Па старых адрасах (Газета «Слуцкі край», 09.12.2006)
05.04.2013
Сёння, паважаныя чытачы, мы сустракаемся з вамі каля самага прыгожага і вельмі значнага помніка ў нашым горадзе – помніка святой Сафіі Слуцкай, які быў устаноўлены ў 2000 годзе. З гістарычнай мясціны мы працягнем нашу экскурсію па вуліцы Віленскай. А для гэтага давайце прыадкрыем заслону часоў у XV стагоддзе нашага Случаска...
Войны, пажары
А яшчэ – эпідэміі. Такім быў той час для Слуцка. Але горад адбудаваўся і стаў адным са значных у Вялікім княстве Літоўскім. Пра гэта сведчыць і грамата князя Казіміра Ягелончыка, у якой ён у 1441 годзе сярод пералічаных 15 найбольш буйных гарадоў называе і Слуцк.
На левым беразе Случы будуецца новы горад – Зарэчча, актыўна пачынае забудоўвацца і Стары горад у паўночным і заходнім накірунках. Вакол яго з"яўляюцца манастыры на прадастаўленых князем землях. Манастыры адыгралі важную ролю ў развіцці феадальных адносін. Хоць і памнажалі яны сялянскую паншчыну, але былі і цэнтрамі распаўсюджання пісьменнасці – вялі летапісы, перапісвалі кнігі, збіралі бібліятэкі.
Першымі манастырамі ў Слуцку былі Трайчанскі і Ільінскі – на дарозе, якая вяла ад Верхняга замка ўздоўж Случы на Нясвіж і Вільна.
У XVI стагоддзі гандлёвая плошча горада была перанесена на другі бок дзяцінца, і выйсці на яе можна было з Верхняга замка па перакінутаму над Бычком пад"ёмнаму мосту. Ад гэтай плошчы і ішла вышэйназваная дарога. На правым яе баку, прыкладна ў раёне цяперашніх будынкаў дзіцячых спартыўнай, мастацкай і музычнай школ, знаходзіўся ансамбль Свята-Ільінскага манастыра. Дакладнай даты яго будаўніцтва няма. Таксама невядома, ці адразу з"явіўся ўвесь комплекс манастыра, ці першай была Ільінская царква (звесткі пра яе ёсць ужо ў 1471 годзе) – у гонар Ільі-прарока. Яна была саборным храмам да XVIII стагоддзя. Потым (канец XVIII–XIX стагоддзі) саборнай становіцца Увахода-Іерусалімская царква, з гэтага перыяду і манастыр называецца Спаса-Ільінскім. У канцы XVIII стагоддзя побач з саборнай царквой знаходзіцца царква Іаана Златавуста (былая Благавешчанская, перанесеная з тэрыторыі Троіцкага манастыра). Уваходзіла ў ансамбль манастыра Крыжаўздзвіжанская царква, якую ў 1811 годзе перанеслі на Замкавую горку.
Спачатку манастыр быў мужчынскім, а з 1611 года – жаночым. Тэрыторыя яго была агароджана драўляным плотам, у доўгім будынку было 13 келляў, у асобных будынках – яшчэ тры, а таксама кухня, кладоўка і іншыя гаспадарчыя пабудовы. Манастыр быў багаты: меў сярэбраны посуд, упрыгажэнні, адзенне, кнігі, у тым ліку рукапісныя. У 1845 годзе манахінь у манастыры ўжо не было, а сам манастыр закрылі ў 1854 годзе. Маёмасць яго перадалі Пінскаму Варварынскаму манастыру і толькі невялікую частку – Слуцкаму Троіцкаму. Цэрквы перанеслі ў іншыя месцы. Манастырскія будынкі ў канцы XIX стагоддзя зніклі. На гэтым месцы ўстанавілі крыж, а ў пачатку XX стагоддзя пабудавалі драўляную капліцу. Пазней гэта месца забудоўвалася дамамі прыватнага сектара. Так паступова пачала фарміравацца вуліца Віленская.
