Па старых адрасах (Газета «Слуцкі край», 13.12.2000)
Этой статьёй 13 декабря 2000 года газета «Слуцкі край» начала серию публикаций об улицах Слуцка.
Автор статей и постоянный ведущий рубрики «Па старых адрасах» – Валентина Степановна Видлога (Касенюк).
У патрэсканым ад часу куфэрку маленькі дапытлівы Міхаська знайшоў незвычайную паштоўку: відаць, беражэ яе ўжо калькі гадоў бабуля. Па складах прачытаў адрас: «г. Слуцк, улица Кожевная, дом... Бабуля, а дзе гэта? Ты раней там жыла?» У вачанятах хлапчука было здзіўленне, калі бабуля адказала: «Ды я, Міхаська, ужо даўно на адным месцы жыву. Раней наша вуліца так называлася... «Сапраўды, шмат змен адбылося ў назвах нашых гарадоў, вёсак, вуліц. Цікава, як называла раней, як выглядалі вуліцы Слуцка? Мы вырашылі адправіццаў падарожжа, якое назвалі «Па старых адрасах», а дапамагаць нам будзе дырэктар краязнаўчага музея В.С. Відлога. Валянціна Сцяпанаўна, калі ласка, распачынайце вандроўку.
Амаль кожнаму знаёмы такія словы, як «тапонім», «тапаніміка», якія мы запазычылі з грэчаскай мовы. Навука тапаніміка вывучае геаграфічныя назвы, іх паходжанне, структуру і г.д. Праўда, яна падраздзяляецца на больш дакладныя і вузкія раздзелы, але, паколькі мы не спецыялісты, ды і няма такой неабходнасці, то і не будзем удавацца ў падрабязнасці. З дапамогай тапанімікі можна рашаць самыя розныя і самыя складаныя гісторыка-геаграфічныя задачы. Яшчэ ў антычнасці тапонімы выкарыстоўваліся, напрыклад, для рэканструкцыі граніц рассялення народаў. Геаграфічныя назвы жывуць значна даўжэй, чым звычайныя словы. I справядліва лічыцца ў сусветнай практыцы: чым старэйшая назва, тым яна даражэйшая. Таму ў многіх краінах насуперак любым гістарычным зменам старыя назвы імкнуцца зберагчы, але, безумоўна, бываюць і выключэнні. На жаль, у нашым горадзе захавалася вельмі мала старых назваў. А каб даведацца ўсё ж, як называліся асобныя часткі горада, кварталы, вуліцы, старыя адрасы, давайце зазірнём у гісторыю.
У цэнтры горада, на ўзвышшы, размешчаны Дом культуры. Случчане добра ведаюць, што гэта старэйшая частка горада, аб чым сведчыць і знак (камень), устаноўлены ў 1996 годзе падчас святкавання 880-годдзя заснавання Слуцка. Месца гэта – гарадзішча старажытнага Слуцка, а калі дакладней Случэска, Слуцака... Так называўся ён у розныя часы. Наконт назвы горада ёсць два меркаванні: Случэскам сталі называць горад па назве ракі Случ, на беразе якой ён быў заснаваны. Назва ж ракі пайшла ад слова «случь» (излучина), выгнутая, як старажытная зброя – лук. Другое меркаванне – назва пайшла ад слова «злучацца», «злівацца», бо горад быў заснаваны на месцы, дзе злучаюцца дзве ракі – Случ і Бычок. Па меркаваннях гісторыкаў, першыя пасяленцы з'явіліся тут у сярэдзіне першага тысячагоддзя да нашай эры. Аб гэтым сведчаць археалагічныя знаходкі: сякера-кельт, прасліцы, рэшткі глінянага посуду. У 12 стагоддзі на гэтым месцы славянскім племем дрыгавічамі быў заснаваны дзяцінец Случэска. Прыкладна да гэтага перыяду, перыяду Кіеўскай Русі, адносяцца легенды аб узнікненні і назве горада, якія прыйшлі да нас з сівой даўніны.
А расказваюць яны вось пра што.
У далёкія часы на гэтым месцы, дзе знаходзіцца цяпер горад, былі дрымотныя лясы, а ў іх – безліч усякіх звяроў ды птушак. Ніводны паляўнічы не вяртаўся з пустымі рукамі. I вось аднойчы ў гэтыя мясціны прыехаў князь са сваёй світай. Але не пашанцавала яму: пагнаўся за зверам, упаў з каня і пашкодзіў нагу. На гэтым і скончылася для яго паляванне. Адпачываючы, заўважыў князь: «Якія цудоўныя мясціны!» I загадаў на гэтым месцы пабудаваць горад і назваць яго Случэскам, ад рускага слова «случай», бо менавіта тут адбыўся з ім вось такі неспадзяваны выпадак.
Па другой легендзе горад быў заснаваны купцом. Той парою рака Случ была суднаходнай. Па ёй купцы перавозілі свой тавар: мёд, мяхі, тканіны і г.д. I вось аднойчы спякотным днём прыпыніўся караван багатага купца ў цудоўных мясцінах. I адкрылася перад ім найпрыгажэйшая панарама: зліваюцца дзве ракі, а на ўзвышку паміж імі – магутныя дубы нібы запрашаюць адпачыць у сваёй засені. Купец загадаў прычаліць да берага. У мяккай духмянай траве прыемна патаналі ногі. Не заўважыў купец, як наступіў на змяю. А тая адпомсціла за парушаны сон – укусіла падарожніка. З кожнай хвілінай усё горш станавілася яму. Адчуўшы, што памірае, загадаў купец у памяць пра яго на гэтым месцы пабудаваць горад, завяшчаў на гэтыя мэты ўсё сваё багацце і прасіў назваць Случэскам, бо тут адбыўся з ім такі сумны выпадак.
