Слуцкія мастакі. Творцы і настаўнікі
08.10.2013
У беларускім мастацтве на працягу XVI–XVIII стагоддзяў разам з іншымі фарміравалася і квітнела Слуцкая рэгіянальная архітэктурна-мастацкая школа. Да нашага часу засталася невялікая колькасць твораў даўнейшых слуцкіх майстроў. Аналіз захаваных твораў сведчыць, што ўжо пачынаючы з XV стагоддзя слуцкія мастакі актыўна пераймалі дасягненні развітых еўрапейскіх мастацкіх школ. Вучыцца яны маглі на прывазных творах, нярэдка самі адпраўляліся па навуку ў далёкія краі. Хоць мясцовыя гістарычныя крыніцы нічога не гавораць пра існаванне мастацкага навучання ў самім горадзе, традыцыі Слуцкай архітэктурна-мастацкай школы з"яўляюцца відавочным сведчаннем аб існаванні пэўных форм навучання мастацкаму і будаўнічаму рамяству на месцы. За адзінае, зафіксаванае на паперы сведчанне пра работу ў Слуцку мастакоў-настаўнікаў мы можам прыняць радок з гарадскога інвентару XVIII стагоддзя, у якім гаворыцца, што мастак Мікалаеўскі меў у падначаленні «двух хлопцаў і двух малераў». Хутчэй за ўсё, што апошнія з іх – гэта мастакі, якія працавалі яшчэ не самастойна, а дапамагалі майстру – былі «падмайстрамі», а першыя са згаданых былі вучнямі.
Інфармацыі пра XIX стагоддзе захавалася больш. Гэта быў час, калі слава горада як мастацкага цэнтра ўжо адыходзіла ў мінулае. Мастак Кандрат Карсалін, які пачынаў творчы шлях у Слуцку ў 1820-я гг. як іканапісец, а пазней вучыўся ў Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў і стаў акадэмікам партрэтнага жывапісу, пазней успамінаў, што ў юнацкія гады ён працаваў са старэйшымі за яго іканапісцамі, у якіх (на тады ўжо яго «акадэмічны» погляд), чаму-небудзь навучыцца магчымасці не было. I гэтаму мы можам верыць, нездарма на працягу XIX стагоддзя таленавітыя юнакі са Случчыны ехалі вучыцца мастацтву ў Полацк, Вільню, Пецярбург, Маскву.
Тым не менш маляваць у Слуцку вучылі і ў XIX стагоддзі. Пра гэта сведчыць прыклад, што пасля закрыцця ў 1826 годзе ў Віленскім універсітэце скульптурнага класа адтуль на нейкі час выкладаць маляванне ў Слуцк прыбыў жывапісец і скульптар Вінцэнт Смакоўскі. А ў 1833 годзе маляванне было ўведзена ў праграму заняткаў Слуцкай мужчынскай гімназіі (зараз – Слуцкая гімназія № 1.). Гэта гімназія дзейнічала з XVII стагоддзя як кальвінская навучальная ўстанова. У разглядаемы перыяд яна знаходзілася адначасова ў падначаленні і кальвінскага сіноду, і дзяржавы, а з 1868 года стала поўнасцю дзяржаўнай.
Маляванне да 1890 года з"яўлялася неабавязковым, за асобную плату – 4 рублі ў год – вучыліся толькі жадаючыя. У малодшых класах яно ўваходзіла ў расклад заняткаў 2 ці 3 разы на тыдзень, а старэйшым вучням прапаноўвалася займацца ў вольны час. Колькасць тых, хто хацеў маляваць, аднак, даходзіла часам да 45 працэнтаў ад ліку ўсіх гімназістаў. Працэс навучання будаваўся прыкладна так, як і ў цяперашніх мастацкіх навучальных установах. Спачатку чарцілі і малявалі плоскія, потым аб"ёмныя геаметрычныя фігуры, далей пераходзілі да гіпсавых архітэктурных элементаў, напрыканцы звярталіся да выяўлення частак фігуры чалавека. Працавалі пераважна алоўкам. З 1874 года пачаў дадаткова дзейнічаць нядзельны клас малявання, дзе бясплатна займаліся найбольш здольныя гімназісты. З 1890 года маляванне стала абавязковым у падрыхтоўчым і трох ніжэйшых класах. Першым вядомым выкладчыкам малявання быў Міхаіл Ляўковіч. Значны ўклад ва ўдасканаленне методыкі выкладання прадмета зрабіў Тамаш Гесэ (у гімназіі яго звалі Іван Хрыстафоравіч Гесэ). З каталогу фонда музея Івана Луцкевіча ў Вільні можна даведацца, што на пачатку XX стагоддзя там знаходзіліся і малюнкі Гесэ. Быў ён асобай разнастайна адоранай. Акрамя выяўленчага мастацтва захапляўся музыкай – іграў на флейце і віяланчэлі. Цікавіўся мясцовай гісторыяй і краязнаўствам, праводзіў археалагічныя даследаванні ў ваколіцах Слуцка. Сабраў археалагічную калекцыю, якую дапаўнялі шматлікія прадметы слуцкай старасвеччыны. На жаль, уся гэта калекцыя загінула ў пажары 1860 года. Можна думаць, што тады ў агні прапалі і многія работы мастака.