У 1652 годзе гараджане звярнуліся да ўладара Слуцка – князя Багуслава Радзівіла з просьбай аб аднаўленні магдэбургскага права, дараванага аж у 1441 годзе і страчанага ў выніку войн з татарамі. Князь звярнуўся да караля, і ў 1653 годзе сейм Рэчы Паспалітай зацвердзіў Слуцку права на самакіраванне. Магістрат размясціўся ў ратушы, пабудаванай на правым баку Віленскай побач з гандлёвай плошчай і заезным домам. Тып ратушы склаўся ў ХІІ–XIV стагоддзях. Як правіла, гэта быў строгі двухпавярховы будынак з элементамі прыгоннага і культавага дойлідства. Кампазіцыйным ядром выступала зала нарад на другім паверсе, дзе знаходзіўся балкон для звароту да гараджан. Вежа сімвалізавала самастойнасць у палітычнай вольнасці горада. Слуцкая ратуша адрознівалася ад прынятых канонаў. Чарнавікі князя Багуслава Радзівіла (знаходзяцца ў Нацыянальным архіве Беларусі) з малюнкамі-эскізамі ратушы ў Слуцку даюць амаль поўнае ўяўленне пра яе. Гэта быў трохпавярховы будынак з вежай-уваходам, над якім знаходзіўся гадзіннік, а франтон і купал вежы ўпрыгожвалі флажкі-флюгеры. Гэтыя чарнавікі наводзяць на думку, што князь выступаў не толькі ў якасці заказчыка будаўніцтва ратушы, але быў і аўтарам праекта. Як правіла, памяшканні ратушы рабілі вялікімі. У адрозненне ад многіх, тут размяшчалася мноства службаў: казна, архіў, канцылярыя, зала пасяджэнняў магістрата і суда, склады, вагавая і іншыя.
У XVI стагоддзі на беразе Случы недалёка ад ратушы і гандлёвай плошчы на левым баку Віленскай была пабудавана царква Ператварэння Гасподня – Прэабражэнская (так называлі яе ў народзе). У хуткім часе пры ёй арганізавалася праваслаўнае брацтва, а праз некаторы час адкрыўся мужчынскі манастыр з багадзельняй і шпіталем. У пачатку XVII стагоддзя брацтва адкрыла школу, якая з часам ператварылася ў двухкласнае вучылішча і называлася Слуцкай семінарыяй (у 1790 годзе яе закрылі).
Царква ўвайшла ў гісторыю і як месца, дзе ў 1767 годзе быў зацверджаны акт і прыняты маніфест канфедэрацыі (саюза) аб ураўноўванні правоў праваслаўных і пратэстантаў з католікамі. Слуцкая канфедэрацыя адразу ж была прынята пад «найвышэйшую пратэкцыю» Кацярыны II.
На працягу двух гадоў (1677–1679) у манастыры жыў вядомы рускі праваслаўны філосаф і пісьменнік (а потым – кіеўскі іераманах) Дзмітрый Растоўскі (Даніла Савіч Туптала). Жыў ён у келлі, вывучаў лацінскую і польскую мовы, выступаў з пропаведзямі. Ён быў прыхільнікам рэформаў Пятра I і ў той жа час праціўнікам умяшальніцтва дзяржавы ў царкоўныя справы. Дзмітрый Растоўскі вёў дзённік, у якім ёсць і апісанне Слуцка таго часу.
У 1669 годзе ў цэнтральнай частцы Слуцка ўспыхнуў пажар. Пабудовы былі ў асноўным драўляныя, і полымя з маланкавай хуткасцю перакідвалася з аднаго будынка на другі. Згарэлі ратуша, гандлёвыя рады, заезны двор. Пасля гэтага магістрат размясціўся ў адным з будынкаў на тэрыторыі новага горада.
На вуліцы Віленскай
У 1797 годзе закрыўся Спаса-Прэабражэнскі манастыр, а ў 1810 годзе згарэла царква і ўсе яго іншыя пабудовы. Яны так і не былі адбудаваны. Да канца XVII стагоддзя Віленская да абароннага вала поўнасцю забудавалася. У гэты перыяд гарадская рыса вызначалася земляным валам і горадам лічылася толькі тэрыторыя ўнутры яго. Адначасова ўздоўж вала ўзнікалі прыватныя пабудовы, якія стварылі новую вуліцу. З часам яна атрымала афіцыйную назву – Падвальная (ад свайго размяшчэння – пад валам, якая ідзе ўздоўж вала). Была яна доўгай і перасякала іншыя вуліцы, таму да сярэдзіны XX стагоддзя яе падзялілі на чатыры і перайменавалі ў Працоўную: 1-ю, 2-ю, 3-ю і 4-ю. Але пра гэта – пазней.