Пасля вандроўкі ў свет легенд вернемся да паштовага адраса Дома культуры – Вялікая горка, 1. Чаму горка, ды яшчэ Вялікая? Гэта назва ўзнікла не адразу, і туг – свая гісторыя.
XII стагоддзе. У гэты перыяд Слуцк складаўся з дзвюх частак: «града» (ад слова «агароджваць») і «пасада» гандлёва-рамеснай часткі за крапасной сцяной. «Град» знаходзіўся на высокім мысе над ракой і ўзвышаўся на 5–6 метраў над мясцовасцю. Метры на 2–3 ніжэй знаходзіўся «пасад», тэрыторыя якога была ўдвая большай за «град». Калі ў цэнтральнай частцы «града» быў пабудаваны драўляны замак, то ўзвышша сталі называць Замкавай гарой.
Тут знаходзіўся і праваслаўны храм. У 1612 годзе памерла апошняя прадстаўніца роду Алелькавічаў княгіня Соф'я, горад і ўсё Слуцкае княства перайшлі ва ўладаранне Радзівілаў.
Горад быў драўляным, пабудовы знаходзіліся побач адна з другой, а таму іх часта пашкоджвалі пажары. Асабліва вялікі пажар адбыўся ў 1669 годзе, калі выгараў увесь цэнтр і гандлёвыя рады. Паступова былы замак Алелькавічаў старэе і да сярэдзіны 18 стагоддзя зруйноўваецца. У 1816 годзе ў цэнтры горкі будуецца Ўспенска-Мікалаеўскі сабор, і яна атрымлівае новую назву Саборная горка. У канцы стагоддзя быў узведзены каменны будынак Свята-Мікалаеўскага сабора. Па фотаздымках, якія захоўваюцца ў музеі, відаць, што будынак быў вельмі прыгожым, а старажылы ўспаміналі, што ў яснае надвор'е галоўны купал быў відзён нават у далёкіх вёсках. Назва Саборная горка захоўвалася да 40-х гадоў XX стагоддзя.
30-я гады нашага стагоддзя адметныя не толькі рэпрэсіямі, але і знішчэннем культавых будынкаў. Свята-Мікалаеўскі сабор сталі выкарыстоўваць як складское памяшканне, дзе чысцілі і захоўвалі зерне, перад гэтым спешна знялі крыжы з купалоў, а іконы і іншыя царкоўныя рэчы ноччу веруючыя забралі па дамах. У горадзе ёсць некалькі сем'яў, якія і сёння захоўваюць гэтыя рэліквіі. З гэтага часу Саборную горку пачынаюць называць Бязбожнай, а афіцыйна яна атрымала назву Вялікай. Зернясховішча хутка перастае функцыянаваць, разбураецца, а потым яго ўзрываюць. Мясцовыя ўлады прынялі рашэнне пабудаваць на гэтым месцы Дом культуры. Але Вялікая Айчынная вайна перакрэсліла планы. Пасля вызвалення горада ад нямецка-фашысціх захопнікаў была толькі расчышчана пляцоўка, бо ў першую чаргу трэба было будаваць жыллё. Дом культуры пачаў дзейнічаць толькі ў 1951 годзе.
Доўгі час як бы напамінкам пра былы сабор на горцы заставаліся дзве драўляныя пабудовы: два жылыя дамы, у якіх (у перыяд, калі дзейнічаў сабор) жылі свяшчэннік і дыякан. У адным з іх доўгі час жыла сям'я Ляўчышыных, а ў другім пасля вайны жылі дзве другія сям'і, у 1950 годзе яны атрымалі кватэры, а ў гэтым доме размясцілі гарадскую бібліятэку (яна была тут да 1971 года). Памяць пра замак і сабор доўгі час захоўвалі грушы – знакамітыя слуцкія бэры. Асабліва прыгожай была горка ў іх квецені, а над горадам плыў духмяны водар.
Цяпер стары будынак Дома культуры з'яўляецца помнікам архітэктуры, а сама Вялікая горка –помнікам археалогіі. На працягу некалькіх гадоў – у 1929, 1958, 1966, 1985–86 гг. вучоныя вялі тут археалагічныя даследаванні. У выніку апошніх двух, якія праводзіў Л. Калядзінскі, была ўскрыта плошча больш за 300 м2, выяўлены тры маставыя і каля 40 пабудоў, а таксама рэшткі кавальні, пабудовы металурга і майстра-гарбара, а яшчэ вялікая колькасць керамічных, скураных, ювелірных вырабаў. Але самыя ўнікальныя знаходкі – шахматныя фігуркі: драўляныя пешка і ладдзя, слон і кароль з косці. Фігурка караля даволі масіўная, вагой 65 грамаў, вышынёй больш за 6 сантыметраў, выразана з рога лася. На тэрыторыі Ўсходняй Еўропы гэта першая такая знаходка, аналаг падобнай фігуркі ёсць толькі ў Нарвегіі. Датуюцца знаходкі XII–XIII стагоддзямі і знаходзяцца зараз у краязнаўчым музеі. А маставыя і пабудовы пасля таго, як былі зроблены фотаздымкі, зноў закрылі зямлёй.
Вось такія падзеі з вязаны з Вялікай горкай, а пра гісторыю іншых мясцін мы раскажам падчас нашай наступнай сустрэчы.