Пра трон князёў Слуцкіх

Пра трон князёў Слуцкіх

Не толькі знакамітыя слуцкія паясы, але і іншыя творы мастацтва, якія маюць дачыненне да гісторыі культуры Случчыны, захоўваюцца ў многіх, у тым ліку вядомейшых музеях свету. Адным з такіх твораў з’яўляецца трон князёў Слуцкіх. Ён знаходзіцца ў музеі Вікторыі і Альберта ў Лондане.

Мастацкія каштоўнасці прыцягвалі да сябе ўвагу ва ўсе часы. Асабліва пашырылася мода на творы мастацтва, а таксама іншыя помнікі матэрыяльнай і духоўнай культуры мінуўшчыны ў ХІХ стагоддзі. Разнастайныя калекцыі і музеі з’яўляліся і на нашых землях. Калекцыянерамі станавіліся як сапраўдныя прафесіяналы, так і ахопленыя энтузіязмам дылетанты. Гэта быў час заснавання буйнейшых музеяў у Еўропе, напрыклад такога, як Брытанскі, куды траплялі каштоўнасці з самых розных куткоў свету. Адным з вядомейшых стаў музей таксама ў Брытаніі, ён носіць імя каралеўскай чаты Вікторыі і Альберта.

У адрозненне ад іншых музеяў, экспазіцыя і фонды гэтага музея могуць уразіць наведвальніка своеасаблівай стракатасцю і нават эклектыкай. Справа ў тым, што ён прысвячаецца гісторыі быта, яго экспазіцыя ахаплівае перыяд ад старажытнасці да сучаснасці, а экспанаты могуць праілюстрыраваць геаграфію практычна ўсяго зямнога шара. Сёння гэта самы вялікі ў свеце музей дэкаратыўна-ужытковага мастацтва і дызайну.

Ідэя стварэння музея паўстала ў 1852 годзе, праз год пасля правядзення ў Лондане “Вялікай выставы твораў прамысловасці ўсіх нацый” (правобраз цяперашніх сусветных выстаў з назвай EXPO). Поспех выставы аказаўся неверагодным. Частка даходаў ад яе і пайшло на арганізацыю “Музея мануфактур”. Для яго калекцыі, што пастаянна павялічваліся, узводзіліся новыя карпусы. У 1899 годзе каралева Вікторыя ўрачыста заклала камень у падмурак новага будынка, які павінен быў аб’яднаць ўсе старыя музейныя карпусы агульным фасадам. Тады ж музей атрымаў і сваю цяперашнюю назву. У ёй адлюстравана даніна павагі да каралеўскай сям’і, якая нямала спрычынілася да яго заснавання і далейшага развіцця. 

Тое, што трон слуцкіх князёў апынуўся ў ліку збораў такога паважанага сабрання, сведчыць аб яго адпаведнай мастацкай і гітарычнай значнасці. Нажаль, у гісторыі з тронам не ўсё добра вядома і нават наўмысна ў свой час было ахутана таямніцамі. Напрыканцы ХІХ стагоддзя ён аказаўся ў руках мінскага калекцыянера Януша Уняхоўскага, род якога паходзіў з Міншчыны. Сям’я Уняхоўскіх, якая валодала досыць цікавай калекцыяй самых розных гістарычных прадметаў, пасля Першай сусветнай вайны жыла ўжо ў Варшаве. Неспрактыкаваны і даверлівы Януш зрабіў публікацыю ў шэрагу замежных выданняў, дзе расказаў аб адным са сваіх набыткаў і размясціў здымак трона. У хуткім часе калекцыянер аказаўся пад увагай тых, каго цяпер называюць “антыкварная мафія”. Прыбыўшая кампанія “аўтарытэтных спецыялістаў” агледзела старое крэсла, зробленае з пацямнеўшай слановай косці і адзначыла, што асаблівай каштоўнасці яно не мае. Пасля гэтага за нязначную цану Януш прадаў крэсла падстаўной асобе. І толькі праз некалькі гадоў з навуковага журнала даведаўся пра далейшы лёс свайго колішняга рарытэта: у публікацыі звяшчалася, што Брытанскі музей у Лондане за вялікія грошы набыў “каштоўны прастол слуцкіх князёў”. А ўжо з Брытанскага музея трон трапіў у збор музея Вікторыі і Альберта. 

Дарэчы, у ХІХ стагоддзі пра каштоўнасць гістарычнай рэліквіі верагодна многія не ведалі і ў Слуцку. Доўгі час трон знаходзіўся ў слуцкім парафіяльным касцёле. Ахвяраваў яго сюды адзін з апошніх князёў Алелькавічаў. Можна думаць, што быў гэта князь Сімяон ІІІ Юр’евіч, які пасля пераходу з праваслаўя ў каталіцызм атрымаў імя Ян-Сімяон. З апошніх трох братоў Алелькавічаў ён пайшоў з жыцця апошнім, у 1592 годзе. Верагодна, прадчуваючы згасанне роду Алелькавічаў, ён ахвяраваў трон фарнаму касцёлу, дзе падарунак і знаходзіўся да ХІХ стагоддзя.

Магчымай прычынай, з-за якой каталіцкія святары (або іншыя асобы, якія клапаціліся аб захаванні касцёльнай маёмасці) пазбавіліся ад не надта царкоўнай рэчы, было не толькі тое, што пацямнела касцяная аддзелка і трон згубіў свой першапачатковы выгляд. Вядома, што слуцкі фарны касцёл, прастаяўшы чатыры з паловай сотні гадоў, састарэў і ў 1852 годзе быў разабраны. Замест яго ў 1865 годзе католікам быў прадастаўлены пусты мураваны будынак былога бернардзінскага Антоніеўскага касцёла. Хутчэй за ўсё, што падштурхнулі да прадажы трона праблемы з захаваннем касцёльнай маёмасці ў перыяд пасля знікнення фарнага касцёла і атрыманнем былога бернардзінскага. Ва ўсякім разе адбылося так, што ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя трон быў праданы, і пераходзіў ад аднаго калекцыянера да другога, пакуль напрыканцы ХІХ стагоддзя не трапіў да Януша Уняхоўскага.    

Увагу да гісторыі слуцкага трона ў свой час надаваў даследчык Адам Мальдзіс. Гісторык Анатоль Грыцкевіч прыводзіць, што ў Слуцку княжацкі трон, зроблены цалкам са слановай косці, з’явіўся ў першай палове ХV стагоддзя. У такім выпадку замоўцам яго мог быць заснавальнік роду Алелькавічаў князь Аляксандр Уладзіміравіч Алелька. Зрабілі трон візантыйскія майстры. 

Шкада што многія цікавыя помнікі гісторыі і культуры нашага краю цяпер знаходзяцца не толькі па-за межамі нашага горада, але і за мяжой краіны. Тым не менш, было б варта прыкладаць намаганні па пошуку і вяртанні нашых гістарычныхь каштоўнасцяў. Нават калі мы і не можам цяпер разлічваць на атрыманне так называемай “аўтэнтыкі”. Напрыклад, з дапамогай сучасных тэхналогій рарытэты могуць быць прадстаўлены добрымі копіямі ў самых розных выкананнях.

аўтар артыкула: Ігар Ціткоўскі