Маляванню можна было вучыцца і ў арганізаванай у 1907 годзе Слуцкай прыватнай жаночай гімназіі, на змену якой у 1912 годзе прыйшла гімназія дзяржаўная, але прадмет гэты быў неабавязковы. Сярод выкладчыкаў тут сустракаліся прафесіяналы – выпускнікі Строганаўскага мастацка-прамысловага вучылішча. А выпускніцы, якія прайшлі курс малявання, мелі права працаваць настаўніцамі гэтага прадмета.
Навучанне маляванню ў гімназіях, як пазней і ў савецкіх пачатковых і сярэдніх школах, не мела на мэце прафесійную мастацкую падрыхтоўку. У савецкіх школах доўгі час яно лічылася за прадмет малазначны, да таго ж, адсутнасць належных умоў для заняткаў, недахоп падрыхтаваных спецыялістаў і іншыя прычыны ўплывалі на ўзровень падрыхтоўкі. Той, хто любіў маляваць, шукаў іншыя шляхі далучэння да свету мастацтва.
Шчаслівым прытулкам для здольных слуцкіх падлеткаў стаў гурток выяўленчага мастацтва (пазней студыя), заснаваны пры гарадскім Доме піянераў і школьнікаў у 1953 годзе. Яго арганізаваў і кіраваў ад пачатку і на працягу амаль сарака гадоў Уладзімір Сцяпанавіч Садзін.
Выхаванцы студыі актыўна ўдзельнічалі і станавіліся пераможцамі ў рэспубліканскіх, усесаюзных і міжнародных выстаўках і конкурсах. Напрыклад, Мікалай Карзоў у 1956 годзе першым з юных беларускіх мастакоў атрымаў прэмію і дзве Ганаровыя граматы ЦК ВЛКСМ. А графічныя работы Аляксандра Рубца ў сярэдзіне 1960-х гадоў былі нават адзначаны Ганаровай граматай Акадэміі мастацтваў СССР.
«Тут нават паветра пахла мастацтвам», – так успамінае творчую атмасферу ў студыі яе былы выхаванец, цяпер выкладчык Мінскай дзіцячай мастацкай школы № 2 Мацвей Федароўскі. Зразумела, чаму адсюль выйшаў шэраг майстроў, вядомых і ў нашай краіне, і за яе межамі. У іх ліку цяперашні старшыня Беларускага саюза мастакоў, мастак-графік Уладзімір Басалыга, у творчасці якога дамінуюць тэмы з гісторыі беларускай культуры. Яго брат Міхаіл Басалыга таксама вядомы графік, аўтар серый літаграфій на тэмы старажытнай беларускай гісторыі, ілюстрацый да твораў беларускіх пісьменнікаў. Аддалі браты Басалыгі даніну і педагагічнай справе. Уладзімір Самойлавіч доўгі час працаваў у Беларускай Акадэміі мастацтваў, спачатку на кафедры графікі, а з 1995 года быў дэканам мастацкага факультэта. Міхаіл Самуілавіч з 1993 года з"яўляецца дырэктарам Мінскага мастацкага вучылішча пры БелАМ. Былога слуцкага студыйца, жывапісца і графіка Георгія Скрыпнічэнку называюць першым беларускім сюррэалістам, хоць адзначым, што працуе Георгій Сяргеевіч у розных стылях і тэхніках. Ён з"яўляецца сябрам Беларускай Акадэміі выяўленчага мастацтва.
Займаліся ў студыі Садзіна жывапісец, графік, дызайнер, майстар плаката і канцэптуальнага мастацтва Уладзімір Цэслер і Вячаслаў Дубінка, які цяпер вядомы не толькі як мастак беларускай выцінанкі, але і як прафесійны фатограф і пісьменнік. У студыі першыя крокі да мастацтва рабілі жывапісцы Уладзімір Голуб і Уладзімір Акулаў, чые імёны сёння таксама на слыху аматараў сучаснага беларускага мастацтва.
