Будынак Слуцкага духоўнага вучылішча

Будынак Слуцкага духоўнага вучылішча

У Слуцку на рагу вуліц Віленскай (да рэвалюцыі Трайчанская) і Трайчанскай (створаная нядаўна новая вуліца, названая ў памяць назвы прадмесця і гістарычнай Трайчанскай вуліцы) стаіць двухпавярховы будынак, металічная шыльдачка на сцяне якога сведчыць, што гэта корпус Слуцкага духоўнага вучылішча, помнік архітэктуры XVIII стагоддзя. 
Дата, аднак, паказана не правільна. Гэта помнік другой паловы XIX ст. Відаць той, хто замаўляў шыльду, за час пабудовы прыняў час першага ўпамінання Слуцкага праваслаўнага духоўнага вучылішча.

Пры гарадской Праабражэнскай царкве з канца XVI ст. дзейнічала брацтва. Яно ініцыявала заснаванне пры ёй Праабражэнскага брацкага манастыра, пры якім на пачатку XVII ст. арганізавалі школу для мяшчанскіх дзяцей. А ў дакументах XVIII ст. згадваецца і дзейнасць пры манастыры духоўнай школы (называлася таксама вучылішча і калегіўм) для дзяцей духавенства. У канцы XVIII ст. на змену вучылішчу прыходзіць духоўная семінарыя. Яна размяшчалася на Трайчанах пры Траецкім манастыры. З 1817 г. разам з семінарыяй ужо дзейнічалі прыходскае і павятовае духоўныя вучылішчы, іх пазней аб’ядналі ў адзінае трохкласнае павятовае духоўнае вучылішча.

У сувязі з перамяшчэннем са Слуцка ў Мінск кафедры архіепіскапа, у 1840 г. у Мінск была пераведзена і семінарыя. Вучылішчу ў спадчыну засталася матэрыяльная база, перш за ўсё драўляныя будынкі, дзе праводзіліся заняткі. Але з часам яны перасталі задавальняць. Узнікла неабходнасць у больш адпаведным вучэбным корпусе.

У 1885 г. для вучылішча па праекце губернскага архітэктара Льва Садоўскага пачалі будаваць мураваны корпус. Месца выбралі на Трайчанскім прадмесці побач з Траецкім манастыром. Закладка адбылася 15 чэрвеня. Адначасова ў горадзе пачыналася і ўзвядзенне мураванага Мікалаеўскага сабора. Таму дзеля такой урачыстасці ў Слуцк 14 чэрвеня прыбыў епіскап Мінскі і Тураўскі Варлаам.

Мікалаеўскі сабор завяршылі ў 1889 г., калі скончылася будаўніцтва вучылішча дакладна невядома. Па архітэктуры яго адносяць да позняга класіцызму. Ён «П» – падобны у плане, двухпавярховы, з бакавымі выступамі-рызалітамі на галоўным фасадзе, завершанымі франтонамі. Сярэдзіну галоўнага фасада вылучаў уваходны тамбур і ступенчаты атык (цяпер яго няма). Фасады дэкарыраваны карнізам і міжпавярховым паяском, на галоўным фасадзе маюцца пілястры, аконныя праёмы абрамляюць ліштвы (па другім паверсе – з сандрыкамі). Унутраная планіроўка калідорная, з аднабаковым размяшчэннем памяшканняў. Акрамя вучэбных класаў і адміністрацыйных пакояў, тут прадугледжваліся і памяшканні для пражывання настаўнікаў.

Лепшыя выпускнікі мелі магчымасць паступаць у сярэднія і вышэйшыя духоўныя навучальныя ўстановы, некаторыя працягвалі навучанне ў свецкіх. У 1889 г. вучылішча скончыў Уладзімір Тэраўскі (1871–1938), які пазней стаў этнографам, кампазітарам, хормайстрам, дырыжорам. Ён стваральнік першай беларускай нацыянальнай оперы, аўтар неафіцыйнага беларускага гімна «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Быў рэпрэсаваны ў 1930-я гады, рэабілітаваны ў 1957 г. 
Выпускніком вучылішча быў Аляксандр Крукоўскі (1901–1945), які з 1930 г. працаваў намеснікам дырэктара інтытута геалогіі АН БССР, з 1935 г. узначаліў гэту ўстанову, а скончыў жыццё ў ГУЛАГу. 
Яшчэ раней, у 1830-я гады, калі ў Слуцку дзейнічала духоўная Мінская семінарыя, тут вучыўся Іосіф Гашкевіч (1814–1872). Ён стаў даследчыкам усходніх культур, мовазнаўцам і дыпламатам, першым расійскім консулам у Японіі.

Пасля рэвалюцыі духоўнае вучылішча дзейнасць спыніла. Будынак прыстасавалі пад казарму пяхотнага палка Чырвонай арміі. Падчас нямецкай акупацыі тут таксама былі салдаты – спачатку нямецкія, потым мадзьяры. Пасля вызвалення Слуцка, з верасня 1944 г. у будынку размясцілася педагагічнае вучылішча. Частку другога паверха да 1961 г. займалі вучэбныя класы сямілетняй школы № 2. У актавай зале да 1959 г. дзейнічаў кінатэатр “Радзіма”, на змену яму восенню 1959 г. прыйшоў аўтамотаклуб ДГСААФ. У 1954 г. педвучылішча перавялі ў Бабруйск, яго замяніла вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі №9. З восені 1965 г. частка будынка, а з 1974 г., калі СПТВ перамясцілася ў іншае месца, увесь корпус быў заняты Слуцкім медыцынскім вучылішчам.

Цяпер навучальная ўстанова мае статус медыцынскага каледжа, яму перададзены некалькі карпусоў былога вайсковага гарадка, што знаходзяцца побач. Аднак галоўным корпусам застаецца гістарычны будынак колішняга Слуцкага духоўнага вучылішча. На сёння гэта адзін з нямногіх захаваўшыхся помнікаў архітэктуры і цікавы помнік гісторыі адукацыі ў Слуцку.

 

 

        Ігар Ціткоўскі