Па старых адрасах (Газета «Слуцкі край», 23.07.2010)
31.05.2013
Працягваем вандроўку па вуліцах горада.
Сёння, шаноўныя чытачы, мы будзем падарожнічаць па вуліцы, якая некалі вяла да цытадэлі – унутранай гарадской крэпасці, узведзенай у канцы XVI стагоддзя на левым беразе Случы. Забудоўвалася яна адначасова з Новамейскай, адыходзячы ад яе за мостам улева. І называлася – Сенатарскай. Так, так, дарэжэнькі чытач, ты вельмі здагадлівы, размова сапраўды пойдзе пра вуліцу Камсамольскую.
Што ж уяўляла сабою цытадэль, або, як яе яшчэ называлі, Новы замак? За перыяд свайго існавання ён двойчы рэканструяваўся – у XVII і XVIII стагоддзях. Новы замак уваходзіў у сістэму абаронных збудаванняў горада. Яго тэрыторыя ўяўляла сабой квадрат плошчай 1,1 гектара, акружаны земляным валам і ровам, запоўненым вадой. Уваход быў праз каменныя вароты па пад"ёмным мосце. Па вуглах замка (цытадэлі) былі бастыёны з вежамі. На супрацьлеглым ад уваходу баку знаходзіўся палац (драўляны дом з мезанінам), а таксама парахавы склеп, канюшні, кузня, склады і іншыя гаспадарчыя пабудовы. Тут размяшчаўся і гарнізон.
На плане Слуцка 1799 года добра бачна, што вуліца Сенатарская праходзіла крыху лявей ад уязных варот у цытадэль. З правага боку на вялікай плошчы размяшчаўся сад князя Радзівіла з прылягаючым да яго хлебным магазінам. Гэты бок саду з магазінам праходзілі паралельна ўязной частцы Новага замка. Калі рухацца ад цытадэлі па Сенатарскай, то насупраць саду ішлі пабудовы абывацельскіх дамоў, за імі ўздоўж вуліцы – закладзеныя ў адзін і той жа (1617) год Янушам Радзівілам драўляны кальвінісцкі храм і кальвінісцкае вучылішча, якое ў 1624 годзе пераўтворана ў гімназію. Храм неаднаразова перабудоўваўся і да XIX стагоддзя стаў ужо цагляным.
Будавалася і пашыралася гімназія, з часам пераўтварыўшыся ў школьны гарадок з некалькіх драўляных будынкаў. Тут былі і бібліятэка, і дамы для вучняў і настаўнікаў. У XIX стагоддзі пабудавана новая двухпавярховая гімназія з цэглы па праекту архітэктара Караля Падчашынскага. Неаднаразова мянялася назва гімназіі, яе кіраванне, але ва ўсе часы яна заставалася адной з самых прэстыжных навучальных устаноў. З яе сцен выйшла плеяда вядомых вучоных, дзеячаў літаратуры і мастацтва. У XIX стагоддзі на тэрыторыі гімназіі была абсталявана метэапляцоўка. Першыя метэаназіранні на навуковай аснове ў Слуцку сталі праводзіцца ў канцы 1873 года.
На вуліцы Сенатарскай (раён кацельні) знаходзілася сядзіба вядомага ў Вялікім Княстве Літоўскім дзяржаўнага дзеяча Казіміра Крыштафа Клакоцкага (1625–1674). Па пратэкцыі князя Радзівіла ў 1883 годзе ён стаў губернатарам Слуцкага і Капыльскага княстваў. Чалавек прагрэсіўных поглядаў, ён адкрыў у Слуцку друкарню для патрэб мясцовых кальвіністаў. На працягу свайго жыцця ён збіраў кнігі і сфарміраваў выдатную бібліятэку. З часам уладальнікам сядзібы стаў сын Клакоцкага – Геранім, які падарыў яе езуіцкаму ордэну.
