Дыптых Васіля Маркіянавіча

Дыптых Васіля Маркіянавіча

270 гадоў таму (1753 г.) па замове слуцкага архімандрыта, настаяцеля мужчынскага Траецкага манастыра Міхаіла Казачынскага (1699 – 1755), слуцкі малер (жывапісец і іканапісец) Васіль Маркіянавіч намаляваў дзве карціны - дыптых. Яны былі аднолькавымі па памеры, мелі практычна аднолькавую кампазіцыю – уяўлялі сабою люстэркавыя адбіткі адна адной. На адной карціне быў анёл (геній), павёрнуты ў левы бок, у адной руцэ трымаў авальны шчыт з партрэтам тагачаснага слуцкага князя Гераніма Фларыяна Радзівіла (1715 – 1760), у другой – такі ж шчыт з яго гербам. На другой карціне падобны анёл, павернуты ў правы бок, з партрэтам слуцкага князя, як пісалі пра яго ў XIX – пачатку XX стст. - некага з Алелькавічаў, які жыў XVI стагоддзі, і шчыт з гербам. 

На думку аўтара гэтых радкоў, на другой карціне быў намаляваны князь Юрый II Алелькавіч (1530 - 1578). Міхаіл Казачынскі замовай такога дыптыха зрабіў дыпламатычны ход – зрабіў параўнанне сучаснага яму гаспадара Случчыны Гераніма Радзівіла, які спавядаў каталіцызм, але па праву быў апякуном праваслаўнага манастыра, з адным са слаўных гаспадароў Случчыны даўнейшых часоў. Князь Юрый II быў багацейшым магнатам свайго часу, сенатарам (да Люблінскай уніі). Пры ім Слуцк з’яўляўся адным з культурных цэнтраў краіны. Пры яго двары знаходзілі прытулак пісьменнікі і рэлігійныя дзеячы, якія карысталіся багатай княскай бібліятэкай. 

Геранім Радзівіл таксама быў адным з багацейшых магнатаў краіны. Меў сваё войска (выхваляўся, што меў артылерыю, якая не саступае вялікакняскай). У Слуцку арганізаваў афіцэрскую школу. Пры ім у Слуцку быў заснаваны адзін з першых у нашай краіне тэатраў. Для яго пабудаваў тэатральны будынак. Пры тэатры дзейнічалі музычная і балетная школы. У слуцкім палацы меў багаты кнігазбор і карцінную галерэю. Марыў паставіць сабе ў Слуцку конны помнік, і ў выпадку рэалізацыі ідэі гэта быў бы першы конны манумент у нашай краіне. Так што падставы для параўнання ў Міхаіла Казачынскага былі.   

Але была ў замове карцін і яшчэ адно пасланне для Радзівіла. Пры Юрыі II у краі мела месца рэлігійная талерантнасць. Праваслаўны князь добра адносіўся да жыўшых у яго краі католікаў. Ён сам меў свае інтарэсы ў Польшчы і не выступаў супраць Люблінскай уніі. Жонкай ў яго была каталічка Кацярына Тэнчынская. У яго часы ў горадзе з’явіліся пратэстанты – кальвіністы і лютэране, а таксама іўдзеі. Для іх пражывання былі вылучаны пляцы на другім беразе Случы - у Зарэччы. Несумненна на такую талерантнасць у адносінах князя католіка да сваіх праваслаўных падданых разлічваў і слуцкі архімандрыт. Міхаіл Казачынскі - выпускнік Кіева-Магілянскай акадэміі, меў багаты вопыт дзейнасці на ніве царкоўнай і педагагічнай, падарожнічаў па еўрапейскіх краінах, валодаў арганізацыйнымі  здольнасцямі. Як пакажа час, адносіны паміж архімандрытам і князем, нягледзячы на яго капрызны характар і жорсткія адносіны да падначаленых, склаліся. 

Польскі даследчык і мастак Юзаф Смалінскі, які працаваў у Слуцкім Траецкім манастыры ў 1904 годзе, карціну з Геранімам Радзівілам ужо не бачыў. Пра лёс гэтага твора Васіля Маркіянавіча невядома. А карціну з выявай Юрыя II Алелькавіча (разам з шэрагам іншых манастырскіх каштоўнасцяў) сфатаграфаваў. Пасля рэвалюцыі, калі манастыр быў закрыты, гэта карціна, разам з іншымі манастырскімі каштоўнасцямі (у тым ліку знакамітае Слуцкае Евангелле) аказаліся ў слуцкім акруговым краязнаўчым музеі. Потым самыя каштоўныя рэчы са слуцкага музея перадалі ў Дзяржаўны музей у Мінск. Падчас Вялікай Айчыннай вайны калекцыя гэтага музея была разрабавана, шмат што прапала, іншае вывезлі ў Германію. У Германіі аказалася і карціна Маркіянавіча. Пасля вайны яе вырашылі вярнуць. Але аказалася яна не ў Беларусі, а ў Украіне. Цяпер карціна з выявай слуцкага князя захоўваецца ў музейным зборы Кіева-Пячэрскаг а запаведніка.


Васіль Маркіянавіч. Кампазіцыя з партрэтам Юрыя Алелькавіча і гербам. 1753 г.
Здымак Юзафа Смалінскага. 1904 г.
З кнігі Марыі Каламайска-Саед  “Партрэты і помнікі старадаўнасці князёў Алелькавічаў у Слуцку”. Інвентарызацыя Юзэфа Смаліньскага з 1904 г. Варшава, 1996.