З гісторыі слуцкай тапанімікі
23.04.2013
Як і ў іншых старажытнаславянскіх гарадах, у Слуцку ўмацаванае месца пачатковага пасялення на ўзвышшы ў сутоку Случы і Бычка называлася дзядзінцам. Тут была рэзідэнцыя князя, жылі яго дружыннікі, размяшчаліся сядзібы заможных жыхароў, стаяла саборная царква. Разам з тэрмінам «дзядзінец» здаўна выкарыстоўвалася і назва «горад» (град). У «Хроніцы Быхаўца», напрыклад, прыводзяцца звесткі пра нечаканы напад у жніўні 1503 г. крымскіх татараў. Там гаворыцца, што князь слуцкі Сімяон Міхайлавіч толькі паспеў глянуць з горада на места за раку Случ і ўбачыў там татар на конях. Паступова ў XVI ст. назвы «дзядзінец» і «град» пачала замяняць назва «замак».
Слуцкі замак быў магутным умацаваннем. На пачатку XVI ст. яго неаднойчы штурмавалі крымскія татары, у 1508 г. войскі мяцежнага князя Міхаіла Глінскага, але ён выстаяў. У народнай баладзе пра абарону Слуцка ад татар гаворыцца: «…I калі б дзядзінец – замак слуцкі не Мураш-майстар будаваў, і калі б абарону яго не ваявода Пуцята трымаў, быць бы тады бядзе». З тых часоў пайшла слава пра княгіню Анастасію Слуцкую. Пасля смерці мужа князя Сімяона яна кіравала абаронай краю ад захопнікаў, а потым адбудоўвала горад. Тады тэрыторыя замка і яго земляныя валы сталі вышэйшымі за кошт падсыпкі грунту. Зямлю сюды прывозілі. Таму пасля рэканструкцыі замка яго яшчэ называлі Капец, што азначала месца накапанае, насыпанае.
Па загадзе княгіні Анастасіі быў узведзены яшчэ адзін замак, пад які адышла частка гандлёвай плошчы. Размяшчаўся ён ніжэй Капца, таму атрымаў назву Ніжняга або Дольнага замка. А Капец з тых часоў называўся Верхнім або Горным замкам. Размешчаныя побач, яны ўяўлялі адзіны палацава-замкавы комплекс. Калі напрыканцы XVI ст. (па іншых звестках – у XVIІ ст.) на другім беразе Случы з"явілася новае ўмацаванне – Новы замак (Цытадэль), Верхні і Ніжні замкі разам сталі называцца Старым замкам.
Жыццё ў слуцкіх замках з канца XVIII ст. пачало заміраць, потым яны апусцелі, прышлі ў заняпад. У 1811 г. у горадзе адбыўся пажар, які пашкодзіў драўляныя замкавыя пабудовы. Паступова, на працягу 1 й паловы XIX ст., рэшткі абарончых умацаванняў і старыя палацы знікалі. Самай значнай пабудовай на Замкавай горцы, што ўзвышалася ў цэнтры раўніннага па характары горада, засталася саборная царква: на змену згарэламу ў 1811 г. быў узведзены драўляны Успенска-Мікалаеўскі сабор, а ў 1889 г. яго замяніў мураваны Мікалаеўскі. Таму з XIX ст. старажытны дзядзінец быў вядомы як Саборная горка.
Да XV ст. Слуцк размяшчаўся на правым беразе Случы. З XV ст. пачаў засяляцца і левы бераг, з"явілася Зарэчча. Старэйшая частка горада называлася Старым местам або Старым Слуцкам, а Зарэчча – Новым местам (Новым Слуцкам). Планіроўка Старога места складалася паступова і мела радыяльна-кальцавы характар. Новае места забудоўвалася па плане. Кварталы былі прамавугольныя, вуліцы, галоўная з якіх называлася Навамейскай, перасякаліся пад прамым вуглом. Толькі заходняя частка, што ўпіралася ў гарадскі вал і балоцісты нізінны бераг Случы, выглядала кантрастам. Сяліліся тут людзі абы-як, толькі каб на сухім месцы. Аб рэгулярнай планіроўцы не магло быць і размовы. Раён гэты атрымаў назву Крывасёлкі. Так назвалі і цэнтральную вуліцу квартала, якая мела звілісты характар. Цяпер гэты раён не адрозніваецца ад іншых, вуліца прамая і называецца пановаму – «Вуліца Восьмага сакавіка». Апошняя прыкмета колішніх Крывасёлак – балоцісты, парослы чаротам нізкі бераг Случы, – знік мінулым летам падчас падрыхтоўкі горада да Дажынак. За кошт насыпанага прывезенага грунту ён стаў вышэйшым і добраўпарадкаваным.
