Па старых адрасах (Газета «Слуцкі край», 12.11.2009)
У Стары горад Слуцка з усходняга боку можна было трапіць толькі праз каменныя, у два ярусы, вароты. Паколькі дарога да іх вяла з боку прадмесця (спачатку – невялікага паселішча) Востраў, то і называліся яны Востраўскія. Частка дарогі ад варот да замка з часам аформілася ў вуліцу з такой жа назвай – Востраўская (цяпер – завулак «Крестьянский»).
З левага боку ў самым пачатку вуліцы ў 1419 годзе пабудаваны парафіяльны рымска-каталіцкі касцёл – фара. Быў ён адным са старэйшых, у перыяд рэлігійнай барацьбы і распраў з пратэстантамі была складзена песня з такімі словамі:
Старша Слуцка фара,
Чем нямецка фара…
Фара выходзіла на гандлёвую плошчу горада. Калі адбудоўвалі горад пасля нападу крымскіх татар, плошчу перанеслі на процілеглы бок замка. У 1666 годзе па жаданню губернатара Слуцкага княства Казіміра Клакоцкага пры фарным касцёле заснаваны шпіталь, які знаходзіўся пад патранажам брацтва Святой Ганны. Касцёл дзейнічаў да 1852 года, пасля яго разбурэння на гэтым месцы ўзведзена капліца.
Справа ў пачатку Востраўскай знаходзілася царква Уваскрэсення Хрыстова, яе называлі Васкрасенскай. Прымыкала да яе тэрыторыя яшчэ адной царквы – Святой Велікамучаніцы Варвары – Варварынская. Абедзве яны былі драўляныя, пацярпелі ад пажараў. Васкрасенская была адноўлена, а Варварынская ў канцы ХVIII стагоддзя пабудавана ў іншым месцы – на могілках. На Востраўскай знаходзілася яшчэ адна царква – Ражджаства Хрыстова, якая праіснавала да пачатку ХІХ стагоддзя.
Вуліца Востраўская была вузенькай, тратуар ішоў толькі з аднаго боку, а дзве падводы разміналіся з цяжкасцю. У 1831 годзе пасля завяршэння будаўніцтва ўчастка Маскоўска-Варшаўскай шашы сфарміравалася вуліца Шасейная. Дарога ад прадмесця стала выводзіць прама да яе. Так пераўтваралася Востраўская, крыху змяніўшы свой напрамак. Ранейшую вуліцу перайменавалі ў Васкрасенскі завулак.
Паслярэвалюцыйныя 1920-я гады ўнеслі змены ў звыклае размеранае жыццё жыхароў завулка. Царкву закрылі, знялі купал, а прамавугольны высокі будынак прыстасавалі пад інтэрнат для рабочых. Завулак атрымаў новую назву – Сялянскі.
У 1930-я гады ў інтэрнаце ўзнік пажар, будынак згарэў поўнасцю. І яшчэ адна непрыемная падзея адбылася ў завулку Сялянскім. Тут жыў свяшчэннік Мікалай Іванавіч Шамяціла, які пасля заканчэння Маскоўскай духоўнай акадэміі быў епіскапам у Слуцку. У 1926 годзе яго арыштавалі за «хранение и распространение стихотворения Сергея Есенина «Послание евангелисту Демьяну», але хутка справа была спынена. Аднак у 1929 годзе рэпрэсіравалі яго сына Барыса, а ў 1933 годзе арыштавалі і М.І. Шамяцілу, прыгаварылі да васьмі гадоў пазбаўлення волі. Справа, па якой яго асудзілі, была гучнай – па ёй праходзілі 48 чалавек, у тым ліку магілёўскі і віцебскі епіскапы. У 1933 годзе ў Мінску ў турме Шамяціла памёр.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны завулак Сялянскі называюць Крестьянским.
За тэрыторыяй Раждзественскай царквы ад Востраўскай направа ішла невялікая вуліца Езуіцкая. Назву сваю яна атрымала ад пабудаваных тут у ХVII–XVIII стагоддзях касцёла і манастыра езуітаў (каталіцкі манаскі ордэн). Пры іх была школа, тэрыторыю ўпрыгожваў сад.
У 1840 годзе манастыр і касцёл закрылі, а драўляныя будынкі разабралі. Пасля гэтага вуліцу называюць Казначэйскай. Чаму? Да таго часу яна ўжо сфарміравалася і выходзіла да двухпавярховага будынка на Шасейнай – банка-казначэйства. Як успамінала случчанка Л.І. Гурская, кандыдат медыцынскіх навук, у свой час вядомы на Случчыне тэрапеўт, казначэйства тут размяшчалася да 1920 года. Пазней, калі будынка не стала, вуліцу перайменавалі ў Зімнюю.
За фарным касцёлам пачыналася вуліца Фарская, цяперашняя Рэвалюцыйная. За фарай з правага боку на вуліцу выходзілі гандлёвыя лаўкі, а насупраць злева быў паштовы дом. На Фарскай у ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя знаходзіліся дзве навучальныя ўстановы: музычная школа і жаночая гімназія. У 1912 годзе ў гімназіі займаліся 370 дзяўчынак.
