Па старых адрасах (Газета «Слуцкі край», 17.10.2008)
30.01.2013
Дарагія чытачы! Сёння мы запрашаем вас у падарожжа па старэйшых вуліцах нашага старажытнага горада, хаця іх назвы пра гэта не гавораць. Напрыклад, вуліцы імя Канановіча і Корзуна. Хіба скажаш, што ім некалькі соцень гадоў?
Вуліца Канановіча – вузкая, дугападобная, пачынаецца ад вуліцы Леніна (каля кінатэатра «Беларусь») двухпавярховымі дамамі, перасякае вуліцы Капыльскую і Парыжскай Камуны, заканчваецца перад Бычком. Калі глядзець па карце, то добра відаць, што з невялікім адрывам і нібы працягваючы яе, але па другі бок Бычка, такая ж дугападобная вуліца Корзуна. Гісторыі іх забудовы пачынаюцца з аднаго перыяду і вельмі падобныя: людзі куплялі зямельныя надзелы, пазней – набывалі для будаўніцтва прыватных дамоў. Аб"ядноўвала іх вуліцы не толькі гэта, але і назва – Падвальная.
Але не думайце, што гэта назва мае штосьці агульнае са словам «падвал». Адкуль жа пайшла назва «Падвальная»? Каб даведацца пра гэта, звернемся да далёкай гісторыі.
З моманту ўзнікнення горада яго акружалі абаронныя збудаванні: земляны вал, глыбокі роў, напоўнены вадой, высокі драўляны частакол. Уваход у горад быў праз вароты, якія зачыняліся. Ішлі гады і стагоддзі. Горад разрастаўся, яго межы пашыраліся, а з імі ўсё далей ад цэнтра «адступалі» і абаронныя збудаванні.
Асабліва вялікія работы правялі ў 1649 годзе і ў 1654-1655 гадах, у выніку Слуцк пераўтварыўся ў першакласную крэпасць. У горад можна было ўвайсці толькі праз чацвёра ўмацаваных варот: Віленскія, Капыльскія, Востраўскія і Новамейскія. Перад імі праз роў былі перакінуты пад"ёмныя масты. Вароты і гарадскі вал ахоўвалі салдаты гарнізона. Не ўмацаваны былі два прадмесці: Востраў і Трайчаны (раёны цяперашніх вуліцы Сацыялістычнай і медыцынскага каледжа), бо не ўваходзілі ў сістэму гарадскіх крапасных збудаванняў.
Гарнізон складаўся ў асноўным з пяхоты і артылерыі. Адна рота – выбранцы, ваеннаслужылыя людзі, паселеныя ў шасці вёсках: Лучнікі, Бранавічы, Варкавічы, Сярагі, Агароднікі, Падзер. Да сярэдзіны XVIII стагоддзя князь Іеранім Фларыян Радзівіл умацаваў гарнізон і давёў сваё войска да некалькіх тысяч чалавек. Нават са свайго горада Бяла-Падляска перавёў у Слуцк ваенную школу для падрыхтоўкі афіцэраў. Аднак у 1768 годзе з-за многіх абставін гарнізон слуцкай крэпасці рэзка зменшыўся. А пры неабходнасці (у выпадку асады ці пагрозы гораду) у якасці дадатковай сілы збіралася апалчэнне гараджан. Яны ўзбройваліся агнястрэльнай або халоднай зброяй і выходзілі на гарадскі вал. У мірны час мужчыны-гараджане абавязаны былі раз у год з"яўляцца на агляд для праверкі стану зброі, праводзіліся таксама стралковыя спаборніцтвы.
Да канца XVIII стагоддзя ў горадзе было ўжо каля 50 вуліц і завулкаў, цэнтральная частка забудавана да гарадскога вала. Прыватнае будаўніцтва ўжо ішло ўздоўж вала, утвараючы па яго форме колападобныя вуліцы, якія атрымалі назву па свайму геаграфічнаму размяшчэнню і ў залежнасці ад перыяду забудовы.
