Па старых адрасах (Газета «Слуцкі край», 28.03.2001)
11.02.2013
Востраў
У XIV–XVI стагоддзях многія беларускія гарады атрымліваюць сваё далейшае развіццё: расце іх палітыка-адміністрацыйны статус, павялічваецца колькасць насельніцтва, у росквіце рамёствы і гандаль, даюць першыя парасткі адукацыя і культура. Асобныя гарады, у іх ліку і Слуцк (1441 г.), атрымліваюць магдэбургскае права – права на самакіраванне. Мяняецца і аблічча гарадоў, бо старая схема горадабудаўніцтва, складзеная па традыцыях Кіеўскай Русі, не задавальняе патрэбы гараджан. З развіццём рамёстваў і ўзнікненнем цэхавых аб"яднанняў становіцца неабходным выдзеліць месцы для сходаў і гандлю, а гарадскі магістрат мае патрэбу ў спецыяльных памяшканнях. Таму на гарадскіх плошчах узнікаюць ратуша, гандлёвыя рады, будуюцца цэрквы і манастыры. Усе гэтыя рысы былі характэрнымі і для нашага горада, які ўжо да XVI стагоддзя складаўся з некалькіх частак, па-цяперашняму – раёнаў.
У XV стагоддзі на левым беразе Случы сталі з"яўляцца новыя забудовы і паселішча гэта называлася Новы горад, або Зарэчча (горад за ракой). Цэнтральная частка горада называлася Стары горад.
Па-за гарадскімі ўмацаваннямі ў паўночна-ўсходнім напрамку знаходзілася прадмесце Востраў, якое атрымала назву ад месца размяшчэння. Яго славутасцю была Міхайлаўская царква, пра якую ўпаміналася ўжо ў дакументах 1392 года. Востраў, як і ўвесь горад, часта цярпеў ад пажараў і разбурэнняў. Так, у ходзе ваенных дзеянняў у час вайны 1654–1667 г.г. прадмесце было разбурана, але, як і раней, яго зноў адбудавалі. Востраў называлі яшчэ градцкоўем (ад «град ля царквы»). Вялікі агароджаны царкоўны двор жыхары называлі «цвінцер». Гэта было любімае месца дзяцей. Адзін са старажылаў вострава ўспамінаў: «…нас заўсёды прыцягваў цвінцер. Тут было прывольна і на дзіва цікава. Непадалёку ад яго былі два курганы – месцы захавання шведскіх і рускіх салдат. З цягам часу гэта месца зраўнялася і стала забудоўвацца...» У прадмесці жылі рамеснікі, большасць з іх складалі гарбары (русск. – кожевенники), якія з часам аб"ядналіся ў цэхі. Пазней яны склалі ядро гарбарнага завода, які праіснаваў да 40-х гадоў XX стагоддзя і быў спалены ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Вуліца, на якой знаходзіўся завод, называлася Кажэвеннай. У 1950-х гадах яна была перайменавана ў Смаленскую. Яшчэ адна адметная рыса Вострава – гэта тое, што ён знаходзіцца на ўзвышшы, а землі адрозніваюцца высокай урадлівасцю. Таму першыя ўраджаі, першая зеляніна да стала – у астраўчан.
Трайчаны
На поўдзень ад горада паміж ракой Случ і яе прытокам Тройчай знаходзілася невялікае прадмесце Трайчаны. Цяпер гэта раён медвучылішча і ваеннага гарадка. Назва Трайчаны хутчэй за ўсё пайшла ад ракі Тройчы, якая абазначана на старых картах і планах, але з часам да таго абмялеўшай, што ў канцы XIX – пачатку XX стагоддзя называць яе сталі Трайчанскім ручаём. Адна з самых ранніх пабудоў – манастыр. Ёсць меркаванні, што ён узнік у XII, а магчыма, і ў XI стагоддзі. Але афіцыйна ў дакументах ён упамінаецца пад 1445 годам. Вакол манастыра з"яўляліся і іншыя пабудовы – так узнікла прадмесце. Траецкі манастыр стаў цэнтрам духоўнага і культурнага жыцця не толькі Слуцка. У XV стагоддзі пры манастыры ўжо былі свая бібліятэка і школа перапісчыкаў кніг. З 1793 да 1840 года дзейнічала праваслаўная духоўная семінарыя. У музеі захоўваецца найцікавейшая копія дакумента інвентара Трайчанскага манастыра ад 28.05.1678 г. з апісаннямі манастырскіх уладанняў, якія «...пачынаюцца за Ільінскімі варотамі... Сам манастыр абнесены драўлянай загараддзю (высокім замётам). Вароты манастырскія з дзвюма вежамі і пустой царквой св. Мікіты... За пабудовамі да ракі размешчаны сады, кветнікі, ёсць спецыяльны «слівавы сад», тры вінаградныя лазы, у садзе – сажалка... На двары калодзеж і компас на драўляным слупе».
Галоўнай святыняй быў Свята-Траецкі сабор. Першапачаткова будынак быў драўляным, але ў 1505 годзе княгіня Анастасья Алелька ўзвяла каменны храм у гонар перамогі над татарамі. Храм стаяў у канцы плошчы, засаджанай векавымі ліпамі. З усходняга боку каля канала знаходзіліся могілкі, дзе хавалі архімандрытаў і ігуменаў, манахаў, атаксама людзей, якія пры жыцці зрабілі нейкі ўклад у манастыр. Пры ўваходзе ў храм з правага боку выдзяляўся мармуровы манумент, упрыгожаны бронзавым партрэтам палкаводца, апранутага ў мундзір кацярынінскай эпохі, з парыком і буклямі. Надпіс сведчыў: «Расійскіх Імператарскіх войскаў Генерал-аншэф, Сенатар Тульскі, Калужскі... кавалер ордэнаў св. Андрэя Першазваннага, св. Апяксандра Неўскага, Св. Уладзіміра 1-й ступені, польскіх Белага Арла і Св. Станіслава, Св. Ганны, граф Міхаіл Мікітавіч Крэчэтнікаў... і захаваны тут». Першы генерал-губернатар Беларусі пасля далучэння да Расійскай Імперыі быў пахаваны ў Слуцкім Свята-Траецкім храме. Але сапраўднай святыняй храма былі мошчы княгіні Сафіі Слуцкай, якія доўгі час захоўваліся тут, а зараз – у Мінскім кафедральным саборы. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі некаторы перыяд у будынку манастыраразмяшчаўся сельскагаспадарчы тэхнікум.
На Трайчанах акрамя манастыра і Свята-Траецкага храма былі яшчэ і іншыя цэрквы – усё гэта складала адзіны ансамбль. У XIX стагоддзі многія старыя драўляныя пабудовы знікаюць. Каштоўнасці з манастыра перавозяцца ў іншыя месцы, ідзе паступовае разбурэнне комплексу, якое канчаткова завяршаецца ў 50-х гадах XX стагоддзя. На сённяшні дзень вастаўся адзіны помнік аб Трайчанах – будынак духоўнага вучылішча, дзе зараз размешчана медыцынскае вучылішча.
В. ВІДЛОГА,
дырэктар краязнаўчага музея