ХХ стагоддзе (1900 – 1940 гады)
1900 – 1914 – у Слуцку дзейнічала мукамольнае прадпрыемства, уладальнікам якога быў купец Гутцайт.
1901 – адбылася першая буйная забастоўка слуцкіх рабочых.
1901 – 1913 – у маёнтку Рудня дзейнічала вінакурнае прадпрыемства.
1902 – у горадзе пачало працаваць мужчынскае вышэйшае вучылішча.
1904 – адкрыты гарадская публічная бібліятэка, прыватныя друкарня і кінематограф.
1905, студзень – пачатак першай буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі ў Расіі.
1905 – 1906 – сялянскія хваляванні ў вёсках Слуцкага павета.
1905, вясна – заснавана слуцкая арганізацыя Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі.
1905, май – жнівень, кастрычнік – мітынгі, дэманстрацыі і забастоўкі ў Слуцку.
1905 – 1917 – у горадзе дзейнічала нелегальная маладзёжная бібліятэка.
1906 – фальклорна-этнаграфічная экспедыцыя А.К. Сержпутоўскага ў Слуцкі і Мазырскі паветы.
1906, 18 красавіка – усеагульная палітычная забастоўка ў Слуцку.
1907 – Слуцкі летапіс упершыню ў поўным выглядзе змешчаны ў ХVII томе поўнага збору рускіх летапісаў.
1907, красавік – май – удзел ураджэнцаў вёскі Варкавічы Д.М. Басалыгі і К.М. Басалыгі ў рабоце V з"езда Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі ў Лондане.
1908 – прадукцыя шклозавода вёскі Старэва атрымала вышэйшую ўзнагароду на міжнароднай выстаўцы мастацтва ў французскім горадзе Марсель;
– выступленне сялян вёскі Заграддзе супраць прыгнёту царскай адміністрацыі.
1908 – 1913 – працавала Вераб"ёўскае лесапільнае прадпрыемства.
1909 – Максім Багдановіч напісаў верш «Слуцкія ткачыхі»;
– у горадзе адкрыта першая лінія аўтамабільных зносін (папярэднік сучаснага аўтобуснага руху).
1910 – першых навучэнцаў прыняло прыватнае камерцыйнае вучылішча;
– гастролі ў Слуцку першага беларускага прафесійнага тэатра Ігната Буйніцкага.
1911 – узведзены цагляны будынак камерцыйнага вучылішча (цяпер ён належыць кансерваваму заводу);
– у вёсцы Покрашава пабудаваны спіртзавод.
1912 – адкрыта жаночая гімназія;
– у Слуцку пачаў працаваць паравы млын купца Ф.Х. Мышалава (на яго базе цяпер дзейнічае камбінат хлебапрадуктаў).
1914, 1 жніўня – пачалася Першая сусветная вайна.
1914, жнівень – 1915, май – выдавалася першая ў Слуцку газета «Телеграммы Петроградского телеграфного агентства».
1915 – закончана будаўніцтва чыгуначнай лініі Асіповічы – Слуцк.
1916 – у горадзе ўстаноўлены першы электрычны рухавік для абслугоўвання прыватнага кіно.
1917, 27 лютага (12 сакавіка) – перамога Лютаўскай буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі ў Расіі; звяржэнне самадзяржаўя.
1917 – 1922 – дзейнасць на Случчыне культурна-асветніцкага таварыства «Папараць-кветка».
1917, сакавік – створаны Слуцкі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў.
1917, ліпень – створаны Слуцкі павятовы Савет сялянскіх дэпутатаў.
1917, 25 кастрычніка (7 лістапада) – узброенае паўстанне ў Петраградзе пад кіраўніцтвам бальшавікоў; звяржэнне Часовага ўрада.
1917, 26 кастрычніка (8 лістапада) – устанаўленне савецкай улады ў Слуцку.
1918, люты – захоп горада войскамі генерала І.Р. Доўбар-Мусніцкага.
1918, люты – снежань – акупацыя Слуцка войскамі кайзераўскай Германіі.
