Па старых адрасах (Газета «Слуцкі край», 14.03.2008)

Па старых адрасах (Газета «Слуцкі край», 14.03.2008)

03.05.2013

Дарагі чытач! Умінулы раз мы вандроўнічалі па вуліцы Капыльскай да пачатку вёскі Лучнікі. Зараз я запрашаю вас вярнуцца на Капыльскую і зазірнуць на прылягаючыя да яе вуліцы, пазнаёміцца з іх гісторыяй, адметнасцямі, жыхарамі.

Вуліца Заводская
Канец 40-х гадоў XX стагоддзя – гэта пачатковы перыяд адраджэння з руін і попелу нашага роднага Слуцка. Сталі будавацца прадпрыемствы і ўстановы, больш увагі ўдзялялася і будаўніцтву жылля. Патрэбна была рабочая сіла, рабочыя рукі, і ў канцы 40-х – пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя горад адчуў прыток жыхароў. Маламагутная пякарня з састарэлым абсталяваннем не магла забяспечыць насельніцтва хлебам, узнікла неабходнасць будаўніцтва новага хлебазавода.

У 1952 годзе на паўночна-заходняй ускраіне горада для гэтай мэты адвялі будаўнічую пляцоўку, выдзелілі грашовыя сродкі ў суме 2,5 мільёна рублёў. Пабудавалі завод хуткімі тэмпамі ў 1953 годзе, а 29 снежня ўжо і першая прадукцыя з"явілася – жытні чорны і белы хлеб. Працавалі дзве печы, выпякалі тут у суткі да 15 тон хлеба. У пачатку 1954 года расшырыўся асартымент: з"явіліся булачкі і кандытарскія вырабы. Да 1975 года дырэктарам хлебазавода працаваў Пётр Дзям"янавіч Кіслюк. Будаўніцтва завода падштурхнула да забудовы новай вуліцы, якая атрымала назву – Заводская. У ліку першых жыхароў былі Лук"янчыкі, Маліноўскія, Шпакоўскія, Галузы і іншыя.

Як успамінае Валянціна Сямёнаўна Галуза, заслужаная настаўніца БССР, старажыл вуліцы, яе муж Ніл Піліпавіч – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны – у ліку будаўнікоў узводзіў хлебазавод. А ёй, тады яшчэ маладой настаўніцы, вельмі хацелася пабудаваць дом бліжэй да вёскі Лучнікі, бо выкладала яна матэматыку ў Лучнікоўскай васьмігодцы. У гарвыканкаме да пажаданняў маладой сям"і прыслухаліся і выдзелілі ўчастак на Заводскай. Усю працоўную біяграфію Валянціна Сямёнаўна прысвяціла выхаванню вясковых дзетак, а зараз – на заслужаным адпачынку.

Ішоў час. Для расшырэння асартыменту прадукцыі хлебазавода спатрэбілася замена абсталявання, распрацоўка новых тэхналогій. У 1975 годзе распачата будаўніцтва новых корпусаў хлебазавода, а завяршылася будаўніцтва толькі ў 1983 годзе. Эстафету дырэктараў Аляксандра Фёдаравіча Багдашыца і Мікалая Фёдаравіча Пугачова прыняў Аляксандр Аляксандравіч Казейка, лёс якога вось ужо чвэрць стагоддзя непарыўна звязаны з дзейнасцю прадпрыемства. Зараз за суткі хлебазавод выпускае 12 найменняў хлеба, да 15 найменняў булачных вырабаў і да 40 – кандытарскіх, пастаянна ўдасканальваюцца тэхналогіі і паляпшаецца якасць прадукцыі.

А цяпер зазірнём на вуліцу Млынавую.

Вуліца Млынавая
Выходзіць яна на вуліцу Капыльскую, пачынаецца ж ад вуліцы Леніна – ад уезду на рыначную плошчу. У яе пачатку – аўтастаянка, некалькі жылых дамоў, магазіны «Мэбля» і «Спорттавары», іншыя будынкі. Вуліца Млынавая перарываецца рыначнай плошчай і большая яе частка працягваецца ўжо за рынкам. Гэта стварае некаторыя нязручнасці для тых, хто ўпершыню накіроўваецца на Млынавую ў пошуках адрасатаў.

