Па старых адрасах (Газета «Слуцкі край», 06.11.2003)

07.03.2013

З 1917 года ўзяў пачатак новы этап гісторыі – савецкі, які за свой невялікі перыяд увабраў у сябе столькі гераічных і трагічных падзей, што не магло не знайсці адлюстравання ў сацыяльным і культурным жыцці. У гонар вядомых рэвалюцыянераў, герояў грамадзянскай вайны, дзеячаў Савецкай дзяржавы былі названы плошчы, вуліцы, пасёлкі і гарады. I ў Слуцку з'явіліся такія назвы вуліц, як Пралетарская, Рэвалюцыйная, Савецкая, Чырвонаармейская, Красная, Подпольная, Камуністычны завулак, Урыцкага, К. Лібкнехта, Валадарскага, Луначарскага і гэтак далей. Нават дзве плошчы з'явіліся: Красная і Інтэрнацыянальная. Але ў той час захоўваліся і некаторыя старыя назвы.

Масавае перайменаванне вуліц у Слуцку адбылося толькі ў сакавіку 1919 года. Савецкая ўлада ў нашым горадзе і павеце была ўстаноўлена мірным шляхам, аднак гэты мірны перыяд быў вельмі кароткім, бо ў студзені 1918 года становішча ўскладнілася з-за размешчанага ў раёнах Жлобіна, Рагачова, Бабруйска 1-га польскага корпуса генерала Доўбар-Мусніцкага. Часовы ўрад стварыў гэты корпус для барацьбы з Германіяй. 12 студзеня легіянеры паднялі мяцеж супраць Савецкай улады і пачалі наступленіе на Мінск і Слуцк з усходу.

У гэты перыяд у горадзе быў нешматлікі атрад Чырвонай гвардыі – крыху болей за 100 чалавек. Але літаральна за некалькі дзён колькасць яго павялічылася. Камандзірам быў назначаны Якаў Аскольдаў. У сярэдзіне студзеня атрад выступіў насустрач праціўніку. Паміж Асіповічамі і Бабруйскам, каля станцыі Ясень, 24 студзеня адбыўся бой з легіянерамі. Але сілы былі няроўнымі, і атрад вымушаны быў адысці да Слуцка. У сярэдзіне лютага 1919 года горад занялі легіянеры, якія ўстанавілі свае парадкі: пачаліся вобыскі, арышты. У гэты перыяд пачалося наступленіе германскіх войскаў на ўсім руска-германскім фронце. Без бою легіянеры здалі Слуцк.

3 сакавіка Савецкая Расія была вымушана заключыць Брэсцкі мір з Германіяй і яе саюзнікамі. Большая частка Беларусі, у тым ліку Слуцк, была акупіравана, а ўлада належала ваеннаму каменданту. Аднавілі работу дарэвалюцыйная ўправа і павятовае земства. Якім жа было жыццё ў горадзе? Высокія цэны, беспрацоўе, але, галоўнае – страх жыхароў перад лютасцю ворага.

Барацьбу супраць акупантаў узначаліла падпольная бальшавіцкая арганізацыя, быў створаны камітэт пад кіраўніцтвам старшыні Вендрава і сакратара Басінкевіча. У мястэчках і вёсках павета ствараліся партыйныя групы, у горадзе дзейнічала падпольная маладзёжная арганізацыя. У лістападзе 1918 года ў Германіі ўспыхнула рэвалюцыя, войскі паступовасталі адыходзіць на захад, а ўслед за імі рухаліся часці Чырвонай Арміі. У пачатку снежня Чырвоная Армія заняла Урэчча, немцы ж яшчэ былі ў Слуцку. Ваенна-рэвалюцыйны камітэт выйшаў з падполля і вырашыў узяць уладу ў свае рукі шляхам перагавораў з камендантам горада, нямецкім генералам. Пасля доўгага роздуму ён выдаў загад аб вывадзе нямецкіх войскаў са Слуцка.

8 снежня 1918 года ў горад уступілі часці Чырвонай Арміі. На базарнай плошчы адбыўся ўрачысты мітынг, прысвечаны аднаўленню Савецкай улады ў горадзе і павеце.
У хуткім часе цэлая серыя загадаў была прынята рэвалюцыйным камітэтам: аб устанаўленні 8 гадзіннага рабочага дня, ахове працы, стварэнні біржы працы, рэарганізацыі асобных гаспадарак і г.д.

13 сакавіка 1919 года выдадзены загад аб перайменаванні вуліц і плошчаў горада. Поўнасцю ён быў надрукаваны ў газеце «Молат і Плуг», якая з'яўлялася органам Слуцкага павятовага выканкама і падраённага камітэта КП(б) Беларусі і Літвы.

Думаю, чытачам будзе цікава пазнаёміцца з ім у даслоўным выкладанні, бо гэта было першае і самае масавае перайменаванне пасля ўстанаўлення Савецкай ўлады.

«Приказ № 44. В ознаменование утвердившейся республиканской власти пролетариата в здешнем крае и её выдающихся бывших и настоящих работников, Отдел Управления Слуцкого уезда, на основании постановления своего, состоявшегося 2 марта с.г. № 207, определил нижепоименованным главным улицам и площадям г. Слуцка присвоить следующие названия:

1. Романовскую или Шоссейную переименовать в Пролетарскую ул.
2. Базарную площадь назвать Интернациональной площадью.
3. Бывшую Лютеранскую назвать Красной площадью.
4. Копыльскую назвать ул. Урицкого.
5. Мостовую назвать ул. Володарского.
6. Широкую или Гоголевскую оставить одно название «Гоголевская».
7. Фарскую назвать Луначарского.
8. Виленскую назвать Подпольной ул.
9. Тройчанскую ул. назвать Либкнехта.
10. Прозоровский пер. Назвать Коммунистическим пер.
11. Ново-Тишковскую назвать Ленинским бульваром.
12. Тюремную назвать ул. Чернышевского.
13. Казачью назвать Красноармейской ул.
14. Юрьевскую назвать ул. Толстого.
15. Подвальную 1, 2, 3 и 4 назвать Трудовыми.
16. Красную и Школьную оставить без изменения.
17. Ивановскую назвал, ул. Карповича.

Доводя о сем до сведения Отдел Управления Слуцкого уезда предлагает всем жителям гор. Слуцка до коих сие относится:

1. В 5 ти дневный срок со дня опубликования настоящего приказа снять все старые вывески с домов, как с русскими так и с немецкими надписями.
2. В тот же срок заготовить вывески с новыми названиями улиц и прибить к домам.

За невыполнение сего виновные будут подвергнуты денежному штрафу до 300 руб. или тюремному заключению до одного месяца.

13 марта 1919 года.

Председатель Слуцкого Уездного исполкома Трофимов

Заведующий Отделом Управления Богданович».


Копія газеты з гэтым загадам захоўваецца ў краязнаўчым музеі. Пра гісторыю асобных вуліц, пра тое, дзе ў горадзе была Красная плошча, вы даведаецеся ў наступным падарожжы па старых адрасах.

В. ВІДЛОГА