Землі ад гарадскога вала ўздоўж дарогі на Вільна належалі Свята-Троіцкаму манастыру, які ў XIX стагоддзі пачаў прадаваць іх асобнымі ўчасткамі. Гэта садзейнічала забудове вуліцы і да XX стагоддзя яна забудавалася прыватнымі дамамі амаль поўнасцю, але не «злілася» з Трайчанскай. Многія яўрэйскія сем"і пабудавалі на Віленскай дамы. Сярод іх быў і каваль Арый Косберг. Яго кавальня знаходзілася на самым беразе ракі справа ад так званага «чортава» моста. У 80-я гады XX стагоддзя з Ленінграда прыязджала дачка каваля, і мы наведалі гэтыя мясціны. Ад мінулага Косбергаў заставалася вялізнае дрэва, вывернутае і росшае амаль паралельна рачной гладзі. У 1903 годзе ў сям"і Косбергаў нарадзілася чацвёртае дзіця – сын Сямён. Ніхто і падумаць не мог, што гэты маленькі худзенькі хлапчук стане вядомым канструктарам у ракетабудаўніцтве, і ім будуць ганарыцца не толькі случчане, але і ўсе беларусы.
Праз некалькі дамоў ад Косбергаў стаяў невялікі дом мясцовага свяшчэнніка. Ён і цяпер захаваўся і знаходзіцца на балансе домакіраўніцтва. Жывуць у ім некалькі сем"яў. У пачатку XX стагоддзя адразу ж за гэтым домам для сваёй сям"і пабудаваў дом сакратар Слуцкага павета Лука Трафімавіч Трухан, чалавек пісьменны і інтэлігентны. Па тых часах у яго была адна з лепшых бібліятэк у горадзе. Па ўспамінах яго дачок Валянціны і Таццяны, з якімі мне пашчасціла сустрэцца, у іх сям"і заўсёды, як бы цяжка ні жылося, быў культ кнігі. Магчыма, і гэта адыграла сваю ролю ў тым, што ўсе дзеці Лукі Трафімавіча атрымалі адукацыю, а старэйшы сын Генадзь і дачка Таццяна сталі вучонымі. Некалькі пазней вучоную ступень атрымаў і муж Валянціны – Сяргей Фёдаравіч Рубанаў, былы дырэктар САШ № 10, Герой Сацыялістычнай Працы. Навуковы шлях прадоўжылі амаль усе ўнукі Л.Т. Трухана.
Але вернемся да назвы вуліцы Віленскай. Я лічу, што ўсё ж такі яна спачатку называлася Ільінскай – па назве царквы і манастыра. Пра гэта сведчаць многія літаратурныя крыніцы. I жыхары не-не ды і называлі яе Ільінскай. У 1919 годзе, калі масава пераймяноўваліся вуліцы, Віленская стала Падпольнай – у гонар падпольнага бальшавіцкага камітэта, створанага ў 1918 годзе і ўзначаліўшага барацьбу супраць акупантаў кайзераўскай Германіі, а ў 1919-м – белапалякаў. Але гэта назва пратрымалася нямногім больш за год.
У гэты ж перыяд пераймяноўваецца і Трайчанская – у вуліцу імя Карла Лібкнехта, дзеяча нямецкага і міжнароднага рабочага руху, аднаго з арганізатараў Камуністычнай партыі Германіі. Ён быў забіты палітычнымі праціўнікамі ў 1919 годзе ў Берліне. Пасля гэтага яго памяць ушанавалі ў назвах вуліц і плошчаў. Да гэтага ж часу забудовы вуліц Віленскай і Трайчанскай самкнуліся, было прынята рашэнне лічыць іх адной вуліцай і даць агульную назву – К. Лібкнехта. З гэтай назвай вуліца «пражыла» значны перыяд. У 1991 годзе рашэннем гарадскога выканаўчага камітэта і гарадскога Савета дэпугатаў ёй была вернута старая назва – Віленская.
В. ВІДЛОГА