Па старых адрасах (Газета «Слуцкі край», 23.12.2006)

Па старых адрасах (Газета «Слуцкі край», 23.12.2006)

15.04.2013

Шаноўныя чытачы! У папярэдняй вандроўцы мы пазнаёміліся з гістарычным мінулым толькі першай часткі вуліцы Віленскай. А таму працягваем наша падарожжа – па былой Трайчанскай.

На поўдзень ад горада паміж ракой Случ і яе прытокам знаходзілася невялікае прадмесце Трайчаны (зараз гэта раён медвучылішча і першага гарадка). А ў ім была толькі адна вуліца – Трайчанская, якая супадала з дарогай на Вільна. Выдатнай часткай прадмесця быў Троіцкі манастыр. У неафіцыйных крыніцах упамінаецца ён ужо ў ХII стагоддзі, у гістарычных – у 1445 годзе. Захаваўся цікавы дакумент – інвентар манастыра, складзены ў 1678 годзе ў сувязі са смерцю архімандрыта Слуцкага і епіскапа Беларускага Феадосія Васілевіча. У ім, акрамя апісанняў манастырскага ансамбля, даецца і апісанне прадмесця, дзе называецца яно мястэчкам. Дык вось, на той перыяд у Трайчанах было 80 пляцаў (зямельных участкаў з пабудовамі), 95 моргаў зямлі (1 морг – 0,75 гектара), 4 засценкі, гандлёвыя лаўкі і карчма, якую арандаваў яўрэй Пушман. У ліку ўладальнікаў пляцаў былі Казачонак, Жук, Пушкарэвіч і іншыя. З уладальнікаў і арандатараў манастыр меў даходаў за год больш за 300 злотых, не лічачы бясплатных рабочых рук у перыяд палявых работ.

Што ж уяўляў сабой манастырскі ансамбль гэтага перыяду? Ён быў абнесены высокім драўляным плотам з вежавымі варотамі. У двары – «каменны скарбец» з падвалам-«піўніцай», пяць драўляных жылых памяшканняў: трапезная, дом архімандрыта з мезанінам, домік для гасцей і іншыя. За гэтымі будынкамі да ракі цягнуліся сады, кветнікі, спецыяльны «слівавы сад», вінаградныя лозы, а пасярод саду – ставок (невялікая сажалка). У двары на драўляным слупе быў устаноўлены вялікі компас, а побач – калодзеж, які выкапаў уласнаручна Дзмітрый Растоўскі і на верхнім вянцы зруба выразаў: «Почто нам в Самарию за водой ходити, Егда н зде, въ Случеске, лепо её пити?». У словах гэтых быў вялікі сэнс закладзены – імкненне слуцкіх царкоўнікаў і іх кіраўніка епіскапа Васілевіча да незалежнасці і, з другога боку, вада ў Слуцку такая ж святая, як і ў Самарыі. Цяпер прыкладна на гэтым месцы ўстаноўлены драўляны крыж.

Насупраць варот была вельмі прыгожая ў архітэктурным плане царква Благавешчання, далей – каменны Троіцкі храм і званіца. У інвентары даецца апісанне і гаспадарчых пабудоў: канюшань, лазняў, бровара, дома для работнікаў, хлявоў і г.д.

Манастыр меў свае святыні: доўгі час у ім знаходзілася рака з мошчамі княгіні Сафіі, а ў капліцы – мошчы святога дзіцяці Гаўрыіла, але яны пазней былі вывезены з горада.

У 1785 годзе па ўказу Кацярыны II адкрылася Слуцкая семінарыя, а паколькі свайго будынка яна не мела, то заняткі праводзіліся ў трапезнай Троіцкага манастыра. Першыя семінарскія памяшканні – «утилищный» дом для класаў і «сиротский» – для пражывання «казённых» вучняў – былі пабудаваны ў 1798 і 1799 гадах. У час вайны 1812 года ў семінарскіх будынках жылі французы і амаль разбурылі іх, для аднаўлення спатрэбіўся доўгі час. Семінарысты вывучалі славесныя навукі, усеагульную і царкоўную гісторыю, філасофію і багаслоўе, грэчаскую, французскую, нямецкую, яўрэйскую і польскую мовы, фізіку і матэматыку. Выкладацне галоўных навук вялося на лацінскай мове.

У 1840 годзе семінарыя пераехала ў Мінск. Гэта адмоўна адбілася на жыцці манастыра, бо ён сістэматычна стаў спусташацца, дакладней – рабавацца. З яго вывозілі каштоўнасці, лепшыя кніжныя выданні і рукапісы бібліятэкі. Знялі нават вялікі звон вагой 220 пудоў. Па дарозе ў Мінск яго разбілі, потым пералілі і змясцілі на званіцу Петрапаўлаўскага кафедральнага храма.

У Слуцку засталося толькі мужчынскае духоўнае вучылішча, якое існавала да пачатку XX стагоддзя. Захаваўся яго будынак – зараз там размешчана медвучылішча.