Сваю назву меў і супрацьлеглы ад Крывасёлак квартал Новага места. Ён займаў тэрыторыю ўздоўж Случы напрыканцы вуліцы Шырокай і ў раёне Цытадэлі. Гэта – Калонія. Назва з"явілася, верагодна, таму, што сялілася там многа людзей, прыбылых з іншых краёў. Князь Януш Радзівіл у 1617 г. у тым раёне заснаваў кальвінскі збор, пры ім адкрыў школу, пазней ператвораную ў гімназію. Ад іх непадалёку стаялі жылыя карпусы, дзс жылі іншагароднія навучэнцы і выкладчыкі. Кальвіністы, асабліва выкладчыкі гімназіі, першыя з якіх былі іншаземцамі, ад мясцовых жыхароў адрозніваліся не толькі верай, але ладам жыцця, выглядам адзення. У Цытадэлі размяшчаўся слуцкі гарнізон – прыватнае войска Радзівілаў, у ліку якога былі найміты – выхадцы з Польшчы, Германіі, Францыі, іншых еўрапейскіх краін. Несумненна, што многія з іх заводзілі сем"і і сяліліся тут жа – на Калоніі. Нашчадкі тых каланістаў з часам асіміляваліся, а назва засталася. Пра гэты раён пачатку XX ст. згадвае ў адным са сваіх апавяданняў Давід Вендроўскі: «…за Садовай пачыналіся «калоніі» – некалькі ціхіх пясчаных вулачак, дзе ў маленькіх доміках з палісаднікамі жылі, кожны са сваім сабакам і са сваёй канарэйкай у клетцы, дробныя чыноўнікі, пенсіянеры, збяднелыя старыя пані і іншыя «бедныя, але высакародныя паны». Тут, на Калоніі, у 1917–1920 гг. дзейнічала заснаваная Радаславам Астроўскім Слуцкая беларуская гімназія. Пазней, у 1930 я гады, знаходзіўся інтэрнат педагагічнага вучылішча. У сваіх успамінах пра гады вучобы ў Слуцкім педвучылішчы пісьменніца Алена Васілевіч згадвае: «…Мы вярталіся позна вечарам у свой студэнцкі інтэрнат на «Калоніі».
Адметным кварталам Старога Слуцка было Школішча. Тэрыторыя, абмежаваная з поўначы гарадскім валам, з усходу Бычком, а з захаду вуліцай Капыльскай, з пачатку XVII ст. стала месцам размяшчэння яўрэйскай абшчыны. У цэнтры ўзвышалася сінагога, пры ёй дзейнічалі яўрэйскія школы, таму яе таксама называлі школай. Гэта сінагога-школа была найбольшым будынкам, то ад яе атрымаў назву і ўвесь квартал. У XIX ст. заможныя яўрэі пачалі сяліцца ў іншых гарадскіх раёнах. А Школішча заставалася месцам пражывання бяднейшых яўрэяў, сяліліся тут і небагатыя беларусы. Тут нарадзіўся адметны дзеяч беларускай эміграцыі Ян Пятроўскі, які ў пасляваенныя гады ў Амерыцы заснаваў прыватны Беларускі дабрачынны асветніцкі фонд, за свае сродкі выдаваў літаратуру на беларускай мове, рабіў пераклады, у тым ліку пераклад з грэчаскай мовы на беларускую дыялогаў Платона. У сваіх мемуарах ён піша: «На долю выпала мне нарадзіцца ў Слуцку на Школішчы… На нашай вуліцы (Бычковай) было шэсць беларускіх хат і гэтулькі ж яўрэйскіх». Ад плошчы, на якой стаяла сінагога, да цэнтра вяла вуліца, якая ў XIX ст. называлася ІІІкольнай. Цяпер ёй прыкладна адпавядае вуліца Парыжскай Камуны.
