Пра слуцкія званы

Пра слуцкія званы

Да адносна нядаўняга часу на званіцы слуцкага Міхайлаўскага сабора спраўна служылі старыя званы, адзін з якіх датаваны 1683 годам, другі па форме і характары дэкаратыўнага аздаблення хутчэй за ўсё адліты ў 18 стагоддзі.

Адкуль у Слуцк былі дастаўлены першыя званы цяпер вызначыць цяжка. Можна дапусціць, што прывозіліся яны ўжо ў 12-13 стст. разам з іншымі царкоўнымі прадметамі з Кіева. 

У 16-17 стст. апрацоўка металу ў Вялікім Княстве Літоўскім дасягнула высокага ўзроўню. Да пачатку 16 ст. адносяцца найбольш раннія сведчанні аб адліўцы званоў непасрэдна каля храмаў замежнымі майстрамі. З другой паловы 16 ст. у многіх гарадах краіны пачалі дзейнічаць майстэрні па адліўцы званоў – людвісарні. Спачатку працавалі замежныя майстры, запрашаемыя ў першую чаргу з Польшчы і Германіі, але з часам з’явіліся і свае. Адліваліся званы і ў Слуцку, які разам з Вільняй і Магілёвам з часам стаў адным з развітых цэнтраў ліцця званоў. На жаль, імёнаў пераважнай большасці даўнейшых канвісараў мы не ведаем. Па меркаванні літоўскага даследчыка Гінтаўтаса Жаленаса ў 17 ст. у Слуцку магла працаваць дынастыя ліцейшчыкаў званоў па прозвішчы Егер (Гегер, Гіегер). У сярэдзіне 18 ст. слуцкі князь Геранім Радзівіл заснаваў людвісарню ва Урэччы пры мясцовай шкломануфактуры. Сустракаем і прыклады, калі званы прывозіліся з іншых месцаў. Напрыклад па завяршэнні будаўніцтва мураванага Траецкага манастырскага сабора на пачатку 19 ст. званы для яго прывезлі з Кіева. У 1844 г. для Іаана-Прадцечанскай царквы мястэчка Пагост Слуцкай воласці быў замоўлены звон весам у 9 пудоў і 6 фунтаў ў майстра Рыгора Сычэўскага з мястэчка Петрыкаў.

Можна прыблізна падлічыць неабходную колькасць званоў, якая патрабавалася слуцкім храмам. У 16 ст. у горадзе разам з прадмесцямі магло стаяць каля дзесяці праваслаўных званіц, у 17 – дванаццаць, у 18 – чатырнаццаць, і на кожнай званіцы было ў сярэднім пяць званоў (вялікі, некалькі сярэдніх і малых). Але гэтыя лічбы на кожнае стагоддзе трэба павялічыць, бо званы былі неабходны таксама для прыходскіх і манастырскіх храмаў Случчыны. Заказчыкамі званоў былі каталіцкія і пратэстантскія храмы края ( у Слуцку - фарны касцёл, бернардзінскі і езуіцкі кляштары, кальвінскі і лютэранскі зборы). Неабходны былі сігнальны і іншага прызначэння званы для дазорных, замкавай, ратушнай вежаў. Адліваліся невялікія званочкі для бытавога выкарыстання. 

Адной з прычын трывалага попыту на званы была іх недаўгаваечнасць. І не толькі таму, што яны зношваліся, трэскаліся. Былі войны і нярэдкія ў драўляным горадзе пажары. Напрыклад, драўляны гарадскі сабор гарэў на пачатку 1670-х гадоў, у 1702 , 1745, 1811 гадах. Аўтар запісу пра пажар 1702 года адзначаў: “Згарэла таксама званіца. Тры большыя званы толькі разляцеліся (на кавалкі – І.Ц.), а два меншыя расплавіліся і мала што было з іх знайсці”. 

