноў. Пра гэта сведчаць і тыповыя асаблівасці мовы некаторых жыхароў вёсак Прошчыцы, Кухты, Гарадзішча, Бокшыцы. І сёння можна пачуць словы: «мыласа», «прыбіраласа», «уходжваласа»,»сьвіння» і г.д.
Сакуны (Звесткі з Вікіпэдыі – вольнай энцыклапедыі)
Сакуны́ – частка беларускага племя дрыгавічаў, засялялі верхнюю плынь ракі Пціч і яе прытоку Арэсы (яе сакуны называлі Расой). Сакунамі іх назвалі за тое, што ўсе дзеясловы на «ся» ў іх сканчаюцца цвёрда на «са», напрыклад: выспоўса, нагукаласа (нагаварылася), завернесса, прогуляймаса, абачніса (прачніся). Па статыстычных звестках на 1915 год агульная колькасьць сакуноў налічвала 10 200 чалавек, з якіх 5300 мужчын і 4900 жанчын.
Побыт сакуноў. Паселішча.
Паселішча звычайна размяшчаецца на астраўку, па беразе рэчкі альбо балота, цягнецца доўгай стужкай, акружанае азяродамі (прыстасаванні для сушкі зерня). Вуліцы крывыя, вузкія. Адзін канец вуліцы, звычайна лепшы для ўезду, называюць белым, іншы канец – чорным. Часцей за ўсё каля белага канца вуліцы стаіць высокі крыж з распяццем, а далей, у полі, размяшчаюцца могілкі.
Падворак.
Двор сакуноў быў шчыльна забудаваны толькі з двух бакоў і адгароджаны ззаду і ад вуліцы праслам альбо частаколам з весьніцамі.
Хата.
На адным баку сядзібы, на адлегласці 3– 4 метры ад вуліцы, за частаколам стаяла невялікая, звычайна 6,5×5,5 метраў, бярвеністая хата, рубленая ў вуглы. Увогуле без фундамента; першы вянец клалі проста на зямлю альбо на камяні, абгароджвалі вакол тонкімі бярвеннямі і абсыпалі зямлёю. Такую заваліну называлі «прызбай». Высокая страха з дранкі альбо гонты, з двума крутымі скатамі, а таксама з карнізам і абшытым шчытом, альбо франтонам, спераду. Па самаму верху ўздоўж усёй страхі цягнецца «воўк», збіты з дзвюх доўгіх дошак. Бакі абодвух скатаў у самага франтона абшытыя дошкамі, якія называюць «закрылінамі».
У хаце абавязкова менавіта тры маленькіх акна, з якіх адно на вуліцу і два на падворак. Чацьвертага акна ў сваёй хаце сакун ні завошта не прасячэ.
Студня.
Студні ў асноўным не маюць «сахі» ды «жураўля». Сакуны ніколі не карысталіся каромысламі, вёдры носяць у руках.
Вопратка.
Белая суконная кароткая світка, верхняе адзенне зімою і летам, аднаго крою для мужчын і жанчын, – шчыльна абхапляе стан і разыходзіцца на сцёгнах двума клінамі, у якія ўшытыя кішэні. Нізкі стаялы каўнер (коўнер), правае крысо захінаецца зверху. Кліны па рубцах для прыгажосці абшытыя шнурком цёмна-сіняга колеру. Такім чынам, на клінах утвараецца від вусоў. Белую світку «з вусамі» адносяць да самага старажытнага і распаўсюджанага некалі на Беларусі крою. Зімою дарослыя насілі белыя кажухі такога ж пакрою, як і світка.
Мужчынская белая палатняная кашуля з кароткім стаялым каўняром, без зборак на плячах, з прамым каўнерам на грудзі – носяць кашулю на выпуск і зашпіляюць на грудзі металічнай спражкай. Такія ж белыя порты са шнурком на пасе. Зімою паўзверх портаў апраналі яшчэ суконныя белыя штаны. Святочная кашуля бывае прыгожавытканая альбо вышытая на падоле, каўняры і коўнерцах рукавоў.
Жаночая кашуля трохі даўжэйшая, да каленаў, з адкладным каўнерыкам, поламі і доўгімі рукавамі, якія бываюць цалкам вытканыя альбо вышытыя. Кароткая, трохі ніжэй каленяў, белая спадніца, на поясе, носіцца нізка на паясніцы. Зімою і па святах жанчыны і дзяўчыны носяць кароткія суконныя андаракі альбо ваўняныя панёвы з кабатом. Фартух у дзьве полы на «скутах», прыгожа вышыты альбо вытканы знізу. Мужчыны і жанчыны насілі суконныя белыя камізэлькі амаль што аднолькавага крою.
Нявесты і маладыя жынчыны (маладзіцы) па святах апраналі безрукаўкі альбо нагруднікі, прыгожа вышываныя пазумэнтамі (галунамі).
Пояс.
Сакуны падпаясваліся доўгім шырокім поясам. Мужчыны насілі на поясе каліту, нож і шабету з краменем, трутам і сталёвым крэсалам.
Абутак.
Абуваліся сакуны ў ліпавыя альбо лазовыя адкрытыя (зрачыя) лапці. Акрамя звычайных пяньковых абор, мужчыны насілі яшчэ і раменныя, а жанчыны – чорныя пляценні альбо тканыя аборы. Летам жанчыны хадзілі басанож, але галёнкі завівалі анучкамі.
Традыцыйныя тыпы жылля вёсак Бокшыцкага сельскага савета