Па старых адрасах (Газета «Слуцкі край», 18.04.2008)
07.05.2013
На вуліцу Капыльскую выходзіць і вуліца Уласаўца, якая бярэ пачатак ад вуліцы Леніна, даходзіць да 2-й Калгаснай, стварае з ёю «вугал» і далей ідзе паралельна Млынавай. Спачатку вуліца называлася Калгаснай, а калі 1-ю Калгасную перайменавалі ў Млынавую, стала 1-й Калгаснай.
Вуліца Уласаўца
Асноўная забудова вуліцы прыпадае на 30-я гады XX стагоддзя. У пачатку вуліцы ў 1938 годзе адкрыта сярэдняя школа № 10. Першым яе дырэктарам быў П.А. Беразоўскі. 13 класных пакояў, у калідоры абсталяваная настаўніцкая і яшчэ два класы – у такіх умовах вучыліся дзеці. Першы выпуск дзесяцікласнікаў адбыўся ў чэрвені 1941 года.
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, школу адразу ж пераабсталявалі пад шпіталь. Заняткі аднавіліся толькі 1 верасня 1944 года. У гэты перыяд школу ўзначальваў В.А. Сарагавец. А з 1948 года дырэктарам стаў С.Ф. Рубанаў, якому ў 1968 годзе прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. У 1969 годзе Сяргей Фёдаравіч паспяхова абараніў дысертацыю і стаў кандыдатам педагагічных навук. Яго пяру належаць навуковыя работы: «Прамыя і плоскасці ў прасторы», «Кіраўніцтва вучэбна-выхаваўчай работай у школе», «Школа і жыццё» і некаторыя іншыя. Вялікі ўклад С.Ф. Рубанаў унёс у развіццё асветніцтва. Сёлета 20 гадоў, як не стала выдатнага чалавека, таленавітага настаўніка і кіраўніка. Але справа яго жыве: школа носіць імя С.Ф. Рубанава, сярод выпускнікоў – нямала вядомых і заслужаных людзей. У свой час яе закончылі пісьменнік Павел Місько, мастакі-браты Уладзімір і Міхаіл Басалыгі, вучоныя М.І. Камяк, Р.Г. Жабанкоў, А.С. Рубанаў і многія іншыя.
За старым будынкам школы размяшчаліся прыватныя дамы, насупраць іх – аптэка, за якой у 1935 годзе пабудаваны майстэрні гарпрамкамбіната. Пазней там быў пашывачны цэх. Толькі ў 1961 годзе ў выніку рэарганізацыі ўзнікла новае прадпрыемства – фабрыка індывідуальнага пашыву адзення, тады ж узведзены і адміністрацыйны будынак. А ў 1968 годзе побач з ім з"явіўся яшчэ адзін будынак – трыкатажнага атэлье. Яго прадукцыя ў пэўныя перыяды карысталася вялікім попытам, практыкаваўся нават папярэдні запіс на выраб трыкатажу. Зараз будынак вядомы як «Калейдаскоп», у ім працуе сетка гандлёвых кропак.
З 1-й Калгаснай таксама быў уезд і ўваход на рынак. Амаль штогод там праходзілі раённыя сельскагаспадарчыя выстаўкі, на якіх прадстаўлялі лепшыя пароды кароў, свіней, авечак, коней, сельскагаспадарчую прадукцыю.
У месцы, дзе цяпер будынкі суда і міліцыі, да вуліцы далучаліся тэрыторыі аўтамабільнага і грузавога аўтапаркаў. Уезд іх знаходзіўся з боку цяперашняй вуліцы Жукава. Далей былі землі зелянгаса, у якім у пасляваенны перыяд вырошчвалася расада агародніны – капусты, таматаў, а таксама дэкаратыўна-пладовыя кусты і дрэвы. Вядома, што ў 1948 годзе там было 82 тысячы саджанцаў дрэў і 200 чаранкоў мічурынскага вінаграду, а работы па яго размнажэнню праводзіў аграном Міхнюк. Сярод дэкаратыўных дрэў было многа белай і жоўтай акацыі.
Каб «азеляніць» горад, у пасляваенны перыяд праводзілі папулярныя тады «дэкады саду». Такую дэкаду ў горадзе і раёне, напрыклад, правялі з 17 па 24 кастрычніка 1948 года. Вялікую ўвагу ўдзялялі закладцы садоў, азеляненню вуліц, высадцы дрэў на прыдарожных участках. Зелянгас прымаў заяўкі на паспугі па азеляненню прадпрыемстваў і індывідуальных домаўладанняў.
На 1-й Калгаснай у пачатку 70-х гадоў XX стагоддзя пабудаваны дзіцячы сад № 11 на 380 месцаў, загадчыцай якога на працягу многіх гадоў была Людміла Піліпаўна Мартысюк.
У 1975 годзе да 30-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне вуліца перайменавана ў вуліцу імя Героя Савецкага Саюза А.І. Уласаўца. Аляксандр Ігнатавіч Уласавец нарадзіўся ў 1901 годзе ў вёсцы Лапацічы. Як і ўсе вясковыя дзеці, рана спазнаў цяжкую сялянскую працу. I не думаў хлопчык, што далейшы яго лёс будзе цесна звязаны з воінскай службай. А.І. Уласавец прымаў удзел у грамадзянскай вайне, з 1922 года служыў у радах Чырвонай Арміі. У 1928 годзе скончыў Ленінградскую школу ваенных зносін, да пачатку Вялікай Айчыннай вайны служыў на розных камандных пасадах. А потым – Сталінградскі, Сцяпны, 2-гі Украінскі франты. У верасні 1943 года камандзір стралковага палка А.І. Уласавец вызначыўся ў бітве за Днепр. У ноч на 26 верасня полк пад яго камандаваннем пад шквальным агнём фашыстаў фарсіраваў раку ў раёне Новы Орлік – Барадаеўка Днепрапятроўскай вобласці, захапіў і пашырыў плацдарм. Вораг панёс вялікія страты ў жывой сіле і тэхніцы. За гэты бой А.І. Уласаўцу прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
23 студзеня 1945 года ў баі пры вызваленні Польшчы Аляксандр Ігнатавіч загінуў. Сябры вырашылі пахаваць героя на роднай беларускай зямлі – у горадзе Брэсце. Адразу пасля вайны нашаму земляку там устанавілі помнік, а ў вёсцы Лапацічы і ў Слуцку яго імем названы вуліцы.
В. ВІДЛОГА
На галоўным фота – старшыня калгасу «Шлях Саветаў» В.С. Макуценя на раённай сельскагаспадарчай выставе ў 1950 г.