1918, 25 сакавіка – абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі.
1918, вясна – створаны Слуцкі падпольны бальшавіцкі камітэт, які арганізаваў барацьбу супраць нямецкіх акупантаў.
1918, красавік – пачаў выходзіць тыднёвік Беларускага нацыянальнага камітэта ў Слуцку «Родны Край».
1919, 1 студзеня – абвяшчэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі; утварэнне Часовага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі, у склад якога ўваходзілі ўраджэнцы Слуцка В. Л.Дыла і Ф.Г.Шантыр.
1919, люты – Случчына ўвайшла ў склад Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.
1919, 25 сакавіка – выйшаў першы нумар газеты «Молат і плуг» (папярэднік сучаснай газеты «Слуцкі край») – органа Слуцкага павятовага выканаўчага камітэта і падрайкама Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Літвы і Беларусі.
1919, 12 красавіка – створана слуцкая арганізацыя Камуністычнага саюза моладзі.
1919, май – першы Слуцкі павятовы з"езд рэвалюцыйнай рабоча-сялянскай моладзі.
1919, 1 чэрвеня – дэкрэт Усерасійскага Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта «Аб аб"яднанні Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік: Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Беларусі для барацьбы з сусветным імперыялізмам».
1919, жнівень – 1920, ліпень – акупацыя Случчыны войскамі Рэчы Паспалітай Польскай.
1920, 25 красавіка – польскія акупанты расстралялі чатырнаццаць слуцкіх партызан.
1920, 31 ліпеня – абвяшчэнне Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь, уваходжанне Случчыны ў яе склад.
1920, верасень – кастрычнік – выдавалася газета «Пролетарская мысль» – орган Слуцкага павятовага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта.
1920, кастрычнік – лістапад – «другая польская акупацыя» Слуцка і Слуцкага павета.
1920, лістапад – снежань – Слуцкі збройны чын; баі 1-й Слуцкай брыгады стральцоў войскаў Беларускай Народнай Рэспублікі з часцямі Чырвонай Арміі.
1921 – на базе некалькіх слуцкіх кааператываў створана адзінае рабоча-сялянскае спажывецкае таварыства (цяпер Слуцкае раённае спажывецкае таварыства).
1921, 18 сакавіка – Рыжскі мірны дагавор паміж Расійскай Савецкай Федэратыўнай Сацыялістычнай Рэспублікай, Украінай і Польшчай, па якому ў склад апошняй увайшла значная частка тэрыторыі Беларусі.
1921, красавік – у вёсцы Пуцяты арганізавана першая ў Слуцкім павеце сельскагаспадарчая камуна.
1921, лістапад – 1922, студзень – выдавалася слуцкая павятовая газета «Плуг і молат».
1922 – у Слуцку пачалі працаваць сельскагаспадарчы і будаўнічы тэхнікумы, прафесіянальна-тэхнічная школа.
1922, верасень – пры аддзеле народнай адукацыі створана павятовая камісія беларусазнаўства.
1922, 30 снежня – утварэнне Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.
1923 – у горадзе пабудаваны прыватны маслабойны завод;
– на настаўніцкіх курсах у Слуцку чытаў лекцыі Якуб Колас;
– створана Слуцкае павятовае таварыства краязнаўства (існавала да 1928 года).
1924 – пачала дзейнічаць аўтобусная лінія Слуцк – Цімкавічы.
1924, 17 ліпеня – утвораны Слуцкі раён;
– утвораны Грэскі раён (існаваў да 8 ліпеня 1931 года з цэнтрам у мястэчку Грозава і з 12 лютага 1935 года да 17 снежня 1956 года – з цэнтрам у вёсцы Грэск).
1924, ліпень – 1927, чэрвень – Слуцк быў адміністрацыйным цэнтрам Слуцкай акругі.
1924, 31 снежня – пачала выдавацца газета «Вясковы будаўнік» – орган Слуцкага акруговага камітэта Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі (КП(б)Б) і акруговага выканаўчага камітэта.
1925, студзень – пачаў працаваць гарбарны завод з шавецкай майстэрняй.