Але звернемся да гісторыі вуліцы. Першыя дамы на ёй з"явіліся ў канцы 20-х – пачатку 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Спачатку яна называлася 1-я Калгасная, бо адначасова з ёй з"явілася вуліца Калгасная, якая ішла паралельна, а перпендыкулярна ёй – 2-я Калгасная з завулкамі.

Забудова гэтых вуліц супала з перыядам масавай калектывізацыі ў Беларусі, у тым ліку і ў Слуцкім раёне. Калгасы арганізоўваліся амаль у кожнай вялікай вёсцы. I слова «калгас» – новае і гучнае – усяляла вялікія надзеі і абяцала перспектывы. У гарадах з"яўляліся сугучныя назвы: у Слуцку тэатр стаў калгасна-саўгасным, рынак – калгасным, так з"явілася і вуліца Калгасная.

Старажыламі 1-й Калгаснай можна назваць Яфіма Георгіевіча Куляша і Марыю Сямёнаўну Дубовік (Дайняк). Яфім Георгіевіч нарадзіўся ў 1911 годзе, Марыя Сямёнаўна – у 1913-м. Нягледзячы на свой паважаны ўзрост, захавалі гэтыя цудоўныя людзі і бадзёрасць духу, і ясную памяць. Я.Г. Кулеш можа бясконца расказваць пра падзеі 1939 года, калі ён стаў салдатам, прымаў удзел у вызваленчым паходзе ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну. Як успамінае былы баец, войскі Чырвонай Арміі рухаліся хутка, здавалася, вось-вось вернецца салдат дадому, да маладой жонкі ў новы прасторны дом на вуліцы Калгаснай. Але пачалася савецка-фінляндская вайна, і часць, у якой служыў Яфім Георгіевіч, была накіравана на новы фронт. Раненне ў нагу надоўга выбіла са строю – лячыўся ў ленінградскім шпіталі. Там і застала яго Вялікая Айчынная вайна. А потым была цяжкая дарога дадому – па ненадзейным лёдзе Ладагі ў акупіраваны ворагам Слуцк…

Іншы раз гістарычныя падзеі робяць падобнымі лёсы людзей. У 1939 годзе недалёка ад дома Куляша дом для сваёй сям"і пабудаваў Фёдар Васільевіч Дайняк. Падчас размовы з яго жонкай Марыяй Сямёнаўнай і дачкой Галінай Фёдараўнай я заўважыла, што прозвішча Дайняк не характэрна для нашых мясцін, пацікавілася, адкуль ён родам. Галіна Фёдараўна адзначыла, што ён – са Случчыны, а вось бабуля яго была стрыечнай сястрой Кастуся Каліноўскага, жыла ў Заходняй Беларусі, а на Случчыне купіла хутар Кучын.

Фёдар Васільевіч Дайняк, як і яго сусед Яфім Георпевіч Кулеш, прымаў удзел у вызваленчым паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь, савецка-фінляндскай вайне, выходзіў з акружэння ў 1941 годзе, ваяваў і дайшоў да Берліна. Але, на жаль, памёр рана, і дзетак Марыя Сямёнаўна гадавала адна: дзве з трох дочак вучыліся ў вышэйшых навучальных установах.

Шмат трэба было працаваць, – успамінае Марыя Сямёнаўна, – у школе № 10 тэхнічкай была, трымала жыўнасць, даглядала агарод, па вечарах мыла чужую бялізну, па начах – шыла людзям адзенне. Так і жылі…

I няма ў словах вялікай працаўніцы ні нараканняў на лёс, ні крыўды. Мудра глядзіць яна на пражытыя гады.

Успамінаючы даваенную вуліцу, жанчына адзначыла яе асаблівасць – нізкае месца, а таму гразь і вада – у перыяд бездаражы і дажджоў. Побач з Калыльскай знаходзілася бойня жывёлы, а ў 50-я гады ў канцы вуліцы, бліжэй да вагавай млына, размяшчалася льнобаза. У канцы 50-х гадоў XX стагоддзя вуліцу перайменавалі ў Млынавую, бо ад галоўнай вуліцы горада вяла яна да млына.

 

В. ВІДЛОГА