Канец V тысячагоддзя да нашай эры - канец ХVI стагоддзя
У глыбокай старажытнасці
Канец V – канец III тысячагоддзя да нашай эры – стаянка першабытнага чалавека на тэрыторыі сучаснай Случчыны.
VII стагоддзе да нашай эры – VIII стагоддзе нашай эры – пасяленні людзей на месцы сучаснага горада Слуцка, а таксама ў ваколіцах вёсак Амговічы, Грэск, Заграддзе, Замосце, Івань, Рыжыца.
Х стагоддзе
983 – першае ўпамінанне ў летапісах пра Тураў – цэнтр княства, у склад якога ўваходзіў Слуцк у пачатку сваёй летапіснай гісторыі.
988 – прыняцце хрысціянства ў Кіеўскай Русі.
XI стагоддзе
1054 – канчатковы падзел хрысціянскай царквы на праваслаўную і каталіцкую.
1067 – першыя летапісныя звесткі пра Мінск (Меньск, Менеск) – цяперашнюю сталіцу Рэспублікі Беларусь; бітва на рацэ Няміга паміж войскамі паўднёварускіх князёў Яраславічаў і полацкага князя Усяслава Брачыславіча.
ХII стагоддзе
1116 – першыя летапісныя звесткі пра Слуцк (Случэск); у «Аповесці мінулых гадоў» зафіксаваны паход вялікага князя кіеўскага Уладзіміра Манамаха супраць мінскага князя Глеба Усяславіча, які спаліў Слуцк: «В лето 6624 (1116). Приходи Володимер на Глеба; Глеб бо бяше воевал Дреговичи и Случеск пожек...».
1127 – першае летапіснае ўпамінанне пра Клецк (у 1793 – 1921 гадах уваходзіў у склад Слуцкага павета як адміністрацыйны цэнтр Клецкай воласці; цяпер Клецк – раённы цэнтр у Мінскай вобласці).
1132 – 1172 – гады жыцця і дзейнасці слуцкага князя Уладзіміра Мсціславіча.
1149 – вялікі князь кіеўскі Юрый Даўгарукі перадаў Слуцк чарнігаўскаму князю Святаполку Ольгавічу.
1159 – знаходжанне ў Слуцку полацкага князя Рагвалода-Васіля.
1160 – 1162 – Слуцк быў цэнтрам удзельнага княства, якое належала князю Уладзіміру Мсціславічу.
90-я гады ХII стагоддзя – канчатковае выдзяленне Слуцкага княства з Тураўскай зямлі.
ХIII стагоддзе
Пачатак ХIII стагоддзя – слуцкія землі трапілі ў залежнасць ад Галіцка-Валынскага княства.
1205 – напад на Слуцк польскіх войскаў;
– першыя гістарычныя звесткі пра слуцкі Свята-Троіцкі (Трайчанскі) манастыр.
1223 – у пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца Нясвіж (у 1796 – 1921 гадах у якасці заштатнага горада ўваходзіў у склад Слуцкага павета; цяпер Нясвіж – раённы цэнтр у Мінскай вобласці).
1230-я – заснаванне Міндоўгам беларуска-літоўскай дзяржавы – асновы Вялікага Княства Літоўскага.
1251 – 1252 – паход на Літву галіцка-валынскіх князёў з удзелам пінскіх і тураўскіх войскаў.
1274 – першыя летапісныя звесткі пра Капыль (з 1793 года знаходзіўся ў складзе Слуцкага павета; цяпер Капыль – раённы цэнтр у Мінскай вобласці).
ХIV стагоддзе
20-я – 30-я гады ХIV стагоддзя – Слуцкае княства ўвайшло ў склад Вялікага Княства Літоўскага.
1330 – 1398 – гады жыцця і дзейнасці слуцкага князя Уладзіміра Альгердавіча – сына вялікага князя літоўскага Альгерда.
1385, 14 жніўня – Крэўская унія – дагавор аб саюзе Вялікага Княства Літоўскага і Польскага каралеўства.
1395 – Слуцкае княства перайшло ад князёў Рурыкавічаў ва ўладанне княжацкай дынастыі Гедымінавічаў. Уладаром Слуцкага княства стаў князь Уладзімір Альгердавіч.