Вядома, што ў Слуцку вучылі музыкантаў з ХVІІІ стагоддзя, калі быў адкрыты тэатр. Слуцкая капэла музыкантаў выступала з 1746 года. Музычныя традыцыі развіваліся і захоўваліся, нягледзячы на тое, што тэатр перавялі ў Нясвіж. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя пра музычнае жыццё Слуцка неаднаразова пісалі ў губернскай прэсе, адзначаліся лепшыя музыканты: Пётр Карафа-Корбут, які іграў на ўсіх музычных інструментах і напісаў шмат музычных твораў; Караль Стрэлка – незвычайна здольны гітарыст; настаўнікі ігры на скрыпцы і фартэпіяна Антон Лінкевіч і Францішак Лапата і іншыя.
У 1919 годзе вуліца Фарская перайменавана ў вуліцу імя Луначарскага (1875–1933 гады) – у гонар першага народнага камісара краіны Саветаў, пісьменніка, крытыка, мастацтвазнаўца. Аднак гэта назва праіснавала крыху больш за два дзесяцігоддзі, а потым яна стала называцца Рэвалюцыйнай.
У ХVII стагоддзі на беразе ракі цераз плошчу насупраць Востраўскай манахі-бернардзінцы заснавалі манастыр, да якога прымыкаў касцёл. Спачатку яны былі драўляныя, а ў ХVІІІ стагоддзі ўзведзены каменныя пабудовы. У 1820 годзе да манастыра прыбудаваны касцёл. Вуліца, на якой яны знаходзіліся, называлася Усцінаўская (цяперашняя Чырвонаармейская). Невялікі яе адрэзак (цераз мост) выходзіў у Новы горад перпендыкулярна Сенатарскай.
За тэрыторыяй манастыра ў 1759 годзе пабудаваны тэатр «Комедигауз». Адзначу, што ў сярэдзіне ХVIII стагоддзя ў Слуцку пры двары князя Іераніма Фларыяна Радзівіла адкрыты прафесійны тэатр. Для выступленняў у яго запрашалі драматычных акцёраў, камедыянтаў. У тэатры выступалі спевакі, танцоўшчыкі, прыдворная капэла музыкантаў, ставіўся балет, працаваў тэатр марыянетак і ценяў. Для тэатральных прадстаўленняў выкарыстоўваліся розныя памяшканні – манеж, зброевыя палаты і іншыя. Таму і вырашылі пабудаваць тэатр. У новым будынку тэатральная зала была ўпрыгожана люстэркамі, сцены – размаляваныя, віселі люстры. Перад сцэнай знаходзілася спецыяльнае месца для аркестра. Гледачы – князь і яго сям"я, прыдворныя, госці. Побач з тэатрам пабудавалі флігелі – у іх жылі музыканты і спевакі, знаходзілася балетная школа. Вучылі пры тэатры і музыкантаў — вучнямі былі адораныя дзеці слуцкіх мяшчан, а ў балетную школу прывезлі нават трох негрыцянят. Пасля смерці князя Іераніма ў 1760 годзе тэатр перавялі ў Нясвіж.
У першай палове ХІХ стагоддзя ў Нясвіж накіравалі і манахаў, а манастыр закрылі. У ім размясцілі казармы.
У 1860-х гадах у Беларусі, у тым ліку і ў Слуцку, актывізаваўся рэвалюцыйна-дэмакратычны рух, праходзілі тайныя сходы, мітынгі, збор зброі для паўстанняў і так далей. Віленскі генерал-губернатар распараджэннем ад 22 лютага 1863 года аб"явіў Слуцк на ваенным становішчы. Уся паўната ўлады перададзена ваеннаму начальніку, камандзіру 33-га Данскога казацкага палка палкоўніку Астахаву. У казармах на Усцінаўскай размясціліся казакі, вуліцу перайменавалі ў Казацкую. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў будынку былога манастыра размясціўся павятовы ваенкамат. У 1919 годзе рашэннем павятовага выканкама вуліца Казацкая перайменавана ў Чырвонаармейскую. Пасля 1925 года ваенкамат размясціўся ў іншым будынку, а яго месца заняў ваенны шпіталь.
У гады Вялікай Айчыннай вайны, зразумела, вуліца не магла захаваць сваю назву: фашысцкія акупанты перайменавалі яе ў Глухую. Гэта назва праіснавала да 1950 года – у студзені рашэннем гарадскога выканаўчага камітэта і Савета дэпутатаў вуліцы вернута назва Чырвонаармейская. Адпаведна перайменаваны і завулкі. У памяшканні былога манастыра размясцілася маслабаза.
У ХVIII стагоддзі з"явілася назва вуліцы Замкавая. Гэта быў участак, які злучаў вуліцы Усцінаўскую і Востраўскую. Але з часам змянілася планіроўка гэтага раёна горада, у ХХ стагоддзі замест Замкавай з"яўляецца вуліца Піянерская, якая перасякае галоўную вуліцу, ідзе ўздоўж Бычка, перасякае раку і цягнецца ў бок урочышча Пупарава. Пачатак Піянерскай у другой палове ХХ стагоддзя забудоўваецца пяціпавярховымі дамамі, на ёй з"яўляецца будынак дзіцячага сада…
Валянціна ВІДЛОГА