У 1710–1720 гадах езуіты пабудавалі тут цэлы ансамбль: касцёл Святой Тройцы, вышыня якога разам з купалам складала 37 метраў. Гэта быў галоўны будынак, а побач знаходзіўся двухпавярховы будынак калегіума, перароблены з палаца Клакоцкіх. Бібліятэку гэтай сям"і перадалі калегіуму, а пазней перавезлі ў Вільна, потым – у Варшаву, у галоўны архіў старажытных актаў.
У 1732 годзе побач з касцёлам і калегіумам пабудавана званіца. У глыбіні тэрыторыі знаходзіўся школьны корпус, бурса. У асобных памяшканнях размяшчаліся бібліятэка і аптэка. Былі таксама і гаспадарчыя пабудовы: кузня, пякарня, склепы і іншыя. У 1773 годзе Папа Рымскі закрыў езуіцкі ордэн, школы былі пераўтвораны ў свецкія. У 1804 годзе ўспыхнуў пажар, згарэў амаль увесь комплекс. Пазней на гэтым месцы пабудавалі капліцу, якую назвалі студэнцкай. Побач з ёю знаходзіліся аптэка і зямельны ўчастак аптэкара Рамашкі з агародам, на якім вырошчвалі лекавыя расліны.
У 30-я гады XVIII стагоддзя ў Слуцку заснавана мануфактура, якая ўключала ў сябе тры прадпрыемствы, а будынкі іх знаходзіліся на вуліцы Сенатарскай (тэрыторыя цяперашняга завода «Эмальпасуда») паміж радзівілаўскім садам і езуіцкім комплексам. На адным з самых ранніх прадпрыемстваў выраблялі залатыя і сярэбраныя галуны для капелюшоў, касцюмаў і мундзіраў, на другім – шаўковыя паясы, на трэцім – розныя дарагія шаўковыя тканіны, стужкі, махры. У 30–40-я гады XVIII стагоддзя ў Слуцку ўжо выраблялі паясы з металічнай ніткай – гэта гаворыць пра вялікае майстэрства мясцовых ткачоў.
Ёсць афіцыйныя звесткі (на жаль, няпоўныя), што ў Слуцку ў 1737 годзе былі 23 ткачы, 12 пазументнікаў, адзін дываншчык і вышывальшчык. Вядома, што быў выраблены «турэцкі чырвоны» дыван па ўсходняму ўзору.
Да сярэдзіны XVIII стагоддзя ў Рэчы Паспалітай уваходзяць у моду персідскія і турэцкія паясы, якія каштавалі дорага. Насілі іх магнаты і багатыя шляхцічы. Слуцкі князь Іеранім Фларыян Радзівіл хутка зарыентаваўся і пабудаваў тут жа два вялікія вытворчыя будынкі для мануфактуры. Але хутка пасля гэтага ён памёр, нашчадкам стаў яго брат Міхаіл Казімір, уладар Нясвіжа. У канцы 1760 года ён пераводзіць невялікую нясвіжскую мануфактуру ў Слуцк, аб"ядноўвае яе з тою, што тут была. Да гэтага часу слуцкая мануфактура працвітала, а нясвіжская ішла на спад.
Князь паставіў перад сабою мэту: зрабіць мануфактуру ўзорнай, а па якасці прадукцыі пераўзыйсці ўсходнюю. І з гэтым ён справіўся паспяхова: прывёз з-за мяжы асобныя дэталі асаблівага ткацкага станка, спецыяльны каток для пракатвання залатых і сярэбраных паясоў, новае абсталяванне, а галоўнае – запрасіў на работу вялікага майстра, які ў будучым стаў і добрым кіраўніком, Яна Маджарскага (Аванеса Маджаранца, турэцкага армяніна).
З сярэдзіны 70-x гадоў XVIII стагоддзя Ян Маджарскі стаў арандатарам ужо знакамітай фабрыкі слуцкіх паясоў. Пазней яму на змену прыйшоў сын Лявон, які расшырыў і ўдасканаліў вытворчасць. Гэта пры ім сталі выпускаць «чатырохбаковыя» паясы з чатырма відамі малюнкаў і колеру. Слуцкая мануфактура становіцца ўзорам для іншых мануфактур, якія адчыняліся ў Станіславе, Кракаве, Ліпкове і іншых гарадах Польшчы і Украіны, а таксама ў знакамітым французскім горадзе ткачоў – Ліёне.
