Па старых адрасах (Газета «Слуцкі край», 13.01.2007)

Па старых адрасах (Газета «Слуцкі край», 13.01.2007)

17.04.2013

Паважаныя чытачы! Наша сённяшняе падарожжа на вуліцу Садовую.

У 1793 годзе адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай. Да Расіі была далучана цэнтральная частка Беларусі з гарадамі Мінск, Барысаў, Слуцк і Пінск, а ўлада на месцах перададзена царскім чыноўнікам і мясцоваму дваранству.

Для зручнасці кіравання новыя ўлады стварылі такія ж адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі і мясцовыя органы, як і ў Расіі. Па ўказу сената ад 23 красавіка таго ж года Слуцк стаў павятовым горадам Мінскай губерні. Тэрыторыя павета была вялікай, бо ў яго склад увайшлі цяперашнія Слуцкі, Капыльскі, Нясвіжскі, Клецкі раёны і большая частка Салігорскага, Ганцавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў і горад Нясвіж. У такіх межах павет існаваў да 1920 года.

У Слуцку быў створаны гарадскі магістрат на чале з бургамістрам, а таксама павятовыя органы кіравання і суда, назначаны гарадавы і земскі ўрач. Колькасць чыноўнікаў значна павялічылася. Самае цікавае ў тым, што адначасова існавалі органы дзяржаўнай улады і памешчыцкая адміністрацыя, бо Слуцк з"яўляўся прыватнаўласніцкім горадам і знаходзіў-ся ва ўладанні князя Дамініка Радзівіла.

Для размяшчэння ўсіх службаў патрабаваліся дадатковыя памяшканні. І яны былі знойдзены. Дзе? А для гэтага зробім прагулку па цяперашняй маленькай вуліцы Садовай, галоўны арыенцір якой – будынак сярэдняй школы № 5.

Такім чынам, XVIII стагоддзе… Разам з актыўнай забудовай Віленскай на правым баку ад дарогі ўглыб таксама з"яўляюцца прыватныя дамы. Пачынае фарміравацца новая вуліца: амаль паралельна Прозараўскай – ад Віленскай да Падвальнай, да гарадскога сада (у сённяшнім уяўленні – ад школы да пляцоўкі за Домам быту). Цяперашняй жа вуліцы Леніна ў той час не было, таму і Садовая з ёю не перасякалася. Гарадскі сад прызначаўся для адпачынку гараджан, а закладзены ён быў ад земляў лютэранскай кірхі ўздоўж вала. Таму вуліца, якая выходзіла ад сада, стала называцца Садовай. На ёй (прыкладна ў раёне цяперашняга кінатэатра «Беларусь») знаходзілася паштовая кантора, якая на плане горада 1799 года ўжо была пазначана.

На Садовай, як і на Віленскай, жыло многа яўрэйскіх сем"яў. Таму ў канцы XIX стагоддзя на скрыжаванні гэтых вуліц пабудавалі цагляную харальную сінагогу. Пасля рэвалюцыі 1917 года яна была закрыта, а ў будынку размясціўся кінатэатр. Называўся ён «Радзіма». Для гараджан і жыхароў навакольных вёсак яго наведванне было сапраўдным святам. У кінатэатры перад пачаткам сеансаў заўсёды гучала музыка. Віртуозна выконвала творы розных кампазітараў піяністка Волкава (Волк) Дзіянісія Ксавер"еўна. Аднак лёс жорстка абышоўся з ёю: у 1937 годзе ва ўзросце 54 гадоў яна была рэпрэсіравана і расстраляна ў Слуцкай турме. У 1944 годзе будынак кінатэатра разбурылі фашысты пры адступленні. Пасля вайны амаль на гэтым жа месцы пабудавалі кніжны магазін. I гэта было сімвалічным: першы ў Слуцку кніжны магазін быў адкрыты менавіта на Садовай у XIX стагоддзі яўрэем Тэнчыным. Захаваліся некалькі кніг са штэмпелем «Кніжны магазін Тэнчына ў Слуцку».