Захаваліся апісанні некаторых званіц. Напрыклад, на званіцы Траецкага манастыра ў 1678 г. віселі вялікі, сярэдні і два малыя званы. У 1800 г. тут было ўжо восем званоў. На званіцы Успенска-Мікалаеўскага сабора ў 19 ст. вісела шэсць званоў – вагою ў 25, 20, 6, 4, 1 і 0,5 пуды. На званіцы Ільінскага манастыра было пяць невялікіх званоў. На званіцу Васкрасенскай царквы ў 1879 г. падвесілі званы вагою ў 15,5, 7,5, 2 і 1 пуды і адзін звон у 30 фунтаў. Шэсць званоў віселана на званіцы Юр’еўскай царквы. На званіцы каталіцкага фарнага касцёла ў 19 ст. мелася два вялікія званы.

Вяршыняй майстэрства слуцкіх канвісараў стаў вялікі звон, адліты для Траецкага манастыра. Цікавы яго лёс, непасрэдна звязаны з гісторыяй горада. Апісанне манастыра за 1678 г. згадвае, што ляжаў ён у той час побач са званіцай і быў разбіты. Манастыр размяшчаўся на тэрыторыі неўмацаванага прадмесця і зведаў разбурэнні падчас войнаў сярэдзіны 17 ст. Несумненна, тады гэты звон быў скінуты і разбіўся. У некаторых даўнейшых крыніцах гаворыцца, што адлілі вялікі звон у часы Алелькавічаў, гэта значыць у 16 ст. Звестак пра яго ў пазнейшыя часы не знойдзена. Але вядома, што ў 1799 г. мясцовыя майстры зноў адлілі вялікі траецкі звон вагой ў 207 пудоў і 10 фунтаў. Хутчэй за ўсё, што гэта быў пераліты нанава той стары звон, фрагменты якога захоўваліся ў манастыры. Паднялі яго на драўляную двух’ярусную званіцу, што стаяла над ракой. Семдзесят гадоў яго голас разносіўся па наваколлі, а ў святы, дасягаючы горада, служыў сігналам для званароў іншых храмаў. У 1870 г. у сувязі з перанясеннем са Слуцка ў Мінск кафедры мітрапаліта, а потым духоўнай семінарыі, у Мінск быў пераведзены і Слуцкі Траецкі манастыр. Разам з іншымі манастырскімі каштоўнасцямі ў губернскі цэнтр адправілі і гэты вялікі звон. Недзе па дарозе з-за недагляду ён зваліўся з драбін і трэснуў. У Мінску звон чарговы раз быў пераліты і падняты на званіцу Петрапаўлаўскага сабора. 

Паступова завяршылася ліццё званоў у Слуцку ў 19 ст. Пра стаўленне да царкоўнай спадчыны ў савецкі час няма патрэбы гаварыць многа. Зачыняючы храмы не шкадавалі і званоў. Але ў памяці старажылаў захаваліся і выпадкі “помсты” рабаўнікам. У 1919 г. чырвонаармейцы, адступаючы з горада пад ударамі палякаў, вырашылі забраць з сабою вялікі бронзавы звон гарадскога сабора. Скінулі яго няўдала, бо ўпаў ён на канец драўлянага насцілу каля храма, на другім канцы якога стаяў і распараджаўся працаю камандзір. Дошкі спружынілі і падкінулі вайскоўца так высока, што прызямленне скончылася трагічна. Няшчасны выпадак здарыўся і пазней, калі скідалі званы са званіцы Варварынскай царквы. Пры падзенні аднаго з іх загінуў на рыштаваннях чалавек з пажарнай каманды, якая праводзіла работу. 

Нягледзячы на многія беды, вялікая колькасць старажытных званоў не маглі знікнуць цалкам і бясследна. Тыя, што захаваліся, нават калі яны не маюць нейкіх адзнак або дэкаратыўнай аздобы, цяпер з’яўляюцца помнікамі нашай гісторыі і культуры. Лепшае месца для іх, калі яны не выкарыстоўваюцца па прызначэнні – у музеях.

аўтар артыкула: Ігар Ціткоўскі