Рыгор Родчанка "Полымя" - 1965

Рыгор Родчанка "Полымя" - 1965

Зусім нядаўна, пераглядаючы ў вольны час свае архіўныя часопісы, адкрыў для сябе публікацыю пісьменніка, імя якога не раз ужо згадвалася на нашым сайце ў розных артыкулах. Гэта "Маналог настаўніка" Рыгора Родчанкі ў 11 нумары часопіса "Полымя" за 1965 год у раздзеле "Крытыка і літаратуразнаўства". Перачытаўшы твор-разважанне не адзін раз, падумаў: вось быў такі настаўнік, улюблёны ў сваю працу, не раўнадушны, які дасканала ведаў свой прадмет - літаратуру і хацеў дзяліцца сваімі ведамі з вучнямі, хацеў пазнаёміць кожнага з іх не толькі з літаратурнымі творамі, але і з беларускімі аўтарамі, жыццё і творчасць якіх лічыў таксама годнымі ўвагі. Ведаючы, што гэта быў за чалавек, мяне ніколькі не здзівіла тое, што ён не пабаяўся адкрыта пакрытыкаваць наяўнасць падручнікаў-хрэстаматый ў бібліятэках школ і адукацыйныя праграмы за тое, што так мала гадзін адвялі на вывучэнне роднай літаратуры, а таксама ўзгадаў такіх настаўнікаў, якія не маюць жадання развівацца, ім дастаткова ўсяго: і гадзін, і матэрыялу. Родчанка не баяўся праўды і заўсёды знаходзіў вельмі трапныя словы, каб данесці свае думкі да людзей.

Даўно ўжо за плячамі ў мяне засталася школа і ўрокі, але гэта публікацыя падштурхнула мяне да такой думкі: а як зараз абстаяць справы ў адукацыі з урокамі па той жа літаратуры, ці хапае гадзін на творы і біяграфіі пісьменнікаў? У наяўнасьці падручнікаў і саміх твораў я нават не сумняваюся, у наш век гэтага не можа не хапаць. Але, гледзячы на тое, як без асаблівай ахвоты чытаюць сёння дзеці, хочацца даведацца, як з гэтым спраўляецца сённяшні настаўнік. Ведаю, што матэрыяламі нашага сайта карыстаюцца многія настаўнікі, і, можа, хтосьці з іх, прачытаўшы гэты артыкул, а таксама публікацыю Рыгора Родчанкі, захоча, як і гэты чалавек сваёй справы, паразважаць наконт таго, што важна і чаго не хапае сённяшняму настаўніку. Пішыце, калі ласка на пошту(boikoauto@tut.by), будзе прыемна прачытаць і апублікаваць Вашы разважанні на нашым сайце.

   Заснавальнік і ўласнік сайта 
Бойка Уладзімір Уладзіміравіч.