Аднак палітычныя падзеі, якія адбыліся ў канцы XVIII стагоддзя, адмоўна паўплывалі на далейшае развіццё фабрыкі. У 1793 годзе ў выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай цэнтральная частка Беларусі, у складзе якой знаходзіўся і Слуцк, далучана да Расіі. Уводзіцца новы тэрытарыяльны падзел, а таксама і кіраванне. Мяняецца і мода. Змяншаецца попыт на знакамітыя слуцкія паясы, а на асобны іх від нават накладваецца забарона. У 1807 годзе Лявон Маджарскі адмовіўся ад арэнды. У 1812 годзе ў час вайны фабрыцы нанесены вялікі ўрон, але праз два гады яна аднавіла работу. Вытворчасць скарацілася і пачала згасаць. У 1823 годзе ў арэнду яе ўзяў слуцкі купец Кантаровіч, потым – яго дачка, багатая гандлярка Блюма Ліберман. З 1835 года арандатары мяняліся, мануфактура пераходзіла з рук у рукі. Вядома, што апошнія некалькі паясоў былі выпушчаны для князя Вільгельма Радзівіла ў 1846 годзе, і ў тым жа годзе фабрыку закрылі па загаду яе ўладальніка князя Вітгенштэйна. Так спыніла сваё існаванне некалі вядомая свету фабрыка слуцкіх паясоў.
У перыяд, калі Беларусь увайшла ў склад Расійскай імперыі, на Сенатарскай каля невялікай плошчы, створанай з Новамейскай, пабудавалі новы будынак гарадской магдэбургіі. Прыкладна ў гэты перыяд перайменавана і вуліца – яна стала называцца Шырокай. Яе назва адпавядала рэчаіснасці: тут быў прыгожы, агароджаны ад праезджай часткі бульвар, які патанаў у зеляніне і кветках, з лавачкамі для адпачынку.
У 1862–1863 гадах ціхае, мірнае жыццё вуліцы Шырокай (як і ўсяго горада) ускалыхнулі хваляванні вучняў гімназіі, прыхільнікаў вызваленчага руху. У горадзе і павеце распаўсюджваліся палітычныя пракламацыі і іншыя падпольныя рэвалюцыйныя выданні, здараліся і дыверсіі. Падазрэнне падала на гімназістаў. У сувязі з гэтым у горадзе прайшлі арышты, пачалося выключэнне вучняў з гімназіі. Зімой 1864 года раскрыта падпольная арганізацыя. У Сібір на катаржныя работы сасланы настаўнікі гімназіі Міладоўскі, Дамброўскі, Магільніцкі, урач гімназіі Францкевіч і яе вучні Грыгаровіч і Асіповіч. Са Слуцка былі выселены больш за 400 чалавек.
У пачатку XX стагоддзя неаднаразова перад гімназіяй праходзілі мітынгі. На Шырокай часта можна было бачыць дэманстрантаў з лозунгамі і песнямі – яны накіроўваліся да цэнтральнай вуліцы горада і турмы.
Хутка вуліца Шырокая атрымала іншую назву – Гогалеўская. Аднак у народзе яна не замацавалася і да 1919 года вуліца «жыла» пад двайной назвай: Гогалеўская – Шырокая. У 1919 годзе павятовы выканкам прыняў афіцыйнае рашэнне пакінуць вуліцы адну назву – Гогалеўская. Але гараджане паранейшаму называлі вуліцу Шырокай.
У 1920 годзе адступаючыя белапалякі спалілі і разбурылі ў горадзе многія будынкі і жылыя дамы. Пацярпела і вуліца Шырокая: згарэлі драўляныя будынкі пры гімназіі, прыватныя забудовы і так далей.