А яшчэ ў XIX – пачатку XX стагоддзя тут знаходзілася фатаграфія С. Юхніна. Ён быў адным з лепшых фатографаў не толькі ў Слуцку. С. Юхнін неаднаразова прымаў удзел у міжнародных выстаўках.

У 1907 годзе за ўдзел у выстаўцы ў Антверпене (Бельгія) ён адзначаны залатым медалём. У пачатку XX стагоддзя С. Юхнін падрыхтаваў і выдаў серыю паштовак, якая адлюстроўвала не толькі архітэктуру горада, але і яго паўсядзённае жыццё, этнаграфічнае аблічча. На жаль, пра лёс фатографа амаль нічога не вядома, але да цяперашніх дзён захавана памяць пра яго ў шматлікіх фотаздымках гімназістаў, мяшчан, паштоўках, якія беражліва захоўваюцца ў фондах краязнаўчага музея і экспаніруюцца ў выставачных залах.

У 1935 годзе на Садовай да 1 верасня адкрылі новую школу № 5, усе прадметы ў якой вялі толькі на рускай мове. Яе яшчэ называлі сталінскай. У гады Вялікай Айчыннай вайны будынак школы, як і іншыя будынкі вуліцы, разбурылі. Літаральна з руін і попелу адрадзілася школа. Ужо ў 1948 годзе ў ёй працаваў адзіны ў горадзе гурток тэлеграфістаў, дзе рабяты займаліся азбукай Морзе, у 1949 годзе – гурток юных мічурынцаў (кіраўнік – выкладчык Н.С. Гузяева) і школьны радыёвузел (арганізатар і кіраўнік – выкладчык І.С. Грунтовіч).

У розны час гэту школу закончылі доктар фізіка-матэматычных навук В.У. Грудзінскі, кандыдат педагагічных навук Т.Л. Трухан (Тоўсцік), генерал-маёр В.П. Русак, заслужаны майстар спорту СССР, чэмпіён Алімпійскіх гульняў у Барселоне М.І. Якімовіч і іншыя.

Адразу пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пачата аднаўленне разбуранага дома на вуглу Садовай і Леніна пад аптэку. Пазней замест гэтага з"явіцца новы будынак аптэкі. Пасля вайны планіроўка вуліцы значна змянілася і яе другая частка нібыта растварылася ў новых пабудовах уздоўж цэнтральнай вуліцы. Кніжны магазін і іншыя будынкі знеслі, а замест іх з"явіліся новыя дзевяціпавярхоўкі, якія беспадстаўна былі аднесены да вуліцы Леніна. Змяніў паштовы адрас і шахматна-шашачны клуб: гадамі ён знаходзіўся (і знаходзіцца) на Садовай, але адрас яго – вуліца Віленская. Таму вуліца Садовая сёння практычна знікла – засталася на ёй толькі школа № 5 (дом пад нумарам 4) і праезд да дваровых тэрыторый шматпавярховак і пешаходны тратуар.

Шаноўныя чытачы! Мы зрабілі прагулку па вуліцы Садовай, цяпер такой маленькай, і пазнаёміліся з яе гісторыяй, былымі знакамітымі месцамі, людзьмі, якія пакінулі на ёй свой след. Настаў час даведацца, дзе ж знаходзіўся магістрат і які будынак для яго размяшчэння быў прадастаўлены. У 1797 годзе на заходняй ускраіне, прама перад уездам на Садовую, але толькі ўжо за гарадскім валам, завяршылася будаўніцтва двухпавярховага цаглянага будынка, які першачаргова прызначаўся для казармаў. Тэрмінова было прынята рашэнне рэканструяваць яго пад «прысутныя месцы». У ім і размясціліся мясцовы магістрат, казначэйства, паліцыя, кватэрная камісія – на першым паверсе, суд, кватэра гараднічага, казармы і іншыя службы – на другім. А ў хуткім часе за гэтым будынкам пабудавалі яшчэ адзін, з чырвонай цэглы – турму, якую абнеслі такой жа цаглянай агароджай. Так паступова пачала забудоўвацца новая вуліца, якая атрымае назву Турэмная (цяпер – Манахава). Пра яе гісторыю – у нашай наступнай вандроўцы.

 

В. ВІДЛОГА