Па старых адрасах (Газета «Слуцкі край», 30.04.2002)
26.02.2013
У канцы XVIII ст., а дакладней – у 1793 годзе, па ўказу сената Слуцк стаў павятовым цэнтрам Мінскай губерні. У склад павета ўваходзілі цяперашнія Слуцкі, Капыльскі, Нясвіжскі, Клецкі, большыя часткі Салігорскага, Ганцавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў, а таксама г Нясвіж, які лічыўся пазаштатным. У такіх межах павет праіснаваў аж да 1920 г.
У Слуцк у сувязі з гэтым быў назначаны гараднічы, створаны гарадскі магістрат на чале з бургамістрам, а таксама павятовы і земскі суды, павятовае казначэйства, земская паліцыя і іншыя ўстановы.
У 1800 г. у горадзе было 686 драўляных дамоў, праваслаўны і два каталіцкія манастыры, восем цэркваў, тры касцёлы, чатыры сінагогі, дзве кузні, адзін млын і фабрыка слуцкіх паясоў.
Колькасць насельніцтва – 3718 чалавек. Па развіццю рамёстваў Слуцк быў другім горадам у губерні. Эканамічнае жыццё горада ажывілася пасля адмены прыгоннага права ў 1861 г., што палепшыла ўмовы для развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці, далейшае развіццё атрымалі дробныя прадпрыемствы па перапрацоўцы мясцовай сыравіны, мяшчанскія саматужныя промыслы. Пачала павялічвацца колькасць прамысловых прадпрыемстваў, а разам з тым і колькасць рабочых. Так, калі ў 1861 г. у Слуцку было жыхароў 7064 чалавекі, то ў 1865 ужо пражывала 8226 чалавек, працавалі невялічкія заводы – мукамольны, крупяны, чатыры гарбарныя, тры цагляныя, тры ганчарныя, чатыры піваварні. Павялічылася колькасць рамеснікаў. Іх было каля 500 чалавек, у тым ліку 225 майстроў. З'явіліся новыя крамы – 20 драўляных і тры цагляныя, лавак было ўжо каля 170. У 1869 г. дарослае насельніцтва Слуцка складала 9875 чалавек, у тым ліку дваране – 856, духавенства – 177, купцы – 246, мяшчане – 7180 чалавек.
З 29 гарадскіх вуліц толькі шэсць былі выбрукаваны. З назвамі вуліц была неразбярыха, бо многія з іх пераймяноўваліся па некалькі разоў. Толькі ў канцы XIX ст. пачалі з'яўляцца дошчачкі з назвамі. Найбольш вялікія вуліцы і тыя, што бліжэй былі да цэнтра, вымошчваліся каменем, на іх устанаўліваліся драўляныя трагуары, якія былі такімі вузкімі, што з цяжкасцю разыходзіліся два пешаходы. Увечары па такіх тратуарах хадзіць патрэбна было з вялікай асцярогай, бо адарваныя дошкі з цвікамі рвалі адзенне і абутак. Горад асвятляўся слаба. Устаноўлена было толькі 90 газавых ліхтароў і то на галоўных вуліцах.
Сярод іншых гарадоў Мінскай губерні Слуцк вылучаўся найбольшай скучанасцю насельніцтва – у сярэднім 16 чалавек на адзін дом. У горадзе часта ўзнікалі пажары, часам выгаралі цэлыя кварталы. Таму колькасць дамоў зменшылася з 1032 да 962. Жыхары горада карысталіся вадой з калодзежаў і рэчкі, бо не было водаправода. Рачная вада, асабліва ў час разводдзя, была крыніцай інфекцыйных захворванняў.
У 30–50–я гады XIX ст, у Беларусі вялося будаўніцтва дарог новага тыпу – шашы. Гэта дарога з дакладна спланаваным папярэчным профілем, выдзеленым яго элементамі: дарожным палатном, абочынамі, кюветамі. Важнейшая з іх была Маскоўска–Варшаўская шаша, альбо, як яе яшчэ называлі – Варшаўка: ад Масквы да Брэст-Літоўска працягласцю 999 вёрст (1059 км). Поўнасцю адкрыта яна была ў 1851 годзе. Шаша праходзіла праз Крычаў-Доўск-Бабруйск-Слуцк-Кобрын. Сёння гэта ўжо гістарычная шаша, шаша-помнік. Для Слуцка шаша мела вялікае значэнне.