1925, красавік – першы акруговы з"езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў.
1925 – пачала працаваць дзяржаўная пякарня магутнасцю 320 кілаграмаў прадукцыі за змену;
– прамысловасць Слуцка поўнасцю адноўлена пасля грамадзянскай вайны і замежнай інтэрвенцыі.
1925 – 1927 – дзейнічала Слуцкая акруговая філія літаратурнага аб"яднання «Маладняк».
1926 – у лік дзеючых уведзена новая электрастанцыя;
– выйшаў з друку паэтычны зборнік «Слуцкія песняры» членаў Слуцкай філіі літаратурнага аб"яднання «Маладняк»;
– пачалі працаваць дзве вячэрнія школы для навучання дарослых.
1927 – першых навучэнцаў прыняў педагагічны тэхнікум, пераўтвораны затым у педагагічнае вучылішча.
1927, чэрвень – 1930, ліпень – Слуцкі раён уваходзіў у склад Бабруйскай акругі.
1929 – пачала працаваць мармеладная фабрыка;
– архітэктары А.М. Ляўданскі і С.А. Дубінскі правялі першыя раскопкі гарадзішча старажытнага Слуцка.
1929 – 1930 – масавая арганізацыя калектыўных сялянскіх гаспадарак.
1930 – выйшаў з друку зборнік краязнаўчых артыкулаў «Случчына».
1930 – 1935 – выдавалася раённая газета «Ленінскі шлях».
1932, 2, 4 жніўня – пастановы Савета Народных Камісараў БССР аб ажыццяўленні ўсеагульнай сямігадовай адукацыі і аб увядзенні ўсеагульнага абавязковага навучання для малапісьменных.
1933 – 1937 – у Слуцку праходзіў ваенную службу будучы Маршал Савецкага Саюза Г.К.Жукаў.
1934 – створаны Казловіцкі народны хор (з 1965 года мае званне народнага).
1935 – у Дзяржаўным выдавецтве Беларусі выйшла з друку паэма Алеся Дудара «Слуцак»;
– заснавана вучэбна-вытворчае прадпрыемства Беларускага таварыства сляпых (цяпер унітарнае прадпрыемства «Ямпаль-Слуцк» грамадскага аб"яднання «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку»;
– у Беларусі ўтвораны чатыры пагранічныя акругі, у тым ліку і Слуцкая акруга.
1935 – 1938 – выдавалася акруговая газета «Праўда на рубяжы».
1936 – пабудавана гарадская электрастанцыя; пачатак электрыфікацыі жыллёвага фонду ў Слуцку;
– створана Слуцкая лясная гаспадарка (лясгас).
1936 – 1941 – у горадзе працаваў прафесійны калгасна-саўгасны тэатр.
1937 – першую прадукцыю выпусціў масласыраробны завод;
– пракладзена чыгуначная лінія Слуцк – Цімкавічы.
1937 – пачатак 1938 – масавыя палітычныя рэпрэсіі ў краіне, у тым ліку і на Случчыне.
1938 – пастановай Прэзідыума Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта БССР Слуцкая акруга ліквідавана, Слуцкі раён увайшоў у склад Мінскай вобласці;
– пачала выдавацца раённая газета «За сацыялістычную Радзіму»;
– першых вучняў прынялі сярэднія школы №9 і №10.
1938 – 1940 – распрацаваны і пачаў ажыццяўляцца план генеральнай рэканструкцыі Слуцка.
1939 – Слуцкі раён прадстаўлены на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы ў Маскве;
– пастанова пленума Цэнтральнага камітэта КП(б)Б аб ссяленні хутароў у калгасныя пасёлкі.
1939 – 1940 – лепшыя слуцкія майстры ткалі вырабы для афармлення павільёна Беларускай ССР на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы ў Маскве.
1939, 1 верасня – напад фашысцкай Германіі на Польшчу; пачатак Другой сусветнай вайны.
1939, 30 лістапада – 1940, 12 сакавіка – савецка-фінляндская вайна.