Студыі ў 1980 годзе было прысвоена званне «народнай». Уладзімір Садзін стаў выдатнікам народнай адукацыі, у 1985 годзе атрымаў званне заслужанага работніка культуры Беларусі. Цяпер студыяй кіруе былая яго выхаванка Наталля Шуманская (Ус). У Цэнтры дзіцячай творчасці можна займацца жывапісам, графікай, лепкай, роспісам па дрэве, рознымі відамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Яшчэ адным цэнтрам мастацкага выхавання ў горадзе з 1977 года стала дзіцячая мастацкая школа. Тут цяпер працуюць шэсць выкладчыкаў і займаюцца каля ста трыццаці вучняў. Спачатку вядучым педагогам ДМШ быў Аляксандр Мікалаевіч Адонін. Можна сказаць, што ў сваёй рабоце Адонін прытрымліваўся традыцый Наварасійскай дзіцячай мастацкай школы, якая ў свой час у Расійскай Федэрацыі славілася наватарскімі падыходамі да навучальнага працэсу.
Выкладчыцкую працу Аляксандр Мікалаевіч сумяшчаў з уласнай творчасцю, удзельнічаў у выстаўках. Творчы патэнцыял рэалізоўваў не толькі ў фарбах – як аматар ён захапляецца музыкай, піша вершы, у свой час уваходзіў у склад слуцкага вакальна-інструментальнага ансамбля «Апрель» і гарадскога хору інтэлігенцыі. Выкладчыцкую работу пакінуў у 1991 годзе, цяпер займаецца жывапісам і графікай.
Лідэрам педагагічнага калектыву ДМШ на працягу апошніх гадоў стала Гунефа Фёдараўна Мацюшэнкава (Шуневіч). Яна выпускніца мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педінстытута (цяпер педуніверсітэт). У мастацкай школе працуе з 1985 года, дзе вядзе заняткі па дэкаратыўнай кампазіцыі. Зробленыя пад яе кіраўніцтвам работы навучэнцаў не аднойчы адзначаліся прызавымі месцамі на рэспубліканскіх і міжнародных выстаўках і конкурсах. Толькі за апошнія дзесяць гадоў вучні Слуцкай ДМШ атрымалі ўзнагароды, з якіх 43 залатыя, 26 сярэбраных, 49 бронзавых медалёў і больш за 70 дыпломаў. За актыўную творчую работу і неаднаразовыя перамогі на шматлікіх конкурсах пятнаццаць вучняў школы сталі стыпендыятамі або атрымалі прэміі спецыяльнага фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Сама выкладчыца мае ўзнагароды ўпраўлення культуры аблвыканкама, Міністэрства культуры Беларусі. За поспехі і вялікі ўклад у выхаванне творчай моладзі за 2000 год Гунефа Фёдараўна атрымала дыплом і спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі «За выхаванне творчай моладзі». У працы над удасканаленнем праграмы і методыкі выкладання прадмета выкладчыца не спыняецца, пастаянна здзіўляе новымі знаходкамі. Як мастак працуе і сама. Творчыя работы выконвае ў тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (міні-габелен, батык, вышыўка, кераміка) і станковай графікі (акварэль, туш, аловак). Удзельнічае ў выставах.
У навучальных установах мастацтва нашай краіны, а таксама на аддзяленнях дызайну, архітэктуры і іншых вучацца і атрымліваюць прафесію таленавітыя дзяўчаты і хлопцы са Случчыны. Немалая заслуга ў выбары імі жыццёвага шляху старэйшых мастакоў-педагогаў, якія ў сваёй працы з вучнямі з"яўляюцца прадаўжальнікамі традыцый даўнейшых адданых сваёй справе выхавацеляў творчай моладзі.
Ігар ЦІТКОЎСКІ
Краязнаўчая газета
Чэрвень 2005
На здымках:
Слуцкія студыйцы выпраўляюцца ў вандроўку на эцюды. Справа налева: Уладзімір Садзін – кіраўнік студыі, Уладзімір Басалыга (цяпер – старшыня Саюза мастакоў Беларусі), Міхаіл Басалыга (цяпер дырэктар Мінскага мастацкага вучылішча), Мамееў (сын вайскоўца, ад"ехаў пазней у Расію), Мікалай Карзоў (цяпер слуцкі мастак), Уладзімір Суздальцаў (цяпер жывапісец і дызайнер, жыве ў Маскве)
Здымак 1955 г.: На эцюдах (здымак 1950-х гг.)
Выкладчыца Слуцкай дзіцячай мастацкай школы Гунефа Мацюшэнкава (трэцяя злева) са сваімі вучнямі