Па старых адрасах (Газета «Слуцкі край», 10.09.2010)

Па старых адрасах (Газета «Слуцкі край», 10.09.2010)

03.06.2013

Мы працягваем вандроўку па вуліцах горада.

У Новым горадзе, акрамя Новамейскай і Сенатарскай, былі яшчэ тры вялікія вуліцы, якія дзялілі яго на прамавугольныя ўчасткі з прыватнымі забудовамі. Гэты раён не быў густанаселеным, яго асаблівасцю сталі вялікія агароды і сады. Вуліцы пачыналіся ад Новамейскай і ішлі ўлева, у бок цытадэлі. Называліся яны Юр"еўская, Чырвоная і Іванаўская.

У 1587 годзе недалёка ад Новамейскай вуліцы князь Ян Сімяон Алелькавіч пабудаваў царкву Святога Георгія (Юрыя), якая паслужыла не толькі пачаткам стварэння вуліцы, але і дала ёй назву – Юр"еўская. Вуліца вяла да саду Радзівілаў, за якім знаходзіўся новы замак (цытадэль). Праезду па ёй у цытадэль не было, бо да саду шчыльна падыходзілі агароды.

Царква, як і іншыя слуцкія храмы, добра апісана ў кнізе «Помнікі архітэктуры Слуцка» даследчыка І.А. Ціткоўскага, выкладчыка дзіцячай мастацкай школы: «…Пры царкве на пагосце меўся шпіталь… У 1829 годзе замест папярэдняга ўзводзіцца новы храмавы будынак. У 1854–1874 гадах адбываецца яго капітальны рамонт. З гэтага часу храм мае выгляд квадратнага ў плане аб"ёму (28 сажняў) з алтарнай часткай і прыбудаванымі па баках рызніцай і панамарняй (усе па 12 сажняў). Меўся таксама вялікі прытвор… (1 сажань = 3 аршыны, або 2,13 метра).

…Сцены ўнутры і звонку …пафарбаваны ў белы колер… Меліся трое ўваходных дзвярэй. Тэрыторыя баранілася драўлянай агароджай, на ёй таксама стаялі тры жылыя дамы і дзве павеці. З паўднёвай часткі на пагосце ў 1868 годзе ўзведзена новая званіца на шэсць званоў. У 1856 годзе з Масквы быў выпісаны новы іканастас: трох"ярусны, з трыццацю васьмю абразамі, пісанымі ў стылі «новага жывапісу», з пілястрамі, залачонымі карнізамі і разьбой. Захоўваўся ў царкве і стары, разны іканастас, выкананы мясцовымі майстрамі. Як адзначаў мастацтвазнаўца А. Іпель, гэта быў «сапраўдны вянок беларускага мастацтва, краса беларускіх цэркваў». Верагодна, стары іканастас застаўся ў спадчыну ад разабранай царквы, а магчыма, меў іншае паходжанне, бо да XX стагоддзя ў Юр"еўскай царкве меліся кнігі і рэчы з раней скасаваных Крыжаўзвіжанскай і Іаана-прадцечанскай цэркваў…».

Некаторыя лічаць, што гэта царква была закрыта ў 30-х гадах XX стагоддзя, але ў дакуменце «Даклад Слуцкага павятовага рэўкама аб дзейнасці з 13 па 20 жніўня 1920 г.» указваецца аб разбурэннях і бедствах, нанесеных гораду адступаючымі белапалякамі, у тым ліку адзначана, што згарэла Георгіеўская царква. Безумоўна, у 1920-х гадах, калі цэрквы зачыняліся, яе ніхто не стаў аднаўляць.

Успаміны свайго бацькі Арона Крэмера пра вуліцу Юр"еўскую – Талстога захавала жыхарка Слуцка, былы педагог Любоў Аронаўна Бродкіна: «…Тата любіў нам, дзецям, расказваць пра стары горад, пра жыццё, якое ў ім праходзіла, а таксама пра вуліцу, недалёка ад якой мы жылі. Юр"еўская, у адрозненне ад іншых, была чыстай і прыгожай. У зеляніне патанала царква. Дарога была роўнай і выкладзена каменем, бо ў канцы вуліцы знаходзіўся вялікі прыгожы дом, у якім жыў кіраўнік Слуцка. З правага боку былі вялікія агароды і шыкоўныя сады, якія злучаліся з такімі ж агародамі і садамі жыхароў вуліцы Чырвонай. У кожным садзе раслі дрэвы сакавітых і смачных груш гатунку «Слуцкая бэра»…

Для каго ж быў пабудаваны дом у канцы Юр"еўскай і хто ў ім жыў? Звернемся да падзей 1870 года. У гэтым годзе ў Расіі была праведзена рэформа, у выніку якой гарадское кіраванне перададзена ў рукі буржуазіі і дваранства. Але на Слуцк яе дзеянне распаўсюдзілася толькі ў 1878 годзе. У выніку выбрана гарадская дума з 72 дэпутатаў і гарадская ўправа з гарадскога галавы, двух членаў управы і гарадскога сакратара. Таму, хутчэй за ўсё, гэта быў дом гарадскога галавы (знаходзіўся на тэрыторыі, дзе потым размясціўся завод жалезабетонных вырабаў).