Слуцкую семінарыю закончылі многія знакамітыя людзі: вучоныя, дзяржаўныя дзеячы, літаратары і краязнаўцы. Сярод іх – Барычэўскі-Тарнава, археолаг і гісторык, які адным з першых стаў вывучаць гісторыю народаў Вялікага княства Літоўскага, Гашкевіч – дырэктар Азіяцкага дэпартамента, першы расійскі консул у Японіі, даследчык Кітая (яго імем названы праліў у Паўночнай Карэі), Салаўевіч – пракурор «Беларускай калегіі» ў час аб"яднання уніятаў з праваслаўнай царквой, Ян Скрыган – беларускі пісьменнік і многія іншыя.

Акрамя ансамбля манастыра, на правым баку Трайчанскай знаходзілася царква Святога першапакутніка архідыякана Стэфана. У дакументах пра яе ўпамінаецца ўжо з другой паловы XVII стагоддзя. Вядома, што пры ёй быў шпіталь. У 20–30-х гадах XIX стагоддзя царква была семінарскай, а калі семінарыю перавялі ў Мінск, царкву перанеслі на могілкі, яна стала прыходскай. У 1932 годзе царкву закрылі, а праз некаторы час і ўвогуле знеслі.

У пачатку 20-х гадоў XX стагоддзя ў асобных манастырскіх будынках на працягу чатырох гадоў размяшчаўся сельскагаспадарчы тэхнікум. Потым яго перавялі ў Чырвоны Бераг. У гэты ж перыяд на манастырскіх землях была арганізавана працоўная земляробная арцель.

У 30-я гады XX стагоддзя манастыр закрылі, а каштоўнасці, якія ў ім былі, часткова перадалі ў музей, але многае трапіла ў прыватныя рукі. Збудаванні разбурыліся, і ў 50-я гады іх канчаткова знеслі.

З 1921 года па савецка-польскаму дагавору дзяржаўная граніца з Польшчай (да 1939 года) праходзіла ў 3040 кіламетрах на захад і паўднёвы захад ад Слуцка. Горад набыў вялікае ваенна-стратэгічнае значэнне, і вялікую колькасць воінскіх часцей перадыслацыравалі ў Слуцк. Так, на Трайчанскай (да гэтага часу яе перайменавалі ў вуліцу К. Лібкнехта) заснаваны 1-ы ваенны гарадок. Будуюцца казармы, жылыя дамы, а ў 1930 годзе – для ваеннаслужачых вялікі клуб з глядзельнай і танцавальнай заламі, буфетам і бібліятэкай. Пазней ён стаў называцца Домам афіцэраў. Праз многа гадоў, у 2002 годзе, пасля расфарміравання воінскіх часцей і вываду асобных з іх у Расію, гэты будынак і яшчэ пяць іншых перададзены медвучылішчу.

У гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі 1-га ваеннага гарадка ў фашыстаў быў лагер для савецкіх ваеннапалонных. У 1942 годзе тут знаходзіліся і мірныя жыхары, якіх акупанты масава вывезлі з Калінінскай (Цвярской), Бранскай, Арлоўскай, Смаленскай і іншых абласцей Расіі. Знаходзіліся ў ім і вязні з Беларусі.

Доўгія гады лічылася, што ў лагеры загінулі больш за 14 тысяч вязняў, астанкі якіх пасля вызвалення былі перазахаваны на гарадскіх могілках. Аднак ад жыхароў навакольных вёсак паступілі сігналы пра тое, што не ўсе ямы з загінуўшымі ўскрыты. У 1990-х гадах зроблены некалькі шурфовак, але беспаспяхова. Па дадатковых сведчаннях жыхароў вёскі Кляпчаны ў 2002 і 2003 гадах 1-я спецыялізаваная пошукавая рота на ўказаных участках рабіла раскопкі. Тады і былі знойдзены астанкі загінушых, праведзена судова-медыцынская экспертыза. Гэта былі астанкі вязняў – боліш за 14 тысяч. А гэта сведчыт што ў лагеры загінулі каля 30 тысяч чалавек. Гарвыканкам прыняў рашэнне не праводзіць перазахаванне, а гэтым месцы ўстанавіць памятны знак. Ён (на здымку) быў устаноўлены ў 2004 годзе да 60-годдзя вызваленія Случчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Пасля Вялікай Айчыннаі вайны вуліца Віленская значна адбудавалася і абнавілася: пабудаваны сярэдняя школа № 2, Дом піянераў (зараз мастацкая школа), дзіцячая музычная школа, вузел сувязі, насупраць медвучылішча ўстаноўлены помнік у гонар 20-годдзя Перамогі над фашысцкай Германіяй, адкрыліся магазіны, кафэ, рынак і гэтак далей. Добраўпарадкаванне і абнаўленне вуліцы працягваецца і зараз: прыгажэюць жылыя дамы, усё больш з"яўляецца кветак і газонаў.


 

В. ВІДЛОГА