Па старых адрасах (Газета «Слуцкі край», 06.09.2006)
01.04.2013
У пачатку XVII стагоддзя ў Германіі зарадзілася лютэранства і ўжо ў першай палове гэтага стагоддзя лютэране з’явіліся ў нашым горадзе (лютэране – прадстаўнікі аднаго з пратэстанцкіх веравызнанняў, названага па імені Марціна Лютэра – аўт.).
Слуцкі князь Багуслаў Радзівіл у знак сваіх сімпатый да лютэранства ў 1654 годзе ў канцы Прозараўскай вуліцы непадалёку ад саборнай царквы Святога Мікалая Цудатворца (у той час яна знаходзілася на вуліцы Капыльскай), выдзеліў вялікі ўчастак зямлі пад будаўніцтва і ўзвёў драўляны храм-кірху. Гэты раён Прозараўскай быў мала забудаваны і хутка каля кірхі ўтварылася плошча, якую сталі называць Саксонскай. Некалькі пазней яна атрымала назву Лютэранскай.
Аднак лютэранства масавага водгуку ў случчан не знайшло. Яны засталіся верныя праваслаўю. У канцы XVIII стагоддзя ў горадзе лютэране складалі толькі 33 %, а ў 1852 годзе іх колькасць складала 18 чалавек (0,7 % ад хрысціянскага насельніцтва горада). Вядома, што з 1793–1795 года ў Слуцкай лютэранскай абшчыне працаваў пастар Людвіг Гіммерых, але потым яго перавялі ў Магілёў. Гэта таксама сыграла сваю ролю ў «затуханні» лютэранства. У XIX стагоддзі кірхі не стала.
Па звестках гарадскіх інвентароў за 1689 і 1728 гады на Прозараўскай знаходзіўся касцёл Святога Аўгусціна манахаў ордэна аўгусцінцаў. Вядома таксама, што пры ім была школа. Якіх-небудзь іншых звестак пра касцёл не захавалася і на плане горада 1799 года ён ужо не пазначаны (магчыма, згарэў да гэтага часу).
У пачатку XIX стагоддзя на Прозараўскай нехта Бранштэйн узвёў двухпавярховы будынак з чырвонай цэглы і адкрыў гасцініцу, якую назваў моднай па тых часах назвай «Брыстоль» (партовы горад у Вялікабрытаніі, у XVII–ХVIII стагоддзях – адзін з цэнтраў гандлю рабамі, цукрам, тытунём і інш.). Гасцініцу называлі яшчэ «Дом Бранштэйна». Хто ж ён такі? Звестак пра яго практычна не захавалася, але можна меркаваць, што гэта быў багаты яўрэй, бо ён яшчэ валодаў у Слуцку ўстановай газавых вод. Пра гэта сведчаць бутлі з цёмна-сіняга шкла з надпісам «Заведенне газовых вод Бронштейна в Слуцке», якія экспануюцца ў краязнаўчым музеі ў Слуцку.
Побач з гасцініцай у пачатку таго ж стагоддзя была пабудавана карэтная пажарнай. Дарэчы, калі-нікалі можна пачуць, што ў гасцініцы «Брыстоль» у перыяд Паўночнай вайны спыняўся Пётр I. Так, рускі цар сапраўды бываў у Слуцку, але жыць у гэтай гасцініцы не мог – яна яшчэ не была пабудавана. А спыніўся ён хутчэй за ўсё ў заезджым доме, які знаходзіўся непадалёку ад гарадской ратушы ў пачатку вуліцы Віленскай.
У сярэдзіне XIX стагоддзя вуліцу Прозараўскую перасякала новая дарога – шаша Масква-Варшава, уздоўж якой пачалася актыўная забудова (шаша супадала з цяперашняй вуліцай Леніна). У гэты перыяд пераносіцца гандлёвая плошча на месца перасячэння дарогі з вуліцай Капыльскай. У сувязі з гэтым мяняецца і планіроўка сумежных тэрыторый. Частка вуліцы Прозараўскай ад Віленскай і да шашы ператварылася ў завулак Прозараўскі, а ад шашы стала называцца вуліцай Калёснай, бо тут сталі засяляцца кавалі, бляхары, якія адкрывалі свае майстэрні, а таксама майстры па вырабу павозак, саней, колаў, каламазі і іншага. Гэта назва захавалася аж да другой паловы 60-х гадоў XX стагоддзя. У фондах музея ёсць успаміны ветэрана працы Я. Расамахі, які пісаў: «Наш горад славіўся кавалямі і саматужнымі майстэрнямі. Адна з вуліц і цяпер называецца Калёсніцкай… Натых месцах, дзе цяпер узвышаюцца сучасныя жылыя шматпавярховыя дамы, у пачатку 20-х гадоў стаялі хаты, майстэрні… На месцы, дзе цяпер шматпавярховы дом з магазінам «Вясна», быў домік, у якім у 1922 годзе арганізавалі першы на Случчыне калектыў кавалёў з былых беспрацоўных…»
У 1917 годзе, пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, у доме Бранштэйна размяшчаўся ваенна-рэвалюцыйны камітэт. Савецкая ўлада ў Слуцку была ўстаноўлена мірным шляхам і пра пераход яе ваенрэўкаму было аб'яўлена 29 кастрычніка 1917 года на агульнагарадскім мітынгу на базарнай плошчы. У гэтым жа будынку знаходзіўся і Саветрабочых і салдацкіх дэпутатаў, які ўзначальваў І.К. Ксенафонтаў.
З сакавіка 1919 года завулак Прозараўскі стаў называцца Камуністычным. Тут, у гасцініцы, пасля вызвалення ад белапольскіх акупантаў зноў размясціўся ваенрэўкам, Савет, рэдакцыя газеты і рад аддзелаў.
У перыяд акупацыі Слуцка войскамі кайзераўскай Германіі і белапольскімі захопнікамі вялікая колькасць будынкаў была разбурана, асабліва непрывабна выглядала Лютэранская плошча. Пасля вызвалення яна была расчышчана, прыведзена ў парадак і перайменавана ў Чырвоную. Так што і ў Слуцку была свая Чырвоная плошча.
…Пасля Вялікай Айчынай вайны сярод уцалелых будынкаў у Камуністычным завулку былі пякарня і майстэрні бляхароў (цяпер там вузел сувязі), дом Бранштэйна, карэтная і г.д.
З другой паловы 60-х гадоў і да пачагку 80-х гадоў XX стагоддзя ўсе старые будынкі былі знесены, у тым ліку – і гасцініца «Брыстоль». На іх месцы пабудаваны двухпавярховы універмаг, пошта і вузел сувязі. Завулка Камуністычнага не стала. У сувязі з ліквідацыяй у 30-х гадах базарнай плошчы і будаўніцтвам двухпавярховага Дома Саветаў, а таксама з пасляваеннай разрухай, рэканструкцыяй плошчы і ўзвядзеннем новых шматпавярховак вуліца Калёсная сышлася з вуліцай Урыцкага, а Чырвоная плошча была ліквідавана яшчэ ў канцы 20-х гадоў.
В. ВІДЛОГА