На Юр"еўскай па левым баку стаяў вялікі дом святара, а па правым, у глыбіні – сінагога. У час белапольскай акупацыі гэтыя будынкі ўцалелі.

Вуліца называлася Юр"еўскай да 1919 года, потым яе перайменавалі ў памяць пра вялікага рускага пісьменніка Льва Талстога (1828–1910 гг.). У 1918 годзе грамадскасць адзначала 90-годдзе з дня яго нараджэння і пасля гэтага ў гарадах і вёсках пачалося масавае ўвекавечванне імя пісьменніка ў назвах.

У 1920 годзе ў «тэрміновым парадку» ў адным з уцалелых вялікіх будынкаў (у царкоўным шпіталі або ў доме гарадскога галавы) адкрыты «дзіцячы дом III Інтэрнацыянала для абслугоўвання дзяцей чырвонаармейцаў». Пра гэта гаварылася таксама ў архіўным дакуменце «Даклад Слуцкага павятовага ваенрэўкама…». Гэты дзіцячы дом быў накшталт самакіравальнай камуны. У ім выхоўваўся і будучы яўрэйскі пісьменнік Рува Рэйзін (1911–1942 гг.), вельмі здольны юнак, які падаваў надзеі ў літаратуры. У 1929 годзе выдадзена першая яго кніга «Вершы і аповесці». У 1937 годзе Рува закончыў Мінскі педагагічны інстытут і да пачатку Вялікай Айчыннай вайны выдаў яшчэ тры кнігі сваіх твораў. Калі пачалася вайна, Рува Рэйзін пайшоў на фронт і загінуў.

Двухпавярховая цагляная сінагога пабудавана ў канцы XIX – пачатку XX стагоддзя. Яе добра памятае Любоў Аронаўна Бродкіна, бо ў дзяцінстве часта бегала на тэрыторыю будынка. Сінагога ўжо была зачынена, і ў 1930-х гадах у ёй жылі бежанцы з Польшчы. У тыя ж гады на вуліцы Талстога пабудаваны двухпавярховы дом для сем"яў ваеннаслужачых. На гэтай вуліцы ад будынка былой сінагогі і да яго былі пабудаваны дыхтоўныя прыватныя дамы.

Зараз на былым доме ваеннаслужачых (на здымку) знаходзіцца мемарыяльная дошка – сведчанне таго, што з 1936 года па 1937 год тут жыў Георгій Канстанцінавіч Жукаў. У Слуцкім краязнаўчым музеі захоўваюцца ўспаміны В.Ф. Золатавай, жыхаркі горада, маці якой Фёкла Дзмітрыеўна Скібра была домработніцай у сям"і Г.К. Жукава: «…Жылі Жукавы ў двухпавярховым доме на вуліцы Талстога. Абстаноўка была простая, як ва ўсіх у тыя часы. У мамы быў свой пакой. Старэйшая дачка Жукавых Эра вучылася ў СШ № 1, малодшая Эла нарадзілася ў Слуцку. Жонка Г.К. Жукава Аляксандра Дзееўна была вельмі добрай і прыгожай жанчынай. Маці мая была ціхая, бясхітрасная жанчына, нават саромелася есці разам з сям"ёй Жукавых. Але Георгій Канстанцінавіч папрасіў, каб яна была заўсёды з імі за сталом. Быў ён вясёлы, добры, добразычлівы, строгі, але справядлівы. Ён вельмі хацеў, каб маці забрала мяне ад цёткі да сябе жыць. Але яна саромелася, а я баялася, бо не зусім добрыя былі поспехі па рускай мове. Жукаў нават прапанаваў наняць настаўніка і аплаціць навучанне. Мама адмовілася.

Георгій Канстанцінавіч любіў раніцай займацца спортам, …абліваўся халоднай вадой, …любіў чытаць, …многа фатаграфаваў і яшчэ любіў танцаваць… У 1937 годзе Г.К. Жукава перавялі ў Мінск. Перад ад"ездам сям"я Жукавых падарыла нам кнігі, фотаздымкі, якія, на жаль, у гады вайны згарэлі…».


На вуліцы Талстога ў гады вайны былі разбураны амаль усе будынкі, у тым ліку і дзіцячы дом, і сінагога. Вуліца апусцела і страціла свой былы выгляд. Пасля вайны вуліца стала забудоўвацца, у 60-х гадах XX стагоддзя ў канцы яе пабудаваны завод жалезабетонных вырабаў (спачатку ён называўся растворабетонны). Паралельна вуліцы Талстога на «абрэзаных» зямельных участках жыхароў вуліц Талстога і Чырвонай з"явілася яшчэ адна вуліца. Паколькі адыходзіла яна ад 1-га завулка Талстога, то назву атрымала 2-гі завулак Талстога. У 1979 годзе яго перайменавалі, ён стаў насіць імя Героя Савецкага Саюза, удзельніка вызвалення Слуцка ад гітлераўскіх акупантаў Мікалая Сяргеевіча Лацкова (1917–1979 гг.).

Валянціна ВІДЛОГА