Да горада прымыкалі прадмесці. Старэйшым было прадмесце Востраў. Яно ляжала з усходу, размяшчалася на высокім узгорку, што відаць і па цяперашнім рэльефе. Даўней акружалі яго балоцістыя нізіны. Цяперашнія старажылы ўспамінаюць, што некалі падчас вясенняга разліву Случы вада вакол Вострава стаяла да гарызонта. Жыло тут шмат рамеснікаў, а ў востраўскай Міхайлаўскай царкве яшчэ ў XIX ст. захоўваліся сцягі рамесных цэхаў. Да прадмесця ад цэнтра горада вяла вуліца Востраўская. У сярэдзіне XIX ст. праз горад правялі шашу, ад яе ў бок Вострава адышла вуліца, якая стала яго галоўнай магістраллю. Тады яна мела назву Гасцінная, цяпер – Сацыялістычная. «На пачатку дваццатых гадоў, – згадвае Востраў, успамінаючы гады вучобы ў Слуцкай гімназіі пісьменнік Максім Лужанін, – гэта было драўлянае паселішча, амаль мястэчка, як Вызна. Вясковае з выгляду… Чамусьці гэтая мясціна здавалася самай зялёнай у горадзе».
З паўднёвага захаду ляжала яшчэ адно старажытнае прадмесце – Трайчаны. Тут цэнтральнай вуліцай была Трайчанская. Даходзіла яна да гарадской Вілснскай брамы, пасля якой, у межах горада да цэнтра ішла як вуліца Віленская. Цяпер гэтыя старажытныя вуліцы аб"яднаны агульнай назвай Віленская.
Прадмесце сфармавалася вакол Траецкага манастыра, адкуль, несумненна, і назва. У параўнанні з Востравам Трайчаны былі меншымі. Ажыўленню жыцця на Трайчанах у XIX ст. спрыяла дзейнасць пры манастыры духоўнай семінарыі. Семінарысты і настаўнікі кватаравалі ў мясцовых жыхароў, прадпрымальныя людзі бачылі сэнс адкрываць тут корчмы. Асабліва ажыўляліся Трайчаны на Троіцу, калі на кірмаш сюды з"язджаліся з усіх ваколіц.
Пазней з"явілася Выгода. Пачало фармавацца прадмесце ў XVIII ст. на поўдзень ад горада, за Навамейскай брамай, склалася ў XIX ст. На працягу XIX ст. насельніцтва Слуцка павялічвалася, а росту тэрыторыі замінала старажытная мяжа, акрэсленая землянымі валамі. У Мінскай губерніі тагачасны Слуцк стаў лідэрам па цеснаце насельніцтва. Тыя, хто вольна сяліўся тут на свабодных землях, мабыць, і далі назву новаму прадмесцю. Яго галоўнай магістраллю была вуліца з той жа назвай, якая за горадам з"яўлялася працягам старажытнай Навамейскай. «Выгода – адна даволі шырокая брукаваная вуліца… Уся ў садах з добрымі агародамі… На Выгодзе я спыняўся, прыязджаючы з Мінска на вакацыі, у свае стрыечнае сястры.» – успамінаў горад свайго юнацтва Максім Лужанін.
Калі ад Выгоды збочыць на захад да ракі, то трапім на месца, у XVIII ст. званым Бажантарня. Тут рос лес, праз гушчу якога былі пракладзены сцежкі і алеі, зроблены адмысловыя месцы адпачынку. Тут вадзіліся розныя жывёлы і птушкі, у тым ліку разводзілі фазанаў (бажантаў па-польску, адсюль і назва). Гэта было месца адпачынку і палявання князя Радзівіла. У XIX ст. сюды прыходзілі на адпачынак местачкоўцы, на шпацыр і краязнаўчыя вандроўкі прыводзілі выкладчыкі гімназіі сваіх выхаванцаў. Папулярным тут, асабліва сярод моладзі, было высокае ўзбярэжжа Случы, што мела назву Маёўка. Сюды дабіраліся і пешшу, і на лодках па Случы. Слава Маёўкі пачала згасаць з канца 1970-x гадоў. Ад колішняга лесу даўно не засталося і слядоў – на тым месцы стары калгасны сад, да якога ўсё больш і больш падступаецца гарадская забудова. А ў Случы, там, дзе некалі можна было з разгону даць нырца і ўволю паплаваць, вады цяпер не больш, чым па калена.