1398 – 1454 – княжанне ў Слуцку Аляксандра (Алелькі) Уладзіміравіча – заснавальніка дынастыі слуцкіх князёў Алелькавічаў.
ХV стагоддзе
Пачатак ХV стагоддзя – каля ўпадзення ручая Бычок у раку Случ у Слуцку пабудаваны Верхні і Ніжні замкі.
1410, 15 ліпеня – слуцкае апалчэнне ўдзельнічала ў Грунвальдскай бітве, у якой аб"яднаныя войскі Польскага каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага разграмілі войскі Тэўтонскага ордэна.
1413 – Гарадзельская унія – саюз Вялікага Княства Літоўскага і Польскага каралеўства.
1419 – у Слуцку пабудаваны каталіцкі фарны касцёл (існаваў да 1852 года).
1420 – у Слуцк прыязджаў мітрапаліт маскоўскі Фоцій з дыпламатычным даручэннем вялікага князя маскоўскага Васіля I.
1420 – 1470 – гады жыцця і дзейнасці слуцкага князя Сімяона I Аляксандравіча Алелькавіча.
1422 – слуцкі князь Аляксандр (Алелька) Уладзіміравіч падпісаў Мельнскі дагавор Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы з Тэўтонскім ордэнам, які закончыў апошнюю вайну ордэна з Вялікім Княствам Літоўскім.
1432 – 1436 – грамадзянская вайна ў Вялікім Княстве Літоўскім.
1433 – Слуцк стаў цэнтрам выступлення супраць вялікага князя літоўскага Жыгімонта Кейстутавіча.
1440 – вялікі князь літоўскі Жыгімонт Кейстутавіч перадаў слуцкаму князю Аляксандру (Алельку) Уладзіміравічу Кіеўскае княства.
1441 – Слуцк атрымаў Магдэбургскае права на гарадское самакіраванне.
1443 – Аляксандр (Алелька) Уладзіміравіч стаў князем кіеўскім, а намеснікам у Слуцку пакінуў свайго сына Сімяона.
1446 – 1447 – слуцкая дружына дапамагала вялікаму князю маскоўскаму Васілю II Цёмнаму ў яго барацьбе супраць Дзмітрыя Шамякі, які захапіў маскоўскі трон.
1454 – слуцкі князь Сімяон I Аляксандравіч Алелькавіч стаў кіеўскім князем.
1454 – 1481 – княжанне ў Слуцку Міхаіла Аляксандравіча Алелькавіча.
1456, 1461 – вылучэнне князя Сімяона I Аляксандравіча Алелькавіча на пасаду вялікага князя літоўскага.
1470 – ноўгарадскае веча выбрала слуцкага князя Міхаіла Аляксандравіча Алелькавіча сваім князем (княжыў у Ноўгарадзе да сакавіка 1471 года).
1473 – 1524 – гады жыцця і дзейнасці княгіні Анастасіі Іванаўны Мсціслаўскай-Алелькавіч (Анастасіі Слуцкай).
1480 – першае ўпамінанне ў гістарычных дакументах пра Грэск (цяпер цэнтр сельсавета ў Слуцкім раёне).
1481 – змова праваслаўных князёў на чале са слуцкім князем Міхаілам Аляксандравічам Алелькавічам супраць вялікага князя літоўскага і караля польскага Казіміра IV.
1481 – 1505 – княжанне ў Слуцку Сімяона II Міхайлавіча Алелькавіча.
1492 – 1494 – вайна паміж Вялікім Княствам Маскоўскім і Вялікім Княствам Літоўскім.
Канец ХV стагоддзя – у слуцкім Свята-Троіцкім манастыры існавала школа перапісчыкаў царкоўных кніг.
1494 – першыя звесткі пра бібліятэку рукапісных кніг слуцкага Свята-Троіцкага манастыра.
ХVI стагоддзе
1500 – 1503 – вайна паміж Вялікім Княствам Маскоўскім і Вялікім Княствам Літоўскім.
1502, 1503, 1505 – паходы крымскіх татар і аблогі імі Слуцка.
1505 – 1542 – княжанне ў Слуцку Юрыя I Сімяонавіча Алелькавіча.
1506 – аблога Слуцка крымскімі татарамі.
1507 – Слуцкае княства ўвайшло ў склад Навагрудскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага як самастойная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка.
