Па старых адрасах (Газета «Слуцкі край», 29.05.2002)
28.02.2013
На вуліцы Шашэйнай, дзесьці насупраць сучаснага магазіна «Свежы хлеб», знаходзіўся будынак казначэйства, і вуліца называлася Казначэйнай (цяпер вул. Корзуна). На галоўнай вуліцы горада знаходзіліся некалькі дамоў уладальніка Мушынскага, крама Карказовіча, у адным з дамоў Перліна – натарыяльная кантора Дэяніса Цішкова, на вуглу з Капыльскай – аптэчная крама Карміліна, амаль побач з ёй – рынак (цяпер плошча каля гарвыканкама). Што сабою ўяўляў гэты рынак? З аднаго боку стаялі вазы з распрэжанымі коньмі – гэта сяляне з вёсак прыязджалі, каб купіць запалкі, газы, коламазі і інш. патрэбнага тавару, а разам з тым прадаць і свой тавар – воўну, пяньку, драўляны і гліняны посуд, мел, венікі і г.д. За вазамі былі яўрэйскія лаўкі. З другога боку знаходзіліся беларускія гандляры, якія прадавалі хлеб, абаранкі, агародніну, садавіну і іншае. За імі ў адзін рад стаялі сальнікавыя будкі. Перыядычна праводзіліся мясцовыя кірмашы. Гандлявалі пераважна льном, воскам, збожжам, мясам, жывёлай, мёдам, бандарнымі вырабамі, гліняным посудам і г.д. Звычайна кірмашы адбываліся ў дні рэлігійных святаў, суправаджаліся народнымі гуляннямі, выступалі батлейка, вандроўныя артысты, лірнікі «сляпцы, якія выконвалі рэлігійныя, пстарычныя і жартоўныя песні.
На Шашэйнай, насупраць сучаснага Дома быту, знаходзілася друкарня Яброва, якая звяртала ўвагу яшчэ здалёк рэкламнай драўлянай брамай. У нашым музеі знаходзяцца выданні гэтай друкарні, сярод якіх «Справаздача аб стане Слуцкай гімназіі ў 1901/02 навучальным годзе» і інш. Далей па гэтым жа баку вуліцы знаходзілася камерцыйнае вучылішча (цяпер будынак кансервавага завода). Сем класаў навучання былі платнымі. Па заканчэнні поўнага курса выпускнікі атрымлівалі званне ганаровага грамадзяніна, а выдатнікі – кандыдата камерцыі, яны ўзнагароджваліся залатымі і сярэбранымі медалямі.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі вуліца Шашэйная зноў была перайменавана. Называцца стала Пралетарскай. Аблічча старажытнага горада паступова стала мяняцца. У сярэдзіне 30-х гадоў замест рынку быў разбіты сквер, на многіх вуліцах высаджаны дрэвы. Нанава замасцілі вуліцу, тратуары яе заасфальтавалі. У цэнтры горада былі ўстаноўлены электрычныя гадзіннікі – на плошчы і каля пошты. У 1937 г. быў пабудаваны Дом Саветаў, а ў 1939 устаноўлены помнік У.І. Леніну (аўтар – скульптар А. Бембель).
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, фашысты ў акупіраваным горадзе ўстанавілі свой парадак – рэжым рабаўніцтва і тэрору, а цэнтральную вуліцу перайменавалі ў Галоўную. Так называлася яна да 30 чэрвеня 1944 года, пакуль горад не быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Але гісторыя вуліцы на гэтым не скончылася. У сярэдзіне 50-х гадоў яна атрымала новую назву – імя У.І. Леніна. У гэты час яе пачалі забудоўваць чатырох- і пяціпавярховымі дамамі. Першы буйнапанэльны дом быў пабудаваны на вуліцы Леніна ў 1963 годзе. З таго часу аблічча вуліцы памянялася. У 70-я гады былі знесены крамы, што месціліся ад Косага моста ў бок аўтобуснага прыпынку «Дом культуры» – гэта дало магчымасць значна пашырыць тратуар, устанавіць лаўкі. Сёння гэта месца называюць «камяні». Замест сталоўкі № 1 з’явіўся новы рэстаран «Вежа града», пабудаваны Дом быту, універмаг «Слуцк» – на месцы былога дзіцячага садка і крамы «Сокі-воды», дзе запраўлялі сіфоны газіраванай вадой, замест маленькага будынка старой аптэкі з’явіўся новы і г.д. Вуліца з кожным годам прыгажэе: усё больш з’яўляецца кветак, добраўпарадкоўваюцца тратуары, абнаўляюцца фасады дамоў.
В. ВІДЛОГА,
дырэктар краязнаўчага музея