Будаўніцтва яе значна ажывіла аўтамабільны рух у Слуцку, а разам з ім і гандаль. Бо з-за адсутнасці чыгункі і добрай дарогі ўзнікалі цяжкасці з прывозам і вывазам тавараў. Ролю грузавога транспарту выконвалі слуцкія «балаголы» на сваіх біцюгах, запрэжаных у вялікія павозкі. Пасажырам жа трэба было дабірацца да бліжэйшых чыгуначных станцый. Па «варшаўцы» пасажыраў да 1909 г. вазілі на конных дыліжансах, пакуль адна камерцыйная кампанія не выкарыстала гэтыя абставіны для куплі ў Германіі трох аўтобусаў. У сувязі з гэтым у Слуцку была адкрыта цэнтральная станцыя з аўтобусным гаражом. Што ж сабой уяўляў аўтобус таго часу? Складваўся ён з трох кабін: пярэдняя – для двух шафёраў, наступная за ёй – для васьмі пасажыраў 1-га класа, трэцяя – для дваццаці пасажыраў 2-га класа. Пасажыры 3-га класа ехалі на даху, абгароджаным поручнямі. На дах грузілі і багаж. Кошт за праезд быў наступны: у кабіне 1-га класа – 2 руб. 20 кап., 2-га – 1 руб. 80 кап., 3-га 1 рубель – гэта да станцыі Старыя Дарогі.
Пазней пачалі з'яўляцца большыя аўтобусы, лепшыя па свайму стану – з коламі, літымі са сталі. Да восені 1915 года праіснавала гэта кампанія.
Шаша перасякала горад і супадала з яго галоўнай вуліцай Раманаўскай, якая ў свой час атрымала назву ў гонар царскай дынастыі Раманавых. Уздоўж шашы пачалі з'яўляцца новыя пабудовы, у тым ліку і паштовая станцыя (гасціны двор). Комплекс яе ўзведзены паводле «ўзорнага» праекта 1843 г. і складаўся з чатырох аднапавярховых будынкаў, якія ўтварылі сіметрычную кампазіцыю з замкнёным унутраным дваром. Уся сядзіба паштовай станцыі была абсаджана дрэвамі. Пасярэдзіне двара быў калодзеж.
Праезджы, вандроўнік перш за ўсё павінен быў наведаць станцыйны дом, дзе прад'яўляў падарожную – дакумент на замену коней. Тут жа, у гасцінічным пакоі, можна было адпачыць, пераначаваць, атрымаць гарачую ваду і перакусіць. У доме знаходзілася кватэра наглядчыка, а таксама канторка, дзе афармлялі падарожныя і захоўвалася пошта. Для надта важных гасцей меліся асобныя пакоі. За станцыйным домам, па перыметру квадратнага двара, замыкаючы яго, былі канюшня, хлеў, навесы для павозак.
Ад шашы двор адгароджвала цагляная сцяна з двума варотамі – уязнымі і выязнымі (каб не губляць час на разварот цяжкіх экіпажаў, карэт, дыліжансаў). Комплекс былой паштовай станцыі – гэта дамы №№ 153, 155, 157, 159 на цяперашняй вуліцы Леніна і знаходзяцца яны ў такім стане, што цяжка назваць іх помнікамі архітэктуры. Праўда, адзін з іх вылучаецца добрым фасадам і добраўпарадкаваным дворыкам – тут размешчаны філіял краязнаўчага музея з экспазіцыяй «Побыт сялян XIX – пачагку XX стагоддзя».
З будаўніцтвам шашы працягласць вуліцы Раманаўскай значна павялічылася. У народзе ўсё часцей можна было пачуць не назву вуліцы, а проста «Шаша», I гэта стала настолькі звыклым, што ў хуткім часе вуліца была перайменавана ў Шашэйную.
В. ВІДЛОГА,
дырэктар краязнаўчага музея