1507 – 1508 – вайна паміж Вялікім Княствам Маскоўскім і Вялікім Княствам Літоўскім.
1508 – Слуцк спалены мяцежнымі войскамі князя Міхаіла Глінскага;
– аблога Слуцка крымскімі татарамі.
1511 – слуцкае апалчэнне ваявала з крымскімі татарамі на тэрыторыі сучаснай Украіны.
1511 – 1522 – вайна паміж Вялікім Княствам Маскоўскім і Вялікім Княствам Літоўскім.
1514, 8 верасня – удзел случчан у складзе велікакняжацкай дружыны ў бітве каля Оршы, дзе войскі Вялікага Княства Літоўскага разграмілі войскі Вялікага Княства Маскоўскага.
1517 – пачаліся запісы ў «Слуцкім памянніку» (памінальніку), які запаўняўся да ХVIII стагоддзя.
1521 – аблога Слуцка крымскімі татарамі.
1524 – упершыню ў пісьмовых крыніцах упамінаюцца Дарогі Глускай воласці Слуцкага княства (у 1791 – 1793 гадах гэты населены пункт пад назвай Старыя Дарогі ўваходзіў у склад Случарэцкага павета; цяпер Старыя Дарогі – раённы цэнтр у Мінскай вобласці).
1527 – дружына слуцкага князя Юрыя I Сімяонавіча Алелькавіча ваявала з крымскімі татарамі на тэрыторыі сучаснай Украіны.
1529 – зацвярджэнне Статута Вялікага Княства Літоўскага.
1534 – 1537 – вайна паміж Вялікім Княствам Маскоўскім і Вялікім Княствам Літоўскім.
1542 – 1578 – княжанне ў Слуцку Юрыя II Юр"евіча Алелькавіча.
1555 – 1570 – дзейнасць у Слуцку маскоўскага царкоўнага дзеяча і публіцыста Арцемія, які заснаваў школу пры двары слуцкага князя Юрыя II Юр"евіча Алелькавіча.
1564 – удзел дружыны слуцкага князя Юрыя II Юр"евіча Алелькавіча ў Лівонскай вайне (вайна Маскоўскай дзяржавы ў 1558 – 1583 гадах супраць Лівоніі, Вялікага Княства Літоўскага, Польшчы, Швецыі за выхад да Балтыйскага мора).
1565 – адміністрацыйна-тэрытарыяльная і судовая рэформа ў Вялікім Княстве Літоўскім.
1566 – зацвярджэнне 2-га Статута Вялікага Княства Літоўскага;
– упершыню ў пісьмовых крыніцах упамінаецца мястэчка Любань Ярэміцкай воласці Слуцкага княства (цяпер Любань – раённы цэнтр у Мінскай вобласці).
1569, 1 ліпеня – Люблінская унія: аб"яднанне Польскага каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага ў федэратыўную дзяржаву – Рэч Паспалітую, у склад якой увайшла і тэрыторыя Случчыны.
1573 – акт Варшаўскай канфедэрацыі аб свабодзе веравызнання ў Рэчы Паспалітай.
1576 – 1578 – дзейнасць у Слуцку гісторыка і паэта Мацея Стрыйкоўскага, аўтара «Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсёй Русі».
1580 – першыя звесткі пра друкаванне ў Слуцку музычных нот.
1582 – Слуцк падзелены паміж князямі братамі Юрыем, Аляксандрам, Іаанам-Сімяонам Алелькавічамі на Стары горад, Новы горад і Востраў; адпаведна падзелена і Слуцкае княства.
1585, 1 мая – 1612, 19 сакавіка – гады жыцця і дзейнасці слуцкай княгіні Сафіі Юр"еўны Алелькавіч-Радзівіл, святой Беларускай Праваслаўнай Царквы.
1586 – пачало дзейнічаць Прэабражэнскае праваслаўнае царкоўнае брацтва.
1588 – зацвярджэнне 3-га Статута Вялікага Княства Літоўскага.
1590 – зацверджаны правілы першых у Слуцку рамесных цэхаў.
1592 – адноўлена адзінства Слуцка і Слуцкага княства.
1595, лістапад – Слуцк захоплены паўстанцкім атрадам Севярына Налівайкі.
1600 – заснаваны слуцкі Свята-Прэабражэнскі праваслаўны манастыр.