Па старых адрасах (Газета «Слуцкі край», 30.03.2002)

18.02.2013

Сёлкі
Гэта колісь быў фальварак, які знаходзіўся на выгане за агародамі жыхароў вуліцы Капыльскай, у канцы вуліцы Манахава (цяпер 3-ці і 4-ы завулкі Урыцкага). Назва Сёлкі ўтварылася ад слова «селішча», што азначае зямельны ўчастак, заняты будынкамі і садамі. У літаратурных крыніцах звесткі аб гэтым фальварку сустракаюцца ў XVIII ст. У гэты час ён належаў князю Радзівілу. Вядома, што ў 1773 г. упраўляючы фабрыкай слуцкіх паясоў Ян Маджарскі (справы ў яго ішлі вельмі добра, бо паясы карысталіся вялікім попытам) пазычыў князю Каралю-Кошку Радзівілу 30 тысяч злотых пад заклад фальварка Сёлкі. Князь быў павінен Яну за паясы, узятыя ў яго ў розныя тэрміны ў крэдыт. Таксама ёсць звесткі, што хтосьці з мужчын, пражываючых у фальварку, быў ткачом на фабрыцы. На жаль, прозвішча засталося невядомым. Як дзеянні з фальваркам развіваліся далей – невядома, але ў XIX ст. Сёлкі належалі багатаму шляхцічу, поварам у якога быў Пятрок Шалюта. З часам непадалёку ён пабудаваў хату, дзе і жыў з сям’ёй. Так узнік хутар Сёлкі. Пазней на хутары жылі сын Шалюты Антон і яго сыны Аляксандр і Канстанцін. У 30-я гады пачалі пасяляцца сюды і сем’і іншых слуцакоў. Паселішча доўгі час захоўвала сваю старую назву Сёлкі. Да сённяшняга часу захаваўся адзін з будынкаў старога фальварка – гэта памяшканне аднаго са складоў ветзабеспячэння. Дзве дачкі Аляксандра Шалюты – Вольга і Раіса, якія і цяпер жывуць на старой сядзібе, памятаюць прыгожыя кветнікі, алеі бэзу, што былі разбіты вакол фальварка. Шкада, што з часам уся гэтая прыгажосць прыйшла ў заняпад.

Крывасёлкі
Таксама адзін са старых кварталаў горада. I ёсць падставы меркаваць, што гэта назва ўтварылася ад назвы Сёлкі. Крывасёлкі пачалі забудоўвацца пазней Сёлак, а паколькі хаты будаваліся без асобага плану, то вуліцы былі крывыя, што знайшло адлюстраванне ў назве. А знаходзіўся гэты квартал у межах сучаснай тэрыторыі ад вуліцы М. Багдановіча, акрэсленай вуліцамі 8 Сакавіка і Пліева. Крывасёлкі з вуліцай Віленскай злучаў масток праз раку. Называлі яго Чортаў мост, бо вакол былі вялікія зараслі хмызняку і высокіх бапотных траў. У гэтым цёмным і бязлюдным месцы чыніліся разбоі і грабяжы. Таму позна ўвечары людзі баяліся тут хадзіць. Назва «чортаў» мост засталася і цяпер у народзе.

Выгода
Раён вуліцы М. Багдановіча, прыкладна ад вуліцы Талстога, уключаючы сучасныя тэрыторыі бальнічнага і 10-га гарадка. У беларускім тлумачальным слоўніку выгода – гэта ўсё, што задавальняе максімальныя запатрабаванні, чым зручна карыстацца. I сапраўды гэта было так. Колісь старажылы – вядомая ў Слуцку ўрач Л.І. Гурская і мая цётка Марыля ўспаміналі, што жыхарам Выгоды зайздросцілі, бо вельмі ж добрымі былі глебы, зусім побач – рака, паабапал якой квітнелі лугі. Непадалёку знаходзіліся базарная плошча, крамы, аптэка, цэрквы, гімназія і іншыя ўстановы. Большая частка зямель на Выгодзе належала памешчыкам. У раёне сучасных завулкаў Чапаева яшчэ ў 70-я гады можна было ўбачыць старыя дрэвы груш «слуцкая бэра» – рэшткі былых садоў.

Ямпаль
У літаратурных крыніцах пачатку XX ст. сустракаюцца звесткі пра фальварак Янапаль, які знаходзіўся зусім побач з горадам. З іх вядома, што ў фальварку пражываў 21 чалавек. Ёсць усе падставы для меркавання, што гэта – Ямпаль, магчыма, з часам назва крыху змянілася: Янапаль – Ямпаль – словы сугучныя, а магчыма, была дапушчана ў нейкім выпадку памылка. Але ж сёння старажылы, ды і не толькі, ведаюць, дзе знаходзіцца гэты адзін са старых раёнаў горада. Пасля рэвалюцыі замест фальварка з’явіўся хутар. Вядома, што жыхарамі яго ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны былі Габы, Жукавы, Федарковы, Гарбуновы, Кулыгіны, Надзея Салавей, Соф’я Каплан, Мікалай Белы. Людзі жылі дружна, а калі пачалася вайна, многія з жыхароў падтрымлівалі сувязь з партызанамі. Збіралі вінтоўкі, патроны, накіроўвалі да партызан акружэнцаў і ваеннапалонных, якім удавалася ўцячы з лагера. Хаты асобных пераўтварыліся ў месцы сустрэчы партызан з членамі слуцкага падполля. Многія мужчыны з Ямпаля падаліся да партызан. Пасля гэтага хутар усё часцей і часцей пачалі наведваць паліцаі. Ліпеньскай ноччу 1943 г. ворагі акружылі Ямпаль і нікога не выпусцілі. Усіх жыхароў пагрузілі на машыну і адвезлі ў слуцкую турму. Здзекаваліся, а потым усіх расстралялі. Было іх каля дваццаці чалавек. Падрабязней пра ямпальскіх патрыётаў можна прачытаць у першым томе кнігі «Памяць».

Непадалёку ад Слуцка, у адной вярсце, знаходзіліся маёнткі: Пупарава – належаў памешчыку Пупараву (у пачатку XX ст. там жылі 22 чалавекі; гэта непадалёку ад сучаснай тэрыторыі завода «Модуль»), Горкі – належаў памешчыку Гаховічу, жылі 7 чалавек (раён былога маслазавода). Маёнтак і «Горкі» знаходзіўся на ўзвышшы, на горцы, – адсюль і яго назва.

Трэба адзначыць, што ўскраіны патаналі ў зеляніне садоў і бэзу.

Шаноўны чытач! Мы пазнаёміліся з назвамі старых кварталаў горада, крышку з іх гісторыяй. Але што ж уяўляў сабой Слуцк у пачатку XIX ст.? Намаляваць яго аблічча, а разам з тым зрабіць вандроўку па яго вуліцах паспрабуем у наступны раз.

 

В. ВІДЛОГА,
дырэктар краязнаўчага музея