Значная колькасць тапонімаў, верагодна, складаюцца стыхійна і з"яўляюцца вынікам народнай творчасці. Яны звычайна трапныя, вобразныя і лёгкія ў вымаўленні, хоць па характары і не заўсёды «мілагучныя». Напрыклад, папулярны, асабліва ў 1950–1970-x гг., тапонім Штаны азначае месца на ўсходняй мяжы Слуцка, там, дзе галоўная дарога працягвае кірунак у бок Бабруйска, а ад яе адыходзіць дарога на Мінск. Многія народныя тапонімы часам з"яўляюцца ў супрацьлегласць афіцыйным. Напрыклад, абсаджанаму на Штанах у 1967 г. дрэвамі аб"ёмістаму пляцу прысвоілі назву ў гонар 50-годдзя Кастрычніка, але той парк так ніхто не называе. Відаць, з-за таго, што ён не добраўпарадкаваны, а ў тым раёне жыве шмат цыганоў, таму ён ў народзе называецца Цыганскім паркам. У тым жа рэчышчы можна разглядаць прыклад фактычна толькі афіцыйнага, на паперы, існаванне Бязбожнай горкі: - у 1934 г. быў узарваны Мікалаеўскі сабор і Саборную горку ўлады перайменавалі ў Бязбожную. Назва гэта не карысталася папулярнасцю. Напрыканцы 1980-x гг. яе замянілі на нейтральную і цяпер гэта – Вялікая горка. З 1990-x гг. з"яўляюцца спробы замацаваць за гістарычным месцам назву Замкавая горка.
У слуцкай тапаніміцы трывала прапісалася і «вайсковая тэрміналогія». На працягу 1920–1950-x гг. на ўскраінах і ў ваколіцах засноўваліся вайсковыя гарадкі. Некаторыя з іх увайшлі ў гарадскую мяжу, і цяпер па іх нумарацыі называюцца асобныя гарадскія мікрараёны, напрыклад – 1-шы, 11-ты, 12-ты, 14-ты вайсковыя гарадкі. А старажытныя тапонімы (акрамя Вострава) з сярэдзіны XX ст. пачалі знікаць. Адной з прычын стала тое, што пасля вайны горад адбудоўваўся, мяняў планіроўку, а працэнт карэнных случчакоў, для якіх тыя назвы былі сваімі, з часам станавіўся ўсё меншы.
Для тых, хто цікавіцца сваёй мінуўшчынай, каштоўнасць справы вывучэння і, па магчымасці, захавання самых розных прыкмет гісторыі, у тым ліку і тапанімікі, не выклікае сумнення. На пачатку 1990-x гг. сябрамі слуцкага грамадскага асветніцкага аб"яднання «Вытокі», якія знайшлі паразуменне з гарадскімі ўладамі, прыкладаліся намаганні па вяртанні Слуцку і захаванні яго гістарычных атрыбутаў, у тым ліку герба, помнікаў архітэктуры, гістарычных назваў, і гэта давала плён. Напрыклад, вуліцам імя Урыцкага і Карла Лібкнехта былі вернуты гістарычныя назвы – Капыльская і Віленская, а імя Валадарскага (у розныя часы Навамейская, Маставая і Выгода), на якой энаходзіцца Слуцкая фабрыка мастацкіх вырабаў, а непадалёку – месца, дзе некалі дзейнічала знакамітая фабрыка шаўковых паясоў, атрымала імя Максіма Багдановіча.
Ігар Ціткоўскі
Краязнаўчая газета, № 27 (140), лiпень 2006 г.