Па старых адрасах (Газета «Слуцкі край», 14.09.2012)

Iмёнамi дзеячаў мастацтваў
Многія вуліцы Слуцка носяць імёны рускіх i беларускіх дзеячаў мастацтваў. На вуліцы імя кампазітара Пятра Ільіча Чайкоўскага (1840 – 1893 гг.) размешчаны карпусы бальнічнага гарадка, паліклініка, у завулку пабудавана СШ №13. У XIX – пачатку ХХ стагоддзя гэты раён называўся Выгода, а землі былi памешчыцкія, пасля ўстанаўлення савецкай улады належалi калгасу «1-е Мая» – тут раскінуліся сады i палі агароднай брыгады. Амаль усе вуліцы, у якіх увекавечана памяць празаікаў i паэтаў, знаходзяцца ў прыватным жылым сектары паміж вуліцамі Сацыялістычнай і Леніна.
 
За аптэкай перпендыкулярна Сацыялістычнай ідзе вуліца імя савецкага паэта Уладзіміра Улaдзiмipaвiча Маякоўскага (1893 – 1930 гг.). Недалёка – вуліца імя Якуба Коласа (1882 – 1956 гг.). Ён бываў у Слуцку i выкладаў на палітыка-педагагічных курсах. 8 ліпеня 1923 года на літаратурнай вечарыне ён упершыню прачытаў паэму «Новая зямля». Вуліца Я. Коласа мае адметную гісторыю, бо пачала забудоўвацца яшчэ ў XIX стагоддзі i да 1950 года называлася Крапіўнай. Такую ж назву насілі i завулкі. 3 перайменаваннем вуліцы i яны атрымалі новыя назвы.

Ад 2-га завулка Я. Коласа пачынаецца вуліца, названая ў гонар нашага земляка, ураджэнца вёскі Балотчыцы, беларускага пісьменніка Антона Антонавіча Алешкі (1913 – 1971 гг.). У 1941 годзе ён закончыу Ваенна-медыцынскую акадэмію, удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне. Пачаў друкавацца з 1932 года, аўтар шэрагу аповесцяў i раманаў, у тым ліку «Раніца», «Дарогі без слядоў», «Неба на замку» i іншых.

Недалёка праходзяць вуліцы імя Івана Андрэевіча Крылова (1769 –1844 гг.) – рускага пісьменніка, байкапісца, аднаго з сусветных карыфеяў гэтага жанру; рускіх празаікаў i паэтаў Івана Сяргеевіча Тургенева (1818 – 1883 гг.), Аляксея Васільевіча Кальцова (1809 – 1842 гг.), Івана Аляксандравіча Ганчарова (1812 – 1891 гг.), Сяргея Аляксандравіча Ясеніна (1895 – 1925 гг.), Мікалая Аляксеевіча Някрасава (1821 – 1878 гг.), Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна (1799 – 1837 гг.), савецкага пісьменніка Максіма Горкага  (1868 – 1936 гг.).   Паміж вуліцамі Леніна i Зялёнай знаходзяцца вуліцы імя Mixaiлa Юр'евіча Лермантава (1814 – 1841 гг.), Мікалая Аляксеевіча Астроўскага (1904 – 1936 гг.), Антона Паўлавіча Чэхава (1860 – 1904 гг.). Калісьці вуліца Чэхава ўяўляла сабой вялікую вуліцу з прыватнымі пабудовамі i даходзіла толькі да вуліцы Зялёнай. Потым яе падоўжылі, а ў пачатку 1990-х гадоў будаўніцтва актывізавалася, узведзены шматпавярховыя дамы. Зараз гэта адзін з буйнейшых мікрараёнаў горада. Тут пабудаваны ўніверсам «Паўночны», дзіцячы сад №4, адміністрацыйны будынак філіяла №615 ААТ «ААБ «Беларусбанк», СШ №11 i іншыя аб"екты.

Яшчэ дзве вуліцы ў Слуцку захоўваюць памяць пра класіка беларускай літаратуры, народнага паэта Янку Купалу (1882 – 1942 гг.) i нашага земляка Міколу (Мікалая Паўлавіча) Лобана (1911 – 1984 гг.) – беларускага савецкага пісьменніка, мовазнаўцу. Нарадзіўся М. Лобан у вёсцы Чапліцы, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, заслужаны работнік культуры, кандыдат філалагічных навук. Друкавацца пачаў у 1930 годзе, з"яўляецца аўтарам аповесцяў, эсэ, мовазнаўчых даследаванняў, крытычных артыкулаў, раманаў «На парозе будучыні», «Гарадок «Устрань», «Шэметы». М. Лобан – адзін з укладальнікаў «Арфаграфічнага слоўніка», «Руска-беларускага слоўніка». Kipaвaў падрыхтоўкай «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» ў 5-ці тамах (1977 – 1984 гг.). У 90-я гады XX стагоддзя вуліца М. Лобана інтэнсіўна стала забудоўвацца катэджамі, стварыўшы тры невялікія вуліцы. Да 1994 года ўсе яны мелі адну назву – імя Лобана, а пасля былі перайменаваны ў Камунальную, Тапалёвую i Альсовую (ад беларускага слова «алёс» – нізкі заліўны луг). Вуліцы Я. Купалы i М. Лобана знаходзяцца ў процілеглых частках горада. Першая – насупраць аўтавакзала, другая – паралельна вуліцы 1-га Жніўня.

 

Валянціна ВІДЛОГА