У тым жа годзе пасля вызвалення ад акупантаў перазахавалі ў брацкую магілу ў канцы вуліцы астанкі пакараных палякамі 14 слуцкіх партызан. Вуліца зноў афіцыйна перайменавана ў Камсамольскую. Яе пачалі добраўпарадкоўваць, аднаўляць прадпрыемствы і ўстановы. Так, з мэтай аднаўлення работы электрастанцыі павятовы ваенна-рэвалюцыйны камітэт прыняў рашэнне аб тым, каб пакінуць яе былому ўладальніку Сікорскаму. Да 7 лістапада 1926 года на Камсамольскай побач са старой пабудавалі новую электрастанцыю – у тры разы магутней, чым ранейшая. У гэтым жа годзе на брацкай магіле ўстанавілі помнік 14 слуцкім партызанам.
Да канца 1920-x гадоў на Камсамольскую пераведзены майстэрні бляхароў і кавалёў, на іх базе стварылі ліцейна-механічны завод.
У 1936 годзе ў строй уведзена новая электрастанцыя, аснашчаная навейшым абсталяваннем магутнасцю 1 600 кілават. Тут жа, на Камсамольскай, знаходзіліся штаб дывізіі, дамы для ваеннаслужачых (у адным з іх жыў будучы камандуючы 52-й арміяй, генерал-палкоўнік, Герой Савецкага Саюза Канстанцін Апалонавіч Карацееў), дзіцячая музычная школа. Але ў гады Вялікай Айчыннай вайны многія будынкі былі разбураны фашыстамі, у тым ліку сярэдняя школа № 1, ліцейна-механічны завод, помнік 14 слуцкім партызанам. 5 снежня 1942 года, у Дзень Канстытуцыі, члены падпольнай групы Мікалая Відзякіна – Дзмітрыя Каўшова, якая дзейнічала на вузле сувязі і электрастанцыі, учынілі вялікую дыверсію. У выніку двух магутных выбухаў выйшлі са строю абедзве электрастанцыі, узарвана цыстэрна з нафтай.
Змрочную карціну разбурэнняў уяўляла сабою вуліца Камсамольская. Літаральна на другі дзень вызвалення Слуцка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пачаліся аднаўленчыя работы. У першыя тыдні пачалі працаваць пякарня, мукамольны завод, шавецкая і швейная арцелі, адкрыліся магазіны. 3 верасня 1944 года электрастанцыя дала гораду энергію.
У 1945 годзе пачала выпуск прадукцыі чыгунна-ліцейная майстэрня, здадзена ў эксплуатацыю другая чарга электрастанцыі.
У 1947 годзе на поўную магутнасць стаў працаваць ліцейна-механічны завод.
У 1949 годзе адноўлена сярэдняя школа № 1: падрыхтаваны 12 добра абсталяваных пакояў, настаўніцкая, фізіка-хімічныя кабінеты. З кожным годам пасляваеннага перыяду пераўтваралася вуліца Камсамольская. Пабудаваны на ёй атэлье пашыву адзення, абутковая майстэрня, якая пазней рэарганізавана ў абутковую фабрыку, кафэ «Случчанка», магазін і так далей. У 1970 годзе вуліцу ўпрыгожыў новы помнік 14 слуцкім партызанам. Да 14 прозвішчаў патрыётаў далучана 15-е – Мікалая Данілавіча Бялько, камандзіра партызанскага атрада імя 14 слуцкіх партызан, які загінуў у 1943 годзе і перазахаваны ў 1944 годзе каля брацкай магілы.
У 1990 годзе з"явіўся новы будынак сярэдняй школы № 1, а праз некалькі гадоў на школьным двары – помнік настаўнікам і вучням, загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны. «Выраслі» і новыя шматпавярховыя жылыя дамы, радыётэлевізійнае атэлье і іншае.
Гады і падзеі ўносяць свае карэктывы ў жыццё вуліцы: штосьці знікае, штосьці з"яўляецца, мяняюцца назвы, але застаецца багатая і цікавая гісторыя.
Валянціна ВІДЛОГА