Так і з"явіліся вуліцы Падвальныя – першая, другая, трэцяя і чацвёртая. Так называліся яны да 1919 года, а потым «… па прадстаўленні аддзела Упраўлення Слуцкага павятовага выканкама ў азнаменаванне зацверджанай рэспубліканскай улады пралетарыяту ў гэтым краі…» іх перайменавалі адпаведна ў 1-ю, 2-ю, 3-ю і 4-ю Працоўныя. Для таго часу, ды і ў 1930-1940-х гадах, назва вельмі характэрная: у яе сімволіцы знаходзілі адлюстраванне і барацьба працоўных за ўладу Саветаў, і новыя ўмовы, і масавая калектыўная праца на карысць грамадства.
Цяперашняя вуліца Канановіча называлася 1-й Працоўнай. У асноўным гэта быў «прыватны сектар»: у 1960-я гады, калі будаваўся цукровы завод, у пачатку вуліцы сталі будаваць жылыя пяціпавярховыя дамы для яго работнікаў.
У 1975 годзе ў гонар 30-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1-я Працоўная стала насіць імя Іпаліта Сільвестравіча Канановіча, 2-я Працоўная – імя Паўла Пятровіча Корзуна.
І.С. Канановіч нарадзіўся ў 1908 годзе ў вёсцы Кукавічы Капыльскага раёна, з 1935 года – на партыйнай і савецкай рабоце. З пачатку Вялікай Айчыннай вайны змагаўся на фронце, а з восені 1942 года ўвайшоў у склад Мінскага падпольнага абкама КП(б)Б. У красавіку 1943 года зацвердзілі падпольныя райкамы партыі, у тым ліку і Слуцкі. А ўзначаліў яго І.С. Канановіч. Райкам базіраваўся ў партызанскай брыгадзе імя В.П. Чкалава, камандзірам якой у розныя перыяды быў М.М. Розаў, камісарамі – А.В. Львоў, П.І. Смірноў, І.С. Канановіч, які адначасова заставаўся і сакратаром райкама. Пасля вызвалення Слуцка ён узначаліў Слуцкі райкам партыі, потым – Бабруйскі абкам, Гродзенскі аблвыканкам, быў намеснікам старшыні камісіі дзяржкантролю Савета Міністраў БССР. Ганаровы грамадзянін Слуцка І.С. Канановіч памёр у 1974 годзе, а памяць пра яго ўвекавечана ў назве вуліцы Слуцка.
У назве вуліцы – і памяць пра нашага земляка Паўла Пятровіча Корзуна, генерал-лейтэнанта родам з вёскі Клешава. Нарадзіўся ён у 1892 годзе. У 1913-м яго прызвалі ў царскую армію. Змагаўся ён на фронце падчас першай сусветнай вайны. У 1918 годзе малодшы унтэр-афіцэр П.П. Корзун уступіў у Чырвоную Армію. З таго часу ўсё яго жыццё было звязана з арміяй і прайшло ў баях і паходах.
У 1920 годзе П.П. Корзун закончыў школу чырвоных камандзіраў, яго накіравалі на Туркестанскі фронт. Удзельнічаў у ліквідацыі басмацтва, за што яго ўзнагародзілі ордэнам Бухарскай зоркі II ступені і Граматай Таджыкскага ЦВК. У 1936 годзе П.П. Корзун закончыў ваенную акадэмію імя Фрунзе.
З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны генерал П.П. Корзун прымаў удзел у баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Камандзір корпуса, намеснік камандуючага 3-й арміяй, а потым – камандуючы 47-й арміяй, за правядзенне паспяховых аперацый на Харкаўскім напрамку ў 1942 годзе ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. У верасні 1943 года 47-я армія вяла наступальныя баі ў напрамку Палтавы. Падчас паездкі па часцях машына камандуючага наехала на міну…
Пахавалі нашага земляка на ўкраінскай зямлі, у горадзе Гадзяч. Пасля вайны на магіле ўстаноўлены помнік і адна з вуліц гэтага горада стала насіць імя П.П. Корзуна.
А ў Слуцку ў 1975 годзе 2-я Працоўная перайменавана ў вуліцу Корзуна. Да 1960-х гадоў на ёй былі толькі аднапавярховыя дамы прыватнай забудовы. Потым сталі з"яўляцца пяціпавярхоўкі. У 1964 годзе пабудаваны дзіцячы сад-яслі на 140 месцаў. У гэты перыяд усе садкі былі перапоўнены, таму і гэты прыняў 248 дзетак. З моманту адкрыцця і да 1988 года яго ўзначальвала выдатная працаўніца Раіса Рыгораўна Сінякевіч.
В. Відлога